БАРТКЕ́ВІЧ (Вінцэнт) (1776, маёнтак Палессе, Пастаўскі р-н Віцебскай вобласці — пасля 1837),
удзельнік паўстанняў 1794 і 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. У 1794 у арміі Т.Касцюшкі абараняў Варшаву. Напярэдадні паўстання 1830—31 завілейскі (свянцянскі) павятовы віцэ-маршалак шляхты. У крас. 1831 узначаліў паўстанцкія ўзбр. сілы Завілейскага пав., на чале іх удзельнічаў у баях за Вільню. Пасля паражэння адступіў са Свянцян у Дзісенскі пав. і далучыўся да дзісенскіх паўстанцаў. Адзін з кіраўнікоў паходу паўстанцаў Завілейскага, Вілейскага і Дзісенскага пав. з сумежжа Беларусі і Літвы ў Жэмайцію, дзе далучыўся да корпуса ген. А.Гелгуда. У студз. 1832 арыштаваны царскімі ўладамі і сасланы ў Волагду. З 1837 жыў пад наглядам паліцыі ў Смаленскай губ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЯ́Н (ад імя стараж.-рус. спевака-казачніка Баяна),
язычковы пнеўматычны клавішны муз. інструмент, удасканалены храматычны гармонік (дыяпазон 4—5 актаў). Найб. пашыраны ў Расіі, папулярны на Беларусі. Бываюць баяны «гатовыя» (з падрыхтаванымі стандартнымі акордамі ў басе) і «гатова-выбарныя» (клавіятура левай рукі мае кнопкі для здабывання ўсіх гукаў храматычнай гамы і кнопкі «гатовых» акордаў). Папярэднікі баяна — 4-радовы пецярбургскі і 3-радовы «венскі» гармонік. У распрацоўцы канструкцыі баяна ўдзельнічалі рус. і ням. майстры. Тэрмін «баян» уведзены ў 1907 рус. майстрамі. Выкарыстоўваецца як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент. Клас баяна існуе ў спец.муз.навуч. установах рознага ўзроўню. На Беларусі баяны вырабляла Маладзечанская ф-камуз. інструментаў.
Літ.:
Басурманов А.П. Справочник баяниста. 2 изд. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКА-ЭСТО́НСКАЕ ЗГУРТАВА́ННЕ (БЭЗ) у г. Йыхві, грамадска-культ.арг-цыя беларусаў у Эстоніі. Засн. ў 1989. Асн. мэты: спрыяць кансалідацыі беларусаў на падставе духоўнай, культ., рэліг. агульнасці, развіваць сувязі з замежнымі суайчыннікамі, прапагандаваць гіст. і культ. спадчыну Беларусі. Праводзіць значную культ.-асв. работу, адзначае нац.бел. і эст. святы, бел.гіст. ўгодкі, удзельнічае ў выстаўках аб’яднання бел. мастакоў краін Балтыі «Маю гонар» і штогодніх у Саўт-Рыверы (ЗША), арганізоўвае экскурсіі па Беларусі, Эстоніі, Расіі, прэзентацыі літ. твораў бел. аўтараў. Працуе б-ка, з 1992 намаганнямі згуртавання дзейнічае бел. праграма на эст. радыё. Удзельнік 1-га з’езда беларусаў свету (1993), сходаў беларусаў блізкага замежжа (1992, 1995), з’езда беларусаў краін Балтыі (1994), 1-й сустрэчы бел. моладзі свету (1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКАЯ ГРУ́ПА АЗЁР,
у Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Друйка. Уключае 50 вадаёмаў агульнай пл. 130 км². Найб.Дрывяты, Снуды, Струста, Воласа Паўночны, Воласа Паўднёвы і інш. Размешчаны азёры сярод краявога ледавіковага градавага і ўзгорыстага рэльефу Браслаўскай грады з разнастайнымі формамі водна-ледавіковай акумуляцыі — камамі, озамі. Большасць з іх злучана невял. рэкамі, ручаямі, канавамі і пратокамі, найб. вадаёмы дрэніруе р. Друйка. У азёрах захаваліся стараж. і рэдкія віды жывёл (лімнакалянус, понтапарэя, бакаплаў Паласа, мізіда рэліктавая) і раслін (гарлачык жоўты малы, гідрыла кальчаковая), занесеных у Чырв. кнігу Беларусі. Усе азёры маюць рыбапрамысл. значэнне, частка зарыбляецца вугром. Вакол іх зона адпачынку. Папулярнае месца турызму. Уваходзіць у нац. парк Браслаўскія азёры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́НЗАЎКІ (Cetoniinae),
падсямейства жукоў сям. пласцініставусых. Каля 2700 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках. На Беларусі часцей трапляецца бронзаўка залацістая (Cetonia aurata); 2 віды, бронзаўка вял. зялёная (Potosia aeruginosa) і бронзаўка мармуровая (Liocola marmorata), рэдкія, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. 0,8—11 см. Колер яркі: зялёныя, медна-чырвоныя, фіялетавыя, з метал. бляскам. У некаторых на галаве рогі. Крылы ў час палёту выпростваюцца праз выемкі ў надкрылах. Лятаюць у маі—верасні. Лічынкі С-падобныя, жывуць у трухлявай драўніне, дуплах, пнях, глебе, мурашніках, норах грызуноў. Жукі кормяцца бутонамі, кветкамі, маладымі пладамі і лісцем пладовых, тэхн. і дэкар. раслін. Зімуюць лічынкі і жукі. За год адно пакаленне. Бронзаўкі — прамежкавыя гаспадары скрэбня-волата, паразіта чалавека і жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЧАК (Віктар Мацвеевіч) (22.4.1910, чыг. ст. Цінская, Краснаярскі край, Расія — 26.4.1985),
бел. архітэктар і педагог. Засл.арх.Беларусі (1978). Скончыў Ленінградскую АМ (1936). З 1937 працаваў у Ташкенце; аўтар помніка Алішэру Наваі (1950, скульпт. Л.Дзітрых) і інш. У 1953—59 гал. архітэктар ін-та «Белдзяржпраект». У 1954—75 выкладаў у БПІ. З 1979 у ін-це «Мінскметропраект». Асн. работы на Беларусі: будынак Мінскага аблвыканкома (1958), Літ.музей Я.Купалы (1959), помнікі Марату Казею (1958, скульпт. С.Селіханаў), ахвярам Масюкоўшчынскага лагера смерці (1959) у Мінску; воінам польск. дывізіі імя Т.Касцюшкі ў в. Леніна Горацкага р-на (1953); абеліскі ў гонар сав. воінаў і партызан у г.п. Івянец Валожынскага р-на (1959, скульпт. Я.Печкін). Адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу Брэсцкая крэпасць-герой.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСЕ́ЕВА (Таццяна Назараўна) (н. 9.10.1922, г. Сяміпалацінск, Казахстан),
бел. актрыса. Засл. арт.Беларусі (1955). Сцэн. дзейнасць пачала ў Кіеўскім т-ры муз. камедыі (1943). З 1948 на Беларусі: працавала ў Брэсце, Магілёве; з 1952 у Нац. т-ры імя Я.Купалы. Актрыса лірыка-драм. плана, валодае высокай сцэн. культурай, псіхал. распрацоўку ролі спалучае з дакладным вонкавым малюнкам: Вікця («Людзі і д’яблы» К.Крапівы), Юлія Тугіна, Кручыніна («Апошняя ахвяра», «Без віны вінаватыя» А.Астроўскага), Луіза («Каварства і каханне» Ф.Шылера), Джульета і Алена («Рамэо і Джульета», «Канец — справе вянец» У.Шэкспіра), Агнія («Традыцыйны збор» В.Розава). Тонкі гумар уласцівы камед. персанажам: Адэля («Ажаніцца не журыцца» Далецкіх і М.Чарота), Маці («Дзверы стукаюць» М.Фермо), Паўла («Гульня з кошкай» І.Эркеня).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМА́ТАРСКАЕ КІНО́, кінааматарства,
від самадзейнага мастацтва. Узнікла з часу вынаходніцтва кінематографа (1895). У Зах. Еўропе і ЗША пашырана з пач. 1930-х г., у б.СССР — з 1925, больш актыўна развівалася пасля 1957, калі пры Саюзе кінематаграфістаў краіны была створана Усесаюзная камісія па працы з кінааматарамі. Праводзіліся фестывалі, конкурсы аматарскага кіно.
На Беларусі аматарскае кіно развіваецца з канца 1950-х г., створаны шматлікія самадз. студыі. З 1960 штогод праводзіліся абл. і рэсп. Конкурсы-агляды аматарскага кіно. Бел. аматары ўдзельнічалі ва ўсесаюзных і міжнар. фестывалях, іх фільмы неаднаразова адзначаліся ўзнагародамі. Росту маст. ўзроўню аматарскага кіно спрыяла секцыя па рабоце з кінааматарамі пры Саюзе кінематаграфістаў Беларусі. Асобныя кінааматары сталі прафесійнымі кінарэжысёрамі. Істотныя змены ў кінааматарскі рух унесла развіццё відэазапісу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСАМІ́Т, аксамітнае дрэва (Phellodendron),
род дрэў сям. рутавых. Вядома 10 відаў, пашыраных ва Усх. Азіі. Найб. вядомы аксаміт амурскі (P. amurense), аксаміт кітайскі (P. chinense), аксаміт японскі (P. japonicum). На Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. інтрадукаваны аксаміт амурскі, або амурскае коркавае дрэва. З 1930—40-х г. уводзіцца ў лясныя культуры. Прыдатны для вырошчвання на Беларусі, акрамя паўн. раёнаў.
Выш. 20—30 м. Ствол таўшчынёй да 80 см, укрыты слоем корку (да 7 см), які можна час ад часу здымаць. Лісце супраціўнае, чаранковае, няпарнаперыстае. Кветкі жоўта-зялёныя, дыям. да 1 см. Плады — чорныя мясістыя ягадападобныя касцянкі з непрыемным пахам. Размнажаецца насеннем і чаранкамі. Меданос. Выкарыстоўваецца на прамысл. мэты (корак, фарба, таніды, каштоўная драўніна) і як дэкар. расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЖСКІ (Канстанцін Васіль) (1527, г. Тураў — 21.3.1608),
палітычны і культ. дзеяч ВКЛ. Сын Канстанціна і Аляксандры з роду Слуцкіх. З 1550 — староста ўладзімірскі, маршалак валынскі, з 1533 да канца жыцця — кіеўскі ваявода. Буйны землеўладальнік, адзін з найб. уплывовых магнатаў у ВКЛ. На Беларусі валодаў Туравам, Дзятлавам і інш. Выступаў супраць пашырэння каталіцтва на Беларусі і Украіне. Быў цесна звязаны са збеглым рус. князем А.Курбскім. Адзін з ініцыятараў стварэння Віленскай канфедэрацыі 1599. Падтрымліваў правасл. брацтвы, заснаваў школы ў Слуцку, Тураве (1572), Астрожскую школу і Астрожскую друкарню. Удзельнічаў у задушэнні сялянска-казацкіх паўстанняў К.Касінскага, С.Налівайкі.
Літ.:
Костомаров Н.И. К.К.Острожский. // Костомаров Н.И. Русская история в жизнеописаниях ее главнейшых деятелей. М., 1990. Кн. 1.