СКРЫЎЛЕ́ННЕ ПАЗВАНО́ЧНІКА, скаліёз,
бакавое скрыўленне пазваночніка (у франтальнай плоскасці). Бывае прыроджанае і набытае. Развіваецца ў выніку парушэнняў структуры пазваночніка, змяшчэння цэнтра цяжару цела ў бок ад падоўжнай восі. Бывае пры рахіце, траўмах, пухлінах, запаленнях пазваночніка і інш. У 90% выпадкаў назіраецца ідыяпатычнае С.п. (парушэнне абмену ў злучальнай тканцы, што вядзе да аслаблення сувязі міжпазванковых дыскаў з пазванкамі). Пры С.п. адзначаецца дэфармацыя грудной клеткі, змяншэнне яе аб’ёму і ўтварэнне рэбернага гарба, парушэнне функцый лёгкіх і сардэчна-сасудзістай сістэмы. Лячэнне: лячэбная фізкультура, масаж, хірургічнае.
І.М.Семяненя.
т. 14, с. 475
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́МАВА Святлана Аляксандраўна (30.4.1911, С.-Пецярбург — 17.9.1989),
руская паэтэса. Вучылася ў Літ. ін-це імя М.Горкага ў Маскве (1956—58). Друкавалася з 1928. Аўтар зб-каў «Ташкент» (1944), «Вершы і пераклады» (1947), «На палях Мірзачуля» (1950), «Сімург» (з Зульфіёй, 1951), «Агні Сталінграда» (1953), «Чырвоныя гваздзікі» (1961), «Агонь у акне» (1966), «Чырвоны явар» (1974), «На ўсходзе Месяца. Вершы і паэма» (1984). Яе творы вызначаюцца жыццёвай праўдзівасцю, эмацыянальнасцю. Была знаёма і перапісвалася з Я.Коласам. Пераклала на рус. мову шматлікія яго вершы. а таксама Э.Агняцвет.
М.І.Пратасевіч.
т. 15, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́РЦАВА Ніна Іларыёнаўна (8.8.1925, в. Глінішча Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 16.1.1943),
удзельніца камсам. падпольнай арг-цыі «Маладая гвардыя» ў г. Краснадон Луганскай вобл. (Украіна) у Вял. Айч. вайну. З 1937 жыла ў Краснадоне. З пач. вайны ў падполлі, з кастр. 1942 чл. «Маладой гвардыі», удзельніца шматлікіх дыверсій, выдання і распаўсюджання лістовак. У ліст. 1942 напярэдадні 25-годдзя Кастр. рэвалюцыі з падпольшчыкамі вывесіла чырв. сцягі на шахце і будынку бальніцы. 12.1.1943 арыштавана, мужна трымалася на допытах. Акупанты жывой скінулі яе ў 50-метровы шурф шахты.
т. 15, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАТУ́Т СТРАЯВЫ́ (Страявы статут) Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, афіцыйны дакумент, які вызначае страявыя прыёмы, рух са зброяй і без яе; страі падраздзяленняў і часцей у пешым парадку і на машынах; парадак аддання воінскай чэсці, правядзення страявога агляду; становішча Баявога Сцяга воінскай часці ў страі, парадак яго вынасу і адносу да месца захоўвання; абавязкі ваеннаслужачых перад пастраеннем і ў страі, патрабаванні да іх страявога навучання, а таксама спосабы перамяшчэння ваеннаслужачых на полі бою і інш. С.с. ўведзены ў дзеянне (2001) загадам міністра абароны Рэспублікі Беларусь.
С.М.Абрамаў.
т. 15, с. 172
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУСВЕ́ТНАЯ МЕТЭАРАЛАГІ́ЧНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ (СМА). Засн. ў 1947 пры ААН для міжнар. супрацоўніцтва і даследавання ў галіне метэаназіранняў і каардынацыі дзейнасці нац. метэаралагічных і гідраметэаралагічных службаў. Членамі СМА з’яўляюцца больш як 162 дзяржавы, у т. л. Беларусь (з 1948). Вышэйшы яе орган — Сусв. метэаралагічны кангрэс, які склікаецца раз у 4 гады. Выканаўчы к-т складаецца з 24 дырэктараў нац. службаў і склікаецца не радзей як раз у год. Службы у буйных геагр. цэнтрах каардынуюць 6 рэгіянальных асацыяцый. Пастаянна дзеючы орган — Сакратарыят, які знаходзіцца ў г. Жэнева (Швейцарыя).
т. 15, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СФЕРАЛІ́Т (ад грэч. sphaira шар + lithos камень),
шарападобны агрэгат тонкіх ігольчатых крышталёў радыяльна-прамяністай будовы. Па паходжанні блізкія да канкрэцыйных утварэнняў (гл. Канкрэцыя). Трапляюцца ў магматычных і асадкавых горных пародах.
У магматычных пародах С. — эндагенныя кантактавыя ўтварэнні на краявых участках дыябазаў; у кіслых лавах — прадукты кансалідацыі пераважна ў шклістай масе пры яе застыванні; у асн. лавах (варыёлітах) наз. варыёлі. С. фарміруюцца таксама ў газавых пустотах цвёрдай пароды пры другасным выпадзенні цэалітаў, кварцу і інш. (т.зв. псеўдасфераліты). У асадкавых пародах трапляюцца С. карбанатныя, марганцава-жалезістыя, фасфатныя, халцэдонавыя і інш.
т. 15, с. 302
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯ,
паводле традыц. кіт. гістарыяграфіі — першая дынастыя кіт. імператараў (23—18 ст. да н.э.). Сказанні пра С. змешчаны ў многіх стараж.-кіт. пісьмовых помніках, найб. поўныя — у «Гістарычных нататках» Сыма Цяня (2—1 ст. да н.э.). Да 20 ст. звесткі пра С. вучоныя лічылі легендай. Але пасля знаходак помнікаў часоў дынастыі Інь, якую таксама лічылі легендарнай, большасць гісторыкаў трымаецца версій, што С. існавала як саюз протакіт. плямён у сярэднім бас. р. Хуанхэ, але дагэтуль ніхто з даследчыкаў няздольны атаясаміць яе ні з адной вядомай археал. культурай.
т. 15, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯРО́Ў,
да 1939 Надзеждзінск, горад у Свярдлоўскай вобл. Расіі. Размешчаны на ўсх. схіле Паўн. Урала, на р. Каква, за 9 км ад яе ўпадзення ў р. Сосьва (бас. р. Об). Засн. ў 1894. 100,4 тыс. ж. (1996). Вузел чыгунак. Прам-сць: чорная металургія (металургічны камбінат, з-д ферасплаваў), машынабудаванне (з-ды: мех., рамонтна-мех.), буд. матэрыялаў (з-д жалезабетонных вырабаў), дрэваапр., лясная, харчовая. Птушкафабрыка. ГРЭС. Ф-т Уральскага дзярж. ун-та. Драм. тэатр. Гіст. музей. Названы ў гонар Героя Сав. Саюза А.К.Сярова.
т. 15, с. 356
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАВА́РЫ НАРО́ДНАГА СПАЖЫВА́ННЯ, спажывецкія тавары,
прадукцыя для продажу насельніцтву з мэтай выкарыстання яе для задавальнення матэрыяльных і культурных патрэбнасцей; сукупнасць прадуктаў спажывання. Адрозніваюць харч. і нехарч, Т.н.с. Харчовыя — гэта прадукты харчавання; хлебныя, малочныя, мясныя, рыбныя, бакалея, агародніна, садавіна і інш. Пералік і структура іх асартыменту мяняецца з развіццём вытв-сці, ростам тавараабароту, імпарту і інш. Да нехарчовых адносяцца тавары культ.-быт. і гасп. прызначэння, прадукцыя лёгкай прам-сці і г.д. Некаторыя віды прадукцыі адначасова бываюць вытв.-тэхн. прызначэння і Т.н.с. (тканіна, буд. матэрыялы, інструменты па апрацоўцы розных матэрыялаў і інш.).
т. 15, с. 370
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАРДЭСІЛЬЯ́СКІ ДАГАВО́Р 1494,
пагадненне паміж Іспаніяй і Партугаліяй аб падзеле сфер калан. захопаў у Зах. паўшар’і, заключанае 7 чэрв. ў г. Тардэсільяс (Іспанія). Дагавор удакладняў лінію падзелу, што станавілі булы рым. папы ад 1493. Паводле Т.д. дэмаркацыйная лінія праходзіла праз абодва полюсы Зямлі і перасякала Атлантычны ак. на адлегласці 370 ліг (больш за 2 тыс. км) ад самай зах. часткі а-воў Зялёнага Мыса (каля зах. ўзбярэжжа Афрыкі). Землі на У ад гэтай лініі прызнаваліся ўладаннямі Партугаліі, на З ад яе — Іспаніі. Т.д. скасаваны ў 1777.
т. 15, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)