БЛА́МБЕРГ ((Blumberg) Барух Сэмюэл) (н. 28.7.1925, Нью-Йорк),

амерыканскі ўрач і генетык. Скончыў Калумбійскі ун-т (1951). З 1952 працаваў у Калумбійскім мед. цэнтры, Нац. ін-це здароўя (г. Бетэсда, штат Мэрыленд), Ін-це даследавання раку (г. Філадэльфія), з 1970 праф. у Пенсільванскім, Оксфардскім ун-тах. Адкрыў антыген сываратачнага гепатыту, т.зв. аўстралійскі антыген (1963), і распрацаваў метад лабараторнага кантролю донараў крыві на яго прысутнасць. Нобелеўская прэмія 1976 (разам з К.Гайдузекам).

Б.Бламберг.

т. 3, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКРЫЛАНІТРЫ́Л,

арганічнае злучэнне, вытворнае акрылавай кіслаты, CH2=CH-CN. Мал. м. 53,03. Бясколерная вадкасць з характэрным пахам, tкіп 77,3 °C, шчыльн. 0,80∙10​3 кг/м³. Раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках, палімерызуецца.

Атрымліваюць акісленнем сумесі прапілену і аміяку: CH2=CH-CH3 + NH3 + 3O → 3H2O + CH2=CH-CN. Выкарыстоўваюць у вытв-сці поліакрыланітрылу, валокнаў з яго, АБС-пластыку, бутадыен-нітрыльнага каўчуку і інш. супалімераў. Таксічны, сумесі з паветрам выбухованебяспечныя.

т. 1, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛІ ІБН АБІ́ ТА́ЛІБ (604 ?, Мекка — 24.1.661),

чацвёрты праведны халіф [656—661], стрыечны брат і зяць прарока Мухамеда, адзін з першых паслядоўнікаў і сакратар прарока; духоўны галава шыітаў. Абвешчаны халіфам у Медыне пасля забойства яго папярэдніка Асмана. У «вярблюджай бітве» пад Басрай (снеж. 656) разбіў асн. сілы праціўніка. У 657 з-за нерашучасці ў барацьбе з сірыйскім намеснікам Муавіяй 12 тыс. воінаў, якія сталі звацца харыджытамі, пакінулі, а пазней забілі Алі.

т. 1, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДМІРА́Л (Vanessa atalanta),

насякомае атр. матылёў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца на палянах, лугах, берагах ручаёў, уключаны ў Чырвоную кнігу.

Размах крылаў да 6 см. Пярэднія крылы зверху чорныя з белымі плямкамі і чырвонай косай палоскай (адсюль назва), заднія — чорныя, з чырвонай палоскай на краі. Лёт у ліп.—вер., тых, што перазімавалі, — у маі. Вусені развіваюцца ў чэрв.—жн. на лісці крапівы і чартапалоху.

Адмірал і яго вусень.

т. 1, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДЭ́ЛІ ЗЯМЛЯ́ (Terre Adélie),

частка тэрыторыі Усх. Антарктыды паміж 136° і 142° усх. даўгаты, абмываецца на Пн морам Дзюрвіля. Ледавіковае покрыва таўшчынёй да 2000 м, каля берага трапляюцца ўчасткі, свабодныя ад лёду. Клімат суровы, з перавагай штармавых вятроў. Адкрыта ў 1840 франц. экспедыцыяй пад кіраўніцтвам Ж.​Дзюмон-Дзюрвіля, названа ў гонар яго жонкі. З 1956 паблізу берага Адэлі зямлі (на в-ве Пятрэль) працуе франц. навук. станцыя «Дзюмон-Дзюрвіль».

т. 1, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДУ́ЛАЎ (Восіп Навумавіч) (16.11.1900—14.6.1953),

рус. акцёр. Нар. арт. Расіі (1944). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1918. З 1943 у Маскоўскім т-ры імя Массавета. Яркі характарны акцёр. Яго мастацтву ўласцівы віртуозная тэхніка, камедыйнасць і тонкі гумар. Сярод лепшых роляў: Лыняеў («Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Дзядзька Васа («Пані міністэрша» Б.​Нушыча) і інш. Здымаўся ў кіно: Джон Сільвер («Востраў скарбаў»), Грэк Дымба («Вяселле» паводле А.​Чэхава). Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБСТЭ́РНА,

возера ў Беларусі, у Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята. Уваходзіць у Абстэрнаўскую групу азёраў. Пл. 9,89 км². Даўж. 5,5 км, найб. глыб. 12 м. Пл. вадазбору каля 115 км².

Берагі пясчаныя. Дно складанай будовы, выслана пяском і сапрапелямі. Схілы пераважна высокія, укрытыя лесам, на У разараныя. Злучана ручаём з воз. Укля, пратокамі з азёрамі Важа і Набіста. У 1967 узровень яго штучна падняты на 1 м.

т. 1, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМПЛУА́ (франц. emploi літар. выкарыстанне),

своеасаблівая спецыялізацыя акцёра на выкананні роляў, якія найб. адпавядаюць яго вонкавым сцэн. даным, характару, таленту. Амплуа мужчынскія; герой, комік, прастак, палюбоўнік, рэзанёр, фат; жаночыя: гераіня, камічная старая, гранд-дама, інжэню, субрэтка, травесці і інш. У сучасным т-ры падзелу на амплуа фармальна не існуе, сцвярджаецца шырокі творчы дыяпазон акцёра. Найб. устойлівае амплуа — травесці (актрыса на ролі хлопчыкаў, дзяўчынак, падлеткаў) захоўваецца ў т-ры для дзяцей.

т. 1, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНАБАЗІ́Н, α-піперыдзіл-β-пірыдзін (CHN),

арганічнае рэчыва класа алкалоідаў. Бясколерны алей, які цямнее на паветры: tкіп 276 °C; добра раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках; дае шчолачную рэакцыю. Выяўлены сав. хімікам А.​П.​Арэхавым (1929) у сярэднеазіяцкім анабазісе бязлістым (Anabasis aphylla). У невял. колькасці ёсць у тытуні. Як і яго ізамер нікацін, анабазін моцны гангліянарны яд. Выкарыстоўваецца супраць шкоднікаў раслін; сродак ад стрыгучага лішая, вашывасці с.-г. жывёл.

т. 1, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ФАРА (грэч. anaphora літар. вынясенне ўверх),

адзінапачатак, стылістычная фігура ў вершаскладанні — паўтарэнне аднолькавых гукаспалучэнняў, слоў ці выразаў у пачатку вершаваных радкоў або суседніх строфаў (адпаведна выдзяляюць гукавую, лексічную і сінтаксічную анафару). Павышае эмацыянальнасць паэт. выказвання, узвышае яго тон, кампазіцыйна арганізуе, яднае асобныя радкі і часткі тэксту. Прыклад лексічнай анафары:

Зноў навіслі цёмны хмары,
Зноў туманы неба крыюць,
Зноў па свеце ходзяць мары,
Зноў крапчэй нам віхры выюць...
(Цётка. «Бура ідзе»)

т. 1, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)