ЗАНЬКАВЕ́ЦКАЯ (сапр.Адасоўская) Марыя Канстанцінаўна
(4.8.1854, в. Занькі Чарнігаўскай вобл., Украіна — 4.10.1934),
украінская актрыса і тэатр. дзеяч. Нар. артыстка Украіны (1923). З 1882 вядучая актрыса ўкр. труп М.Крапіўніцкага, М.Старыцкага, М.Садоўскага, П.Саксаганскага, І.Карпенкі-Карага і інш. У 1907 разам з Садоўскім арганізавала першы ўкр.т-р у Кіеве. Узначальвала Нар.т-р у Нежыне (1918), удзельнічала (разам з Саксаганскім) у стварэнні Нар.т-ра ў Кіеве (1918, цяпер Львоўскі ўкр.драм.т-р імя М.Занькавецкай). Сцэнічная творчасць адметная шчырасцю перажыванняў, майстэрствам унутранага і знешняга пераўвасаблення. Сярод лепшых роляў: Наталка, Цярпіліха («Наталка-Палтаўка» І.Катлярэўскага), Галя («Назар Стадоля» Т.Шаўчэнкі), Харыціна, Сафія («Наймічка», «Бесталанная» Карпенкі-Карага), Аза («Цыганка Аза» Старыцкага), Аксюша («Лес» А.Астроўскага) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗДАНЕ́ВІЧ (Міхаіл Аляксандравіч) (н. 6.4.1943, в. Аркадыя Брэсцкага р-на),
бел. спявак (бас), педагог. Засл. арт. Беларусі (1979). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972, клас С.Асколкава). У 1969—83 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. З 1983 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Творчую дзейнасць вызначалі голас вял. дыяпазону, майстэрства філіроўкі, здольнасць да сцэн. пераўвасаблення. Сярод партый у операх нац. рэпертуару: Чапля («Андрэй Касценя» М.Аладава), бацька Максіма («Зорка Венера» Ю.Семянякі), Інквізітар («Джардана Бруна» С.Картэса), у класічных: Барыс Гадуноў («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Грэмін («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Рамфіс, Мантэроне («Аіда», «Рыгалета» Дж.Вердзі), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Дон Паскуале («Дон Паскуале» Г.Даніцэці), Лепарэла, Бартала («Дон Жуан» і «Вяселле Фігара» В.А.Моцарта). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.Глінкі (1971).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗУБКО́ВІЧ (дзявочае Пілеман) Эльза Робертаўна
(1895, Мінск — 1983),
бел. кампазітар, музыказнавец, педагог. Праф. музыкі і спеваў. Скончыла Берлінскую кансерваторыю (клас П.Юона). У 1930-я г. выкладала ў Бел. кансерваторыі, заг. кафедры. З 1944 у Германіі і ЗША. Працавала пераважна ў галіне вак. музыкі. Сярод твораў: зб. рамансаў «Асенняе падае лісце» на словы І.Сабуравай, «Край мой васільковы» на словы бел. паэтаў; «Дзіцячы музычны альбом» і «Першыя радасці» для фп., фантазія «Бульба», прэлюдыі для фп., вак. творы на словы Г.Ахматавай, А.Блока, А.Гаруна, Н.Арсенневай; апрацоўкі бел.нар. песень («Кума мая, кумачка», «Сваток» і інш.). Музыцы З. уласціва арган. спалучэнне класіка-рамант. традыцый з тонкім адчуваннем прыроды бел. меласу.
Літ.:
Сачанка С. Эльза Зубковіч // Кантакты і дыялогі. 1996. № 9.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАА́Н ХРЫСЦІ́ЦЕЛЬ (каля 8 да н.э. — каля 28 н.э.),
біблейскі прарок і аскет. У 27—28 пачаў прапаведаваць у пустыні каля р. Іардан: абвяшчаў надыход «царства божага», заклікаў да пакаяння і даваў воднае хрышчэнне. Сярод ахрышчаных быў Ісус Хрыстос, на якога І.Х. указаў як на чаканага месію; яго вучні Андрэй, Сымон, Якаў і Іаан сталі вучнямі Ісуса. За публічнае асуджэнне сувязі цара Галілеі Ірада Антыпы з Ірадыядай зняволены і абезгалоўлены. Пра смерць І.Х. згадвае яўр. гісторык Іосіф Флавій. Памяці І.Х. прысвечана самая стараж. базіліка Рыма — Латэранская. Выявы І.Х. вельмі пашыраны ў сярэдневяковым мастацтве (жывапіс у баптыстэрыях, скульптуры ў Ам’енскім, Шартрскім, Рэймскім саборах) і новага часу (Данатэла, Л.Гіберці, Анджэліка, Д.Гірландайо, П’ера дэла Франчэска, Леанарда да Вінчы, Рафаэль, Эль Грэка, М.Караваджа, Рэмбрант, Б.Э.Мурыльё, Н.Пусэн).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВАНО́ВА (Дзіна Іванаўна) (н. 9.9.1929, г. Валгаград, Расія),
бел. спявачка (лірыка-драм. сапрана). Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыла Ленінградскую кансерваторыю (1961). У 1962 салістка Петразаводскага муз.т-ра. З 1963 у Бабруйскім муз.-драм. т-ры, з 1965 у Магілёўскім абл. т-ры муз. камедыі, у 1970—75 салістка Дзярж.т-рамуз. камедыі Беларусі, у 1983—87 салістка Бел. філармоніі. З 1987 выкладае ў Бел. акадэміі мастацтваў. Голас шырокага дыяпазону і драм. здольнасці дазвалялі ёй ствараць разнапланавыя вобразы. Сярод роляў: Ірына, Агата («Пяе «Жаваранак» і «Паўлінка» Ю.Семянякі), Сільва, Адэта Дарымонд, Мадлен, Тэадора Вердзье («Сільва», «Баядэра», «Фіялка Манмартра», «Прынцэса цырка» І.Кальмана), Зорыка і графіня Ілона («Цыганскае каханне» Ф.Легара), Чаніта і Анжэла («Пацалунак Чаніты» Ю.Мілюціна), Віялета Леблан («Халопка» М.Стрэльнікава).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАІ́ (Ysaye, Ysaÿe) Эжэн (16.7.1858, г. Льеж, Бельгія — 12.5.1931), бельгійскі скрыпач, кампазітар, дырыжор, педагог. Адзін з буйнейшых скрыпачоў канца 19 — пач. 20 ст. З 1874 вучыўся ў Брусельскай кансерваторыі ў Г.Вяняўскага, у 1876—79 у Парыжы ў А.В’ётана. З 1886 праф. Брусельскай кансерваторыі. У 1918—22 кіраўнік сімф. аркестра ў г. Цынцынаты (ЗША). Выступаць з сольнымі канцэртамі пачаў у Расіі (1882). Яго выканальніцкае майстэрства зацвердзіла сусв. значэнне бельг. скрыпічнай школы. Заснавальнік струннага квартэта (1888), арганізатар, дырэктар і дырыжор «Канцэртаў Ізаі» (1895). Аўтар скрыпічных твораў, у т. л. санат для скрыпкі сола, дзе выкарыстаў шэраг тэхн. прыёмаў, якія раскрылі гучанне скрыпкі з нечуванай да яго паўнатой і маляўнічасцю; оперы «Шахцёр П’ер» (1931), шматлікіх транскрыпцый. Сярод вучняў М.Прэс, М.Эрдэнка. У Бруселі праводзяцца міжнар. конкурсы скрыпачоў (з 1937) і піяністаў (з 1938) імя І.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬІНА́ (Лідзія Аляксандраўна) (н. 27.2.1915, г. Міхайлаў Разанскай вобл., Расія),
кіргізскі графік. Народная мастачка Кіргізіі (1963). Вучылася ў Маскоўскім маст. ін-це (1933—39). З 1939 у Кіргізіі. У станковай графіцы гал. месца займае вобраз жанчыны. Сярод твораў: серыі «Слова пра кіргізскую жанчыну» (1958, сярэбраны медаль АМСССР, 1959), «Моладзь Кіргізіі» (1966), «Мацярынства» (1967; за абедзве Дзярж. прэмія СССР 1971), «Мой сучаснік» (1977), асобныя аркушы «Ноч» (1954), «На Ісык-Кулі» (1956) і інш., якім уласцівы лірыка-эпічны лад. Аўтар ілюстрацый да кніг («Вершы і паэмы» А.С.Пушкіна, 1971; медаль на Міжнар. выстаўцы мініяцюрнай графікі ў Чэхаславакіі, 1974) і інш., жывапісных твораў («Коні», 1940; «Апошняя бавоўна», 1946; «Восень», 1950). Удзельнічала ў афармленні Кірг.т-ра оперы і балета (1952—54).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРА́СЕК ((Jirásek) Алоіс) (23.8.1851, г. Гронаў, Чэхія — 12.3.1930),
чэшскі пісьменнік. Скончыў Карлаў ун-т у Празе (1876). У гіст. раманах «Скалакі» (1875), «Псаглаўцы» (1884), эпапеях «Паміж плынямі» (т. 1—3, 1887—90), «Ф.Л.Век» (т. 1—5, 1888—1906), «Супраць усіх» (1893), «У нас» (1896—1903), «Брацтва» (т. 1—3, 1898—1908), «Цемра» (1915), «Гусіцкі кароль» (1916—20) стварыў летапіс найважнейшых падзей у гісторыі чэш. народа, сярод якіх гусіцкія войны, нар. паўстанні і інш. Яго творам уласцівы падзейна-часавая маштабнасць, глыбокі псіхалагізм у раскрыцці масавай свядомасці, даставернасць апісання побыту і нораваў розных эпох і народаў, вастрыня канфліктаў. Аўтар зб. «Горныя апавяданні» (1878), гіст.драм. («Ян Жыжка», 1903, «Ян Гус», 1911, «Ян Рогач», 1914), аповесцей, апавяданняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВА́ЛЕЦ ((Kawalec) Юльян) (н. 11.10.1916, мяст. Вжавы Тарнабжэскага ваяв., Польшча),
польскі празаік і публіцыст. Вучыўся ў Ягелонскім ун-це. Першы зб.апавяд. «Сцежкі сярод вуліц» (1957). У зб. навел «Звалены вяз» (1962), мікрараманах «Да зямлі прыпісаны» (1962), «Танцуючы ястраб» (1964), «Шэры арэол» (1973), раманах «Вясельны марш» (1966), «Пераплывеш раку» (1973), аповесцях «Шукаю дом», «Заклік» (абедзве 1968), «Выкрасці брата» (1982), зб.апавяд. «Гітара з райскай чарэшні» (1990) паказаў жыццё вёскі ў складаных гісторыка-сац. умовах, змены ў побыце і свядомасці сялян пасля 1945, пошукі гармоніі з сял. светам і інш. Прозе ўласцівы сімволіка, часовыя інверсіі, біблейская стылізацыя. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі В.Гапава, Я.Брыль, А.Бажко, П.Стафановіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛАС (Callas; сапр.Калаерапулу) Марыя
(3.12.1923, Нью-Йорк — 16.9.1977),
грэчаская спявачка (сапрана). Вучылася ў Афінскай кансерваторыі. Дэбютавала ў Афінах (1938). З 1950 салістка буйнейшых оперных т-раў свету «Ла Скала» (Мілан), «Ковент-Гардэн» (Лондан), опернага т-раў Чыкага, «Метраполітэн-опера» (Нью-Йорк). Валодала голасам вял. дыяпазону, выключным артыстызмам, майстэрствам бельканта. Сярод партый: Медэя («Медэя» Л.Керубіні), Лючыя, Ганна Балейн («Лючыя ды Ламермур», «Ганна Балейн» Г.Даніцэці), Норма, Аміна, Імагена («Норма», «Самнамбула», «Пірат» В.Беліні), Віялета («Травіята» Дж.Вердзі), Тоска, Чыо-Чыо-сан (аднайм. оперы Дж.Пучыні), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні, Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ). З 1982 у Афінах праводзіцца Міжнар. конкурс вакалістаў імя К. Здымалася ў кіно («Медэя», 1969), займалася рэж. дзейнасцю.
Літ.:
Мария Каллас: Биография. Статьи. Интервью: Пер. с англ. и итал. М., 1978.