ЛАВА́ЛЯ—МУСАЛІ́НІ ПАГАДНЕ́ННІ 1935, Рымскі пакт. Падпісаны 7.1.1935 у Рыме міністрам замежных спраў Францыі П.Лавалем і фаш. дыктатарам Італіі Б.Мусаліні. Ініцыіраваны франц. урадам, каб скіраваць экспансію Італіі з Балканаў і бас. Дуная ў бок Афрыкі. Прадугледжвалі ўступку Італіі часткі франц. калан. уладанняў у Афрыцы (114 тыс. км² каля паўд. мяжы Лівіі, каля 800 км² на мяжы Італьян. Эрытрэі, в-аў Думейра), перадачу ёй 20% акцый чыг. Джыбуці—Адыс-Абеба, згоду Францыі на эканам. перавагу Італіі ў Эфіопіі (у сакрэтным парадку і ваен. ўварванне), спыненне Італіяй антыфранц. дзейнасці ў Тунісе і інш. Садзейнічалі падрыхтоўцы італа-эфіопскай вайны 1935—36. Дэнансаваны Італіяй у снеж. 1938.

т. 9, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГАДЭ́ХСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Грузіі, у бас. р. Алазані, на Паўд. схілах усх. ч. Гал. Каўказскага хр. Засн. ў 1912 для аховы горных біягеацэнозаў. Пл. каля 18 тыс. га. Горы, цясніны, вадаспады, азёры, серныя крыніцы. Рэзка выяўленая верт. занальнасць расліннасці. Дубова-грабавыя, букавыя лясы, горныя лугі. У флоры 1400 відаў кветкавых раслін, у т. л. 12 эндэмічных. У фауне 38 відаў млекакормячых, у т. л. каўказскі алень, дагестанскі тур, казуля, серна, мядзведзь, ліс, воўк, шакал, рысь; 120 відаў птушак, у т. л. каўказскі цецярук, улар, фазан і інш. Больш за 1 тыс. відаў цвердакрылых і 800 відаў матылькоў. Занесены ў спіс Помнікаў прыроды ЮНЕСКА.

т. 9, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМАНЦІ́НЫ (Trichechus),

род водных млекакормячых атр. сірэн. Вядомыя з плейстацэну Паўн. і міяцэну Паўд. Амерыкі. 3 віды, 2 падвіды. Пашыраны каля берагоў Цэнтр. Амерыкі, у р. Амазонка і яе эстуарыі, каля атл. берагоў трапічнай Афрыкі і бас. р. Нігер. Жывуць на марскіх мелкаводдзях, у вусцях і нізоўях рэк. Трымаюцца групамі. Усе віды і падвіды ў Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. да 5 м, маса да 400 кг. Афарбоўка ад шэрай да чорна-шэрай. У адрозненне ад большасці млекакормячых маюць 6 шыйных пазванкоў. Верхняя губа раздвоеная. Замест разцоў рагавыя пласціны. На ластах 3 сярэднія пальцы з пазногцепадобнымі капыткамі Хваставы плаўнік закруглены. Расліннаедныя. Нараджаюць 1 дзіцяня.

Ламанцін амазонскі.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ЗВІНКА,

возера ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Зах. Дзвіна, за 16 км на Пд ад р.п. Шуміліна. Пл. 0,21 км², даўж. 590 м, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 1,5 м, даўж. берагавой лініі каля 1,9 км. Пл. вадазбору 10,2 км². Схілы катлавіны выш. 5—7 м (на ПнЗ да 12 м), разараныя, на Пн пад лесам.

Берагі нізкія, пераважна сплавінныя. Дно плоскае, выслана сапрапелем. Зарастае па ўсёй плошчы. У возеры расце вадзяны арэх — рэдкі від флоры, занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Злучана ручаём з возерам Гародна, на ПнУ выцякае ручай у р. Зах. Дзвіна.

т. 9, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́САВА возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 28 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 0,91 км², даўж. каля 2,4 км, найб. шыр. 810 м, найб. глыб. 4,9 м, даўж. берагавой лініі 7,3 км. Пл. вадазбору 120 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м (на ПнУ 4—5 м), разараныя, на ПдУ стромкія, парослыя лесам. Берагі нізкія, пад хмызняком. Катлавіна складаецца з паўн. (дно плоскае, ёсць востраў пл. 0,06 км²) і паўд. плёсаў. Дно да глыб. 1 м выслана пяском і ілам, ніжэй — сапрапелем. Упадаюць р. Быстрыца (злучае яго з воз. Нявіда), на Пн злучана пратокай з воз. Забеліна.

т. 9, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМПО́ПА (Limpopo),

Кракадзілавая, рака ў Паўд. Афрыцы, Паўд.Афр. Рэспубліцы і Мазамбіку. У сярэднім цячэнні ўтварае мяжу паміж ПАР і Батсванай, ПАР і Зімбабве. Даўж. 1600 км, пл. бас. 440 тыс. км². Бярэ пачатак на паўн. схілах хр. Вітватэрсранд, у вузкай цясніне перасякае ўсх. ўскраіну Паўд.-Афрыканскага нагор’я, цячэ па Мазамбікскай нізіне, упадае ў Індыйскі ак. Гал. жыўленне ад прытокаў, што сцякаюць з вільготнага плато Матабеле і ад р. Уліфантс (справа). Сярэдні расход вады каля 800 м³/сек. У сезон летніх дажджоў (снеж.—лют.) узровень вады ў ніжнім цячэнні павышаецца на 5—7 м. Суднаходная на 160 км ад вусця. Выкарыстоўваецца для арашэння.

т. 9, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНХАВО́ІН (Лхасаран Ладонавіч) (1.1. 1924, с. Ага-Хангіл, Бурація — 10.7. 1980),

бурацкі спявак (бас). Нар. арг. СССР (1959). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1954). З 1954 саліст Бурацкага т-ра оперы і балета (Улан-Удэ; у 1962—66 маст. кіраўнік). Валодаў моцным голасам прыгожага тэмбру, выкананне вылучалася драматызмам, вострай характарнасцю. Сярод партый: Бумал-хан («Энхе—Булат-батар» М.​Фралова), Васіль, Шона («Цырэмпіл Ранжураў», «Грозныя гады» Б.​Ямпілава), Сусанін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Канчак («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Грэмін («Яўген Анегін» П.​Чайкоўскага), Млынар («Русалка» А.​Даргамыжскага), Барыс Гадуноў (аднайм. опера М.​Мусаргскага), Мефістофель («Фауст» Ш.​Гуно), Філіп II («Дон Карлас» Дж.​Вердзі).

т. 9, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПА,

рака ў Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Сож (бас. р. Дняпро). Даўж. 62 км. Пл. вадазбору 577 км². Пачынаецца за 1 км на ПдУ ад в. Вуглы Рагачоўскага р-на. Асн. прытокі: р. Гліна і р. Прудоўка (злева). Цячэ ў межах Прыдняпроўскай нізіны. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 1—3,5 км. Схілы адкрытыя, выш. 6—10 м. Пойма ў вярхоўі перарывістая, у сярэднім і ніжнім цячэнні двухбаковая, шыр. да 3 км. Рэчышча на 36 км каналізаванае, на астатнім працягу звілістае, шыр. 8—10 м. Рака прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 2,4 м³/с.

Ліпа.

т. 9, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ДАСІ, Лодаскае возера,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Страча, за 22 км на ПдЗ ад г. Паставы, каля в. Лодасі. Пл. больш за 1 км², даўж. 1,83 км, найб. шыр. 0,9 км, найб. глыб. 7,5 м, даўж. берагавой лініі 5,6 км. Пл. вадазбору 17,5 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, разараныя, на Пд да 10 м, пад хмызняком. Берагі месцамі абразійныя, зліваюцца са схіламі, на З сплавінныя. У паўн.-зах. частцы возера востраў пл. 0,8 га. Ложа выслана ілам, уздоўж берагоў пяском. Шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці 10—30 м да глыб. 2,5 м. На ПнЗ злучана пратокай з воз. Саранчаны.

т. 9, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГДАЛЕ́НА (Magdalena),

рака ў Калумбіі. Даўж. 1540 км, пл. бас. 260 тыс. км². Выток на Пд Цэнтр. Кардыльеры, да г. Нарэ цячэ па міжгорнай упадзіне паміж Цэнтр. і Усх. Кардыльерамі, далей па Прыкарыбскай нізіне, упадае ў Карыбскае м. Гал. прытокі: Каўка і Сан-Хорхе (злева). Высокія ўзроўні (з затапленнем зямель у ніжнім цячэнні) у крас.—маі і вер.—лістападзе. У сярэднім цячэнні парогі. Сярэдні расход вады 8—10 тыс. м³/с. Суднаходства да г. Баранкілья да г. Ла-Дарада (каля 880 км) і ад г. Онда да Нейвы — у высокую ваду (370 км). У нізоўях М. пракладзены суднаходны канал да порта Картахена.

т. 9, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)