БАР’Е́РНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

здольнасць арганізма чалавека і жывёл праз своеасаблівыя фізіял. механізмы, т.зв. бар’еры, захоўваць сваё ўнутр. асяроддзе (кроў, лімфу, тканкавую вадкасць) ад вонкавых уздзеянняў і падтрымліваць яго адносна пастаянны хім., фіз. састаў і біял. ўласцівасці. Адрозніваюць вонкавыя (скура, дыхальны, стрававальны і выдзяляльны апараты, печань, слізістыя абалонкі) і ўнутраныя (гематалагічныя) бар’еры. Бар’ерная функцыя выпрацавалася ў працэсе эвалюцыі і вызначае жыццядзейнасць органаў і тканак, іх адчувальнасць да бактэрый, ядаў, таксінаў, чужародных рэчываў, лекаў.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРСУКІ́,

бел. майстры маст. ткацтва Слуцкай мануфактуры ў 18 — 1-й пал. 19 ст. Іосіф, майстар-ткач слуцкіх паясоў. У 1750-я г. вучыўся майстэрству ствараць залататканыя паясы ў Я.​Маджарскага (гл. Маджарскія). Васіль, майстар маст. ткацтва. У 2-й пал. 18 ст. гал. майстар Слуцкай мануфактуры. Фама, кіраўнік Слуцкай мануфактуры (1807—44). У перыяд яго кіраўніцтва акрамя слуцкіх паясоў ствараліся ўзорыстыя і залататканыя тканіны.

М.​С.​Кацар.

т. 2, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТАНА́САЎ ((Atanassoff) Сірыл) (н. 30.6.1941, Пюто, каля Парыжа),

французскі артыст балета. Вучыўся ў балетнай школе пры Парыжскай оперы, з 1957 у трупе гэтага т-ра. Танцоўшчык героіка-рамант. плана. Яго выкананню ўласцівы эмацыянальнасць і элегантнасць. Сярод партый: Альберт («Жызэль» А.​Адана), Шчаўкунок, Зігфрыд («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Франц («Капелія» Л.​Дэліба), Цар Іван («Іван Грозны» на муз. С.​Пракоф’ева), у балеце «Агон» І.​Стравінскага. Прэмія В.​Ф.​Ніжынскага (Парыж, 1975).

т. 2, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎРА́МКАЎ Пракоп Іванавіч (16.10.1923, в. Пакроўка Родзінскага р-на Алтайскага краю, Расія — 23.1.1944, Герой Сав. Саюза (1944). Беларус. На пач. Вял. Айч. вайны добраахвотнікам пайшоў у армію. На фронце з ліст. 1941, удзельнік абароны Масквы, ваяваў на Паўн.-Зах. фронце. 22.1.1944 камандзір стралк. аддзялення сяржант Аўрамкаў у баі каля в. Амшары Новасакольніцкага р-на Пскоўскай вобласці закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота. На яго радзіме пастаўлены бюст.

П.І.Аўрамкаў.

т. 2, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХМЕТЭ́ЛІ (Сандро) (Аляксандр Васілевіч; 25.4.1886, с. Анага, Грузія — 29.6.1937),

грузінскі рэжысёр. Нар. арт. Грузіі (1933). Адзін з заснавальнікаў груз. т-ра. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1916). У 1926—35 маст. кіраўнік т-ра імя Ш.​Руставелі (Тбілісі). Яго пастаноўкі вызначаліся яркай тэатральнасцю, нац. каларытам, зладжанасцю акцёрскага ансамбля. Сярод лепшых «Загмук» А.​Глебава (1926), «Разлом» Б.​Лаўранёва і «Анзор» С.​Шаншыяшвілі (1928), «Ламара» паводле твораў Важа Пшавелы (1930), «Разбойнікі» Ф.​Шылера (1933).

т. 2, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКИЙ ВЕ́СТНИК»,

штотыднёвая грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 17(30).6.1912 да 12(25).1.1913 у Вільні на рус. мове. Была рупарам русіфікаваных слаёў бел. буржуазіі і правінцыяльнага чыноўніцтва. Заклікала народы Расіі пранікнуцца «любоўю да свайго манарха». Асуджала ідэю самавызначэння бел. народа, адмаўляла яго нац. і культ. самабытнасць, называла беларусаў разам з украінцамі этнагр. часткай рус. народа. Выступала супраць бел. перыяд. друку і кнігавыдання.

У.​М.​Конан.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЕДЭ́ЦІ МІКЕЛА́НДЖЭЛІ ((Benedetti Michelangeli) Артура) (н. 5.1.1920, г. Брэшыя, Італія),

італьянскі піяніст, педагог; адзін з найбуйнейшых піяністаў сучаснасці. Праф. Балонскай і Венецыянскай кансерваторый. Яго выкананне адметнае віртуознай тэхнікай, стрыманай прыгажосцю, бездакорнай падпарадкаванасцю аўтарскаму тэксту. На пачатку творчасці ў рэпертуары пераважала музыка сучасных кампазітараў, пазней — творы фп. класікі. 1-я прэмія на Міжнар. конкурсе музыкантаў-выканаўцаў (Жэнева, 1939).

Літ.:

Kaiser J. Große Pianisten in unserer Zeit. 3 Aufl. München, 1977.

т. 3, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНЕФІ́С (ад франц. bènèfice прыбытак, карысць),

спектакль, увесь збор ад якога (поўны бенефіс) ці частка яго (паўбенефіс) ідзе на карысць аднаго ці некалькіх акцёраў-бенефіцыянтаў (за вылікам расходаў на спектакль). Узніклі ў Францыі ў 1735. У Расіі ўвайшлі ў практыку з 1783 (да 1809 дазваляліся таксама драматургам і кампазітарам). У СССР у 1925 бенефіс скасаваны. На Беларусі вядомыя з сярэдзіны 19 ст. З 2-й пал. 1980-х г. пачалі аднаўляцца.

т. 3, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́НУЭ (Benue),

рака ў Зах. Афрыцы, у Камеруне (вярхоўі) і Нігерыі, левы прыток Нігера. Даўж. 1300 км, пл. басейна 441 тыс. км². Пачынаецца на ўсх. схілах нагор’я Камерун, перасякае яго па цясніне, далей цячэ па раўніне сярод вільготных саваннаў у шырокай густанаселенай даліне. Паводка з чэрв. да верасня. Сярэдні расход вады 3170 м³. Суднаходная ад г. Ібі, у сезон дажджоў ад г. Гаруа. Каля вусця (шыр. да 1,5 км) — г. Лакоджа.

т. 3, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІСУ́САВАЯ ЗАЛО́ЗА (ад грэч. byssos тонкая пража),

орган двухстворкавых малюскаў, што выпрацоўвае арган. рэчыва (бісус) у выглядзе вельмі моцных нітак. Знаходзіцца ў т.зв. «назе» і гамалагічна падэшвеннай залозе бруханогіх малюскаў; часам яна функцыяніруе толькі ў лічынак. Бісус складаецца з задубленага бялку, блізкага да канхіяліну ракавіны малюскаў і да фібраіну шоўку членістаногіх. Пры яго дапамозе малюскі прымацоўваюцца да субстрату. У старажытнасці і сярэднявеччы бісус выкарыстоўваўся на выраб тканіны (вісону).

т. 3, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)