спора палавога размнажэння базідыяльных грыбоў. Утвараюцца вонкава па 2—4 на паверхні базідый. Бываюць акруглыя, авальныя або ніткападобна выцягнутыя. Сядзяць на маленькіх шыпападобных вырастах базідыі — стэрыгмах. У адрозненне ад аскаспораў базідыяспоры адшнуроўваюцца ад базідыі вонкі. На адпаведным субстраце базідыяспора прарастае гаплоідным гомакарыятычным міцэліем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАР’Е́РНЫ РЫФ,
града каралавых рыфаў, выцягнутая паралельна берагу мацерыка або вострава на некаторай адлегласці ад яго, часта па краі мацерыковай водмелі. Бар’ерныя рыфы адгароджваюць ад мора мелкаводныя лагуны, пашыраны пераважна ў водах Ціхага і Індыйскага акіянаў (напр., Вялікі Бар’ерны рыф каля паўн.-ўсх. берагоў Аўстраліі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫТАБЕТО́Н,
цяжкі бетон, запаўняльнік у якім барыт ці барытавая руда або іх сумесь з метал. стружкай, чыгунным шротам і інш. Аб’ёмная маса барытабетону 3300—3600 кг/м³, маркі 100, 150 і 200. Выкарыстоўваецца ў канструкцыях ядз. рэактараў для аховы абслуговага персаналу ад радыеактыўнага апрамянення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАЛЬЁН (франц. bataillon),
асноўнае тактычнае падраздзяленне ў сухапутных, паветрана-дэсантных войсках і марской пяхоце. Бываюць мотастралк. (пяхотныя, мотапяхотныя), танк., марской пяхоты, сувязі, аўтамаб. і інш. Можа ўваходзіць у склад палка (брыгады) або быць самастойнай вайсковай часцю. Звычайна складаецца з 3—4 рот і інш. падраздзяленняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗГАСПАДА́РНАЯ МАЁМАСЦЬ,
у цывільным праве маёмасць, у якой няма ўласніка (гаспадара) або ён невядомы. Згодна з бел. заканадаўствам безгаспадарная маёмасць паступае ва ўласнасць дзяржавы паводле рашэння суда, якое выносіцца па заяве фін. органа. Парадак выяўлення і ўліку безгаспадарнай маёмасці вызначаецца Мін-вам фінансаў Рэспублікі Беларусь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́РНЫЯ РУ́ДЫ,
прыродныя і мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для атрымання бору і інш. карысных кампанентаў. Прадстаўлены баратамі (пераважна натрыю, кальцыю, магнію), борасілікатамі і інш. мінераламі. Частку борных руд выкарыстоўваюць як угнаенні або перапрацоўваюць у борасуперфасфаты. Буйнейшыя радовішчы ў КНР, ЗША, Турцыі, Аргенціне, КНДР, Перу, Чылі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЦЫНА́ЛЬНЫЯ ГРА́НІ (лац. vicinalis ад vicinus суседні, блізкі, падобны),
грані крышталёў, на якіх ёсць спадзістыя пірамідальныя ўзвышэнні (віцынальныя піраміды) або ямкі. Утвараюцца пры росце крышталёў у пункце выхаду вінтавой дыслакацыі. У розных крышталёў маюць розную форму, што дае магчымасць па іх вызначаць сіметрыю ў крышталяграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОДАТРЫВА́ЛЫ ГАРЫЗО́НТ,
тоўшча воданепранікальных ці адносна воданепранікальных горных парод, якая перакрывае або падсцілае ваданосны гарызонт. Адрозніваюць водатрывалыя гарызонты рэгіянальныя, мясц. і лакальныя. Рэгіянальныя звычайна падзяляюць буйныя ваданосныя комплексы, мясцовыя — ваданосныя гарызонты, лакальныя пашыраны пераважна ў зоне аэрацыі, дзе спрыяюць утварэнню верхаводкі. Гл. таксама Водапранікальнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬБЕРЦІ́НІ ((Albertini) Джаакіна) (1751—1811),
італьянскі кампазітар. У 1781—84 узначальваў капэлу Радзівілаў у Нясвіжы. Дырыжыраваў операй Я.Д.Голанда «Агатка, або Прыезд пана» (1784). Да 1804 працаваў у Польшчы, потым у Рыме. Сярод твораў оперы «Дон Жуан» (паст. 1783, Варшава), «Польскі капельмайстар» (1808).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬКО́Ў (франц. alcôve),
паглыбленне або ніша ў сцяне інтэр’ера для ложка ці спальнае памяшканне без вокнаў. Узнік у архітэктуры араб. краін. Пашыраны ў палацавым дойлідстве Іспаніі, з сярэдзіны 17 ст. ў інш.еўрап. краінах, у т. л. на Беларусі.