галіна права, якая рэгулюе маёмасныя адносіны, што ўзнікаюць на аснове шлюбу, сваяцтва, усынаўлення і інш. форм уладкавання дзяцей на выхаванне ў сям’ю. С.п. ўстанаўлівае ўмовы і парадак узяцця шлюбу, яго спыненне ці прызнанне несапраўдным; рэгулюе адносіны ў сям’і паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі, інш. членамі сям’і; адносіны ўсынавіцеляў, іх сваякоў з усыноўленымі і іх нашчадкамі, а таксама апекуноў (папячыцеляў) з падапечнымі. Асабістыя і маёмасныя адносіны, што складаюць прадмет С.п., праяўляюцца гал. чынам у рамках сям’і, заснаванай на зарэгістраваным у законным парадку шлюбе. Некаторыя сямейна-прававыя сувязі захоўваюцца і па-за сям’ёй (удзел бацькоў у выхаванні і ўтрыманні дзяцей, якія пражываюць асобна, аліментныя абавязкі былых мужа ці жонкі, інш. членаў сям’і). Задачы і прынцыпы С.п. сфармуляваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Кодэксе аб шлюбе і сям’і 1999. С.п. заклікана садзейнічаць умацаванню сям’і, пабудове сямейных адносін на добраахвотным шлюбным саюзе, роўнасці правоў мужа і жонкі ў сям’і, на ўзаемнай любові, павазе і ўзаемадапамозе ўсіх членаў сям’і, устанаўленню правоў дзяцей і забеспячэнню іх прыярытэту ў адпаведнасці з законам, ахове мацярынства і бацькоўства, забеспячэнню спрыяльных умоў для развіцця і станаўлення кожнага дзіцяці. Абарона правоў, што вынікаюць са шлюбных і сямейных адносін, ажыццяўляецца судом, органамі апекі і папячыцельства, а таксама дзярж. органамі, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану. У межах, прадугледжаных заканадаўствам, дапускаецца самаабарона С.п. Значная частка асабістых адносін паміж членамі сям’і застаецца па-за межамі прававога ўздзеяння і рэгламентуецца толькі нормамі маралі. Грамадзянскае, жыллёвае і інш. заканадаўства прымяняецца да сямейных адносін толькі ў выпадку адсутнасці рэгулявання гэтых адносін заканадаўствам аб шлюбе і сям’і. Міністэрствы і інш.рэсп. органы дзярж. кіравання могуць выдаваць нарматыўныя прававыя акты па пытаннях, што датычацца сямейных і шлюбных адносін, у выпадках і межах, прадугледжаных законам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕВІ́ЗАР (ад тэле... + лац. viso гляджу), тэлевізійны прыёмнік,
радыёпрыёмнік для прыёму і ўзнаўлення на экране праграм тэлевізійнага вяшчання (гл.Тэлебачанне). Сігналы тэлевізійных праграм паступаюць ад прыёмнай тэлевізійнай антэны, сеткі кабельнага тэлебачання, відэамагнітафона і інш. Можа быць крыніцай тэлевізійных сігналаў для запісу на відэамагнітафон. Адрозніваюць Т. чорна-белыя і каляровыя; стандартнай, павышанай і высокай выразнасці; адна- і шматстандартныя; для прыёму праграм аналагавага і лічбавага наземнага, кабельнага ці спадарожнікавага тэлебачання; з мона- і стэрэафанічным гукавым суправаджэннем; мона- і стэрэаскапічныя; адна- і шматфункцыянальныя (прыём сігналаў тэлетэксту, праграм радыёвяшчання, функцыя «кадр у кадры», з адаптэрамі для выхаду ў Інтэрнет і інш.); стацыянарныя і пераносныя; непасрэднага назірання і праекцыйныя.
Выконваюцца па супергетэрадзіннай схеме, варыянты якой адрозніваюцца спосабамі апрацоўкі радыёсігналаў відарыса і гукавога суправаджэння (найб. пашыраны лічбавыя метады). У селектары каналаў адбываецца выдзяленне радыёсігналаў патрэбнага канала (выбар праграмы) з наступным пераўтварэннем іх частаты ў прамежкавыя частоты відарыса і гуку з узмацненнем, фільтрацыяй і дэмадуляцыяй у трактах прамежкавай частаты і пераўтварэннем іх у сігналы яркасці, колернасці, сінхранізацыі і гукавога суправаджэння для фарміравання відарыса на экране кінескопа і ўзнаўлення гуку з дапамогай гучнагаварыцеля.
На Беларусі масавы выпуск Т. пачаўся ў сярэдзіне 1950-х г. на Мінскім радыёзаводзе (з 1972 галаўное прадпрыемства ВА «Гарызонт») і Мінскім прыборабудаўнічым з-дзе (да 1972). Выпускаліся Т. мадэлей «Беларусь» і іх мадыфікацый (у т. л. тэлерадыёлы), «Нёман», «Зорка». З 1968 выпускаюцца Т. сям’і «Гарызонт» (чорна-белыя; з 1977 каляровыя), з 1978 каляровыя Т. сям’і «Віцязь» аднайм. Віцебскага ВА і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭМПЕРАТУ́РНАЯ ШКАЛА́,
спосаб атрымання лікавага значэння тэмпературы на аснове вядомай тэмпературнай залежнасці якой-н. фіз. велічыні; сістэма супастаўленняў такіх значэнняў т-ры. Эмпірычныя Т.ш. грунтуюцца на выбары рэперных (пастаянных) пунктаў, пачатку адліку і памеру адзінкі вымярэння т-ры (градуса), звязанымі з пэўнымі тэрмаметрычнымі (рабочымі) рэчывамі і іх адпаведнымі ўласцівасцямі.
Удасканаленую эмпірычную Т.ш. прапанаваў Г.Д.Фарэнгейт (гл.Фарэнгейта шкала); за рэперныя пункты былі прыняты т-ра сумесі снегу з нашатыром і т-ра цела чалавека (пазней т-ра кіпення вады пры нармальным атм. ціску). За градус прынята 1/180 частка тэмпературнага інтэрвалу ў ртутным тэрмометры паміж пунктамі плаўлення лёду (+32 F) і кіпення вады (+212 F). У Т.ш., прапанаванай Р.А.Рэамюрам (гл.Рэамюра шкала), першасна за рэперны пункт прынята т-ра плаўлення лёду, за градус — рознасць т-р, пры якой адносная змена аб’ёму этылавага спірту роўная 0,001. У Цэльсія шкале за рэперныя пункты прыняты т-ры плаўлення лёду і кіпення вады пры нармальных умовах; тэмпературны інтэрвал паміж імі падзелены на 100. У 1852 У.Томсан (лорд Кельвін) увёў абс. эмпірычную Т.ш., дзе адлік т-ры пачынаўся з абсалютнага нуля, а градус вызначаўся на аснове стоградуснай шкалы газавага тэрмометра. Асн. недахоп эмпірычных Т.ш. — іх залежнасць ад тэрмаметрычных уласцівасцей рэчываў. Каб пазбавіцца гэтага недахопу, У.Томсан прапанаваў тэрмадынамічную тэмпературную шкалу. Адвольная эмпірычная Т.ш. зводзіцца да тэрмадынамічнай увядзеннем паправак, якія ўлічваюць характар сувязі пэўнай тэрмаметрычнай уласцівасці з тэрмадынамічнай т-рай. У 1968 13-я Генеральная канферэнцыя па мерах і вагах зацвердзіла Міжнародную практычную тэмпературную шкалу (МПТШ-68), якая мае 11 рэперных пунктаў (у МПТШ-90 іх 15) і не залежыць ад канкрэтнага носьбіта шкалы (тэрмометра). Т-ры, адлічаныя па гэтай і па тэрмадынамічнай Т.ш., супадаюць з дакладнасцю, дасягальнай для тэхнікі эксперыменту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗАЕМАДЗЕ́ЯННІ ЭЛЕМЕНТА́РНЫХ ЧАСЦІ́Ц,
узаемнае ўздзеянне элементарных часціц адна на адну, якое вызначае сілу сувязі паміж імі, змены іх станаў і ўзаемапераўтварэнні; фундаментальныя ўзаемадзеянні прыроды, першаснымі крыніцамі і пераносчыкамі якіх з’яўляюцца элементарныя часціцы. Асн. тыпы: моцнае ўзаемадзеянне, электрамагнітнае ўзаемадзеянне і слабае ўзаемадзеянне (электраслабае ўзаемадзеянне), гравітацыйнае ўзаемадзеянне. Кожны тып У.э.ч. характарызуецца сваёй канстантай сувязі і радыусам дзеяння, мае свае захавання законы і інш.
Моцныя У.э.ч. (канстанта сувязі 1, радыус дзеяння ≈10−14м) уласцівы адронам, адказваюць за ядз. сілы паміж нуклонамі ў атамным ядры, працэсы ўзаемадзеяння барыёнаў і мезонаў, утварэнне рэзанансаў і мноствавае нараджэнне часціц; у іх захоўваецца ізатапічны спін і дзіўнасць. Паводле квантавай хромадынамікі крыніцамі моцнага У.э.ч. з’яўляюцца кваркі, пераносчыкамі — глюоны. Электрамагнітныя У.э.ч. (канстанта сувязі ≈10−2, радыус дзеяння бясконцы) уласцівы ўсім элементарным часціцам (магчыма, акрамя нейтрына), якія, як правіла, маюць эл. зарад. На іх грунтуюцца ўнутры-, міжатамныя і міжмалекулярныя сілы; аптычныя, тэрмічныя, хім., біял. і інш. з’явы. Тэорыя эл.-магн. У.э.ч. — квантавая электрадынаміка — найб. закончаная тэорыя, узгодненая з эксперыментам у дасягнутых межах дакладнасці. Слабыя У.э.ч. (канстанта сувязі залежыць ад энергіі рэакцый, радыус дзеяння не вызначаны) уласцівы ўсім элементарным часціцам (за выключэннем фатона), лептонам і кваркам. Адказваюць за распады нейтрона, мюона, мезонаў і гіперонаў, якія працякаюць пры нізкіх энергіях за кошт слабага 4-ферміённага У.э.ч. Пераносчыкі электраслабага У.э.ч. пры высокіх энергіях — кванты адпаведных калібровачных палёў. Гравітацыйныя У.э.ч. (канстанта сувязі ≈10−38, радыус дзеяння бясконцы) уласцівы ўсім элементарным часціцам, якія маюць масу. Аднак з-за малой інтэнсіўнасці пры разліках працэсаў У.э.ч. не ўлічваюцца. Паслядоўная квантавапалявая тэорыя гравітацыі не створана (гл.Адзіная тэорыя поля). Для апісання гравітацыйных эфектаў карыстаюцца класічным варыянтам агульнай адноснасці тэорыі.
Літ.:
Ченг Т.-П., Ли Л.-Ф. Калибровочные теории в физике элементарных частиц. М., 1987;
Богуш А.А. Физика микромира вчера и сегодня. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗРО́ЎНІ МО́ВЫ,
1) метамоўная катэгорыя-тэрмін для агульнага, зыходнага апісання ўнутр. структуры сістэмы мовы (узроўні лінгвістычнага аналізу).
2) Іерархічна суаднесеныя падсістэмы агульнай сістэмы мовы, кожная з якіх характарызуецца пэўнай сукупнасцю ізафункцыянальных адзінак, правіл іх размеркавання па класах і падкласах на прынцыпах апазіцыі (проціпастаўлення) і тоеснасці, а таксама правіл іх выкарыстання для пабудовы адзінак больш высокага ўзроўню (узроўні моўнай сістэмы). Традыцыйна ў сістэме мовы вылучаюць 4 узроўні: фаналагічны, марфал., лексічны і сінтакс., і адпаведна 4 тыпы адзінак: фанемы, марфемы (будуюцца з фанем), лексемы (складаюцца з марфем) і сінтаксемы (утвараюцца лексемамі). На падставе аднабаковасці/двухбаковасці ўзроўневыя адзінкі падзяляюцца на т.зв. фігуры — аднабаковыя адзінкі, што не нясуць значэнняў і маюць толькі план выражэння (фанемы), і знакі — двухбаковыя адзінкі, што маюць план выражэння і план зместу, г.зн. перадаюць пэўныя значэнні (марфемы, лексемы, сінтаксемы). Пры канкрэтным увасабленні 4 узроўневых тыпаў адзінак іх аднароднасць можа парушацца. Напр., сэнсаадрознівальную функцыю можа выконваць не толькі фанема, але і склад; простыя марфемы аказваюцца побач са складанымі, з асновай слова; слова аказваецца побач з неаднаслоўным фразеалагізмам; сінтаксема ўвасабляецца ў розныя мадэлі сказа-выказвання, які можа будавацца і з аднаго непаўназначнага слова. Грунтуючыся на неаднароднасці рэалізацыі ўзроўневых адзінак, некат. лінгвісты вылучаюць дадатковыя, прамежкавыя ўзроўні (напр., узровень службовых элементаў).
У лінгвістыцы ідэя ўзроўневай арганізацыі мовы і яе пашырэнне з сярэдзіны 1920-х г. падрыхтавана, з аднаго боку, традыцыяй выдзялення ў апісаннях моў фанетыкі, марфалогіі, лексікі і сінтаксісу; з другога — агульнанавук. ўяўленнямі пра ўзроўневую арганізацыю складаных сістэм, у прыватнасці, у біялогіі.
Літ.:
Маслов Ю.С. Об основных и промежуточных ярусах в структуре языка // Вопр. языкознания. 1968. № 4;
Солнцев В.М. О понятии уровня языковой системы // Там жа. 1972. №3;
Бенвенист Э. Уровни лингвистического анализа // Бенвенист Э. Общая лингвистика: Пер. с фр.М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯ́ГЛЫЯ СЯЛЯ́НЕ,
катэгорыя феадальна-залежных сялян у ВКЛ і Расіі. 1) У ВКЛ у 15—18 ст. феадальна-залежныя сяляне, гал. формай зямельнай рэнты якіх была паншчына. На Полаччыне іхназ. таксама прыгоннымі людзьмі; у актах Метрыкі ВКЛіх вызначалі як «с сохою, с серпом, с косою, с топором и иную тягль тянули по тому, как иншие селяне». Узніклі з развіццём фальварка, калі значная колькасць сялян розных катэгорый паводле характару гал. павіннасцей (даннікаў, сялян-слуг, баяр) пераведзена ў катэгорыю Ц.с. Да сярэдзіны 16 ст. ў бас. Нёмана і Буга Ц.с. сталі асн. катэгорыяй сялянства паводле характару гал. павіннасці. У ходзе валочнай памеры Ц.с. атрымалі надзел у адну валоку (21, 36 га; часта па 2 двары), якая служыла і адзінкай абкладання рознымі павіннасцямі. За карыстанне валокай зямлі Ц.с. адбывалі 2 дні паншчыны ў тыдзень, плацілі натуральныя і грашовыя падаткі, а таксама выконвалі інш. работы. На працягу 16—18 ст.іх зямельныя надзелы скарачаліся, павіннасці павялічваліся.
2) У Расіі ў 14—1-й пал. 19 ст. феадальна-залежныя сяляне, якія адбывалі цягло на карысць дзяржавы і феадалаў. Разам з пасадскімі людзьмі складалі цяглае насельніцтва. У 2-й пал. 17 ст. ў разрад Ц.с. уключаны і бабылі. Да 1679 існавала пазямельнае пасошнае, потым падворнае цягло. Пасля ўвядзення падушнага падатку (1724) Ц.с. наз. падатнымі людзьмі. У 18—1-й пал. 19 ст. цяглымі наз. памешчыцкіх сялян, якія мелі поўны зямельны надзел і адбывалі павіннасці памешчыку і дзяржаве ў памеры цэлага цягла. Сяляне, якія мелі палавіну зямельнага надзелу, наз. паўцяглымі і выконвалі павіннасці ў памеры палавіны цягла. Ц.с. зніклі разам з адменай прыгоннага права ў 1861.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВА́Л,
раптоўны адрыў і падзенне вял. масаў горных парод са стромкіх схілаў гор, рачных далін, абразійных марскіх берагоў. Здараюцца ад страты счаплення ці часовай апоры горных парод у выніку іх выветрывання, падмывання ці размыву, сейсмічных штуршкоў. Абрынутыя масы акумулююць як завал. У выніку буйнейшага Усойскага абвалу на р. Мургаб (аб’ём пароды 2,2 млрд.м³) утварылася Сарэзскае возера на Паміры (1911).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБУЧА́ЛЬНАЯ ПРАГРА́МА,
апісанне працэсу праграмаванага навучання, якое змяшчае навуч. матэрыял, заданні для яго засваення, указанні па іх выкананні і кантролі. У залежнасці ад парадку падачы інфармацыі бывае лінейная або разгалінаваная. Афармляецца ў выглядзе невял. раздзелаў навуч. матэрыялу з кантрольнымі пытаннямі і ўказаннямі. Фіксуецца на кінаплёнцы, дыяпазітывах, у форме кнігі (праграмаваны падручнік), запісваецца на магн. плёнку (для ўзнаўлення праз магнітафон), уводзіцца ў памяць ЭВМ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДА́ПТЭР,
1) у вылічальнай тэхніцы электроннае прыстасаванне для ўзгаднення параметраў уваходных і выхадных сігналаў працэсара ЭВМ і перыферыйных прылад з мэтай іх спалучэння. Напр., адаптэр падтрымкі клавіятуры, дысплея, друкавальнага прыстасавання.
2) У фатаграфіі прыстасаванне для спалучэння фотаапарата са зменным абсталяваннем, якое не прадугледжана канструкцыяй гэтага апарата, напр. аб’ектыва, дадатковай зменнай касеты са святлоадчувальным матэрыялам інш. фармату.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДНАКАМПЛЕ́КТНАЯ ШКО́ЛА, пачатковая школа,
у якой усе класы вядзе адзін настаўнік. Звычайна працуюць у невял. населеных пунктах пры наяўнасці 4 пач. класаў з агульнай колькасцю да 10 вучняў, якія аб’яднаны ў клас-камплект. Навучанне вядзецца па праграмах для пач. класаў агульнаадук. школы. У 1994/95 навуч.г. на Беларусі было 24 аднакамплектныя школы, колькасць іх паступова скарачаецца.