АНДРЭ́ЕЎ (Уладзімір Аляксеевіч) (н. 27.8.1930, Масква),

рускі акцёр і рэжысёр. Нар. арт. СССР (1985). Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва імя А.​Луначарскага (1952). Акцёр, з 1970 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра імя М.​Ярмолавай. З 1985 гал. рэжысёр Малога т-ра Расіі. Выкладае ў Рас. акадэміі тэатр. мастацтва, праф. з 1978. Сярод роляў: Аляксей («У добры час» В.​Розава), Васількоў («Шалёныя грошы» А.​Астроўскага), Галубкоў («Бег» М.​Булгакава) і інш. Паставіў спектаклі: «Мінулым летам у Чулімску» і «Паляванне на качак» А.​Вампілава, «Грошы для Марыі» паводле В.​Распуціна, «Бераг» паводле Ю.​Бондарава і інш. Дзярж. прэмія Расіі імя К.​Станіслаўскага 1980.

т. 1, с. 360

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПУ́КА,

бел. нар. гульня. Гуляюць 2 каманды. Кожная выбірае вядучага. На пляцоўцы паміж камандамі праводзяць 2 лініі на адлегласці 30—40 м. Удзельнікі каманды «горада» па чарзе бітай кідаюць апуку (мяч памерам з тэнісны) у бок праціўніка (у «поле»). Калі гульцы «палявой» каманды зловяць мяч з лёту, каманды мяняюцца месцамі. Калі мяч не злоўлены, «палявыя» гульцы падхопліваюць яго і ад сваёй лініі кідаюць у гульца «гарадской» каманды, які ў гэты час павінен дабегчы да чужой лініі і вярнуцца да сваіх; калі мяч пападзе ў гульца, каманды таксама мяняюцца месцамі. Лакальныя назвы перагон, салавей, ілкі, лавец і інш.

Беларуская народная гульня апука.

т. 1, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́НЬКІ,

вёска ў Беларусі, у Касцюковіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 25 км на Пд ад Касцюковічаў, 185 ад Магілёва, 12 км ад чыг. ст. Бялынкавічы. 523 ж., 204 двары (1995). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.

У 19 ст. вёска ў Клімавіцкім пав. Працавала царкоўнапрыходская школа, з 1909 — нар. вучылішча. З крас. 1919 Баронькі ў Гомельскай губ. РСФСР, з сак. 1924 зноў у складзе БССР. З 17.7.1924 у Бялынкавіцкім раёне, з 20.8.1924 цэнтр сельсавета. З 4.8.1927 у Касцюковіцкім раёне. У жн. 1941—вер. 1943 вёска акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. У 1970 было 627 ж., 180 двароў.

т. 2, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРО́ЎСКІ ((Borowski) Леан) (27.6.1784, Піншчына — 4.4.1846),

польскі літаратуразнавец. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Паставах. У 1807—11 выкладчык паэтыкі і рыторыкі ў Свіслацкай гімназіі. З 1811 у Вільні, у 1821—32 праф. Віленскага ун-та. Аўтар працы «Заўвагі аб паэзіі і рыторыцы ў сэнсе іх падобнасці і розніцы» (1820), у якой асудзіў мёртвыя каноны класіцызму і крайнасці рамантызму. Заклік Бароўскага выкарыстоўваць у паэзіі нар. песні і паданні знайшоў водгук у творчасці А.​Міцкевіча, Я.​Чачота і інш. прадстаўнікоў «віленскай рамантычнай школы». Перакладаў на польск. мову творы Мальера, Дж.​Мільтана, Дж.​Байрана. Як член т-ва шубраўцаў друкаваўся ў іх газеце «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны»).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 2, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РЫШАЎ (Гурый Іларыёнавіч) (н. 30.4.1928, Ташкент),

бел. тэатразнавец і мастацтвазнавец. Д-р мастацтвазнаўства, праф. (1990). Скончыў Ташкенцкі тэатр. ін-т (1950). Працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі (1955—67, 1973—78), Бел. тэатр.-маст. ін-це (1961—67), Гал. рэдакцыі БелСЭ (1967—73). З 1983 у Бел. ун-це культуры. Даследуе гісторыю і тэорыю бел. прафес. і нар. т-ра, т-р Беларусі 18 ст., сцэнаграфію. Аўтар раздзелаў у кн. «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1, 1983), «Музычны тэатр Беларусі: Дакастрычніцкі перыяд» (1990), «Беларускі народны тэатр батлейка» (1962, з А.​Саннікавым) і інш.

Тв.:

Театральная культура Белоруссии XVIII века. Мн., 1992.

А.​А.​Саламаха.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТА́ЛАЎ (Аляксей Уладзіміравіч) (н. 20.11.1928, Масква),

рускі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1976). Герой Сац. Працы (1989). Скончыў Школу-студыю МХАТ (1950). З 1976 кіраўнік акцёрскай майстэрні ва Усерасійскім дзярж. ін-це кінематаграфіі імя С.​А.​Герасімава (з 1980 праф.). З 1954 здымаецца ў кіно: «Вялікая сям’я», «Справа Румянцава», «Ляцяць жураўлі», «Дарагі мой чалавек», «Дзевяць дзён аднаго года» (Дзярж. прэмія Расіі 1966), «Маці», «Дама з сабачкам», «Жывы труп», «Бег», «Масква слязам не верыць» (Дзярж. прэмія СССР 1981) і інш. Сярод рэжысёрскіх работ у кіно: «Шынель», «Тры таўстуны» (і роль Тыбула), «Ігрок». Пастаноўшчык шэрагу радыёспектакляў. Аўтар кніг «Лёс і рамяство», «Дыялогі ў антракце».

т. 2, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЙШЭНАЛІ́ЕВА (Бібісара) (Бюбюсара; 17.5.1926, кішлак Таш-Цюбе Канцкага р-на, Кыргызстан — 10.5.1973),

кіргізская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1958). Скончыла Ленінградскае харэагр. вучылішча (1949). З 1941 салістка Кіргізскага т-ра оперы і балета. Валодала высокай танц. культурай і нац. своеасаблівасцю. Значна паўплывала на станаўленне і развіццё кірг. нац. балета. Сярод партый: Чалпон і Айдай («Чалпон» М.​Раўхвергера), Анар, Сайра («Анар», «Вясна ў Ала-Тоа» У.​Уласава і У.​Ферэ), Раймонда («Раймонда» А.​Глазунова), Марыя і Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Эсмеральда («Эсмеральда» Ц.​Пуні), Джульета («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева). Дзярж. прэмія Кіргізіі імя Тактагула 1970.

т. 2, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЮМ ((Blum) Леон) (9.4.1872, Парыж — 30.3.1950),

дзяржаўны і паліт. дзеяч Францыі, пісьменнік, публіцыст. У 1919 абраны ў палату дэпутатаў. З 1920 кіраўнік Франц. сацыяліст. партыі (СФІА). У 1936—37 і ў 1938 кіраўнік урадаў Нар. фронту, якія ажыццявілі шэраг сац. рэформаў. Праводзіў палітыку няўмяшальніцтва ў час грамадз. вайны ў Іспаніі (1936—39). У 1940 арыштаваны калабарацыянісцкім урадам «Вішы», у 1943 выдадзены герм. уладам і вывезены ў канцлагер Бухенвальд, потым у Дахаў. Прэм’ер-міністр Францыі ў 1946—47. У сваіх працах («У чалавечым маштабе», 1945, і інш.) развіваў тэорыю «інтэгральнага сацыялізму», паводле якой перамогу сацыялізму павінна забяспечыць «маральная рэвалюцыя», а не ўзбр. барацьба за ўладу.

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАІЛО́ЎСКІ (Уладзімір Веньямінавіч) (н. 4.1.1947, Масква),

бел. кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1971). З 1980 на Беларусі. З 1984 заг. муз. часткі Магілёўскага абл. драм. т-ра, з 1990 дырэктар і маст. кіраўнік Магілёўскай абл. філармоніі; арганізатар (1995) Міжнар. фестывалю «Залаты шлягер». Працуе ў розных жанрах. Сярод твораў: кантата (1983), вак.-сімф. паэма «Дваццаць восем» (1983); сімфонія (1984), сімфаньета, З сімф. уверцюры, фантазія для кларнета з сімф. арк.; сюіта для скрыпкі і фп.; канцэрт для валторны з арк.; 12 прэлюдый для фп. (1984); накцюрны, вак. цыклы, інстр. п’есы; папуры і фантазіі; апрацоўкі нар. песень; песні; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.

т. 3, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНЯВЫ́ (Леанід Сяргеевіч) (н. 17.12.1928, Кіеў),

рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1987). Скончыў Ташкенцкі ін-т тэатр. мастацтва (1950), Школу-студыю МХАТ (1955). На сцэне з 1950. З 1961 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай, з 1988 у т-ры «Ленком». Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Сярод роляў: Лыняеў («Ваўкі і авечкі» А.​Астроўскага), Блахін («Казкі старога Арбата» А.​Арбузава), Сярпілін («Салдатамі не нараджаюцца» паводле К.​Сіманава). З 1965 здымаецца ў кіна- і тэлефільмах: «Семнаццаць імгненняў вясны» (Дзярж. прэмія Расіі імя бр. Васільевых, 1976), «Выконваючы абавязкі», «Узброены і вельмі небяспечны», «Той самы Мюнхаўзен», «Пакроўскія вароты», «Нябёсы запаветныя» і інш.

т. 3, с. 245

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)