аднародная тонказярністая вапнавая горная парода светла-жоўтага ці палевага колеру. Складаецца з кварцу і сілікатаў (27—90%), гліназёму (да 20%), карбанатаў (больш за 6%). Пераважаюць (больш за 55%) часцінкі памерам 0,01—0,05 мм. Высокая порыстасць (да 50%). Залягае ў выглядзе покрываў на водападзелах і схілах (магутнасць ад некалькіх метраў да 100—200 м). Для Л. характэрна верт. слупкаватая адасобленасць, прасадачнасць, пераслойванне з пахаванымі глебамі, наяўнасць ракавін наземных малюскаў і вапнавых канкрэцый. Пры малой прыроднай вільготнасці Л. вельмі трывалы і здольны захоўваць устойлівыя верт. адхоны выш. 10 м і больш. Л. занальны, прымеркаваны да абласцей умеранага клімату, пашыраны ў стэпавых і паўпустынных раёнах. Л. з’яўляецца глебаўтваральнай пародай для чарназёмаў і каштанавых глеб. Існуе некалькі тэорый паходжання Л., найб. вядомыя эолавая і ледавіковая. Пашыраны ў Кітаі (напр., Лёсавае плато), Сярэдняй Азіі, Зах. Сібіры, Паўн. Каўказе, Украіне і інш.Гл. таксама Лёсападобныя пароды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́МАНТ (Mammuthus primigenius),
вымерлае млекакормячае сям. сланоў атр. хобатных. Жыў у сярэднім і познім плейстацэне, быў пашыраны ў тундры і стэпах Еўропы, Паўн. Азіі і Паўн. Амерыкі. Нагадваў сучаснага інд. слана. На Беларусі рэшткі знойдзены больш чым у 200 месцах (найб. — у бас. рэк Дняпро і Сож, таксама на тэр. Мінска). Вымер каля 10 тыс.г. назад. У мёрзлым грунце Аляскі і Сібіры знаходзяць М., у якіх захаваліся мяккія тканкі, скура, поўсць, рэшткі корму ў страўніку. Выкапнёвыя рэшткі выкарыстоўваюць пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Даўж. да 4 м, выш. каля 3,5 м, маса да 7 т. Поўсць доўгая, густая, бурая або рыжаватая. Відазмененыя разцы (біўні) выгнутыя, даўж.да 4,5 м, маса кожнага да 120 кг. Зубы (у дарослых было 4) складаліся з тонкіх дэнцінава-эмалевых пласцінак і на працягу жыцця (70—80 гадоў) мяняліся 6 разоў. Расліннаедныя. Былі аб’ектам палявання чалавека каменнага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СКА ПАХАВА́ЛЬНАЯ,
маска, якую клалі пры пахаванні на твар нябожчыка. Звычай звязаны з культам продкаў і ўяўленнямі аб замагільным жыцці; быў пашыраны ў розных народаў і ў розныя часы. М.п. з дрэва, гліны, гіпсу, золата знойдзены ў некропалях Стараж. Егіпта; залатыя — у шахтавых грабніцах Мікенаў (16 ст.дан.э.), на тэр. Ірана і в-ва Самас (пахаванні 6 ст.дан.э.), у Ольвіі і Пантыкапеі. Розныя М.п. выяўлены ў Ніневіі, Карфагене і інш., а таксама ў стараж. пахаваннях Мексікі і Перу. Вельмі пашыраны былі ў Стараж. Італіі ў этрускаў, а потым у рымлян. У некат. народаў Сібіры існаваў звычай класці на твары нябожчыкаў М.п. з гіпсападобнай тэракоты (канец 1-га тыс.дан.э. — 7—8 ст.н.э.). М.п. ў большасці выпадкаў індывідуальныя і партрэтныя; іх вывучэнне дазваляе ўстанавіць фізічны тып насельніцтва адпаведнага часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНІРО́ВАЧНЫЯ РАБО́ТЫ,
від земляных работ па выраўноўванні мезарэльефу (паверхняў з ваганнем адносных вышынь да 5 м пры дзесятках метраў працягласці) і мікрарэльефу (форм вышынёй да 1 м і дыяметрам да 30 м), па наданні паверхні зямлі патрэбнага нахілу. Уключаюць паверхневую планіроўку с.-г. зямель, планіроўку адхонаў гідратэхн. збудаванняў (ГТЗ) і горнапланіровачныя работы.
Планіроўка паверхні меліяраваных зямель скіравана на ўтварэнне выраўнаваных па рэльефе і аднародных па ўрадлівасці палёў. Уключае зараўноўванне траншэй, вадацёкаў, выемак, зрэзку бугроў, раздзелку пласта, планіроўку мікрарэльефу, пазней ліквідацыю прасадак, ям і інш. Работы выконваюць экскаватарамі, бульдозерамі, скрэперамі, хмызнякова-балотнымі плугамі, даўгабазавымі прычапнымі планіроўшчыкамі. Планіроўка адхонаў ГТЗ — адна з асн. аперацый пры буд-ве каналаў, плацін і дамбаў. Робіцца адхонапланіроўшчыкамі, экскаватарамі з каўшом-планіроўшчыкам, грэйдэрамі і бульдозерамі. Горна-планіровачныя работы ажыццяўляюцца пры аднаўленні парушаных зямель, разраўноўванні адвалаў і выемак (перамяшчэнні парод да дасягнення патрэбнага нахілу). Уваходзяць у пачатковы цыкл работ па рэкультывацыі зямель.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЛІКРЫШТА́ЛЬ,
агрэгат дробных монакрышталёў рознай арыентацыі (крышт. зярнят). Да П. адносіцца большасць цвёрдых цел (мінералы, металы, сплавы, кераміка і інш.). Утвараюцца пры крышталізацыі, паліморфных пераўтварэннях, спяканні крышт. парашкоў і інш.
Уласцівасці П. залежаць ад сярэдняга памеру зярнят (ад 10−6мда некалькіх міліметраў), іх крышталеграфічнай арыентацыі, будовы міжзярнятных межаў. Пры хаатычнай арыентацыі і малых памерах зярнят (у параўнанні з памерам П.) у П. адсутнічае анізатрапія фіз. уласцівасцей, характэрная для монакрышталёў. Пры наяўнасці пераважнай крышталеграфічнай арыентацыі зярнят П. з’яўляецца тэкстураваным (гл.Тэкстура) і ў гэтым выпадку мае месца анізатрапія яго ўласцівасцей. На фіз. ўласцівасці П. істотна ўплываюць міжзярнятныя межы (на іх адбываецца рассеянне электронаў праводнасці і фатонаў, тармажэнне дыслакацый, зараджэнне расколін і інш.). П. менш стабільныя, чым монакрышталі, пры іх працяглым адпале адбываецца пераважны рост асобных зярнят (рэкрышталізацыя), што вядзе да ўтварэння буйназярністых П. або монакрышталёў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРО́ФІЛЬ РАЎНАВА́ГІ РАКІ́,
падоўжны профіль рэчышча, выпрацаваны ракой пры працяглым тэктанічным спакоі, нязменным клімаце, стабільным становішчы базіса эрозіі і дапушчэнні, што рэкі толькі перамяшчаюць матэрыял, які паступае са схілаў, без эрозіі і акумуляцыі. Мае выгляд плаўнай увагнутай крывой: больш стромкай у верхнім цячэнні і спадзістай у ніжнім. У прыродзе падоўжны профіль рэчышча не ўяўляе сабой ідэальна плаўную крывую, ён зведвае бесперапынную перабудову ў выніку ваганняў клімату, змянення базіса эрозіі, тэктанічных рухаў і інш. Паняцце «П.р.р.» ўмоўнае, мае тэарэт. значэнне як гранічная форма профілю, да выпрацоўкі якой імкнецца рака. З рэк Беларусі бліжэй да раўнавагі падоўжны профіль рэчышчаў Прыпяці, Дняпра, верхняга цячэння Нёмана, Бярэзіны і большасці іх прытокаў. Падоўжныя профілі рэк Бел. Паазер’я не выпрацаваныя, на асобных участках захоўваюць выгляд ламанай лініі.
Даарт.Профіль раўнавагі ракі: 1 — нявыпрацаваныя профілі рэк Беларускага Паазер’я; 2 — выпрацаваныя профілі рэк Перадпалесся і Беларускага Палесся, блізкія да профілю раўнавагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫСЬ (Felis lynx, Lynx lynx),
млекакормячая жывёла сям. кашэчых атр. драпежных звяроў. Некат. сістэматыкі вылучаюць як асобны від Р. чырвоную (F. rufus). Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве ў глухіх лясах з развітым падлескам. Логава робіць у ямах, пад вываратнямі, у старых норах і інш. Актыўная пераважна ноччу. Падвіды Р. іспанская (F. l. pardina) і Р. мексіканская рыжая (F. rufus escuinapae) занесены ў Чырв. кнігу МСАП. На тэр. Беларусі Р. — рэдкі звер, трапляецца пераважна ў паўн. і цэнтр. раёнах, занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 110 см, маса да 22, зрэдку да 32 кг. Поўсць густая, мяккая, палевая ці рыжая, плямістая на спіне і нагах. Тулава кароткае, шчыльнае, ногі высокія, дужыя. Хвост кароткі. Вушы вял., вострыя, канчаюцца кутасікамі. На галаве «бакі». Нараджае 2—3, часам да 5 кацянят. Корміцца зайцамі, грызунамі, птушкамі; нападае на дробных капытных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЗА́Н (Cyprinus carpio),
рыба сям. карпавых. 4 падвіды: амурскі, або амурска-кітайскі (C.c. haematoptenis), аральскі (C.c. aralensis), в’етнамскі (C.c. viridiviolaccus) і еўрапейскі (C.c. carpio). Пашыраны ў вадаёмах бас. Міжземнага, Чорнага, Азоўскага, Каспійскага і Аральскага м., у воз. Ісык-Куль, у бас. рэк зах. ўзбярэжжа Ціхага акіяна. У нізоўях рэк, што ўпадаюць у паўд. моры, утварае паўпрахадныя формы. На Беларусі трапляўся ў бас.р. Дняпро. У інш. вадаёмах акультураная форма — карп.
Даўж. да 60 (зрэдку да 100) см, маса да 4,5 (адзінкавыя экз.да 45) кг. У спінным і анальным плаўніках мае па вызубленым касцявым промні. Рот канцавы. На верхняй губе і ў кутках рота па пары вусікаў. Корміцца беспазваночнымі жывёламі і раслінамі. Аб’ект промыслу і развядзення.
Літ.:
Никольский Г.В. Частная ихтиология. 3 изд. М., 1971;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ТНА,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Сосніца, за 44 км на ПнУ ад г. Полацк. Пл. 1,83 км², даўж. 2,8 км, найб.шыр. 970 м, найб.глыб. 7,5 м, даўж. берагавой лініі 7,2 км. Пл. вадазбору 8,5 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 8—9 м, параслі лесам і хмызняком, на Пдвыш.да 17 м, у верхняй ч. разараныя. Пойма шыр. 10—40 м, укрытая хмызняком, на ПнЗ пераходзіць у вярховае балота. Берагі нізкія, пясчаныя, на Пн тарфяныя. У крайніх паўд.-зах. і паўн.-ўсх. частках катлавіны мелі з глыб. 1,2, 1,7 і 2,3 м. Дно даглыб. 4 м выслана пяском і апясчаненым ілам, глыбей — сапрапелем. Мінералізацыя вады 120—150 мг/л. празрыстасць 1,9 м. Эўтрофнае. Моцна зарастае. Шыр. паласы расліннасці да 200 м, пашырана даглыб. 3,2 м. На Пд выцякае ручай у воз. Сіценец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯСІ́ТА,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Ловаць (цячэ праз возера), за 43 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 3,45 км², даўж. 4,6 км, найб.шыр. 1,3 км, найб.глыб. 10,6 м, даўж. берагавой лініі 12,8 км, пл. вадазбору 370 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 5—10 м (на У 3—5 м), разараныя. Адзначаны 2 тэрасы на выш. 2 і 5 м. Берагі нізкія, на У месцамі да 0,5 м, параслі хмызняком і водна-балотнай расліннасцю. Пойма шыр. 10—50 м (на ПдЗда 200 м), забалочаная, пад хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей 2 м дно выслана ілам. Мноства водмелей і ўпадзін. Востраў пл. 1 га. Уздоўж берагоў даглыб. 1—1,2 м паласа надводнай расліннасці шыр.да 30 м. У выніку меліярац. работ у бас.р. Ловаць узровень возера паніжаны на 1,2—1.5 м.