амерыканскі фізік. Чл.Нац.АН ЗША (1977), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1989). Скончыў Масачусецкі тэхнал.ін-т (1952). З 1956 у Стэнфардскім ун-це (з 1967 праф.), з 1963 у Стэнфардскім лінейным паскаральнікавым цэнтры (у 1984—99 дырэктар). Навук. працы па квантавай электрадынаміцы, фізіцы высокіх энергій, паскаральнай тэхніцы. Пад яго кіраўніцтвам пабудавана накапляльнае Стэнфардскае пазітрон-электроннае паскаральнае кальцо (SPEAR; 1973). Адкрыў першую «зачараваную» часціцу — J/ψ-мезон, (1974, незалежна ад С.Тынга) і пацвердзіў гіпотэзу аб існаванні c-кварка. Нобелеўская прэмія 1976.
Тв.:
Рус.пер. — От ψ к очарованию. (Эксперименты 1975—1976 гг.) // Успехи физ. наук. 1978. Т. 125, вып. 2;
Следующее поколение ускорителей с электрон-позитронными встречными пучками. // Там жа. 1980. Т. 130, вып. 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАБІЛІТА́ЦЫЯ (ад позналац. rehabilitatio аднаўленне),
аднаўленне ў правах. Паводле права Рэспублікі Беларусь Р. асобы, якая прыцягвалася ў якасці абвінавачанага ці была прызнана вінаватай паводле прыгавору суда, або прыцягвалася да адм. адказнасці і панесла адм. спагнанне, лічыцца вынясенне апраўдальнага прыгавору пры пераглядзе справы, пастановы (вызначэння) пра спыненне справы за адсутнасцю падзеі злачынства, за адсутнасцю саставу злачынства або за недаказанасцю ўдзелу ва ўчыненні злачынства, а таксама пастанова пра спыненне справы абадм. правапарушэнні. Суправаджаецца кампенсацыяй шкоды, прычыненай незаконным прыцягненнем да адказнасці. Шэраг асаблівасцей мае Р. ахвяр паліт.рэпрэсій. Паводле заканадаўства рэабілітаваныя асобы аднаўляюцца ў страчаных імі ў сувязі з рэпрэсіямі сац.-паліт. і грамадзянскіх правах, воінскіх і спец. званнях, ім вяртаюцца дзярж. ўзнагароды, даюцца льготы, выплачваюцца кампенсацыі і да т.п. Гл. таксама Рэпрэсіі палітычныя ў СССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЎМА́КА ПАЎСТА́ННЕ,
паўстанне скіфаў у Баспорскай дзяржаве ў 107 да н.э., якое ўзначаліў правадыр баспорскіх скіфаў Саўмак. Пачалося ў Пантыкапеі (цяпер г. Керч, Украіна) у час перагавораў пантыйскага палкаводца Дыяфанта з баспорскім царом Перысадам V аб перадачы ўлады над краінай пантыйскаму цару Мітрыдату VI Еўпатару, што значна ўзмацніла б эксплуатацыю скіфскага насельніцтва (залежных сялян, рамеснікаў, рабоў). Саўмак забіў Перысада, а Дыяфант уцёк у Херсанес. Паўстанцы авалодалі ўсёй еўрап.ч. Баспора і Саўмак стаў царом Баспора (кіраваў каля года). Пасля працяглай падрыхтоўкі Мітрыдат VI накіраваў у Сінопу (гл.Сіноп) карную экспедыцыю на чале з Дыяфантам, да якой у Крыме далучаны херсанескія атрады. Войскі Дыяфанта занялі Феадосію, прайшлі Керчанскі п-аў і захапілі Пантыкапей. С.п. было задушана, Саўмак трапіў у палон (пазней пакараны смерцю), а Баспорская дзяржава перайшла пад уладу Мітрыдата VI.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ННЕНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1918.
Адбылося 8—10 жн. як працяг Аршанскага паўстання 1918, найб. арганізаванае ў ланцугу леваэсэраўскіх мяцяжоў 1918. Кіравала паўстаннем мясц.арг-цыя левых эсэраў на чале з А.Закрэўскім. У ім удзельнічалі чырвонаармейцы 2-га Смаленскага і Стайкаўскага палкоў, якія паходзілі з мясц. сялян і гал. задачай лічылі барацьбу супраць ням. акупантаў. У пач. жніўня пав. з’езд саветаў, дзе большасць належала эсэрам, прыняў рэзалюцыю аб непадпарадкаванні сенненскіх саветаў сав. ўраду. Непасрэдным повадам да паўстання паслужыла спроба чырв. камандавання змяніць камандзіра 2-га Смаленскага палка (эсэр Дз.Ф.Прышчэпаў), які дыслацыраваўся ў зоне дэмаркацыйнай лініі за 10 км ад Сянно. Паўстанне задушыў сфарміраваны спецыяльны атрад на чале з В.Даўбэ з дапамогай 1-га Латышскага кавалерыйскага палка.
Літ.:
Дзядзенка З. Аршанскае й сеньненскае паўстаньні // Спадчына. 1999. №4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНСО́РНЫЯ СІСТЭ́МЫ, аналізатары,
сукупнасць перыферычных і цэнтральных нерв. утварэнняў, якія ўспрымаюць і аналізуюць інфармацыю аб уздзеянні на арганізм раздражняльнікаў. Перыферычныя аддзелы С.с. — рэцэптары — размешчаны на паверхні цела (у скуры, слізістых абалонках), у глыбіні (напр., механарэцэптары сардэчна-сасудзістай сістэмы), уваходзяць у склад сенсорных органаў (напр., вока, вуха). Сігналы ад рэцэптараў па сенсорных (аферэнтных) нервах паступаюць у ц. н. с., дзе інфармацыя перапрацоўваецца. Участкі кары вял. паўшар’яў, куды пераважна паступаюць аферэнтныя імпульсы, з’яўляюцца праекцыяй рэцэптарных палёў у кары і ўяўляюць коркавыя аддзелы С.с. (напр., зрокавая зона знаходзіцца пераважна ў патылічнай вобласці кары, слыхавыя — у скроневай). У выніку ўзгодненай работы розных С.с. у вял. паўшар’ях фарміруецца праграма паводзін і ацэнка выкананага дзеяння.
Літ.:
Судаков К.В. Общая теория функциональных систем. М., 1984;
Крылова А.Л. Физиология сенсорных систем. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЗО́Ў Уладзімір Ільіч (1840, Масква — 1.11.1904),
расійскі археолаг. Скончыў Маскоўскі ун-т (1865). Адзін з заснавальнікаў маскоўскага гіст. музея, з 1881 яго вучоны сакратар. Даследаваў славяна-рускія старажытнасці. У 1890 праводзіў раскопкі курганоў каля вёсак Іпалітаўка (Новабяляеўка) на Гомельшчыне, Чырвоная Слабада і Туравічы на Магілёўшчыне. Вынікі даследаванняў радзіміцкіх курганоў абагульніў у працы «Аб паходжанні і характары курганных скроневых кольцаў і пераважна так званага маскоўскага тыпу» (1895). У канцы 1890-х г. у вярхоўях Дняпра адкрыў доўгія курганы. У 1902 першы з археолагаў на аснове матэрыялаў з раскопак Гнёздаўскіх курганоў на Смаленшчыне выступіў супраць «нарманскай» тэорыі.
Тв.:
[Отчет о раскопках в Смоленской и Могилевской губерниях в 1890 г.) // Древности: Тр. Москов. археологического о-ва М., 1894. Т. 15, вып. 2;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСМАНДЗІ́ (Sismondi) Жан Шарль Леанар Сімонд дэ (9.5.1773, Жэнева — 25.6.1842),
швейцарскі эканаміст і гісторык. Скончыў Жэнеўскі ун-т. Жыў у Францыі, Вялікабрытаніі, Італіі, у 1798 вярнуўся ў Швейцарыю. З 1833 член франц. Акадэміі маральных і паліт.навук. У працы «Аб камерцыйным багацці» (1803) выступаў за палітыку неўмяшання дзяржавы ў эканоміку. Потым кардынальна змяніў сваю пазіцыю: сцвярджаў, што неўмяшанне дзяржавы ў эканам. справы прыводзіць да масавых бедстваў («Новыя прынцыпы палітычнай эканоміі», 1819). Асуджаў неабмежаваную канкурэнцыю і перавытворчасць тавараў, якія звязваў з падзелам працы і буйнамаштабнай вытв-сцю. Лічыў, што дробная вытв-сць здольна забяспечыць раўнавагу паміж вытв-сцю і спажываннем і абмежаваць канкурэнцыю. У працах па гісторыі Францыі і Італіі імкнуўся гістарычна абгрунтаваць свае эканам. погляды. Эканам. вучэнне С. паўплывала на тэорыі сацыялізму і ідэі народніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ДЗІ (Soddy) Фрэдэрык (2.9.1877, г. Істбарн, Вялікабрытанія — 22.9.1956),
англійскі радыяхімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1910). Замежны чл.-кар.АНСССР (1924). Скончыў Оксфардскі ун-т (1896). У 1900—02 ва ун-це Мак-Гіла (г. Манрэаль). З 1904 ва ун-це г. Глазга, з 1914 праф. Абердзінскага, у 1919—36 Оксфардскага ун-таў. Навук. працы па даследаванні радыеактыўнасці. Распрацаваў разам з Э.Рэзерфардам асновы тэорыі радыеактыўнага распаду (1903). Даказаў утварэнне гелію пры радыеактыўным распадзе радыю і радону (разам з У.Рамзаем, 1903). Увёў паняцце аб ізатопах, сфармуляваў правіла зрушэння, якое дазваляе прадказаць месца ў перыяд. сістэме элемента — прадукту радыеактыўнага распаду (1913; адначасова з К.Фаянсам). Адкрыў пратактыній (1917; разам з Дж.Кранстанам, незалежна ад О.Гана і Л.Майтнер). Нобелеўская прэмія 1921.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПА́ДЧЫНАў праве,
маёмасць, якая пераходзіць ад памерлага да спадчыннікаў. Паводле спадчыннага права Рэспублікі Беларусь у С. пераходзяць усе правы і абавязкі, што належалі спадчынадаўцу на момант адкрыцця С. і існаванне якіх не спыняецца з яго смерцю. У С. не ўваходзяць правы і абавязкі, непарыўна звязаныя з асобай спадчынадаўцы: правы членства (удзелу) у камерцыйных і інш. арг-цыях, што з’яўляюцца юрыд. асобамі (калі іншае не ўстаноўлена законам або ўстаноўчымі дакументамі); права на кампенсацыю шкоды, нанесенай яго жыццю або здароўю; правы і абавязкі па аліментных абавязацельствах; права на пенсіі, дапамогі і інш. выплаты на падставе заканадаўства аб працы і сац. забеспячэнні; асабістыя немаёмасныя правы, не звязаныя з маёмаснымі. Асабістыя немаёмасныя правы і інш. нематэрыяльныя даброты, што належалі спадчынадаўцу, могуць ажыццяўляцца і абараняцца спадчыннікамі, калі іншае не ўстаноўлена заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАВАРЫ́СТВА ВЫВУЧЭ́ННЯ МАГІЛЁЎСКАЙ ГУБЕ́РНІ,
гісторыка-краязнаўчае таварыства ў Магілёве ў 1902—16. Засн. па ініцыятыве Е.Р.Раманава як «Таварыства вывучэння Беларускага краю». Мела статут (зацверджаны ў сак. 1905). У сувязі з утварэннем гіст.-краязнаўчых т-ваў у Віцебску, Мінску і інш. гарадах у 1913 рэарганізавана ў Т.в.М.г. Члены: Раманаў, І.А.Сербаў, А.П.Сапуноў, М.М.Турбін. Вывучала гісторыю, этнаграфію і прыроду Беларусі, пераважна Магілёўскай губ. Выдала працу Раманава «Першакрыніцы для гісторыі Магілёўскага краю» (вып. 1, 1916), у якую ўвайшлі «Баркалабаўскі летапіс» і «Падарожныя заметкі стольніка П.А.Талстога аб Магілёўскай губерні (1697—1699)». Падрыхтавала да выдання 4-ы выпуск зб.«Магілёўская даўніна» і інш. У 1-ю сусв. вайну эвакуіравана ў Адэсу, дзе спыніла дзейнасць.
Літ.:
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі: Пачатак XX ст.Мн., 1970.