ЛА́ПАЎ Барыс Сцяпанавіч

(28.9.1925, Мінск — 13.8.1967),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1955). Скончыў БДУ (1951). Працаваў у Друку, з 1955 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1964 у Мінскім пед. ін-це. Даследаваў праблемы бел. сінтаксісу, стылістыкі і ўзаемадзеянне бел. мовы з інш. мовамі. Выступаў у друку з рэцэнзіямі на працы па бел. мовазнаўстве і творы бел. маст. л-ры. Сааўтар «Нарысаў па гісторыі беларускай мовы» (1957), «Курса сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Сінтаксіс» (1959), «Граматыкі беларускай мовы» (т. 1—2, 1962—66).

І.К.Германовіч.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПА́ЦІН,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Стыр, каля аўтадарогі Пінск—Столін. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 21 км на ПдУ ад горада і 25 км ад чыг. ст. Пінск, 196 км ад Брэста. 428 ж., 149 двароў (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. У Доме культуры музей рус. паэта А.А.Блока. Каля вёскі стаянка эпохі неаліту і бронз. веку.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПА́ЦІН Антон Іванавіч

(18.1.1897, в. Каменная Брэсцкага р-на — 9.4.1965),

генерал-лейтэнант (1942), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы ўдасканалення камсаставу (1925, 1947), Вышэйшыя акад. курсы (1947). У арміі з 1916, у Чырв. Арміі з 1918. З 1941 камандуючы арміямі на Паўд.-Зах., Сталінградскім, Паўн.-Зах., Калінінскім, 1-м Прыбалт., 3-м Бел. франтах. Войскі пад яго камандаваннем удзельнічалі ў вызваленні Беларусі, Прыбалтыкі, правядзенні Усх.-Прускай аперацыі. У час Беларускай аперацыі 1944 нам. камандуючага 43-й арміяй, удзельнічаў у акружэнні віцебскай групоўкі праціўніка і вызваленні Віцебска (гл. Віцебскі «кацёл»). Вызначыўся пры авалоданні г. Кёнігсберг. Удзельнік вайны з Японіяй на Д. Усходзе. Да 1954 у Сав. Арміі.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПА́ЦІН Герман Аляксандравіч

(25.1.1845, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 26.12.1918),

дзеяч рас. рэв. руху. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1866). У студэнцкія гады далучыўся да народніцкага руху, чл. Ішуцінскага гуртка. Быў арыштаваны ў 1866 (вызвалены); у 1868 высланы ў г. Стаўрапаль. У пач. 1870 тайна выехаў у Парыж (дзе пачаў першы рус. пераклад «Капіталу» К.Маркса), потым у Лондан. З вер. 1870 чл. Ген. савета Інтэрнацыянала 1-га. У канцы 1870 выехаў у Сібір, каб вызваліць з ссылкі М.Г.Чарнышэўскага, але ў лют. 1871 арыштаваны ў Іркуцку, адкуль у 1873 уцёк у Парыж, Лондан; штогод тайна наведваў Расію. У 1879 арыштаваны ў Пецярбургу і сасланы ў Сярэднюю Азію, потым у Волагду, адкуль у 1883 уцёк за граніцу. З сак. 1884 зноў у Расіі, аднавіў дзейнасць «Народнай волі» і фактычна ўзначаліў яе. 18.10.1884 арыштаваны, у 1887 прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага пажыццёвым зняволеннем у Шлісельбургскай крэпасці. Вызвалены ў 1905, ад паліт. дзейнасці адышоў.

Літ.:

Сайкин О.А. Первый русский переводчик «Капитала». М., 1983.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПА́ЦІН Ігар Канстанцінавіч

(н. 13.11.1923, г. Палтава, Украіна),

бел. вучоны ў галіне заалогіі і зоагеаграфіі. Д-р біял. н. (1965), праф. (1965). Засл. работнік нар. адукацыі Беларусі (1990). Скончыў Харкаўскі ун-т (1946). З 1970 у БДУ (да 1998 заг. кафедры). Навук. працы па таксаноміі насякомых, зоагеаграфіі. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

Тв.:

Жуки-листоеды фауны Белоруссии и Прибалтики: Определитель. Мн., 1986;

Зоогеография. 2 изд. Мн., 1989;

Каталог жесткокрылых (Coleoptera, Insecta) Беларуси. Мн., 1996 (у сааўт.).

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПА́ЦІН Пётр Рыгоравіч

(5.1.1907, в. Ізлягошча Усманскага р-на Ліпецкай вобл., Расія — 9.7.1974),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Мінскай і Віцебскай абл. у Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). У Чырв. Арміі з 1929. З 1934 у органах НКУС, з 1936 на чыг. ст. Мінск. У 1941 камандзір аддзялення, узвода партыз. атрада спец. прызначэння «Міця», які дзейнічаў на тэр. Магілёўскай, Смаленскай і Арлоўскай абл. З сак. 1942 кіраўнік партыз. спец. развед.-дыверсійнай групы НКДБ СССР «Бывалыя», са жн. 1942 — камандзір партыз. брыгады «Дзядзькі Колі». З 1944 на сав. і гасп. рабоце ў Барысаве.

П.Р.Лапацін.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПА́ЦІНА Таццяна Карнееўна

(15.8.1891, в. Азершчына Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 22.3.1980),

бел. дзеяч самадз. мастацтва, кампазітар-аматар. Засл. дз. маст. Беларусі (1949). Працавала ў калгасе, загадвала сельскай б-кай, навучала спевам у сярэдняй школе на радзіме. На аснове сямейнага гурту Лапаціных арганізавала і ў 1936—54 узначальвала Азершчынскі нар. хор — адзін з лепшых бел. самадз. калектываў. Пры яе ўдзеле ў хоры створаны найб. папулярныя песні «Наша сяло», «Кучаравая вішня», «Дождж ідзе», «Падзяка». «Прыязджайце да нас у калгас», «Дняпро», «За Азершчынай палі залатыя», а таксама песня Л. «Марфута».

Літ.:

Есакоў А., Смольскі Б. Калгасны хор сяла Азершчына Мн., 1953;

Нисневич И. Татьяна Лопатина. М., 1962.

Г.І.Цітовіч.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПА́ЦІНА ГАРА́,

найбольш высокая горная вяршыня в-ва Сахалін, у паўн. ч. Усходне-Сахалінскіх гор, у Сахалінскай вобл. Расіі. Выш. 1609 м. Складзена з метамарфічных парод. Схілы пад тайгой, прыграбянёвыя часткі пад кедравым сланікам. Названа ў гонар рус. геолага і географа І.А.Лапаціна, даследчыка Сібіры, Д. Усходу і в-ва Сахалін.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПА́ЦІЧЫ,

вёска ў Слаўгарадскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Раста, на аўтадарозе Магілёў — Слаўгарад. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на ПнЗ ад г. Слаўгарад, 50 км ад Магілёва, 32 км ад чыг. ст. Чавусы. 504 ж., 182 двары (1998). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАПЕРУ́З (La Pérouse) Жан Франсуа дэ Гало

(Galaup; 22.8.1741, г. Альбі, Францыя — 1788),

французскі мараплавец. На ваенным флоце з 1756. У 1785—88 узначальваў кругасветнае падарожжа на фрэгатах «Астралябія» і «Бусоль». Экспедыцыя ўдакладніла контуры часткі ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі, Усх. Азіі, адкрыла праліў паміж а-вамі Сахалін і Хакайда (гл. Лаперуза праліў), а-вы Манерон, Савайі. З Сіднея экспедыцыя накіравалася на Пн і прапала без вестак. У 1826 англ. капітан П.Дзілан і ў 1828 франц. мараплавец Ж.Дзюмон-Дзюрвіль знайшлі на в-ве Ванікора (з трупы Санта-Крус) і рыфах каля яго некаторыя рэчы экспедыцыі, а ў 1964 франц. экспедыцыя Брасара — рэшткі затанулага фрэгата.

т. 9, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)