ДЖО́НСАН ((Johnson) Філіп) (н. 8.7.1906, г. Кліўленд, штат Агайо, ЗША),
амерыканскі архітэктар. Вучыўся ў арх. школе Гарвардскага ун-та ў М.Броера (1940—50-я г.). Вучань і супрацоўнік Л.Міс ван дэр Роэ. Развіваючы яго прынцыпы, пабудаваў уласны дом у г. Нью-Канаан (штат Канектыкут, 1949) у выглядзе шклянога паралелепіпеда. У далейшым спалучаў прынцыпы і матэрыялы сучаснай архітэктуры са свабоднай стылізацыяй традыц.арх. формаў — класіцызму, готыкі, рэнесансу, а таксама Стараж. Рыма, сярэдневяковага Блізкага і Д. Усходу (Музей сучаснага мастацтва, 1930—36 і 1946—54, тэатр штата Нью-Йорк у «Лінкальн-цэнтры», 1964, абодва ў Нью-Йорку; купал ядзернага рэактараў Ізраілі, 1960).
Літ.:
Noble Ch. Ph Johnson. London, 1972.
Ф.Джонсан. Інтэр’ер тэатра штата Нью-Йорк у «Лінкальн-цэнтры» ў Нью-Йорку. 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́СЕНСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы майстроў з г. Дзісна Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Промысел вядомы са старажытнасці, у 18 ст. дзейнічаў гаршэчна-мулярскі цэх, куды ўваходзілі і ганчары. Тут выраблялі кухонны, сталовы і тарны посуд, які ў залежнасці ад ёмістасці меў розныя назвы: пецяронка (0,5—0,8 л), чацвяронка (1—1,5 л), траёнка (2—3 л), палавінніца (4—5 л), штука (8—10 л). У канцы 19—1-й пал. 20 ст. посуд выраблялі тачэннем на ганчарным крузе, глазуравалі празрыстай бясколернай, часам зялёнай ці карычневай палівай, аздаблялі выціснутымі прамымі і хвалістымі паяскамі, падпаліўной ангобнай размалёўкай расл. характару. Формы посуду ёмістыя, простых выразных абрысаў. Пашырана была таксама утылітарна-дэкар. кераміка (фігурныя пасудзіны, попельніцы, букетнікі, чарніліцы), дробная пластыка, цацкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́КШЫЦКІ БОЙ 1943.
Адбыўся ў лют. 1943 паміж партыз. брыгадай «Жалязняк» і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў у г. Докшыцы.
Перад пачаткам аперацыі партызаны перакрылі засадамі ўсе дарогі на Докшыцы. 1-ы атрад наступаў з ПдЗ, 2-і — з ПдУ, 3-і — з ПнУ, 4-ы прыкрываў наступаўшых. 6 падрыўных груп павінны былі дыверсіямі на чыгунцы адцягнуць шматлікія фаш. гарнізоны. якія размяшчаліся ўздоўж чыг. лініі Маладзечна—Полацк. Наступленне пачалося ў ноч на 3 лютага. Партыз. батарэі нанеслі ўдар па цэнтры горада, дзе размяшчаліся ўстановы акупантаў, і раніцай пакінулі Докшыцы, захапіўшы вял. колькасць маёмасці са складаў праціўніка. 19 і 20 лютага партызаны зноў нанеслі раптоўны ўдар па Докшыцкім гарнізоне. Ворагу прычынены вял. страты ў жывой сіле і тэхніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГІ́ АФІ́НСКІ МАРСКІ́ САЮ́З,
саюз стараж.-грэч. гарадоў, размешчаных пераважна на астравах і берагах Эгейскага м., на чале з Афінамі. Пасля распаду ў выніку Пелапанескай вайны 1-га Афінскага марскога саюза (гл.Дэлоскі саюз) прыкладна з 395 да н.э. рабіліся спробы па яго ажыўленні. Адноўлены ў 378—377 да н.э. пасля вызвалення ад спартанскага панавання. Чл. саюза (каля 75) мелі поўную аўтаномію. Гарады, размешчаныя ў М.Азіі, не ўключаліся ў склад саюза. Са стратай Спартай пануючага становішча ў Пелапанескім саюзе, супраць якога ў першую чаргу і была накіравана дзейнасць Д.а.м.с., з яго сталі выходзіць многія члены. Пасля завяршэння міжсаюзнай вайны 357—355 да н.э. саюз да 337 да н.э. захоўваў нязначны паліт. ўплыў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЁЗДАВА,
комплекс археал. помнікаў канца 9—10 ст. каля аднайменнай вёскі, за 13—15 км ад Смаленска, на беразе Дняпра; гандлёва-рамесніцкі цэнтр на шляху з «варагаў у грэкі». Складаецца з 8 курганных могільнікаў і вял. паселішча з гарадзішчам у цэнтры. У могільніках каля 2000 курганоў. Даследавана больш за 1100 пахаванняў і каля 6000 м² паселішча. Пахавальны абрад да сярэдзіны 10 ст. трупаспаленне, пазней трупапалажэнне. Найб. росквіту дасягнула ў сярэдзіне 10 ст. Насельніцтва рознаэтнічнае: скандынавы, славяне, балты, асн. яго масу складалі рамеснікі і члены іх сем’яў, дружыннікі, гандляры. Раскопкамі выяўлена шмат рэчаў са Скандынавіі, Візантыі, краін Усходу, знойдзены 4 грашова-рэчавыя скарбы сярэдзіны 10 ст. З канца 10 ст. пачаўся заняпад паселішча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ДНАСЦЬ,
паняцце, якое раскрывае ўяўленне аб маральнай каштоўнасці чалавека, адлюстроўвае яго паважлівыя адносіны да самога сябе як асобы, а таксама адносіны грамадства да чалавека, у аснове якіх ляжыць прызнанне самакаштоўнасці асобы. Годнасць напаўняе пэўным асобасным сэнсам пазнавальныя функцыі, матывацыю і паводзіны чалавека. Пачуццё ўласнай годнасці — важны кампанент працэсу развіцця чалавечай духоўнасці, побач з сумленнем і гонарам — адзін са спосабаў усведамлення чалавекам сваёй адказнасці перад сабой і грамадствам. Для розных гіст. эпох уласцівы свае ўяўленні аб чалавечай годнасці, якія адлюстроўваюць спецыфічныя сац.-культ. характарыстыкі. Бел. грамадства, якое выбрала дэмакр. шлях развіцця, прызнае годнасць асобы як асн. маральна-прававую каштоўнасць. Рэалізацыя правоў і свабод, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дазволіць стварыць спрыяльныя ўмовы для ўдасканальвання і ўзвышэння асабістай годнасці грамадзян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЕН ((Goyen) Ян ван) (13.1.1596, г. Лейдэн, Нідэрланды — 27.4.1656),
галандскі жывапісец і афартыст, адзін са стваральнікаў галандскага рэалістычнага пейзажа. Вучыўся ў Харлеме ў Э. ван дэ Велдэ (1616—17), зазнаў яго ўплыў. Працаваў у Лейдэне і Гаазе. Пісаў лірычныя пейзажы з відамі галандскіх рэчак, маленькіх гарадкоў і вёсак на іх берагах. Імкнучыся да стварэння паэтычна абагульненага вобраза галандскай зямлі, часта выкарыстоўваў нізкую лінію гарызонта, тонка перадаваў празрыстасць ці вільготнасць паветра («Дзюна», 1629, «Калодзеж каля хаціны», 1633; «Рака Ваал каля Неймегена», 1640-я г., «Вусце ракі», 1655, і інш.). Яго жывапіснай манеры ўласціва мяккая танальнасць каларыту, заснаванага на тонкіх пераходах зеленавата-шэрых і светла-карычневых адценняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬ,
возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Тураўлянка, за 18 км на Пд ад г. Полацк. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 3,46 км², даўж. 3,4 км, найб.шыр. 1,2 км, найб.глыб. 23 м, даўж. берагавой лініі 11,7 км. Пл. вадазбору 744 км².
Схілы катлавіны выш. 4—8 м, на ПдЗ да 18 м, пераважна разараныя, у ніжняй ч. параслі хмызняком. Берагі пясчаныя, участкамі галечныя і камяністыя. Дно паўн. плёса плоскае, паўд. больш глыбокае, лейкападобнае са стромкімі схіламі. Мелкаводдзе пясчанае і пясчана-галечнае. У паўд. заліве востраў пл. 0,1 га. Шыр. паласы расліннасці да 100 м. Упадае ручай з воз. Канашы, злучана пратокай з воз. Зашчаты, сцёк па пратоцы ў воз. Суя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́ЦКАЯ ШКО́ЛАмініяцюры,
адна са школ сярэднеўсх. мініяцюрнага жывапісу (пераважна іл. да кніг). Існавала ў 15 ст. ў сталіцы дзяржавы Цімурыдаў — Гераце; звязана з дзейнасцю прыдворнай майстэрні рукапісаў — кітабхане (засн. прыкладна ў 1410-я г.). Мініяцюрам 1-й пал. 15 ст. (мастакі Халіл, Гіяседдзін, Мансур) уласціва тонкае пісьмо, стрыманы, часам гарачы каларыт («Шахнамэ» Фірдаўсі, 1430; «Хамсе» Нізамі, 1431). У 2-й пал. 15 ст. працавалі мастакі Шах-Музафар, Мірак Накаш, Хаджы Мухамед Накаш, Кемаледдзін Бехзад і яго вучань Касім Алі. Характэрны вытанчаная дэкаратыўнасць, паэтычнасць і разнастайнасць сюжэтаў, шматфігурнасць і шматпланавасць кампазіцый, пейзажныя фоны, гармонія і вытанчанасць колеру, дакладны віртуозны малюнак, развіццё партрэта.
Да арт.Герацкая школа. Мірак Накаш. У лазні. Ілюстрацыя з рукапісу «Хамсе» Нізамі 1495.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРВЯ́ЦКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1903 у в. Гервяты (Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.) з чырвонай цэглы (арх. А.Альшалоўскі). 3-нефавая 1-вежавая базіліка з трансептам у зах.ч., накрыта 2-схільным крыжовым дахам. З У да гал. нефа прыбудавана высокая 2-ярусная вежа-званіца, завершаная шпілем. Сярэдні павышаны неф з нізкімі стральчатымі вокнамі ўмацаваны контрфорсамі, паміж кожнай парай якіх размешчаны высокія спараныя стральчатыя вокны з дэкар. ружамі ў завяршэнні. Бакавыя фасады ўпрыгожаны аркатурна-зубчастым поясам, антаблемент мае фрыз са стылізаваным арнаментам у выглядзе 3-ступеньчатых зубцоў і карніз. Ідэнтычна вырашаныя алтарны фасад і тарцы трансепта маюць ярусную кампазіцыю. Гал. ўваход аформлены перспектыўным парталам, які завершаны вімпергам і ружай.