НО́РДМАН (Эдуард Баляслававіч) (н. 25.2.1922, г. Рэчыца Гомельскай вобл.),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў камсам.-маладзёжнага падполля і партыз. руху ў Пінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, ген.-маёр (1969). Скончыў ВПШ пры ЦК КПСС (1958). З 1939 на камсам. рабоце. З пач. Вял. Айч. вайны нам. сакратара, сакратар, чл. Пінскага падп. абкома, адначасова сакратар Пінскага падп. гаркома ЛКСМБ, з ліп. 1943 пам. камісара атрада В.З.Каржа, нам. камісара партыз. брыгады імя Молатава. Пасля вайны на парт., камсам. і сав. рабоце, у органах дзярж. бяспекі. Дэп. Вярх. Савета СССР у 1974—79. Ганаровы грамадзянін г. Пінск.

т. 11, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯДЗВЕ́ЦКІ (Іосіф Маркавіч) (23.6.1908, г. Магілёў — 26.12.1959),

Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў 1-ы курс Прамакадэміі (1941). Працаваў машыністам на ледаколе «Ярмак», які ў 1938 удзельнічаў у выратаванні ледакольных параходаў «Садко», «Малыгін», «Георгій Сядоў». Апошні карабель вывесці з лядовага палону не ўдалося, таму частку яго экіпажа замянілі чл. «Ермака». У цяжкіх умовах 812-дзённага дрэйфу экіпаж з 15 маракоў, у т. л. Н., правёў цыкл назіранняў у недаследаванай частцы Арктычнага басейна, за што кожнаму з іх было прысвоена званне Героя Сав. Саюза. У Вял. Айч. вайну з 1943 на фронце. Пасля вайны ў Запаляр’і, загінуў на палярнай станцыі.

І.М.Нядзвецкі.

т. 11, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКАЯ ДЫВАНО́ВАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Засн. ў 1752 у прадмесці Нясвіжа Альбе ўладальнікам горада М.​К.​Радзівілам Рыбанькам як мастацкая майстэрня. У ёй працавала некалькі ткачых (тапісерак) мясц. паходжання. Кожная з іх мела па 4—5 памочніц-дзяўчат, якія пасля навучання таксама станавіліся майстрыхамі. Мяркуецца, што майстэрня была арганізавана для выканання разам з аналагічнай у Мірскім замку (адкрыта ў 1747) задуманай Рыбанькам серыі шпалераў са сцэнамі з гісторыі роду Радзівілаў. У 1757 яшчэ адна майстэрня створана ў Камянцы. У 1762 усе майстэрні пераведзены ў Карэлічы, дзе праца над шпалерамі прадоўжана (гл. Карэліцкія шпалеры).

В.​С.​Пазднякоў.

т. 11, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЖЫЦЦЁВАЕ ЗНЯВО́ЛЕННЕ,

мера пакарання, якая ў крымін. праве Рэспублікі Беларусь можа прымяняцца за злачынствы, звязаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых акалічнасцях і за інш. асабліва цяжкія злачынствы. Уведзена ў 1998. П.з. не можа быць назначана асобам, якія ўчынілі злачынства ва ўзросце да 18 гадоў, і жанчынам, а таксама мужчынам, якія на дзень пастановы прыгавору дасягнулі 65 гадоў. Пасля адбыцця асуджаным 20 гадоў зняволення, з улікам яго паводзін, а таксама стану здароўя і ўзросту, суд можа замяніць далейшае адбыванне П.з. пазбаўленнем волі на пэўны тэрмін, але не больш як на 5 гадоў.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 11, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАКЛІ́МАКС (ад пара... + клімакс),

адносна ўстойлівае супольніцтва арганізмаў; экасістэма, якая ўзнікае пасля разбурэння клімаксу — апошняй стабільнай сукцэсійнай стадыі развіцця біягеацэнозаў. Разам з інш. супольніцтвамі, што развіваюцца да стану раўнавагі ў дадзеным асяроддзі (эдафічныя клімаксы), П. — найб. характэрная праява адносна найб. устойлівых экасістэм у прыродзе, якія змяняюцца дзейнасцю чалавека (напр., супольніцтва пашы, якое пастаянна падтрымліваецца выпасам жывёлы на месцы зведзенага лесу). Як і клімакс, П. — экасістэма, якая знаходзіцца ў стане раўнавагі і ўзаемазлучэння са знешнім асяроддзем у дадзеных умовах існавання. Ступень устойлівасці антрапагеннага П. залежыць ад частаты і характару ўздзеяння чалавека.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСІБІЛІ́СТЫ,

палітычная плынь у франц. рабочым руху ў 1880-я г. — пач. 20 ст. Адстойвалі ідэі «муніцыпальнага сацыялізму» (перадача органам мясц. самакіравання гар. транспарту, электрастанцый, газазабеспячэння, школ, бальніц і інш.). Першапачаткова складалі рэфармісцкае крыло Рабочай партыі (засн. ў 1879) на чале з П.​Брусам; прытрымліваліся «палітыкі магчымасцей» («La politique des possibilités», адсюль назва П.). У 1882 пасля расколу Рабочай партыі П. атрымалі назву Рабочая партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, у 1883 — Федэрацыя франц. працоўных-сацыялістаў. У 1880-я г. зрабілі спробу ўзначаліць міжнар. рабочы рух, але не былі падтрыманы. У пач. 20 ст. ўвайшлі ў склад Франц. сацыяліст. партыі.

т. 12, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАСТУ́Х І ВОЎК»,

бел. нар. гульня. Удзельнікі (ад 6 да 15 чал.) выбіраюць «пастуха» і «ваўка». Апошні хаваецца, а «пастух» збірае гульцоў — «авечак» і заганяе іх у «статак», пасля садзіцца і робіць выгляд, што спіць. «Воўк» хавае «авечак», а сам застаецца. «Пастух», «прачнуўшыся», ідзе шукаць «авечак». Калі ён набліжаецца да месца, дзе яны схаваны, «авечкі» пачынаюць ці сіпець, ці стукаць, ці пішчаць, на што «воўк» павінен хутка адказаць, хто гэта робіць Калі ён з адказам затрымліваецца, то «авечкі» пачынаюць «бляяць». «Воўк» уцякае, а «авечкі» павінны злавіць яго і прывесці да «пастуха».

Я.​Р.​Вількін.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАЎНО́ЧНЫ САЮ́З РУ́СКІХ РАБО́ЧЫХ»,

адна з першых рэв. рабочых арг-цый у Расіі. Створаны ў канцы 1878 у Пецярбургу рабочымі-рэвалюцыянерамі В.​П.​Абнорскім і С.​М.​Халтурыным (каля 200 чл.). Узначальваўся ЦК. Праграма (канец 1878) патрабавала для рабочых паліт. правоў і свабод, гал. мэтай «Саюза» лічыла звяржэнне існуючага паліт. і эканам. ладу як несправядлівага. Чл. «Саюза» вялі рэв. прапаганду, удзельнічалі ў стачках, падтрымлівалі стачачнікаў грашовымі сродкамі, імкнуліся ператварыць «Саюз» у агульнарас. арг-цыю, выдавалі лістоўкі, надрукавалі адзіны нумар першай рас. рабочай газеты «Рабочая заря» (лют. 1880). У сак. 1880 пасля шматлікіх арыштаў «Саюз» спыніў існаванне.

т. 12, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ШКІН (Пётр Іванавіч) (14.8.1888, в. Малая Князеўка Калінінскага р-на Саратаўскай вобл., Расія — 3.4.1960),

удзельнік грамадз. вайны ў Беларусі. Скончыў Бакінскае мараходнае вучылішча (1908). З 1909 на Чарнаморскім і Каспійскім флатах. У 1-ю сусв. вайну на Чарнаморскім і Каспійскім флатах. Удзельнік лядовага паходу Балт. флоту (1918) з Гельсінгфорса ў Кранштат. З вясны 1919 на Зах. фронце. У жн.—вер. 1919 нач. Прыпяцкай ваеннай флатыліі, удзельнік баёў за Тураў, Давыд-Гарадок, Петрыкаў. З кастр. 1919 у Дняпроўскай ваеннай флатыліі (Гомель). Пасля грамадз. вайны на Чарнаморскім флоце. У 1930—47 на адм. рабоце ў гандл. флоце СССР.

т. 12, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕДАГЕНЕ́З [ад грэч. pais (paidos) дзіця + ...генез],

форма партэнагенезу, пры якой неаплодненыя яйцаклеткі, што даюць пачатак новаму пакаленню, развіваюцца яшчэ ў целе лічынак. Уласцівы некат. беспазваночным жывёлам (жукі, мухі, марскія ракападобныя і інш.). Напр., у галіц лічынкі, якія ўтвараюцца ў целе мацярынскай лічынкі, спачатку жывяцца яе тканкамі як эндапаразіты, потым разрываюць кутыкулу і пераходзяць да свабоднага жыцця. Пасля некалькіх пакаленняў педагенет. лічынак паяўляюцца лічынкі, што даюць дарослых самцоў і самак, з аплодненых яец якіх зноў развіваецца першае пакаленне педагенет. лічынак. П. — прыстасаванне, якое кампенсуе недастаткова высокую пладавітасць дарослых форм, што рассяляюцца пасіўна.

Р.​Г.​Заяц.

т. 12, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)