КЛАСІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. classis разрад, клас + facio раблю, раскладваю),
сістэма супадпарадкаваных паняццяў (класаў аб’ектаў) якой-н. галіны ведаў або дзейнасці чалавека, якая выкарыстоўваецца як сродак для ўстанаўлення сувязей паміж гэтымі паняццямі і арыентацыі ў іх разнастайнасці; разбіванне мноства (класа) аб’ектаў на падмноствы (падкласы) па вызначаных адзнаках. Адрозніваюць К. натуральныя (у якасці асновы выкарыстоўваюць істотныя адзнакі, з якіх вынікае максімум вытворных, напр., перыядычная сістэма хім. элементаў) і штучныя, або дапаможныя (выкарыстоўваюць неістотныя адзнакі, напр., алфавітна-прадметныя паказальнікі, імянныя каталогі ў бібліятэках), універсальныя, спецыяльныя, вузкага кола аднародных з’яў і інш. К. — важны сродак захавання і пошуку інфармацыі, садзейнічае руху навукі ад эмпірычнага назапашвання ведаў да тэарэт. абагульненняў, дазваляе рабіць прагнозы адносна яшчэ невядомых фактаў і заканамернасцей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОСЦЬ,
асноўная частка шкілета пазваночных жывёл і чалавека. Развіваецца з эмбрыянальнай злучальнай тканкі — мезенхімы. У састаў К. ўваходзяць касцявая тканка, надкосніца, касцявы мозг, крывяносныя і лімфатычныя сасуды, нервы, часам храстковая тканка. Па форме і будове К. бываюць доўгія (трубчастыя; напр., плечавыя, сцегнавыя), плоскія (шырокія; напр., К. чэрапа) і кароткія (напр., пазванкі). У доўгіх К. адрозніваюць сярэднюю ч. (цела К. — дыяфіз) і 2 канцы (эпіфізы). Паводле характару злучэння К. бываюць нерухомыя (зрашчэнні, або сінартрозы, напр., швы чарапных К.) і рухомыя (суставы, або дыяртрозы, напр., злучэнні К. канечнасцей). З суставамі і звязкамі, якія злучаюць К. паміж сабой, і мышцамі, якія прымацоўваюцца да К. сухажыллямі, К. ўтвараюць апорна-рухальны апарат. Касцявая тканка шкілета ў чалавека амаль поўнасцю перабудоўваецца праз 10 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЙ (ад агульнаслав. краяци — рэзаць),
1) першапачаткова мясцовасць на ўскраіне дзяржавы (адсюль назва), пазней — краіна, вобласць, мясцовасць, вял.геагр. вобласць. Тэрмін ужываецца таксама ў сэнсе радзіма, родны кут (вывучае краязнаўства); як сінонім назвы ўсёй тэр. (Беларусь — Беларускі К.) або асобных яе частак (Палескі К., азёрны К., партызанскі К.).
2) У Расіі 18 — пач. 20 ст. назва ўскраінных тэр. імперыі, якія складаліся з некалькіх губерняў або абласцей пад агульным кіраўніцтвам. Афіцыйна адносілася да Каўказа (Каўказскі К. у 1882—1905) і Туркестана (Туркестанскі К. у 1886—1917). У 19 — пач. 20 ст. тэрыторыя, куды ўваходзілі бел. і літ. губерні, называлася Паўн.-Зах. К.
3) У Расіі з 1924 буйная адм.-тэр. адзінка (Алтайскі, Краснадарскі, Краснаярскі, Прыморскі, Стаўрапольскі, Хабараўскі краі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСАЦЕ́ЛЫ (Calosoma),
род жукоў сям. жужаляў. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. Жывуць на глебе і дрэвах. На Беларусі 4 віды: К. залатаямкавы (C. auropunctatum), К. бронзавы або малы (C. inquisitor), К. пахучы (C. sycophanta) і К. чорны, або даследчык (C. investigator); апошнія 3 віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. 15—35 мм. Цела яркай афарбоўкі, з метал. бляскам. Ніжнія крылы добра развітыя, у горных відаў адсутнічаюць. Драпежнікі; лічынкі і дарослыя жукі знішчаюць вусеняў (1 жук Да 200—300 за лета) і кукалак матылёў, кормяцца таксама інш. насякомымі, малюскамі, дажджавымі чарвямі. Зімуюць у глебе і подсцілцы, жывуць 2—4 гады. Пры небяспецы К. выпырскваюць едкую пахучую вадкасць. У Паўн. Амерыцы К. пахучага разводзяць для барацьбы з няпарным шаўкапрадам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫТЭ́РЫЙ (ад старажытнагрэч. kriterion сродак для суджэння),
адзнака, пакладзеная ў аснову класіфікацыі чаго-небудзь, або на падставе якой праводзіцца ацэнка, вызначэнне якой-небудзь з’явы, прадмета; мера для ацэнкі суджэння. Выступае як сродак праверкі ісціннасці ведаў, дзейнасці людзей і яе вынікаў, норм паводзін і дзеянняў чалавека, асобных сац. груп, этнасац. супольнасцей; іх ацэнка зыходзіць з прынятых у дадзеным грамадстве К. Функцыі асн. К. ісціны, стваральна-творчай дзейнасці людзей выконвае практыка. У навук. сферы К. апіраюцца на фундаментальныя палажэнні тэорыі пазнання і выступаюць як адзнакі ісціннасці або памылковасці тых ці інш. ідэй. У мастацтве К. звязаны з заканамернасцямі развіцця, разуменнем зместу эстэт. і мастацкіх каштоўнасцей і механізма праяўлення мастацка-ацэначнага працэсу. Гл. таксама Верыфікацыя, Дзеянне сацыяльнае, Крытэрый аптымальнасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУМУЛЯТЫ́ЎНЫЯ КА́ЗКІ, ланцужковыя казкі,
група нар. казак са спецыфічнымі кампазіцыйнымі і стылявымі асаблівасцямі, найчасцей казак пра жывёл. Трапляюцца ў рус., бел., укр. і інш. фальклоры. Назва ад лац. cumulare — накопліваць, павялічваць. У іх кампазіцыі — шматлікія нарастаючыя паўторы аналагічных ці падобных дзеянняў, якія канчаюцца завяршэннем казачнага ланцуга падзей (адсюль другая назва — ланцужковыя) у адваротным парадку. Звёны казкі далучаюцца або адно за адным, або кожны раз пры далучэнні новага звяна ранейшыя паўтараюцца. Напр., «Галінка і верабей» (вершаваная апрацоўка М.Танка), «Як курачка пеўніка ратавала», «Пшанічны каласок», «Рэпка», «Звяры ў яме» і г.д.
Літ.:
Пропп В.Я. Кумулятивная сказка // Пропп В.Я. Фольклор и действительность. М., 1976;
Лойтер С.М. О жанровой специфике кумулятивной сказки // Проблемы изучения русского устного народного творчества. М., 1979. Вып. 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРПІ́НСКІ ((Kurpiński) Караль Казімеж) (6.3.1785, Влашакавіцы, Польшча — 18.9.1857),
польскі кампазітар, дырыжор, муз. тэарэтык. Музыцы вучыўся ў бацькі — арганіста Марціна К. З 1810 2-і дырыжор «Т-ра Нарадовы», у 1824—40 1-ы дырыжор і дырэктар «Т-ра Велькі» ў Варшаве. У 1835—40 кіраваў першай польск. Школай муз. і драм. мастацтва. Адыграў значную ролю ў стварэнні нац. оперы. Аўтар больш як 25 опер (усе паст. ў Варшаве), у т. л. «Шарлатан, або Уваскрэсенне з мёртвых», «Ядвіга, каралева Польшчы» (абедзве 1814), «Новыя кракавякі» (1816), «Замак на Чарштыне, або Баямір і Ванда» (1819), аперэт, балетаў, мес, кантат, арк. і камерна-інстр. твораў, арк. і фп. паланэзаў, песень; муз. падручнікаў і артыкулаў па муз. этнаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЙКАЗЛУЧЭ́ННІ,
прадукты аднаўлення многіх арган. фарбавальнікаў.
Звычайна пры пераходзе фарбавальнікаў (напр., трыфенілметанавых, індыгоідных, хінонімінавых, сярністых) у Л. аднаўляюцца экзацыклічныя падвойныя (напр., C=O, C=C) ці дысульфідныя (S—S) сувязі, што прыводзіць да змены характару сувязей у араматычных астачах і, як правіла, колеру. Л. бясколерныя або слабаафарбаваныя, лёгка акісляюцца (многія пад уздзеяннем кіслароду паветра) да зыходных фарбавальнікаў. Воданерастваральныя кубавыя, сярністыя, індыгоідныя фарбавальнікі пры аднаўленні (напр., дытыянітам натрыю Na2S2O4) у шчолачным асяроддзі ўтвараюць солі Л., якія добра раствараюцца ў вадзе або асновах, вызначаюцца павышанай роднасцю да цэлюлозных валокнаў (гл.Кубавыя фарбавальнікі). Устойлівыя да акіслення алкілсульфаты Л. агульнай ф-лы R(OSO3Na)x (дзе R — арган. астача, x = 2—4) выкарыстоўваюць у кубавым фарбаванні. Гл. таксама Індыга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРШ (ад франц. marche шэсце, рух наперад) (ваен.), арганізаванае перамяшчэнне войск у паходных калонах на трансп. сродках, баявых машынах або ў пешым парадку, у т. л. на лыжах. Як правіла, праводзіцца скрытна, пераважна ноччу. Пры арганізацыі М. забяспечваюцца: разведка, ахова, абарона ад зброі масавага паражэння, маскіроўка, інжынернае, тэхн. і тылавое забеспячэнне. М. можа праводзіцца на вял. (больш як 1 сутачны пераход) і малыя адлегласці. М.-кідкі — імклівае перамяшчэнне падраздзяленняў на кароткія дыстанцыі — адначасова з’яўляюцца адной з форм фіз. трэніроўкі ваеннаслужачых. Тэрміны «М.-манеўр» і «фарсіраваны М.» выйшлі з ужытку. У сучасных умовах войскі на М. за суткі здольны прайсці: аўтамаб. калоны да 400 км, змешаныя (танкі, аўтамабілі і інш.) — 300 км, пешым парадкам або на лыжах — 30—50 км.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ ГА́НДАЛЬ,
сукупнасць знешняга гандлю розных краін свету; працэс сусв. гандлю. Зыходныя прынцыпы М.г. сфармуляваў у 1919 шведскі вучоны Э.Ф.Хекшэр, у 1930-я г. развіў яго вучань Б.Олін. Паглыбленне тэарэт. уяўленняў пра М.г. звязана з развіццём у пач. 1950-х г. практычнага эканоміка-матэм. мадэліравання (В.Лявонцьеў, М.Дуглас). На тэарэт. узроўні адрозніваюць аўтаркію (урад краіны стварае такую сістэму абмежаванняў, што знешні гандаль робіцца нявыгадным, настае ізаляцыя краіны ад знешняга свету), і сістэму свабоднага гандлю (адсутнічаюць абмежаванні ў гандлі). Павелічэнне гандл. абмежаванняў, або палітыка пратэкцыянізму, забяспечвае ахову інтарэсаў унутр. вытворцы, а іх зняцце, або лібералізацыя, садзейнічае павелічэнню знешнегандл. абароту краіны і выцясненню неканкурэнтаздольнай прадукцыі імпартнымі таварамі. Выбар форм і спосабаў удзелу краін у М.г. вызначае стратэгію правядзення дзярж. інвестыцыйнай палітыкі.