род кветкавых раслін сям. капуставых. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўропе, Азіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі трапляецца вайда фарбавальная (I. tinctoria). Расце ўздоўж чыгунак як рэдкая занесеная расліна. Культывуецца ў Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом. Лісце суцэльнае, чаргаванае, сядзячае. Кветкі дробныя, жоўтыя, сабраныя ў гронкі. Плод — аднанасенны звіслы пляскаты стручок. Лек. (антыбіятычны і проціцынготны сродак, выкарыстоўваецца супраць хвароб селязёнкі), тэхн. (лісце мае фарбавальнікі — індыга і басму, у насенні да 30% тлустага алею тыпу льнянога), кармавыя і меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНДРО́ЎНЫ ГО́ЛУБ (Ectopistes migratorius),
вымерлая птушка сям. галубіных. Да 1880-х г. быў шматлікі ў лісцевых лясах на УПаўн. Амерыкі (ад Паўд. Канады да Паўн. Караліны). Рабіў пералёты вял. чародамі (да некалькіх мільярдаў асобін). Вынішчаны чалавекам у 1890-я г., бо шкодзіў с.-г. культурам і лесу. Апошні вандроўны голуб загінуў у 1914 у заапарку ЗША.
Даўж каля 30 см, размах крылаў да 65 см. Зграбная птушка з доўгім клінападобным хвастом, зверху шаравата-бурая, знізу карычнявата-чырвоная. Самка больш цёмная. Карміўся пераважна жалудамі, каштанамі, рознымі арэхамі. Зімаваў на Пд ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСТРЫ́ЦЫ (Enterobius),
род чарвей атр. аксіўрыд кл. круглых чарвей. 20 відаў, пашыраны ўсюды. Паразітуюць у кішэчніку чалавека і малпаў. На Беларусі пашырана вастрыца чалавечая (Enterobius vermicularis), паразітуе ў канцавым аддзеле тонкага кішэчніка і ў тоўстым кішэчніку (пераважна ў дзяцей); узбуджальнік энтэрабіёзу.
Цела ў самак даўж. 9—12 мм, самцоў 2—5 мм, белаватае, укрыта кутыкулай. Палаваспелыя самкі выпаўзаюць праз заднепраходную адтуліну, адкладваюць каля яе да 10—12 тыс. яец даўж. каля 0,05 мм і гінуць. Яйцы становяцца інвазійнымі праз 4—6 гадзін. У арганізм трапляюць з ежай, вадой і ў кішэчніку ператвараюцца ў дарослых паразітаў. Жывуць да 1 месяца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРАБЕ́ЙНІК (Lithospermum),
род кветкавых раслін сям. Бурачнікавых. Больш за 60 відаў. Пашыраны пераважна ў краінах Міжземнамор’я. На Беларусі вядомы верабейнік лекавы (Lithospermum officinale), які лічыцца зніклым; адзначаўся ў наваколлі г. Тураў. Вырошчваецца ў Цэнтр.бат. садзе АН Беларусі.
Шматгадовыя шурпатаваласістыя травяністыя расліны з прамастойным, у верхняй ч. злёгку разгалінаваным сцяблом. Лісце простае, сядзячае, ланцэтнае. Кветкі дробныя, двухполыя, белаватыя, у верхавінкавых або бакавых аблісцелых завітках, сабраных у агульнае паўпарасонікападобнае суквецце. Плод — чатырохарэшак. Лек. (мачагонны, слабіцельны і болепатольны сродак), тэхн. (насенне мае тлусты алей, выкарыстоўваецца ў лакафарбавай прам-сці) і фарбавальныя (у каранях ёсць фарбавальнае рэчыва — літаспермін) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РБУНКАШ (венг. verbunkos ад ням. Werbung вярбоўка),
1) венгерскі танец; папярэднік чардаша. Узнік у 2-й пал. 18 ст. У яго аснове — мужчынскі танец вербунк (выконваўся пры вярбоўцы рэкрутаў).
2) Стыль венг.нар. і прафес. музыкі ў канцы 18—19 ст.Муз. асаблівасці звязаны з традыцыяй віртуознага, пераважна цыганскага скрыпічнага выканальніцтва. Вылучаецца эмацыянальнай мелодыкай і рытмічнай разнастайнасцю (узор «Ракацы-марш» невяд. аўтара). Сярод майстроў вербункаша — кампазітары і скрыпачы-віртуозы Я.Біхары, Я.Лавата, А.Чэрмак. Стыль вербункаша ўвасоблены ў творах І.Брамса, Ф.Ліста, Ф.Эркеля, Б.Бартака, З.Кодая і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІБРЫ́СЫ (лац. vibrissae ад vibro калыхаюся, выгінаюся),
доўгія, шорсткія, відазмененыя валасы ў млекакормячых, якія выступаюць над паверхняй шорсткага покрыва і выконваюць ролю дадатковых органаў дотыку. Размяшчаюцца пераважна на пярэдняй частцы галавы (вусы ў кашэчых, т.зв. маржовыя вусы ў цюленяў, маржоў), зрэдку на бруху (у вавёркі), на лапах (у многіх сумчатых), канцы хваста (у крата). Добра развіты ў жывёл, якія вядуць начны (напр., у многіх драпежных, лемураў) або падземны (у кратоў, слепышоў) спосаб жыцця. Інервуюцца больш за звычайныя валасы (напр., у вусатых кітоў у корань вібрыса можа пранікаць да 10 тыс.нерв. валокнаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́КІНГІ,
скандынавы — удзельнікі марскіх гандл. і заваёўніцкіх паходаў у канцы 8 — сярэдзіне 11 ст. ў краіны Еўропы. Напачатку займаліся пераважнагандл. абменам і рабаўніцтвам. У 10 ст. ўзніклі трывалыя дружыны вікінгаў, якія на мяжы 10 і 11 ст. ўвайшлі ў дзярж. механізм скандынаўскіх дзяржаў, што ў той час складваліся. Як сац. група вікінгі зніклі ў 11 ст. ў сувязі са стабілізацыяй феад. дзяржаў, умацаваннем гарадоў і купецтва, якое супрацьстаяла вікінгам. У Зах. Еўропе вікінгаў называлі нарманамі, на Русі — варагамі.
Судна вікінгаў. Рэканструкцыя паводле рэшткаў судна з кургана ў Гокстадзе (Нарвегія, 9 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЛЬДЭ ((Vilde) Эдуард) (4.3.1865, Сімуна Ракверэскага р-на, Эстонія — 26.12.1933, эстонскі пісьменнік. У 1875—82 вучыўся ў Таліне. З 1883 журналіст у эст. і ням. газетах. У 1906—17 у эміграцыі (Германія, Швейцарыя, ЗША, Данія). Раннія творы — бытавыя, пераважна гумарыстычныя, апавяданні-фельетоны. Аўтар гіст. трылогіі «Вайна ў Махтра» (1902),
«Калі сяляне з Анія наведалі Талін» (1903), «Прарок Мальтсвет» (1905—08) пра сял. рух 1850—60-х г. у Эстоніі. Псіхал. раман «Малочнік з Мяэкюлы» (1916), апавяданні і нарысы (зб. «Усмешкі», 1913), драма «Няўлоўны цуд» (1912), камедыя «Дамавік» (1913) і інш. вызначаюцца драматызмам канфліктаў, напружанасцю дзеяння, эмацыянальнасцю мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ МУЗЫ́ЧНА-ДРАМАТЫ́ЧНЫ ГУРТО́К.
Існаваў у 1906—14 у Віцебску. Меў на мэце садзейнічаць развіццю ў горадзе муз. і драм. мастацтва. Сярод арганізатараў кампазітар і педагог М.Анцаў. Гурток аб’ядноўваў 150 прадстаўнікоў мясц. інтэлігенцыі. Уключаў муз. і драм. секцыі. За сезон (з кастр. да мая) праводзілася 20—30 муз. і тэатр. вечароў, пераважна праграмных. Муз. секцыя мела ў сваім складзе квартэт і сімф. аркестр. Выконваліся творы А.Моцарта, Л.Бетховена, М.Глінкі, П.Чайкоўскага, С.Рахманінава, Ф.Шапэна, арыі з опер Ж.Бізэ, рамансы Р.Шумана, А.Грачанінава. Драм. секцыя ставіла вадэвілі і камедыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ТЭА́ТР РЭВАЛЮЦЫ́ЙНАЙ САТЫ́РЫ, Віцебскі тэрэўсат,
агітацыйна-прапагандысцкі тэатр мініяцюр у 1919—20. Створаны па ініцыятыве паэта-сатырыка «Вокнаў РОСТА» Віцебска М.Пустыніна. Кіраўнік М.Разумны. Спектаклі ставіў і рэж. А.Сумарокаў, афармляў мастак М.Шагал. У праграме — аднаактовыя агітп’есы, сатыр. сцэнкі на міжнар. тэмы, палітсатыры, пародыі, куплеты, частушкі, інсцэніраваныя плакаты «Вокнаў РОСТА» (т.зв. тантамарэскі, ці жывыя плакаты), дэкламацыі, танцы, харавыя выступленні, паказы Пятрушкі з жывымі акцёрамі-лялькамі. Тэатр выступаў пераважна на канцэртах-мітынгах для рабочых і чырвонаармейцаў. У 1920 асн. склад трупы пераведзены ў Маскву, дзе на яго аснове створаны Маскоўскі т-ррэв. сатыры.