АЛКАЛО́ІДЫ (ад позналац. alcali шчолач + грэч. eidos від),

група прыродных азотазмяшчальных злучэнняў, пераважна расліннага паходжання. Адкрыты ў пач. 19 ст.

Першы выдзелены морфій (марфін) з опію (1806), потым стрыхнін і бруцын, хінін і цынханін, кафеін, нікацін, атрапін і інш. У аснове будовы малекул алкалоідаў ляжыць гетэрацыкл ядра пірыдзіну, піралідзіну, імідазолу, аўрыну і інш. У залежнасці ад будовы алкалоіды класіфікуюць на групы: пірыдзіну (лабелін, нікацін, каніін), трапану (атрапін, какаін), хіналізідзіну (лупінін, цытызін) і інш.

Вядома некалькі тысяч алкалоідаў, з іх у жывёл толькі каля 50. Найб. багатыя алкалоідамі расліны з сям. бабовых, макавых, паслёнавых, казяльцовых, астравых, лебядовых. Колькасць алкалоідаў у тканках раслін звычайна вымяраецца долямі працэнта, рэдка дасягае 10—15% (кара хіннага дрэва). Асобныя алкалоіды спецыфічныя для пэўных родаў і сямействаў раслін, што з’яўляецца іх дадатковай сістэматычнай прыкметай. Лакалізуюцца алкалоіды ў органах раслін, напр., у хіннага дрэва ў кары, у аканіта ў клубнях, у какаінавага дрэва ў лісці. Многія з алкалоідаў у вял. дозах — моцныя яды, у малых — лек. рэчывы (шырока выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай прам-сці, напр., атрапін, новакаін, кадэін, папаверын, хінін і інш.). Арганізм чалавека і жывёл яны ўзбуджаюць (кафеін, стрыхнін) або паралізуюць (марфін, рэзерпін). Некаторыя алкалоіды выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы супраць шкоднікаў раслін (напр., анабазін, нікацін і іх сернакіслыя солі) і ў эксперым. біялогіі для вывядзення новых формаў с.-г. раслін (напр., калхіцын).

Літ.:

Орехов А.П. Химия алкалоидов растений СССР. М., 1965;

Мироненко А.В. Метады определения алкалоидов. Мн., 1966;

Лукнер М. Вторичный метаболизм у микроорганизмов, растений и животных: Пер. с англ. М., 1979.

т. 1, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДКО́РМ сельскагаспадарчых жывёл,

тэхналагічны працэс у прамысл. жывёлагадоўлі, які забяспечвае атрыманне найб. колькасці высакаякаснага мяса за адносна кароткі перыяд. Адкормліваюць буйную рагатую жывёлу, свіней, авечак, трусоў, а таксама птушак. Віды адкорму залежаць ад патрабаванняў да мясной прадукцыі.

У гадоўлі буйной рагатай жывёлы найб. пашыраная і эфектыўная тэхналогія атрымання высакаякаснай маладой ялавічыны — адкорм маладняку з 6—8-месячнага ўзросту да 15—20 мес, калі жывёла дасягае жывой масы 400—480 кг і больш. Сярэднясутачныя прыбаўкі ў вазе на адкорме 800—1200 г і больш. Затраты корму на 1 кг прыбаўкі ў вазе 8—11 кармавых адзінак. Тыпы адкорму ў свінагадоўлі: мясны (пераважае), беконны і адкорм да тлустых кандыцыя. На мясны адкорм ставяць парасят масай 15—16 кг ва ўзросце 2,5 мес, заканчваюць у 7—7,5 мес пры масе 100—110 кг (таўшчыня сала супраць 6—7-га рэбраў 1,5—4 см). Сярэднясутачны прырост складае 500—600 г, затрата корму на 1 кг прыбаўкі ў вазе 4,5—5 кармавых адзінак. Удзельная вага канцэнтратаў у рацыёнах 60—80%, сакаўных кармоў — 15—25%. У авечкагадоўлі найб. эфектыўны адкорм маладняку мяса-воўнавых парод і мяшанцаў ад прамысл. скрыжавання матак танкарунных парод з баранамі мяса-воўнавых паўтанкарунных парод. Пачынаюць пасля адымання ягнят ад матак, заканчваюць у 7—8-месячным узросце. У птушкагадоўлі пераважае спец. адкорм бройлераў і птушак, вылучаных з розных гасп. груп (рамонтнага маладняку, бацькоўскага статка ва ўзросце 2—6 мес і выбракаванай птушкі). Тэрмін адкорму 15—25 сутак, расход корму на 1 кг прыбаўкі ў вазе 6—9 кармавых адзінак.

т. 1, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫКО́ЎСКІ (Ігнацій Якса) (1750, в. Пяцеўшчына Мінскага р-на — 1819),

філосаф, пісьменнік, перакладчык. Пісаў на польскай мове. Вучыўся ў езуітаў у Мінску, з 1765 у піяраў у Віцебску разам з паэтам Ф.Д.Князьніным. У 1772—75 служыў у рус. арміі, ваяваў супраць туркаў. Пасля 1778 жыў у в. Воўчын (Камянецкі р-н), у Мінску, в. Хільчыцы (Жыткавіцкі р-н). У філас. трактатах «Праблема, прапанаваная для вырашэння...» (Мн., 1790), «Сялянскі роздум» (Вільня, 1799) у духу франц. Асветніцтва ўзняты этычныя і эстэт. пытанні. Асобныя палажэнні сугучныя з ідэямі франц. матэрыялістаў. Выдаў «Верш на імператара Паўла...» (Вільня, 1799). Як пісьменнік-сентыменталіст сфарміраваўся пад уплывам Князьніна, Ф.Карпінскага, з якімі сябраваў, а таксама С.​Геснера і Э.​Юнга. Аўтар паэт. зб-каў «Вясковыя вечары» (ч. 1—2, 1787—88), «Вершы» (1798), паэмы «Вясковыя ночы» (1788), аповесці «Клаўдзіна» (1799), успамінаў «Жыццё Ігнація Быкоўскага...» (1806) і інш. Асветніцкім гуманізмам прасякнуты твор Быкоўскага «Жыццё Зараастра, ці Паходжанне гвебраў». У трагедыі «Саул» асуджаў жорсткасць і амаральнасць некаторых персанажаў Бібліі. Паэтычна-экзістэнцыяльным жалем аб загубленым жыцці прасякнуты радкі аўтабіяграфіі Быкоўскага «Жыццё...» (засталася ў рукапісе). Пераклаў на польск. мову творы А.​Сумарокава («Мсціслаў», 1788), Вальтэра, Ж.​Мармантэля і інш. Выдаў некаторыя арыгінальныя і перакладныя кнігі: «рускі раман» А.​Канстана д’Арвіля «Эма і Лемазаў» (Гродна, 1787), «Батмендзі, персідская аповесць» К.​Фларыяна (Мн., 1790), «Сцежка да шчасця, мала каму вядомая» (Гродна, 1803) і інш.

Літ.:

Дорошевич Э.К. Философия эпохи Просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;

Mikulski T. Ze studiów nad Oswieceniem. Warszawa, 1956. S. 461—516.

А.​В.​Мальдзіс, Э.​К.​Дарашэвіч.

т. 3, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЫ́НІЦКІЯ АПЕРА́ЦЫІ 1943,

наступальныя баі Магілёўскага партыз. злучэння супраць сістэмы ням.-фаш. гарнізонаў у Бялыніцкім, Быхаўскім, Бярэзінскім, Кіраўскім, Клічаўскім р-нах з мэтай іх знішчэння; найбольшыя аперацыі партыз. злучэнняў у тыле ворага на тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну.

У выніку 1-й аперацыі, праведзенай у ноч на 13 крас. партызанамі 2-й і 5-й Клічаўскіх, 3-й Бярэзінскай і 6-й Магілёўскай брыгад, адначасова разгромлены гарнізоны ў в. Бахань, Глыбокі Брод, Дручаны, Журавок, Забавы, Заполле, Макаўка, Сямікаўка. У выніку 2-й аперацыі, праведзенай у ноч на 28 жн. байцамі 209-га партыз. палка імя Сталіна, асобных атрадаў 12, 28, 36, 113, 121, 122-га «За Радзіму», 152, 277, 425, 810-га ў трохвугольніку в. Паплавы — чыг. ст. Тошчыца — г.п. Бялынічы, разгромлены гарнізоны ў в. Вяшэўка і Шавярнічы, зроблены напады на ўмацаваныя гарнізоны ў в. Арэшкавічы, Гарэнічы, Падсёлы, Паплавы, ст. Нясета і Тошчыца; адначасова пасля сустрэчнага бою з партызанамі была правалена гітлераўская карная аперацыя «Іваноў». 3-ю аперацыю ў ноч на 11 вер. правялі 208-ы партыз. полк імя Сталіна і 27 атрадаў Бялыніцкай, Бярэзінскай, Быхаўскай, Клічаўскай, Круглянскай, Магілёўскай і Шклоўскай ваенна-аператыўных груп (больш за 4 тыс. чал.). Партызаны разграмілі гарнізоны ў Бялынічах (займаў ключавое становішча), каля мастоў цераз р. Друць і Аслік, у в. Малая і Вял. Машчаніца, Дашкаўка, Галоўчын, Алешкавічы, Пушча, ваен. гарадку ў в. Салтанаўка і інш.

У выніку Бялыніцкіх аперацый партызаны амаль поўнасцю вызвалілі Бялыніцкі р-н (акрамя Бялынічаў), на некалькі сутак вывелі са строю ўчасткі чыг. лініі Магілёў—Жлобін і шашы Магілёў—Мінск.

т. 3, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ТАН-ДУБЕ́ЙКАЎСКІ (Дубяйкоўскі) Лявон Іванавіч

(19.7.1869 ці 1867, в. Дубейкава Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 6.11.1940),

бел. архітэктар, будаўнік, педагог, паэт. Скончыў Мсціслаўскае гар. вучылішча, Школу буд. рамёстваў у Варшаве, Акадэмію архітэктуры ў Парыжы (1909). У 1903 здаў экзамен на званне інжынера-будаўніка пры Пецярбургскім ін-це цывільных інжынераў. У 1897 адкрыў буд. кантору ў Смаленску. З 1910 працаваў у Варшаве, выкладаў у Тэхн.-прамысл. школе (1912—15), працаваў у створаным ім уласным бюро. У час 1-й сусв. вайны займаўся буд-вам на Полаччыне і ў Арле (Расія). Удзельнічаў у бел. нац.-культ. руху: спрыяў дзейнасці клуба «Беларуская хатка», чытаў лекцыі на бел. настаўніцкіх курсах у Вільні і Гродне (1919). З 1922 займаўся арх.-буд. работамі ў Вільні, быў дырэктарам Мулярскай школы (1925—29). Сярод работ: цэрквы ў г. Манастыршчына і Ярцава (Смаленская вобл.), скарбніца ў г. Вязьма. Аднаўляў касцёлы ў Оршы, Мсціславе, Крычаве, вёсках Смаляны Аршанскага і Свіслач Асіповіцкага р-наў; спраектаваў царкву ў Відзах (1922), Дрысвяцкі Петрапаўлаўскі касцёл, мноства розных пабудоў у Вільні і на Віленшчыне. Аўтар працы «Эвалюцыя і рэформа драўлянага будаўніцтва» (засталася ў рукапісе). Аўтар сац.-вострых твораў, скіраваных супраць вайны і салдатчыны, антыгуманных сац. умоў, што раз’ядноўваюць людзей з радзімай: байка «Цягне воўк — пацягнуць воўка!», вершы «Бура», «Кракаў воран на бярозе...», «Голас з чужой стараны» і інш. Склаў зборнік бел. прыказак (у рукапісе). Пахаваны ў Вільні на могілках Роса. Рукапісы яго твораў захоўваюцца часткова ў Мінску, Вільні, Нью-Йорку.

Літ.:

Vitan K. Lavon-Vitan-Dubiejkauski: da 85 uhodkau naradżeńnia. New York, 1954.

В.​В.​Гліннік.

Л.І.Вітан-Дубейкаўскі.

т. 4, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ КНЯ́СТВА,

феадальнае княства, якое вылучылася з Полацкага княства пасля смерці Усяслава Брачыславіча (1101). Цэнтр — г. Віцебск. У 1130—40-я г. належала, верагодна, полацкаму кн. Васільку Святаславічу, потым полацкім князям Васількавічам, з 1165 — Давыду Расціславічу, у 1170-я г. — Усяславу Васількавічу. У пач. 1180-х г. належала Брачыславу Васількавічу і выйшла з-пад уплыву Смаленска. З 1186 Віцебскае княства зноў пад уплывам Смаленска, што выклікала незадаволенасць полацкіх і чарнігаўскіх князёў, якія ў 1195 выступілі супраць смаленскіх князёў, у выніку Віцебск трапіў пад уладу Полацка. У пач. 13 ст. Віцебскае княства зблізілася з Уладзіміра-Суздальскім княствам. У 1220—30-я г. яно падпарадкоўвалася полацкаму кн. Брачыславу. У 1229, верагодна, знаходзілася пад паліт. уплывам Смаленска, князь якога Мсціслаў падпісаў пагадненне з Рыгай ад імя полацкага і віцебскага князёў. У 1262 віцебскі кн. Канстанцін з наўгародцамі ўдзельнічаў у паходзе на Юр’еў. У 1263—65 княства залежала ад полацкіх князёў Гердзеня, потым Ізяслава, які быў васалам новагародскага кн. Войшалка. У 1280 Віцебскае княства ўпамінаецца як тэрыторыя, залежная ад смаленскага кн. Фёдара Расціславіча. У канцы 13 — пач. 14 ст. тут княжыў Міхаіл Канстанцінавіч, каля 1318 — Яраслаў. Пасля смерці Яраслава (1320) віцебскім князем стаў яго зяць Альгерд, пасля смерці апошняга з 1377 Віцебскае княства належала яго ўдаве Ульяне. Пасля смерці Ульяны (каля 1393) вял. кн. ВКЛ Вітаўт скасаваў Віцебскае княства і накіраваў у Віцебск намесніка. Малодшы сын Альгерда Свідрыгайла хацеў аднавіць княжанне і ўзняў мяцеж, які падтрымалі Орша і Друцк. Мяцеж быў задушаны, а Віцебскае княства ператворана ў намесніцтва. У пач. 16 ст. на тэр. Віцебскага княства ўтворана Віцебскае ваяводства.

Л.​У.​Калядзінскі.

т. 4, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІ САЦЫЯ́Л-ДЭМАКРАТЫ́ЧНЫ КАМІТЭ́Т БУ́НДА,

арганізацыя Усеагульнага яўр. рабочага саюза ў Літве, Польшчы, Расіі (гл. Бунд) у Віцебску ў 1897—1921. Створаны на аснове прафес. (цэхавых) стачачных кас. У 1903 уваходзіў у РСДРП. Спачатку не ставіў паліт. і сацыяліст. мэт і задач, дзейнасць абмяжоўваў эканам. патрабаваннямі. Паліт. агітацыю пачаў у 1900 у сувязі з рэпрэсіямі ўлад у адносінах да ўдзельнікаў рабочага руху. Садзейнічаў разгортванню с.-д. агітацыі ў суседніх павятовых гарадах і мястэчках. У рэвалюцыю 1905—07 узаемадзейнічаў з Віцебскай арганізацыяй РСДРП, з прадстаўнікоў к-та і арг-цыі РСДРП быў створаны Віцебскі кааліцыйны камітэт, які кіраваў рэв. рухам у горадзе. У 1906 і 1907 дэлегаты к-та ўдзельнічалі ў рабоце IV і V з’ездаў РСДРП. Летам 1907 к-т разгромлены, увосень 1908 адноўлены, яго дзейнасць засяродзілася на арганізацыі дробных эканам. стачак. У пач. 1914 створана Віцебская аб’яднаная арг-цыя РСДРП і Бунда, якая 11.5.1914 ліквідавана паліцыяй. У сак. 1917 арг-цыя адноўлена, у маі 1917 налічвала 650 чал. Прадстаўнікі Бунда разам з меншавікамі занялі кіруючыя пасады ў Віцебскім Савеце рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Кастр. рэвалюцыю к-т сустрэў варожа. У канцы 1917 — пач. 1918 удзельнічаў у выбарах на ўсерас. яўр. з’езд, выступаў супраць роспуску Устаноўчага сходу. На пач. 1919 уплыў арг-цыі ў Віцебску паменшыўся. У канцы 1919 к-т раскалоўся. Правыя бундаўцы пайшлі на саюз з мясц. сіянісцкай рабочай арг-цыяй. Частка левых бундаўцаў уступіла ў РКП(б). У 1921 к-т самаліквідаваўся.

П.​К.​Башко, М.​В.​Біч, Э.​М.​Савіцкі.

т. 4, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДУ́К (Мікола) (Мікалай Раманавіч; н. 29 5.1933, в. Кабылянка Беластоцкага ваяв., Польшча),

бел. пісьменнік, краязнавец, фалькларыст. Засл. дз. культуры Польшчы (1986). Скончыў БДУ (1959). У 1959—64 выкладчык бел. і рус. моў і літаратур, лац. мовы, у 1965—71 дырэктар Бельскага бел. ліцэя. У 1971—88 у штотыднёвіку «Ніва» (Беласток). Друкуецца з 1957. Працуе ў жанрах апавядання, эсэ, нарыса, выступае як публіцыст і крытык. Выдаў зб. вершаў і перакладаў «Ціш» (Беласток, 1988). Шмат увагі аддае гіст. тэматыцы. Барацьба нашых продкаў з татарамі і крыжакамі, эпоха Усяслава Чарадзея і Вітаўта, Давыда Гарадзенскага, Міндоўга, Ягайлы, напад Батыя і жыццё яцвягаў, заснаванне Бельска і змаганне супраць каталіцкай экспансіі, паўстанне 1863—64 на Беласточчыне і інш. — асн. тэмы кніг гіст. эсэ і апавяданняў «Трызна» (Мн., 1991), «Паратунак» (Мн., 1993). Апубл. каля 700 уласных запісаў бел. нар. песень з нотамі, краязнаўчы слоўнік Беласточчыны, сабраны і апрацаваны ім зб. казак і легенд «Аб чым шуміць Белавежская пушча» (Беласток, 1982). На польск. мове выдаў «Белавежскія паданні» (Беласток, 1990). Аўтар публіцыст. і крытычных артыкулаў, краязн. нарысаў, бел. падручнікаў для школ у Польшчы. Даследуе бел.-польскія культ. сувязі, бел. нар. каляндарна- і сямейна-абрадавую паэзію. Пераклаў на бел. мову кн. Калеві Касаля «Праваслаўныя набажэнствы, таінствы і звычаі» (Беласток, 1992), вершы польскіх паэтаў Л.​Падгорскага-Аколава, Ц.​Абрамовіча, Е.​Плютовіча, Т.​Маславецкага, А.​Казлоўскай і інш., з лац. — М.​К.​Сарбеўскага. Складальнік зб. «Храм і верш: Праваслаўныя святыні Усходняй Польшчы і беларуская духоўная паэзія» (Беласток, 1993).

Тв.:

Белавежскія быліцы і небыліцы: Легенды, паданні. Мн., 1996;

Рус. пер. — Брестская уния 1596. Мн., 1996.

І.​У.​Саламевіч.

т. 4, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЫБА́ЛЬДЗІ ((Garibaldi) Джузэпе) (4.7.1807, г. Ніцца, Францыя — 2.6.1882),

нацыянальны герой Італіі, адзін з гал. дзеячаў Рысарджымента. Генерал (1849). З 14-гадовага ўзросту плаваў на караблі бацькі, потым служыў на флоце Сардзінскага каралеўства (П’емонта). У 1832 пазнаёміўся з Дж.Мадзіні. За ўдзел у падрыхтоўцы паўстання мадзіністаў у Генуі завочна прыгавораны да пакарання смерцю (1834). Эмігрыраваў у Паўд. Амерыку. У Браз. імперыі ўдзельнічаў у барацьбе рэспубліканцаў з манархістамі (узначальваў флатылію паўстанцаў рэспублікі Рыу-Гранды), у т.зв. Вялікай вайне 1839—52 Аргенціны супраць незалежнага Уругвая ў складзе уругвайскіх войск камандаваў італьян. легіёнамі. Вярнуўся ў пач. Рэвалюцыі 1848—49 у Італіі. На чале атрадаў валанцёраў удзельнічаў у аўстра-італьян. вайне 1848—49. Ініцыятар стварэння Рымскай рэспублікі 1849. Пасля яе падзення, не здолеўшы прабіцца на дапамогу Венецыі, з вял. стратамі дасягнуў П’емонта, адкуль высланы ўладамі. З 1849 жыў у Амерыцы. У 1854 вярнуўся ў Італію. У час Аўстра-італа-франц. вайны 1859 камандаваў добраахвотніцкім корпусам альпійскіх егераў. У час Рэвалюцыі 1859—60 у Італіі ўзначальваў паход «Тысячы». На чале корпуса добраахвотнікаў удзельнічаў у аўстра-італьян. вайне 1866. У 1862 і 1867 намагаўся ўзбр. шляхам вызваліць Рым ад панавання папы. Па просьбе часовага рэв. ўрада Францыі ўзначаліў Вагезскую армію ў франка-прускую вайну 1870—71. Пасля 1871 жыў на в-ве Капрэра, дзе і памёр Яго імем наз. батальён італьян. інтэрнацыяналістаў, які ўдзельнічаў у Іспанскай рэвалюцыі 1931—39 (гл. Гарыбальдзі батальён), і італьян. партыз. атрады ў 2-ю сусв. вайну (гл. Гарыбальдзійскія брыгады).

Тв.:

Рус. пер. — Мемуары. М., 1966.

У.​Я.​Калаткоў.

Дж.Гарыбальдзі.

т. 5, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛГУДЫ,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ, род герба «Дзялоша». Упершыню згадваюцца ў канцы 16 ст. Найб. вядомыя:

Бальцар, родапачынальнік, у 1621 валодаў Гелгудзішкамі ў Расіенскім пав. Андрэй Казімір (?—1711), сын Бальцара. Каралеўскі сакратар, падстолі жмудскі (1668), пісар вял. літоўскі (1673). Неаднаразова выбіраўся дэпутатам сейма. У час міжусобіц 2-й пал. 17 ст. прыхільнік караля Міхала Вішнявецкага, належаў да групоўкі канцлера ВКЛ К.​Паца. Міхал, сын Антонія, дэпутат Трыбунала ВКЛ (1781), саветнік дэпартамента фінансаў Пастаяннай Рады Рэчы Паспалітай (1786), пісар польны літоўскі (1790). Прыхільнік Таргавіцкай канфедэрацыі, з чэрв. 1792 яе саветнік у Жмудзі. Маршалак дворны ВКЛ (апошні, ліп. 1793). Ігнацы (? — 13.5.1807), дэпутат Чатырохгадовага сейма 1788—92, ротмістр нац. кавалерыі і стражнік ВКЛ у 1789—93. Належаў да Згуртавання сяброў канстытуцыі 3 мая 1791. Удзельнік паўстання 1794, 24.4.1794 абраны ў Найвышэйшую Літоўскую раду. У 1806—07 удзельнічаў у арганізацыі польскіх узбр. фарміраванняў у складзе напалеонаўскага войска, камандаваў дывізіяй, генерал-лейтэнант. Антоні (1792—13.7.1831), сын Міхала, генерал. У 1812 уласным коштам сфарміраваў полк пяхоты і быў прызначаны яго камандзірам у чыне палкоўніка. Ваяваў у складзе корпуса Варшаўскага княства супраць рас. арміі ў 1812 і 1813. Служыў у арміі Каралеўства польскага, генерал брыгады (1818). Удзельнік паўстання 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве. 25.2.1831 атрымаў чын генерала дывізіі. На чале дывізіі дзейнічаў у Жмудзі, падтрымліваючы атрад ген. Д.Хлапоўскага. 19.6.1831 часткай сваіх сіл няўдала атакаваў Вільню, пасля пацярпеў некалькі паражэнняў у Жмудзі. 13.7.1831 атрады Гелгуда і Хлапоўскага перайшлі граніцу з Прусіяй, дзе былі інтэрніраваны. Западозраны ў здрадзе, Гелгуд застрэлены капітанам С.​Скульскім.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 5, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)