ТАРЭ́З (Thorez) Марыс (28.4.1900, г. Нуаель-Гадо, Францыя — 11.7.1964),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Да 1920 працаваў парабкам, шахцёрам. Камуніст з 1920. Чл. ЦК (з 1924), Палітбюро ЦК (з 1925), ген. сакратар (1930—64), старшыня (1964) Франц. камуніст. партыі. Чл. Выканкома (1928—43) і Прэзідыума Выканкома (1935—43) Камуністычнага Інтэрнацыянала. З 1932 дэп. франц. парламента. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў антыфаш. Народнага фронту ў Францыі (1935—38). У 1940—44 жыў у СССР, адзін з арганізатараў руху Супраціўлення ў Францыі ў 2-ю сусв. вайну. Пасля вяртання на радзіму чл. Часовай кансультатыўнай асамблеі (1944—45), дэп. Устаноўчага сходу (1945—46), дэп. Нац. сходу (з ліст. 1946). У 1945—47 міністр без партфеля, віцэ-старшыня Савета міністраў Францыі. Працы па пытаннях рабочага і дэмакр. руху.

т. 15, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́ЎГЕНЬ Алег Ігнатавіч (н. 6.10.1962, г. Валожын Мінскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1993), праф. (1995). Чл. кар. Бел. акадэміі адукацыі (1997). Скончыў БДУ (1984). З 1984 у Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі. З 1992 у Ін-це павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кіруючых работнікаў і спецыялістаў адукацыі (прарэктар). З 1999 у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі (прарэктар; з 2000 рэктар). Адначасова з 1991 у БДУ (з 1998 заг. кафедры). Навук. працы па алгебры, методыцы выкладання матэматыкі, праблемах інфарматызацыі адукацыі. Распрацаваў камбінаторныя метады ў тэорыі лінейных груп. Вырашыў праблему Гратэндыка аб праканечных папаўненнях груп. Аўтар падручнікаў і навучальных дапаможнікаў для сярэдняй школы.

Тв.:

Алгебра. 4 выд. Мн., 1997 (у сааўт.);

Методы решения задач по математике: В 2 т. Т. 1. Мн., 2000 (разам з Ан.І.​Таўгенем).

М.​П.​Савік.

т. 15, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАФІМУ́К Андрэй Аляксеевіч (16.8.1911, в. Хветкавічы Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 1999),

расійскі геолаг. Акад. АН СССР (1958, чл.-кар. 1953).

Герой Сац. Працы (1944). Скончыў Казанскі ун-т (1933). З 1953 ва Усесаюзным нафтагазавым НДІ (з 1955 дырэктар). З 1957 дырэктар Ін-та геалогіі і геафізікі Сіб. аддз. АН СССР, з 1958 нам. старшыні Сіб. аддз. АН СССР, з 1963 чл. прэзідыума АН СССР. З 1988 саветнік прэзідыума АН СССР. Навук. працы па тэктоніцы і нафтагазаноснасці Волга-Уральскага нафтагазаноснага басейна і нафтагазаноснасці Д. Усходу. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1950. Дзярж. прэмія Рас. Федэрацыі 1994.

Тв.:

Нефтеносность палеозоя Башкирии М.; Л., 1950;

Миграция рассеянных битумоидов. Новосибирск, 1971 (разам з У.​С.​Вышамірскім, А.​Э.​Кантаровічам);

Геология нефти и газа Западаой Сибири. М., 1975 (у сааўт.).

А.А.Трафімук.

т. 15, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

У́ЛЬБРЫХТ (UIbricht) Вальтэр (30.6.1893, г. Лейпцыг, Германія — 1.8.1973),

германскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1912 чл. С.-д. партыі Германіі, з 1919 чл. Камуніст. партыі Германіі (КПГ). З 1927 чл. ЦК, з 1935 чл. палітбюро КПГ. У 1926—28 дэп. ландтага Саксоніі, у 1928—33 — рэйхстага. У 1933 эмігрыраваў у Францыю. У час грамадз. вайны ў Іспаніі, у 1936—38 паліт. камісар інтэрнац. брыгад. З 1938 у СССР. Адзін з заснавальнікаў антыфаш. Нацыянальнага камітэта «Свабодная Германія» (1943). У 1946—50 нам. старшыні Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі (САПГ). У 1949—60 нам. прэм’ер-міністра Герм. Дэмакр. Рэспублікі (ГДР). У 1950—71 ген. сакратар САПГ (з 1953 1-ы сакратар ЦК). У 1960—73 старшыня Дзярж. савета, адначасова да 1971 і старшыня Нац. савета абароны ГДР.

т. 16, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УРБАНО́ВІЧ Іосіф Паўлавіч (3.4.1907, в. Шэйпічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. — 20.7.1944),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў антыфаш. падполля і партыз. руху ў Брэсцкай вобл. ў Вял. Айч. вайну. У 1924—29 вучыўся ў Віленскай бел. гімназіі, потым у партшколе ЦК КПЗБ. Чл. КПЗБ з 1928. З 1930 сакратар Баранавіцкага, Брэсцкага акр. к-таў КПЗБ. У 1932—34 за рэв. дзейнасць зняволены ў турму. З 1939 старшыня Ружанскага пасялковага Савета. У Вял. Айч. вайну са жн. 1941 у тыле ворага: адзін з арганізатараў раённых антыфаш. арг-цый, сакратар Ружанскага раённага антыфаш. к-та, ініцыятар стварэння, з 1942 сакратар Брэсцкага міжраённага «Камітэта барацьбы з нямецкімі акупантамі»; у чэрв.—ліп. 1943 камандзір партыз. брыгады імя П.​К.​Панамарэнкі Брэсцкай вобл. Загінуў пры выкананні службовых абавязкаў.

І.П.Урбановіч.

т. 16, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЙНІ́ЦКІ Іван Якаўлевіч (10.9.1847, г. Гомель — 13.9.1913),

расійскі юрыст-крыміналіст; прадстаўнік сацыялагічнай школы крымінальнага права. Д-р крымін. права і праф. (1881). Вучыўся ў Чарнігаўскай і Магілёўскай гімназіях. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1868) і працаваў у ім, з 1871 дацэнт. Камандзіраваны за мяжу, слухаў лекцыі ў Берліне, Лейпцыгу, Вене, Парыжы, наведваў месцы зняволення. З 1873 выкладаў у Пецярб. ун-це крымін. права і турмазнаўства; ініцыятар заснавання пры ун-це юрыд. т-ва, аўтар яго статута; з 1897 дэкан юрыд. ф-та. З 1889 чл. Міжнар. саюза крымін. права, да 1905 узначальваў у ім рус. групу. З 1876 таварыш обер-пракурора, з 1900 сенатар крымін. касацыйнага дэпартамента Сената. Адзін з ініцыятараў стварэння ў Расіі асобных судоў для малалетніх.

Тв.:

Курс уголовного судопроизводства. Т. 1—2. СПб., 1996.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 16, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХМЫЛЬ Аляксандр Аляксандравіч (н. 10.3.1942, г. Баброў Варонежскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі мікра- і радыёэлектронікі. Д-р тэхн. н. (2001), праф. (1992). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1964). З 1965 на Мінскім прыборабуд. з-дзе. З 1967 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (з 1995 дэкан ф-та, з 2000 прарэктар). Навук. працы па тэхналогіі вытв-сці вырабаў электроннай тэхнікі. Распрацаваў метады атрымання матэрыялаў мікраэлектронікі з зададзенымі ўласцівасцямі, прынцыпы пабудовы праграмна-кіравальнага абсталявання, высокаэфектыўныя рэсурсазберагальныя тэхнал. працэсы. Аўтар падручнікаў для ВНУ. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Тв.:

Технология и автоматизация производства радиоэлектронной аппаратуры. М., 1989 (у сааўт);

Технология производства ЭВМ. Мн., 1994 (разам з А.​П.​Дастанкам, М.​І.​Пікулем);

Технология и техника прецизионного лазерного модифицирования твердотельных структур. Мн., 2002 (у сааўт.).

т. 17, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЖА́О ЦЗЫЯ́Н (н. 17.10.1919, Пав. Хуа, прав. Хунань, Кітай),

кітайскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1950 па адказных пасадах у Паўд.-кіт. бюро ЦК Камуніст. партыі Кітая (КПК).З 1965 1-ы сакратар Гуандунскага правінцыяльнага к-та КПК. У час «культурнай рэвалюцыі» пацярпеў ад парт. чысткі і накіраваны па «перавыхаванне» ў вёску (1967—71); з 1971 зноў на парт. рабоце, у 1975 рэабілітаваны, з 1975 1-ы сакратар Сычуаньскага правінцыяльнага к-та КПК, набыў вядомасць эканам. рэформамі ў сельскай гаспадарцы. Чл. Палітбюро (1979—89), Пастаяннага к-та Палітбюро (1980—89) ЦК КПК. У 1980—88 старшыня Дзярж. савета Кітая. З ліст. 1987 ген. сакратар ЦК КПК. Садзейнічаў паляпшэнню адносін з СССР. У чэрв. 1989 зняты з усіх пасад за няздольнасць спыніць студэнцкія выступленні ў Пекіне.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКЛС (Eccles) Джон Кэр’ю (27.1.1903, г. Мельбурн, Аўстралія — 1997),

аўстралійскі вучоны ў галіне фізіялогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1941), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1959). Прэзідэнт Аўстрал. АН (1957—61). Скончыў Мельбурнскі (1925) і Оксфардскі (1929) ун-ты. З 1927 працаваў у Ч.С.Шэрынгтана ў г. Оксфард. З 1937 дырэктар Ін-та паталогіі ў г. Сідней, з 1944 праф. Атагскага ун-та (Новая Зеландыя), з 1951 праф. Канберскага ун-та, у 1966—68 у Ін-це біямед. даследаванняў г. Чыкага, з 1963 дырэктар НДІ нейрабіялогіі і дэкан Нью-Йоркскага ун-та. Навук. працы па электрафізіялогіі і фізіялогіі ц. н. с. Даследаваў эл. працэсы ў нерв. клетках, іонныя механізмы перадачы нерв. імпульсу. Нобелеўская прэмія 1963 (з А.Л.Ходжкінам, А.Ф.Хакслі).

А.​С.​Леанцюк.

Дж.К.Эклс.

т. 18, кн. 1, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́НДАР Аляксандр Іванавіч (н. 10.3.1945, г. Краматорск, Украіна),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н. (1994), праф. (1993). Засл. трэнер Беларусі. Чл.-кар. Бел. акадэміі адукацыі (1996). Скончыў Бел. ін-т фізічнай культуры (1996). З 1966 у Магілёўскім пед. ін-це. З 1968 у Бел. акадэміі фіз. выхавання і спорту (з 1982 дэкан трэнерскага ф-та; у 1995—2000 рэктар). З 2000 дырэктар НДІ фіз. культуры і спорту Рэспублікі Беларусь. З 2003 у Бел. акадэміі фіз. культуры. Навук. працы ў галіне тэорыі і методыкі спарт. гульняў.

Тв.:

Баскетбол в школе. Мн., 1982 (разам з Г.​Л.​Астроўскім);

Учись играть в баскетбол. Мн., 1985;

Спортивные игры. Мн., 1993 (у сааўт.);

Спортивные игры (общий курс). Мн., 1996 (разам з Э.​К.​Ахмеравым).

т. 18, кн. 1, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)