РЫБЕ́Ц, сырць (Vimba vimba),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Адзіны від роду. Пашыраны ў бас. Паўн., Балт., Азоўскага, Чорнага і Каспійскага мораў. Прахадныя і паўпрахадныя формы, ёсць жылыя (р. Дняпро). Жыве пераважна ў паглыбленнях рэк з хуткім цячэннем. Бел. нар. назвы: цырта, падуства. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 50 см, маса да 3 кг. Цела ўмерана-падоўжанае, высокае, укрыта буйной шчыльнай луской. Паміж спінным і хваставым плаўнікамі — кіль, укрыты луской. Рот ніжні, высоўны. Корміцца доннымі беспазваночнымі, лічынкамі насякомых, ракападобнымі, часам дробнай рыбай. Аб’ект промыслу і развядзення.

Рыбец: 1 — самка; 2 — самец у нераставым стане.

т. 13, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́БНІЦА,

возера ў Гродзенскім р-не, у бас. р. Пыранка (цячэ праз возера і злучае яго з воз. Белае), за 20 км на У ад г. Гродна. Пл. 2,48 км², даўж. 4,76 км, найб. шыр. 900 м, найб. глыб. 7,7 м, даўж. берагавой лініі 12,4 км. Пл. вадазбору 403 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 3—5 м (на З і ПнЗ да 17 м), пад хмызняком, участкамі разараныя. Берагі на З і ПнЗ зліваюцца са схіламі. Шмат заліваў. Дно сапрапелістае, у прыбярэжнай зоне пясчанае. Упадае р. Стрыеўка. Уваходзіць у ландшафтны заказнік Азёры.

Возера Рыбніца.

т. 13, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЖСКІ ЗАЛІ́Ў.

У Балтыйскім м., каля берагоў Латвіі і Эстоніі. Аддзелены ад адкрытай ч. мора Курземскім п-вам і а-вамі Маанзундскага архіпелага, злучаецца з ёй Ірбенскім пралівам і мелкаводным бас. Вяйнамеры. Пл. 18,1 тыс. км², даўж. 174 км, глыб. да 67 м. У цэнтр. ч. заліва пясчаная водмель Грэтагрунд з в-вам Рухну; у паўн. — дробныя а-вы Абрука, Кіхну і інш. Берагі нізінныя, пясчаныя з градамі дзюн і берагавых валоў (выш. да 20—30 м). Ледастаў ад снеж. да красавіка. Буйны порт — Рыга, гарады-курорты Юрмала (Латвія) і Пярну, на в-ве Саарэмаа г. Курэссаарэ (Эстонія).

т. 13, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАМІ́РСКАЕ ВО́ЗЕРА У Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Крашанка, за 20 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,4 км², даўж. 1,4 км, найб. шыр. 440 м, найб. глыб. 2,9 м, даўж. берагавой лініі каля 4 км. Пл. вадазбору 5,5 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 3—6 м, спадзістыя, пад лесам і хмызняком, часткова разараныя. Пойма шыр. 10—300 м, забалочаная, укрыта хмызняком. Берагі нізкія, забалочаныя, на ПнЗ, Пн і У сплавінныя. 3 залівы. Дно плоскае, у прыбярэжнай зоне да глыб. 1,5 м пясчанае, глыбей сапрапелістае. Зарастае. Упадае ручай з воз. Ляшчынава. Пасяленні баброў.

т. 14, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САН-ФРАНСІ́СКУ (São Francisco),

рака ў Бразіліі, на Бразільскім пласкагор’і. Даўж. 2800 км, пл. бас. каля 600 тыс. км². Вытокі ў горным масіве Сера-да-Канастра, у вярхоўях мае горны характар, потым цячэ ў шырокай даліне тэктанічнага паходжання. У ніжнім цячэнні прарываецца цераз берагавы ўступ пласкагор’я да Атл. ак., утварае парогі і вадаспады Паўлу-Афонсу. Высокія ўзроўні вады ў ліст.—маі. Сярэдні расход вады ў вусці 3300 м³/с. Буйное вадасх. Трэс-Марыяс і ГЭС (у верхнім цячэнні), некалькі ГЭС на вадаспадах Паўлу-Афонсу (у ніжнім). Суднаходная ў сярэднім цячэнні і ад вадаспадаў да вусця.

т. 14, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САСКА́ЧЭВАН (Saskatchewan),

рака на Пд Канады. Утвараецца ад сутокаў рэк Норт-С. і Саўт-С., якія пачынаюцца ў Скалістых гарах. Даўж. 544 км (ад вытоку р. Саўт-С. — 1928 км), пл. бас. 385 тыс. км². Цячэ па Вялікіх і Цэнтр. раўнінах, упадае ў воз. Вініпег. Разводдзе ў чэрв.—жн., межань ад снеж. да сакавіка. Ледастаў ад ліст. да красавіка. Сярэдні расход вады 780 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння ў вярхоўях. Вадасх. Гранд-Рапідс у ніжнім цячэнні. Суднаходная на асобных участках. На р. Саўт-С. — г. Саскатун, на р. Норт-С. — гарады Эдмантан і Прынс-Альберт.

т. 14, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЕДЗЬ,

рака ў Калінкавіцкім, Светлагорскім і Рэчыцкім р-нах Гомельскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 49 км. Пл. вадазбору 625 км². Пачынаецца за 1,5 км на Пд ад в. Падлукі Калінкавіцкага р-на, вусце за 3 км на У ад в. Сведскае Рэчыцкага р-на. Цячэ па паўн. частцы Гомельскага Палесся. Даліна невыразная, у сярэднім цячэнні месцамі трапецападобная, шыр. 1—3 км. Схілы выш. 5—7 м, спадзістыя. Пойма двухбаковая, шыр. 0,5—1 км, моцна перасечаная меліярацыйнымі каналамі. Рэчышча шыр. 10—20 м, каналізаванае, акрамя невялікага ўчастка каля вусця.

т. 14, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ВЕРСКІ ДАНЕ́Ц (няправільная назва Паўночны Данец),

рака ў Расіі і Украіне, правы прыток р. Дон. Даўж. 1053 км, пл. бас. 96,9 тыс. км². Вытокі на Сярэднярускім узв., каля вусця падзяляецца на 3 рукавы. Ніжнія 240 км каналізаваныя. Асн. прытокі: Аскол, Айдар, Калітва (злева). Сярэдні расход вады каля с. Кружылаўка 149 м³/с. Ледастаў ад снеж.—студз. да канца лютага — пач. красавіка. У верхнім цячэнні Печанежскае вадасх.; каля г.п. Райгарадок пачынаецца канал С.Д. — Данбас. Суднаходная на 315 км ад вусця. На С.Д. — гарады Белгарад, Каменск-Шахцінскі (Расія), Ізюм, Лісічанск (Украіна) і інш. На левабярэжжы Луганскі запаведнік.

т. 14, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНЕ́Ц (Abramis ballems),

рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў вадаёмах бас. Балтыйскага, Азоўскага, Каспійскага, Чорнага м. Жыве ў прэсных водах. На Беларусі ў невял. колькасці ў р. Дняпро і яго прытоках (Прыпяць, Сож, Бярэзіна). Нар. назвы кляпец, сіньга, сопа.

Даўж. цела да 40 см, маса да 1 кг. Падобны да ляшча Адрозніваецца больш выцягнутым і сціснутым целам, дробнай луской, завостраным ротам, злёгку накіраваным угору, больш доўгім анальным плаўніком і інш. Спіна цёмна-сіняя (адсюль назва), бакі і бруха серабрыста-белыя з залацістым адлівам, няпарныя плаўнікі бледна-шэрыя, грудныя — жаўтаватыя з чарнаватай аблямоўкай. Корміцца зоапланктонам і бентасам.

т. 14, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАБАДСКО́Е ВО́ЗЕРА У Вілейскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Нарач, за 25 км на ПнЗ ад г. Вілейка. Пл. 0,86 км², даўж. 1,5 км, найб. шыр. 0,77 км, найб. глыб. 11 м, даўж. берагавой лініі 3,75 км Пл. вадазбору 6,14 км². Катлавіна рэшткавага тыпу. Схілы выш. 1—4 м, параслі лесам, часткова разараныя. Пойма шыр. да 20 м, забалочаная, укрыта хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, месцамі забалочаныя; на ПнЗ абразійныя, тарфяністыя. У прыбярэжнай зоне дно пясчанае, глыбей сапрапелістае. Паласа прыбярэжнай расліннасці шыр. да 50 м. Выцякае ручай у р. Нарач.

т. 14, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)