ПЕАНА́Ж (ад ісп. péon падзёншчык, батрак),

адна з форм даўжніковай (кабальнай) залежнасці непасрэдных вытворцаў (пераважна сялян) ад памешчыка або прадпрымальніка. Зарадзілася ў 2-й пал. 16 ст., захавалася як перажытак у асобных краінах Лац. Амерыкі, Азіі, Афрыкі і інш.

т. 12, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАРАДЖЭ́ННЕ ў медыцыне,

змены ў будове і (або) функцыі клетак, тканак, якія характарызуюцца назапашваннем не ўласцівых ім рэчываў; тое, што дыстрафія. У анкалогіі — працэс злаякаснага ператварэння клетак. У неўрапаталогіі — паступовы распад нерв. валакна пад уплывам атручэння, траўмаў запалення.

т. 12, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМУЛЬГА́ЦЫЯ (ад лац. promulgatio публічнае абвяшчэнне),

у канстытуцыйным праве шэрагу дзяржаў апублікаванне прынятага і зацверджанага закона ў афіц. друкаваным органе, якое ажыццяўляецца кіраўніком дзяржавы ва ўстаноўленыя канстытуцыяй або законам тэрміны. Толькі пасля П. закон, як правіла, набывае абавязковую сілу.

т. 13, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАРАГАЦЫ́ЙНЫЯ ПАГАДНЕ́ННІ ў міжнародным праве,

пагадненні, якія ўстанаўліваюць падсуднасць: суд або арбітраж якой краіны кампетэнтны вырашаць спрэчкі па знешнегандлёвых здзелках, што могуць узнікнуць паміж дагаворнымі бакамі. У выпадках, калі ўзнікае спрэчка, бакі могуць выбраць шляхам пагаднення любую падсуднасць.

т. 13, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫБО́Й,

з’ява разбурэння марскіх або азёрных хваль непасрэдна каля берага. П., як і буруны, суправаджаецца рэзкім павелічэннем стромкасці схілу хваль, грабяні якіх перакульваюцца на беразе і пеняцца. Выклікае разбурэнне абразійных берагоў і садзейнічае ўтварэнню пляжаў на водмельных берагах.

т. 13, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЎНІЦА,

паўфабрыкат прадзільнай вытв-сці; ушчыльненая валакністая стужачка (жгут), з якой вырабляецца пража. Фарміруецца на роўнічных машынах шляхам слабага скручвання (пры прадзенні бавоўны, лубяных валокнаў, грабенным прадзенні доўгіх валокнаў шэрсці) або сукання (пры апаратным і грабенным прадзенні тонкай шэрсці).

т. 13, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭМІ́СІЯ ў медыцыне,

перыяд цячэння хваробы, які характарызуецца часовым аслабленнем (няпоўная) або знікненнем яе праяў (поўная). Адрозніваюць Р. тэрапеўт. (пад уплывам лячэння), спантанную (звычайна — заканамерны этап развіцця хваробы), таксама звязаныя з псіхічнымі захворваннямі (астэнічную, гіперстэнічную, неўрозападобную і інш.).

т. 14, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЛА ледзяное,

скопішчы змёрзлых ледзяных іголак у выглядзе плям або тонкага слоя шаравата-свінцовага колеру на рэках і азёрах. Знешне нагадвае плямы тлушчу (адсюль назва). Узнікае перад ледаставам пры пераахалоджванні вады ніжэй за 0 °C. Гл. таксама Лядовы рэжым.

т. 14, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕДЛАВІ́НА,

1) паніжэнне паміж вяршынямі горнага хрыбта тэктанічнага або эразійна-дэнудацыйнага паходжання. Часта С. выкарыстоўваюцца як перавальныя шляхі (гл. Перавал).

2) Прастора ў барычным полі паміж дзвюх абласцей высокага і дзвюх абласцей нізкага ціску, размешчаных крыж-накрыж (барычная С.).

т. 14, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛО́ТНІК, вадзяная зорачка (Callitriche),

род кветкавых раслін сям. балотнікавых. 25 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары, акрамя некаторых пустыняў і высакагор’яў. На Беларусі 5 відаў: балотнік веснавы (Callitriche verna), сажалкавы (Callitriche stagnalis), двухполы (Callitriche hermaphroditica), караткаплодны (Callitriche cophocarpa), кручкаваты (Callitriche hamulata). Растуць у вадаёмах са стаячай і павольнай вадой, лужынах, утвараюць зараснікі на паверхні вады; ёсць наземныя формы.

Адна-, шматгадовыя травяністыя расліны, голыя або ўкрытыя зорчатымі валаскамі. Сцябло тонкае, плавае ў вадзе (у наземных формаў сцелецца). Лісце супраціўнае, суцэльнакрайняе, без прылісткаў. Кветкі дробныя, адна-, радзей двухполыя, без калякветніка, па 1—2 у пазухах лісця або сабраны па некалькі адна над адной. Плод — чатырохарэшак (мерыкарпій). Насенне з мясістым эндаспермам, разносіцца насякомымі. Усе віды — корм і сховішча для рыб.

Балотнік веснавы.

т. 2, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)