КАМПАНЕ́НТ (ад лац. componens састаўная частка),

складальная частка, элемент чаго-н. К. у хіміі і тэрмадынаміцы — кожнае з хім. індывід. рэчываў, найменшага ліку якіх дастаткова для ўтварэння ўсіх фаз сістэмы.

Маса кожнага К. ў сістэме не залежыць ад масы інш. К. можна ўводзіць у сістэму і выдаляць з яе. Калі рэчывы могуць уступаць у рэакцыю, колькасць К. ў сістэме вызначаецца рознасцю паміж лікам складальных рэчываў і лікам незалежных хім. рэакцый, якія могуць ісці ў сістэме. Калі хім. рэакцыі ў сістэме не адбываюцца (напр., сумесь бензолу і гліцэрыны), то такая сістэма наз. фізічнай і для яе лік К. роўны ліку складальных рэчываў. Гл. таксама Гібса правіла фаз.

т. 7, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т імя Ф.​Энгельса.

Існаваў у 1920—21 у Віцебску. Засн. на базе парт. школы (з 1918). Рыхтаваў парт. і сав. работнікаў. Тэрмін навучання 6 месяцаў. Слухачы праходзілі агульнаадук. курс, пасля чаго вучыліся ў адной са спец. секцый (адм., культ.-асв., эканам.), у праграму кожнай з іх уключаўся спец. курс агітработы сярод насельніцтва. Пры ун-це працавалі валасныя цыклы, слухачамі якіх былі пераважна сяляне. Для іх выкладаліся тэарэт. курс (асновы палітэканоміі, гісторыі рэвалюцыі, гісторыі Камуніст. партыі і III Інтэрнацыянала), курсы сав. буд.-ва і практычнай работы. Першыя выпускнікі К.у. былі накіраваны на парт., сав. і агітацыйна-прапагандысцкую работу. У 1921 рэарганізаваны ў губ. саўпартшколу.

т. 7, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕО́Н (Kleōn, ?—422 да н.э.),

старажытнагрэчаскі дзярж. дзеяч, правадыр афінскай рабаўладальніцкай дэмакратыі. Паліт. праціўнік Перыкла (з 430), пасля яго смерці (429) найб. уплывовы дзярж. дзеяч Афін, супрацьстаяў памяркоўна-дэмакр. групоўцы Нікія. Праводзіў паслядоўную палітыку ўмацавання дэмакр. ладу, ваен. магутнасці Афін, для чаго ўдвая павялічыў узносы з саюзнікаў, упершыню ўвёў надзвычайны ваен. падатак з багатых гараджан і інш. Выступаў за актывізацыю ваен. дзеянняў супраць Спарты і яе саюзнікаў, як стратэг удзельнічаў у Пелапанескай вайне 431—404. У 425 разам з Дэмасфенам авалодаў в-вам Сфактэрыя, у 422 кіраваў ваен. дзеяннямі супраць спартанскага палкаводца Брасіда ў Фракіі, пацярпеў паражэнне і загінуў у бітве каля Амфіпаля.

т. 8, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«О́ВЕРЛО́РД»

(англ. Overlord сюзерэн, валадар, вярх. ўладар),

кодавая назва гал. стратэг. аперацыі ўзбр. сіл краін антыгітлераўскай кааліцыі (пераважна ЗША і Вялікабрытаніі, а таксама Канады, Чэхаславакіі і Польшчы) па адкрыцці другога фронту ў Еўропе ў 2-ю сусв. вайну. Складаўся з Нармандскай дэсантнай аперацыі 1944 (кодавая назва «Нептун») і Фалезскай аперацыі (праведзена 10—25.8.1944). 15.8—3.9.1944 у раёне г. Марсель дадаткова праведзена Паўд.-франц. дэсантная аперацыя (кодавыя назвы «Энвіл», з 27 ліп. — «Драгун»), у выніку чаго ўтварыўся адзіны фронт саюзных войск у Францыі (злучыліся 11.9.1944 у раёне г. Дыжон) для разгортвання іх далейшага наступлення на Германію.

Літ.:

Гл. пры арт. Другі фронт.

т. 11, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎПРАВАДНІКО́ВЫ ДЭТЭ́КТАР у ядзернай фізіцы,

прылада для рэгістрацыі іанізавальных выпрамяненняў, асн. элемент якой — крышталь паўправадніка.

Адчувальны слой П.д. — вобласць паўправадніка паблізу p-n-пераходу, якая абеднена носьбітамі току і мае высокае эл. супраціўленне. Іанізавальная часціца, што пранікла ў крышталь, генерыруе дадатковыя (нераўнаважныя) носьбіты току (электроны і дзіркі), у выніку чаго ў знешнім ланцугу ўзнікае імпульс току, які ўзмацняецца і рэгіструецца. Зарад, сабраны на электродах П.д., прапарцыянальны энергіі, выдзеленай часціцай пры праходжанні праз адчувальны слой. Можа працаваць як спектрометр, калі часціца поўнасцю тармозіцца ў ім. Выкарыстоўваюцца ў ядз. фізіцы, фізіцы элементарных часціц, а таксама ў хіміі, геалогіі, медыцыне і прам-сці.

т. 12, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЧАНЕ́ГІ, бечанегі,

саюз цюркамоўных плямён у паўн. Прычарнамор’і ў 8—12 ст. Напачатку качавалі на У ад Волгі, у канцы 8 ст. разбілі ў прычарнаморскіх стэпах венграў і занялі тэр. ад Волгі да вусця Дуная. Асн. іх занятак — качавая жывёлагадоўля. Падзяляліся на 8 плямён, агульнаплемяннога аб’яднання П. не існавала. Рабілі пастаянныя набегі на Русь і краіны Усх. і Паўд.-Усх. Еўропы. У 972 знішчылі дружыну князя Святаслава Ігаравіча, забілі яго самога. У 1036 разбіты войскам кн. Яраслава Мудрага. У канцы 11 ст. сур’ёзна пагражалі Візантыйскай імперыі. У 1091 разбіты аб’яднаным візантыйска-палавецкім войскам, пасля чаго іх тэр. занялі плямёны полаўцаў.

т. 12, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЭКЧЭ́,

адна з трох карэйскіх дзяржаў (П., Кагуро, Сіла), якія ўзніклі ў пач. н.э. Займала ПнЗ Карэйскага п-ва. Першы вядомы цар (ван) П. — Кой [234—286], да часу кіравання якога адносяцца першыя юрыд. ўстанаўленні дзяржавы, пашырэнне будызму, які ў 384 быў абвешчаны дзярж. рэлігіяй. З канца 4 ст. вяла войны з Кагуро, з 5 — з Сіла, у выніку чаго страціла значную ч. сваёй тэрыторыі і вымушана была перанесці сталіцу ў 475 з Хансона (цяпер Кванджу) ва Унчхон (цяпер Канджу), а ў 538 — у Сабуры (цяпер Пуё). У 660 разгромлена аб’яднаным войскам Сіла і кіт. імперыі Тан. З канца 7 ст. тэр. П. ўвайшла ў склад аб’яднанай дзяржавы Сіла.

т. 13, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРДЗЯШНО́Ў (Анатоль Пятровіч) (н. 1.1.1930, в. Крывалучча Саратаўскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне электратэхнікі. Канд. тэхн. н. (1969), праф. (1991). Скончыў Саратаўскі ін-т механізацыі сельскай гаспадаркі (1955). З 1963 у Бел. агр. тэхн. ун-це (у 1973—93 заг. кафедры). Навук. працы па эксплуатацыі, тэхн. абслугоўванні і рамонце с.-г. электраабсталявання. Тэарэтычна абгрунтаваў сіметрыраванне напружання ў трансфарматарах, на падставе чаго распрацавана новая марка трохфазных трансфарматараў для 4-праводных эл. сетак.

Тв.:

Планирование эксплуатации сельскохозяйственного электрооборудования. Мн., 1992 (разам з Г.​І.​Януковічам);

Техобслуживание и ремонт электрооборудования в сельском хозяйстве: Справ. Мн., 1993 (з ім жа).

Л.​В.​Бароўка.

т. 14, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛІКА́ТНАЯ ЦЭ́ГЛА,

цэгла, атрыманая прасаваннем увільготненай сумесі кварцавага пяску (90—92%) і гашанай вапны (8—10%) з наступнай апрацоўкай у аўтаклаве. Па мех. уласцівасцях набліжана да глінянай абпаленай цэглы, але менш вода- і гарачаўстойлівая.

Аўтаклаўная апрацоўка адбываецца пры т-ры 175—190 °C і ціску 0,8—16 МПа, пасля чаго С.ц. 10—12 сут вытрымліваецца на паветры для карбанізацыі вапны Вырабляюць адзінарную (250 × 120 × 65 мм), модульную (250 × 120 × 88 мм), а таксама ў выглядзе пустацелых сілікатных блокаў (250 × 120 × 138 мм) Выкарыстоўваюць для муроўкі вонкавых і ўнутр. канструкцый у надземнай частцы будынкаў з нармальным і вільготным рэжымамі эксплуатацыі.

І.​І.​Леановіч.

т. 14, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЗА (грэч. basis),

1) у архітэктуры — аснова (падножжа, п’едэстал), ніжняя апорная частка калоны або пілястры.

2) На транспарце — адлегласць паміж пярэдняй і задняй восямі 2-восевага аўтамабіля, прычэпа і інш. або паміж цэнтрам 2-восевай цялежкі і пярэдняй воссю 3-восевага аўтамабіля. База вагона або лакаматыва — адлегласць паміж цэнтрамі крайніх восяў.

3) У паўправадніковай тэхніцы — назва электрода паўправадніковай прылады, напрыклад транзістара.

4) У машынабудаванні — сукупнасць паверхняў, восяў або пунктаў, па якой вызначаецца становішча вырабу адносна выбранай сістэмы каардынатаў.

5) У матэматыцы — тое, што базіс.

6) Установа, арганізацыя, якая займаецца забеспячэннем або абслугоўваннем каго-н., чаго-н. (напр., экскурсійная база).

7) Склад; частка тэр. для забеспячэння абслугоўвання экспедыцый, войскаў (напр., база ваенная).

т. 2, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)