ВАШКЕ́ВІЧ (Уладзімір Раманавіч) (30.3.1900, в. Зембін Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 10.6.1970),

генерал-палкоўнік (1954). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1928). У Вял. Айч. вайну на Зах., Калінінскім і 3-м Прыбалт. франтах: камандзір дывізіі, нач. штаба арміі, нач. штаба 3-га Прыбалт. фронту. Удзельнік абароны Масквы, вызвалення Эстоніі, Латвіі. З 1945 нач. штаба Прыбалт. і Закаўказскай ваен. акруг. У 1955—56 нач. кафедры Ваен. акадэміі Генштаба, да 1961 на навук. рабоце.

У.Р.Вашкевіч.

т. 4, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВЕ́СТНИК КОМИТЕ́ТА ЗАПАДНОГО ФРО́НТА ВСЕРОССИ́ЙСКОГО ЗЕ́МСКОГО СОЮ́ЗА»,

штодзённая газета. Выдавалася з 1916 да 10(23).1.1918 у Мінску на рус. мове. Узнімала праблемы забеспячэння франтавікоў харчаваннем, прадметамі штодзённага карыстання, мед. дапамогай. Выступала за беспартыйнасць у працы па абслугоўванні фронту, процістаяла намаганням ператварыць газету ў інструмент паліт. барацьбы. У сувязі з рэарганізацыяй к-та Земсаюза з 17(30).11.1917 называлася «Известия комитета объединенных работников Земсоюза и Западного фронта», з 19.12.1917 (1.1.1918) — «Известия комитета объединенных работников и временного управления Земсоюза Западного фронта».

т. 4, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЗІФІКА́ЦЫЯ, асноўны метасаматоз,

прыродны працэс абагачэння горных парод марганцам, жалезам, у меншай ступені тытанам, фосфарам, магніем і кальцыем пры збядненні крэменязёмам, натрыем і каліем. Выражаецца ва ўтварэнні фронту базіфікацыі — зон, аблямовак, гнёздаў горных парод, якія маюць больш асноўны састаў, чым зыходныя. Абумоўлены гранітызацыяй у зонах ультраметамарфізму: найбольш рухомыя элементы горных парод выносяцца ў растворах і адкладаюцца ў выглядзе біятытавых, амфіболавых, піраксенавых і інш. монамінеральных парод, зрэдку разам з поліметалічнымі і жал. рудамі. Прадукты базіфікацыі пашыраны ў крышт. фундаменце Беларусі.

І.​В.​Найдзянкаў.

т. 2, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ТЧЫКАЎ (Генадзь Іванавіч) (10.3.1914, в. Міхееўка Кудымкарскага р-на Пермскай вобл., Расія — 10.12.1944),

удзельнік партыз. руху на Украіне і Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую ваен. школу сувязі (1936). У сак. 1943 на чале групы разведчыкаў закінуты ў тыл ворага, дзейнічаў у раёне Гомеля, Чарнігава, Шчорса, Ноўгарада-Северскага, са снеж. 1943 у Баранавічах, Ваўкавыску, Слоніме, Бярозе, Ружанах; група перадала ў штаб 1-га Бел. фронту больш за 450 данясенняў. Загінуў у баі на тэр. Польшчы.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭНЕ́ЎСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1927,

канферэнцыя міністраў замежных спраў Бельгіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Францыі і Японіі. Праходзіла 14—16 чэрв. ў час сесіі Савета Лігі Нацыі, склікана пасля разрыву англ.-сав. дыпламат. і гандл. пагадненняў (май 1927). Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі О.​Чэмберлен прапанаваў прыняць дэкларацыю «супраць прапаганды Камінтэрна», якая магла б стаць платформай адзінага антысав. фронту. Удзельнікі Ж.к. не падтрымалі Чэмберлена і прынялі камюніке, дзе абавязваліся прытрымлівацца ўмоў Лакарнскіх дагавораў 1925 аб непарушнасці герм.-франц. і герм.-бельг. граніц, вызначаных Версальскім мірным дагаворам 1919.

т. 6, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗО́ (Сяргей Георгіевіч) (7.3.1894, с. Пятры, цяпер Лазо Аргееўскага р-на, Малдова — май 1920),

адзін з кіраўнікоў сав. партыз. руху ў Сібіры і Прымор’і ў грамадз. вайну. Вучыўся ў Пецярбургскім тэхнал. ін-це, Маскоўскім ун-це. З 1916 у арміі, скончыў Аляксееўскае пяхотнае вучылішча. У снеж. 1917 нач. ваен. гарнізона і ваен. камендант Іркуцка. У 1918 чл. Цэнтрасібіры, каманд. войскамі Забайкальскага фронту. З вясны 1919 камандаваў партыз. атрадамі Прымор’я. У маі 1920 захоплены і вывезены яп. інтэрвентамі з Уладзівастока, спалены ў паравознай топцы.

т. 9, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮБА́РСКІ (Сцяпан Іванавіч) (27.12. 1896, в. Новыя Пескі Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 16.4.1945),

генерал-лейтэнант (1944). Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1932), Генштаба (1938). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны, баёў на р. Халхін-Гол у 1939. У Вял. Айч. вайну на Зах., 2-м Бел., 4-м і 1-м Укр. франтах: нам. нач. аператыўнага аддзела штаба фронту, нам. нач. штаба армій. Загінуў пры фарсіраванні р. Нэйсе ў Германіі. На радзіме помнік.

т. 9, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

З’Е́ЗДЫ ВО́ІНАЎ-БЕЛАРУ́САЎ.

Адбыліся ў кастр.снеж. 1917 у арміях, акругах, на франтах па ініцыятыве Вялікай беларускай рады (ВБР). Пачаткам З.в.-б. стаў з’езд Зах. фронту 31.10—6.11.1917 у Мінску, на якім прысутнічалі таксама прадстаўнікі 12-й арміі, Балт. флоту і Румынскага фронту. З’езд выказаўся за аўтаномію Беларусі ў складзе Рас. рэспублікі, падтрымаў арг-цыю бел. краёвай улады ў асобе ВБР. Адзначыў неадкладнасць стварэння бел. нац. войска для забеспячэння цэласнасці і непадзельнасці Беларусі, выпрацаваў канцэпцыю яго арганізацыі. Пастанавіў стварыць Цэнтральную беларускую вайсковую раду (ЦБВР), абраў Часовую ЦБВР і яе выканком на чале з С.​А.​Рак-Міхайлоўскім, які ўвайшоў у выканком ВБР. Прызнаў неабходным стварыць пры ЦБВР рэд., агітац., фін., гаспадарскую і культ.-асв. камісіі, бюро арг-цыі бел. войска. Выказаўся за бязвыкупную перадачу ўсіх зямель працоўнаму народу. Прызнаў неабходным арг-цыю ун-та, с.-г. і політэхн. ін-таў, інш. навуч. устаноў. Прыняў рэзалюцыю з патрабаваннем міру без анексій і кантрыбуцый, удзелу бел. дэлегацыі на мірнай канферэнцыі. Аналагічныя рашэнні прынялі з’езды Паўн. (ліст., Віцебск), Паўд.-Зах. (снеж., Кіеў), Румынскага (снеж., Адэса) франтоў. Рэзалюцыі франтавых З.в.-б. падтрымалі армейскія (8-й арміі, 3-га Сібірскага арм. корпуса) і акруговыя (Зах. ваен. акругі, Петраградскага гарнізона) з’езды.

В.​А.​Савіцкі.

т. 7, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКА-ЛЕ́ПЕЛЬСКАЯ БІ́ТВА 1944,

баі 16 партызанскіх брыгад Полацка-Лепельскай партызанскай зоны супраць ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну. З канца снеж. 1943, калі фронт наблізіўся да паўн. граніцы зоны, немцы імкнуліся адцясніць партызан ад дарогі Віцебск—Лепель—Параф’янава, якая звязвала 3-ю ням. танк. армію з тылам. Не дасягнуўшы поспеху да лютага 1944, захопнікі арганізавалі карныя аперацыі «Веснавое свята» і «Лівень» для правядзення якіх сабралі 12 палкоў СС і паліцыі, 5 пяхотных, часці авіяпалявой, ахоўнай і запасной дывізій, асобны батальён Дырлевангера, танк. полк, брыгаду Камінскага (каля 60 тыс. чал.), 137 танкаў, 235 гармат, 2 бронепаязды, каля 70 самалётаў. 11 крас. карнікі пачалі наступленне. Але партызаны ўтрымлівалі пазіцыі, авіяцыя 1-га Прыбалт. фронту бамбіла скопішчы ням. войск, пераправіла партызанам больш за 250 т грузаў, вывезла каля 1500 параненых і хворых; вайск. часці фронту баямі мясц. значэння адцягвалі ўвагу карнікаў. Калі гітлераўцы ўсё ж звузілі кола акружэння, партызаны 5 мая пайшлі на прарыў, у выніку якога з блакады было выведзена каля 15 тыс. мясц. жыхароў. За 25 дзён баёў партызаны моцна знясілілі варожую групоўку, прычынілі ёй вял. страты (забіта 8,3 тыс. салдат і афіцэраў). У баях супраць карнікаў загінулі камбрыгі У.У.Гіль-Радзіёнаў, А.Ф.Данукалаў, П.М.Раманаў, Дз.​Ц.​Караленка. У гонар подзвігу партызан паблізу г.п. Ушачы створаны мемар. комплекс «Прарыў».

т. 12, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́К (Сяргей Антонавіч) (15.2.1901, в. Шубічы Пружанскага р-на Брэсцкай вобласці — 18.3.1962),

генерал-лейтэнант (1955), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1940), Вышэйшыя акад. курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1947). У Чырв. Арміі з 1920. У Вял. Айч. вайну на фронце з чэрв. 1941, з 1944 камандзір стралк. дывізіі ў складзе 3-га Укр. фронту. Вызначыўся пры ліквідацыі нікапальскай групоўкі праціўніка (Украіна). Дывізія пад яго камандаваннем у лютым 1944 знішчыла шмат жывой сілы, баявой тэхнікі ворага. Да 1960 у Сав. Арміі.

т. 2, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)