НІКО́ЛЬ ((Nicolle) Шарль Жуль Анры) (21.9.1866, г. Руан, Францыя — 28.2.1936),
французскі вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Скончыў Руанскі ун-т (1893). З 1903 дырэктар Пастэраўскага ін-та ў Тунісе. Навук. працы па вывучэнні ўзбуджальнікаў сыпнога тыфу, скурнага і вісцэральнага лейшманіёзу, трахомы, шкарлятыны, грыпу, міжземнаморскай ліхаманкі і інш., распрацоўцы спосабаў прыгатавання вакцын і сываратак. У 1909 эксперым. даказаў, што пераносчыкам узбуджальніка сыпнога тыфу з’яўляецца адзежная вош. Нобелеўская прэмія 1928.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБІЛЬЁН, Мабіён (Mabillon) Жан (26.12.1632, г. Сен-П’ермон, Францыя — 27.12.1707), французскі гісторык, заснавальнік дыпламатыкі і палеаграфіі. Чл. кангрэгацыі маўрыстаў. З 1664 працаваў у бібліятэцы манастыра Сен-Жэрмен-дэ-Прэ (Парыж). З 1701 чл. акадэміі надпісаў. Здзейсніў шматтомную публікацыю крыніц па гісторыі бенедыкцінцаў з каментарыямі і заўвагамі (13 тамоў, 2 апошнія скончаны інш. маўрыстамі). Распрацаваў методыку вызначэння сапраўднасці дакумента, устанавіў адзнакі датавання і лакалізацыі рукапісу, стварыў тэорыю «нац. тыпаў» лац. пісьма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎСТРА-ІТА́ЛА-ФРАНЦУ́ЗСКАЯ ВАЙНА́ 1859,
вайна Сардзінскага (П’емонцкага) каралеўства і Францыі супраць Аўстрыі, якая ўтрымлівала пад сваёй уладай Ламбарда-Венецыянскую вобласць і перашкаджала стварэнню адзінай італьян. дзяржавы. Асн. бітвы пад Мантэбела, Маджэнта і Сальферына (май—чэрв. 1859) закончыліся паражэннем аўстр. войскаў. Паводле Цюрыхскіх мірных дагавораў 1859 Сардзінія атрымала ад Аўстрыі Ламбардыю, паводле Турынскага дагавору 1860 Францыя атрымала ад Сардзініі (за дапамогу ў вайне) Савою і Ніццу, да Сардзінскага каралеўства далучаны Парма, Таскана, Мадэна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЛЬЁМ, Віём (Vuillaume) Жан Батыст (7.10.1798, г. Мірэкур, Францыя — 19.3.1875), французскі майстар смычковых інструментаў. У 1828 адкрыў у Парыжы ўласную майстэрню, дзе з 1835 вырабляў скрыпкі, альты, віяланчэлі паводле ўзораў А.Страдывары, Дж.Гварнеры дэль Джэзу і інш., з 1865 — інструменты ўласных мадэлей; вырабляў і смычкі. Яму належаць некалькі эксперым. інструментаў: актабас (вял. кантрабас, даўж. 345 см), кантральта (альт, 413 мм, амаль удвая шырэйшы за звычайны). У 1867 вынайшаў мех. педаль-сурдзіну (прымацоўвалася да падгрыфка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУШЭ́ ДЭ ПЕРТ ((Boucher de Perthes) Жак) (10.9.1788, г. Рэтэль, Францыя — 5.8.1868),
французскі археолаг. Адкрыў самую стараж. эпоху ў гісторыі чалавецтва — палеаліт. Сабраў вял. калекцыю палеалітычных прылад працы, сцвярджаў, што імі карысталіся людзі — сучаснікі маманта і інш. вымерлых жывёл. Думкі Бушэ дэ Перта супярэчылі поглядам тагачасных палеантолагаў. Толькі ў 1860-я г. дарвіністы ацанілі яго адкрыццё.
Тв.:
Antiquités celtiques et antédiluviennes. Vol. 1—3. Paris, 1847—64;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗІ́ЛЬСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў ранняга мезаліту (у асн. 8-е тыс. да н.э.), якія насялялі тэр.паўд. Францыі і паўн.ч. Пірэнейскага п-ва. Назва ад пячоры Мас-д’Азіль у дэпартаменце Ар’еж (Францыя), дзе ў 19 ст. даследаваны 2 стаянкі. Узнікла на аснове папярэдняй культуры мадлен. Насельніцтва займалася паляваннем, рыбалоўствам, збіральніцтвам. Для азільскай культуры характэрны дробныя крамянёвыя прылады (мікраліты), невял. гарпуны з касцей высакароднага аленя і т.зв. азільскія галькі з умоўнымі малюнкамі чырв. вохрай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́Р ((Aulard) Франсуа Віктор Альфонс) (19.7.1849, Манброн, Францыя — 23.10.1928),
французскі гісторык. Замежны чл.-кар.Рас.АН (з 1924). Па адукацыі філолаг. Даследчык франц. рэвалюцыі 1789—94. У 1886—1922 узначальваў кафедру гісторыі Рэвалюцыі ў Сарбоне. У працы «Палітычная гісторыя Французскай рэвалюцыі. Паходжанне і развіццё дэмакратыі і рэспублікі» (1901) разглядаў ход рэвалюцыі з пазіцый ідэйнай барацьбы, лічыў перыяд Консульства працягам рэвалюцыі. З пач. 1900-х г. даследаваў праблемы эканам. і сац. гісторыі рэвалюцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗА́РГ ((Désargues) Жэрар) (2.3.1593, г. Ліён, Францыя — 8.10.1662; паводле інш. звестак 1591—1661),
французскі матэматык, архітэктар і інжынер. Заснавальнік нарысоўнай і праектыўнай геаметрыі. Выкарыстоўваў перспектыўнае відарысаўтварэнне фігур. Увёў у геаметрыю паняцці бясконца аддаленых элементаў і палярнасці. Даказаў адну з асн. тэарэм праектыўнай геаметрыі (Дэзарга тэарэма). Адкрыў эпіцыклоіду і выкарыстаў яе для прафілявання зубоў зубчастых колаў.
Літ.:
Вилейтнер Г. История математики от Декарта до середины XIX столетая: Пер. с нем. 2 изд. М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮЎЕ́ ((Cuvier) Жорж) (23.8.1769, г. Манбельяр, Францыя — 13.5.1832),
французскі прыродазнавец. Чл. Парыжскай АН (1795), Франц. акадэміі (1818). Скончыў Каралінскую акадэмію ў Штутгарце (1788). Навук. працы па параўнальнай анатоміі, палеанталогіі, сістэматыцы жывёл, гісторыі прыродазнаўчых навук. Вызначыў прынцып карэляцыі органаў, на яго аснове распрацаваў метад рэканструкцыі выкапнёвых жывёл. Прапанаваў метад вызначэння ўзросту геал. пластоў Зямлі па выкапнёвых рэштках арганізмаў і наадварот. Адмоўна ставіўся да эвалюц. ідэі ў біялогіі, прытрымліваўся поглядаў нязменнасці відаў. Прапанаваў катастроф тэорыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСТЛЕ́Р ((Kastler) Альфрэд) (3.5.1902, г. Гебвілер, Францыя — 7.1.1984),
французскі фізік. Чл. Парыжскай АН (1964). Скончыў Вышэйшую нармальную школу ў Парыжы (1926). У 1931—41 ва ун-тах Бардо і Клермон-Ферана, у 1941—68 у Вышэйшай нармальнай школе. Навук. працы па оптыцы, атамнай спектраскапіі і квантавай электроніцы. Даследаваў (разам з інш.) узбуджаныя станы атамаў, адкрыў метад аптычнай пампоўкі (1952). Працы К. ляглі ў аснову стварэння мазераў і лазераў. Нобелеўская прэмія 1966.