БУРА́ЛКІН (Генадзь Васілевіч) (н. 12.2.1942, г. Ленінагорск, Казахстан),
бел. скульптар. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1976). Старшыня Саюза мастакоў Беларусі з 1990. Працуе ў галіне манум. і станковай скульптуры. Асн. тэмы ўзятыя з нар. жыцця, знітаваныя з памяццю гісторыі, нац. паданнямі. Творы вызначаюцца манументальнасцю, філасафічнасцю вобразаў, вытанчанасцю формаў: манумент шахцёрскай славы ў Салігорску (1976), мемарыяльны знак у гонар 850-годдзя Гродна (1978), станковыя кампазіцыі «Песня пратэсту» (1977), «Вясна Перамогі» (1978), «Уз’яднанне Усходняй і Заходняй Беларусі» (1979), «Яблынька» (1981), шэраг жаночых партрэтаў (1980-я г.), «Памяці В.Хары» (1987), «Музыка» (1990), «Двое», «Сын зямлі» (абодва 1991), «Лясное возера» (1992), «Кастусь Каліноўскі», «Белая Ганча», «Сумненне» (усе 1993), «Вяртанне белага анёла», «Сымон-музыка», «Адам і Ева» (усе 1994), «Скок» (1995), серыя «Прысвячэнне П.Пікаса» (1996). Афармленне інтэр’ераў драм. тэатра (у сааўт.) і Дома грамадз. абрадаў у Гродне (1970-я г).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЛО́ПКАЎ (Мікалай Пятровіч) (15.5.1900, г. Іркуцк — 8.1.1967),
рускі рэжысёр, акцёр. Нар.арт.СССР (1948). Сцэн. дзейнасць пачаў у 1918. З 1923 акцёр Т-ра імя У.Меерхольда. З 1930 узначальваў Рэалістычны т-р, з 1938 рэж. і акцёр т-ра імя Я.Вахтангава. У 1943—66 гал. рэжысёр Маскоўскага т-ра драмы (з 1954 т-р імя У.Маякоўскага). Яго спектаклі вызначаліся яскравай тэатральнасцю, публіцыстычнасцю, манументальнасцю, шырокім выкарыстаннем умоўнасці і сінт. сродкаў выразнасці, пошукамі новых тэатр.формаў. Сярод пастановак: «Арыстакраты» М.Пагодзіна (1935), «Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева (1947), «Гамлет» У.Шэкспіра (1954), «Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава (1960), «Медэя» Эўрыпіда (1961). Акцёрскае мастацтва Ахлопкава адметнае спалучэннем арганічнасці пачуццяў з экспрэсіўнай выразнасцю вобраза. Здымаўся ў кіно: Васіль Буслаеў («Аляксандр Неўскі»), камісар Вараб’ёў («Аповесць пра сапраўднага чалавека»), Батманаў («Далёка ад Масквы») і інш.Дзярж. прэмія СССР 1941, 1947, 1949 (двойчы), 1951 (двойчы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХО́ВА НЕ́ТРАЎ,
комплекс арганізацыйных, тэхнічных, эканам., прававых і інш. мерапрыемстваў, накіраваных на рацыянальнае выкарыстанне зямных глыбінь; састаўная частка аховы прыроды. Уключае: выкананне ўстаноўленага заканадаўствам парадку давання нетраў у карыстанне і недапушчэнне самавольнага карыстання імі, паўнату геал. вывучэння, бяспечнае вядзенне работ па выкарыстанні нетраў (ахова атмасферы, водаў, зямной паверхні і інш. аб’ектаў ад шкоднага ўплыву работ); прывядзенне парушаных зямельных участкаў у стан, прыдатны для далейшага выкарыстання; найб. поўнае і рацыянальнае выкарыстанне запасаў карысных выкапняў і спадарожных ім кампанентаў; прадухіленне забруджвання нетраў пры падземным захоўванні, пахаванні адходаў і скіданні сцёкавых водаў; бяспечнае карыстанне нетрамі для насельніцтва і навакольнага асяроддзя. На Беларусі ахова нетраў знаходзіцца на стадыі арганізацыі і юрыд. афармлення. Дзярж. кантроль за аховай нетраў і іх рацыянальным выкарыстаннем ажыццяўляюць органы дзярж. горнага нагляду і інш. Парадак карыстання і аховы нетраў суб’ектамі гаспадарання незалежна ад формаў уласнасці, падпарадкавання і прыналежнасці замацаваны ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб нетрах (праект; 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУЗІ́НСКАЯ МО́ВА,
адна з іберыйска-каўказскіх моў (картвельская група). Мова грузін, дзярж. мова Грузіі. Пашырана таксама на Паўн. Каўказе, у Азербайджане, Турцыі і Іране. Мае 2 групы дыялектаў, адрозненні паміж якімі нязначныя: горскія (хевсурскі, пшаўскі, тумскі і інш.) і плоскасныя (картлійскі, кахецінскі, імерэцінскі, рачынскі, гурыйскі, аджарскі і інш.). У развіцці літ. грузінскай мовы вылучаюць або 2 перыяды — старажытны (5—11 ст.) і новы (з 12 ст.), або 3 — стараж. (5—11 ст.), сярэдні (12—18 ст.) і новы (з 19 ст.). З 1860-х г. развіваецца адзіная літ. грузінская мова (аснова — картлійскі і кахецінскі дыялекты).
У фанетыцы грузінскай мовы 5 галосных і 28 зычных; у сістэме зычных назіраецца 5 траічных проціпастаўленняў звонкі — глухі — змычна-гартанны; асобна вылучаюцца фарынгальны і ларынгальны. Слабы сілавы націск на пачатковым складзе слова. У марфалогіі — аглюцінацыя з мноствам прэфіксальных формаў. У сінтаксісе — эргатыўная канструкцыя. Грузінская мова мае стараж. арыгінальнае пісьменства (гл.Грузінскае пісьмо).
аўстрыйскі пісьменнік і драматург, прадстаўнік т.зв. венскай школы імпрэсіянізму. Вывучаў права і раманскія мовы і л-ры ў Вене. У 1906 пачаў супрацоўніцтва з кампазітарам Р.Штраусам, для якога напісаў п’есы-лібрэта «Электра» (1906, паводле аднайм. драмы 1904) і «Кавалер руж» (1911). У 1917 разам з М.Райнгартам заснаваў Зальцбургскі муз. фестываль. Аўтар аднаактовых вершаваных драм «Смерць Тыцыяна» (1892), «Дурань і смерць» (1894), п’ес «Эдып і сфінкс» (1906), «Вяртанне Крысціны дамоў» (1910), «Зальцбургскі вялікі тэатр жыцця» (1922), «Вежа» (1925), у якіх захапленне артыстычнай атмасферай і культурай вытанчаных формаў старой Вены спалучаецца з трывожным роздумам аб праблемах сучаснасці. У лірычных вершах (зб. «Вершы і маленькія драмы», 1907), апавяданнях (зб. «Казка 672 начы і іншыя апавяданні», 1895), кнізе эсэ «Паэт і наш час» (1907) па-імпрэсіянісцку тонка перадаў уражанні быцця, нюансы стану душы, непарыўнае адзінства чалавечай гісторыі і культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУНЕЛЕ́СКІ, Брунелеска (Brunelleschi, Brunellesco) Філіпа (1377, г. Фларэнцыя, Італія — 15.4.1446), італьянскі архітэктар, скульптар і вучоны. Адзін з заснавальнікаў архітэктуры Адраджэння і стваральнікаў тэорыі перспектывы. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі. Сярод работ: грандыёзны 8-гранны купал сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (1420—36), які стаў арх. дамінантай Фларэнцыі, першым буйным помнікам рэнесансавага дойлідства і дасягненнем інж. думкі ў Італіі; арачная лоджыя Выхавацельнага дома (1421—44), перакрытыя лёгкімі рабрыстымі купаламі і расчлянёныя ордэрам цэнтрычныя інтэр’еры Старой сакрысціі царквы Сан-Ларэнца (1422—28) і капэлы Пацы (з 1429), у якіх Брунелескі ўпершыню ўвасобіў у арх. вобразах маст. ўяўленні эпохі гуманізму; цэрквы Сан-Ларэнца (1422—46) і Санта-Спірыта (з 1444). Сваімі творамі зрабіў прыклад у вольным выкарыстанні ант.арх.формаў для вырашэння функцыян., ідэйных і канструкцыйна-буд. задач свайго часу.
Літ.:
Данилова И.Е. Брунеллески и Флоренция. М., 1991.
Ф.Брунелескі. Купал сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі. 1420—36.Ф.Брунелескі. Капэла Пацы ў Фларэнцыі. Інтэр’ер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕРО́К’Ё (Verrocchio) Андрэя дэль [сапр.Чоні
(Cioni) Андрэады Мікеле ды Франчэска; 1435 ці 1436, г. Фларэнцыя, Італія — 7.10.1488], італьянскі скульптар, жывапісец і ювелір ранняга Адраджэння. Вучыўся ў ювеліра Верок’ё, чыё імя ўзяў сабе. Зазнаў уплыў Дэзідэрыо да Сетыньяна і А.Палаёла. Майстэрня Верок’ё ў Фларэнцыі была цэнтрам маст. жыцця. Адсюль выйшлі Леанарда да Вінчы, П.Перуджына і інш. Выканаў шэраг твораў па заказах сям’і Медычы (надмагілле Джавані і П’ера Медычы, 1472; статуя Давід, 1473—75; «Дама з кветкамі», бюст Джуліяна Медычы, абедзве каля 1475, і інш.),
якія вылучаюцца арыстакратычнай вытанчанасцю, крохкай гармоніяй ліній і аб’ёмаў. Аўтар кампазіцыі «Нявер’е Фамы» (1476—83) на фасадзе будынка Арсанмікеле ў Фларэнцыі, помніка кандацьеру Б.Калеоні (1479—83) у Венецыі і інш. Жывапіс Верок’ё вызначаецца дакладнасцю малюнка, дасканалай мадэліроўкай формаў, панарамнасцю пейзажных фонаў («Мадонна», каля 1470; «Хрышчэнне», пасля 1470, у сааўт. з Леанарда да Вінчы, і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПАРТЭІ́Д, апартхейд (на мове афрыкаанс apartheid раздзельнае пражыванне),
грамадска-палітычная дактрына, якая абгрунтоўвала і заканадаўча замацоўвала палітыку расавай дыскрымінацыі і сегрэгацыі, што праводзілася расісцкімі ўладамі Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі (ПАР) у дачыненні да карэннага афр. насельніцтва і інш. этнічных груп нееўрапейскага ці мяшанага паходжання. Як афіц.дзярж. палітыка абвешчана ў 1948 урадам кіруючай Нацыяналіст. партыі. Абазначаў пазбаўленне чорнай і «каляровай» большасці насельніцтва ПАР паліт., сац.-эканам. і грамадзянскіх правоў, яе тэр. адасабленне і ізаляцыю (гл.Бантустаны). Як адна з крайніх формаўрасізму апартэід у 1966 у шэрагу дакументаў ААН асуджаны і абвешчаны злачынствам супраць чалавецтва. У 1973 ААН прыняла Міжнар. канвенцыю аб спыненні апартэіду і пакаранні за яго (уступіла ў дзеянне ў 1976). Барацьба карэннага насельніцтва і міжнар. супольніцтва супраць апартэіду прымусіла ўлады ПАР з 1976 мадыфікаваць палітыку апартэіду, адмовіцца ад шэрагу яго асноватворных палажэнняў, расавай дыскрымінацыі і сегрэгацыі. Астатнія палажэнні апартэіду ліквідаваны на пач. 1990-х г. урадам Ф. дэ Клерка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯ́НКА,
лішкавае назапашванне вадкасці ў серозных поласцях і тканках арганізма, якое праяўляецца павелічэннем аб’ёму органа ці памяншэннем ёмістасці серознай поласці. Бывае вадзянка абалонкі яечка (гідрацэле), вадзянка цяжарных, вадзянка сустава перамежная (гідраартроз).
Вадзянка абалонкі яечка — хвароба органаў машонкі, пры якой адбываецца назапашванне серознай вадкасці паміж вонкавым і ўнутр. лістком уласнай абалонкі яечка. Адрозніваюць прыроджаную (найчасцей у дзяцей) і набытую (пераважна ў дарослых) формы хваробы, паводле цячэння — вострую (да 2 сут), вадзянку, якая хутка развіваецца (да 1 мес), і хранічную. Прычыны развіцця ў дарослых — запаленчыя працэсы, траўмы яечка і прыдатка абалонак. Фізіял. вадзянка лячэння не патрабуе, пры вострай вадзянцы робяць пункцыю, іншыя формы вадзянкі лечаць хірургічна. Вадзянка цяжарных — адна з формаўтаксікозу ў 2-й пал. цяжарнасці. Праяўляецца ацёкам і лішняй вагой у выніку парушэння водна-салявога абмену і кровазвароту. Лячэнне: разгрузка арганізма ад вадкасці, абмежаванае ўжыванне кухоннай солі, тэрапеўтычнае. Прычыны ўзнікнення і лячэнне вадзянкі суставаў, як і пры інш.артрозах, залежаць ад ступені цяжкасці пашкоджання іх функцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАПО́ЛІЯ (ад аліга... + грэч. pōlēo прадаю),
тып рыначнай структуры, у якой значная ці пераважная частка галіновай вытв-сці і збыту ажыццяўляецца на аснове спалучэння манаполіі і канкурэнцыі. Характэрна для большасці галін сучаснай рыначнай эканомікі.
Сутнасць алігаполіі ў тым, што абмежаваная колькасць буйных кампаній манапалізуе вытв-сць і збыт асн. ці нават большай часткі прадукцыі пэўнай галіны эканомікі ўзгадненнем узроўню цэн, якое ажыццяўляецца двума шляхамі: лідэрствам у цэнах (цэны, устаноўленыя адной з фірмаў, як правіла, найб. буйной, выкарыстоўваюцца і інш. фірмамі) і выбарам узгодненых правілаў паводзін (усе буйныя кампаніі прымаюць адзіныя правілы вылічэння цэн). Адначасова ўсе гэтыя кампаніі вядуць паміж сабой жорсткую нецанавую канкурэнцыю, каб пры ўзгодненых цэнах стварыць для сябе найб. спрыяльныя ўмовы за кошт рэкламы, тэхн. перааснашчэння вытворчасці і паляпшэння якасці прадукцыі, удасканалення формаў і метадаў збыту, прадастаўлення пакупнікам пэўных паслуг, гарантый, ільгот. Каб нейтралізаваць разбуральнае ўздзеянне на эканоміку манаполіі і канкурэнцыі, дзяржава імкнецца забяспечыць аптымальнае спалучэнне гэтых сіл на аснове антыманапольнай палітыкі.