работы па раскрыцці і падрыхтоўцы радовішча, выманні карыснага выкапня і транспарціроўцы яго ў межах прадпрыемства, падтрыманні горных вырабатак у рабочым стане (горных мацаванняў, вентыляцыі, водаадліву і інш.). Адрозніваюць горныя работы адкрытыя (гл.Адкрытая распрацоўка радовішчаў), падземныя (гл.Падземная распрацоўка радовішчаў), падводныя (гл.Падводная здабыча), геатэхналагічныя (гл.Геатэхналогія) і інш.
Адкрытыя горныя работы — распрацоўка парод паслядоўнымі слаямі з зямной паверхні. Уключаюць падрыхтоўку паверхні кар’ернага поля, горна-капітальныя (стварэнне капітальных і разразных траншэй, частковае выдаленне раскрыўных парод), горна-падрыхтоўчыя, раскрыўныя і здабыўныя работы. Здабыўныя работы на кар’ерах вядуцца на ўступах і рабочых пляцоўках. Уступы пры распрацоўцы гарыз. і пакатых пакладаў перамяшчаюцца ад разразной траншэі да мяжы кар’ернага поля, пры распрацоўцы буйных нахіленых пакладаў развіваюцца ў глыбіню кар’ера. На Беларусі адкрытым спосабам здабываюць граніт, даламіт, мергель, вапну, торф (гл.Торфаздабыча), мел, буд. камень, гліну, будаўнічыя, сілікатныя, шкляныя і фармовачныя пяскі. Падземныя горныя работы вядуцца ў тоўшчы зямной кары, уключаюць раскрыццё, падрыхтоўку вырабаткі і ачышчальнае выманне выкапня. Для распрацоўкі руднага і калійнага радовішчаў падземным спосабам ствараецца горнае прадпрыемства, у склад якога ўваходзяць руднік, шахта і абагачальная ф-ка. Спосабы распрацоўкі вугальнага радовішча залежаць ад горна-геал. і горна-тэхн.фактараў (колькасці і магутнасці пластоў, глыбіні іх залягання, памераў шахтавага поля і інш.). Распрацоўка шахтавага поля ажыццяўляецца вертыкальнымі і нахіленымі шахтавымі стваламі, штольнямі, брэмсбергамі, лавамі, камерамі, камбінаваным спосабам. Ачышчальнае выманне выкапня вядзецца ў горных вырабатках, якія перамяшчаюцца ў напрамку залягання пакладу. На Беларусі падземным спосабам вядзецца здабыча калійных солей на ВА«Беларуськалій». Горныя работы праводзяцца з дапамогай горных камбайнаў, інш. машын і механізмаў, сродкаў гідрамеханізацыі і геатэхналогіі, буравых установак і буравых інструментаў і інш. Найважнейшыя ўмовы выканання горных работ — забеспячэнне бяспечных умоў працы, рацыянальнае выкарыстанне нетраў, ахова навакольнага асяроддзя. За горнымі работамі ўстаноўлены горны нагляд.
Літ.:
Брюховецкий О.С., Бунин Ж.В., Ковалев И.А. Технология и комплексная механизация разработки месторождений полезных ископаемых. М., 1989, Агошков М.И., Борисов С.С., Боярский В.А. Разработка рудных и нерудных месторождений. 3 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАБАТА́НІКА
(ад геа... + батаніка),
навука пра расліннае покрыва Зямлі, яго структурныя элементы — раслінныя згуртаванні (фітацэнозы); раздзел батанікі. Вывучае заканамернасці фарміравання, склад, будову, развіццё і класіфікацыю раслінных згуртаванняў, іх уплыў на асяроддзе. Развіваецца ў цеснай сувязі з комплексам геагр. навук, з экалогіяй раслін, лугазнаўствам, лесазнаўствам, аграмеліярацыяй. Асн. задача геабатанікі: ацэнка магчымасцей павелічэння прадукцыйнасці розных формаў расліннага покрыва і стварэнне штучных фітацэнозаў (лесааднаўленне, стварэнне пашы і лугоў шматгадовага карыстання і інш.). Геабат. звесткі шырока выкарыстоўваюцца ў раянаванні і пры распрацоўцы праектаў рацыянальнага гасп. выкарыстання тэрыторыі, аховы прыроды і генафонду расліннага свету.
Як самаст. навука сфарміравалася ў сярэдзіне 19 — пач. 20 ст. Тэрмін увёў ням. вучоны А.Грызебах у 1866. У Расіі ў 1880-я г. пад геабатанікай разумелі пераважна вучэнне пра сувязь расліннасці з глебамі. Вял. ўклад у развіццё геабатанікі зрабілі рус. вучоныя А.М.Красноў, Дз.І.Літвінаў, Л.Р.Раменскі, А.П.Шэннікаў, У.М.Сукачоў, В.Б.Сачава, Я.М.Лаўрэнка, Т А.Работнаў і інш.
На Беларусі геабат. работы праводзіліся з канца 19 — пач. 20 ст. (І.К.Пачоскі, У.С.Дактуроўскі, Н.К.Генко, Г.І.Танфільеў). У 1920—30-я г. даследаванні вяліся ў Ін-це бел. культуры, потым у АНБССР, Ін-це сельскай і лясной гаспадаркі (У.У.Адамаў, М.А.Збіткоўскі, В.А.Міхайлоўская, В.С.Палянская, М.А.Прахін і інш.). Планамернае развіццё геабатанікі пачалося з арганізацыяй у 1956 у Ін-це эксперым. батанікі АНБССР лабараторыі геабатанікі пад кіраўніцтвам І.Д.Юркевіча. Асн. кірункі геабат. даследаванняў: класіфікацыя і картаграфаванне расліннасці, вылучэнне ўздзеяння экалагічных фактараў на расліннасць, павелічэнне прадукцыйнасці прыродных фітацэнозаў і распрацоўка прынцыпаў аховы раслінных комплексаў. Распрацаваны класіфікацыі, тыпы і асацыяцыі лясоў Беларусі, іх структура і прадукцыйнасць залежна ад глебава-грунтавых умоў (Юркевіч, Л.П.Смаляк, В.С.Гельтман, В.І.Парфёнаў, А.В.Бойка, М.Ф.Лоўчы, Дз.С.Голад, У.С.Адзярыха, П.Я.Пятроўскі, Я.Г.Пятроў, Э.П.Ярашэвіч і інш.). Вывучаны заканамернасці размяшчэння, фарміравання і змен расліннасці (Голад), біял. і гасп. прадукцыйнасць лугоў поймы Нёмана, Прыпяці, Бярэзіны, Віліі, Гарыні, невялікіх рэк Палесся (Н.А.Буртыс, Е.А.Круганава, Г.А.Кім, С.Р.Бусько, Л.М.Сапегін, П.М.Сянько, Я.М.Сцепановіч і інш.), мацерыковыя лугі Бел. Паазер’я (М.Е.Баранава), лугава-балотная расліннасць на меліяраваных землях Палесся. Абгрунтавана геабатанічнае раянаванне расліннасці Беларусі. Створана серыя картаў расліннасці краіны і асобных яе рэгіёнаў. Вядуцца даследаванні розных тыпаў расліннасці на тэрыторыях, забруджаных радыенуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАМАРФАЛО́ГІЯ
(ад геа... + марфалогія),
навука, якая вывучае вонкавую будову, паходжанне, гісторыю развіцця рэльефу зямной паверхні, а таксама рэльеф паверхні Месяца і планет Сонечнай сістэмы. Падзяляецца на агульную (разглядае агульныя заканамернасці геамарфалагічных працэсаў), рэгіянальную (вывучае рэльеф асобных участкаў), планетарную (даследуе рэльеф Зямлі ў цэлым ці найб.вял. яго формы, а таксама паверхні планет зямной групы), прыкладную (кірункі выкарыстання геамарфалагічных даных у розных галінах гасп. дзейнасці). У агульных раздзелах геамарфалогіі вылучаюць больш вузкія яе кірункі: геамарфалогія сушы і марскую (знешні выгляд рэльефу сушы і марскога дна), структурную (асаблівасці ў рэльефе структуры зямной кары і формаў рэльефу, што ўтвораны тэктанічнымі рухамі), кліматычную (даследуе рэльеф, які ўтварыўся ў выніку дзейнасці экзагенных фактараў); палеагеамарфалогію (вывучае будову зямной паверхні ў асобныя этапы геал. мінулага); марфалогію і марфаметрыю, гляцыянальную, дэнудацыйную, антрапагенную (тэхнагенную), інжынерную і інш. Выкарыстоўвае геамарфалагічныя, геал., геагр., геафіз., біял. і матэм. метады даследавання, матэрыялы дыстанцыйных здымак.
Геамарфалогія як навука ўзнікла ў канцы 19 — пач. 20 ст. Яе асновы заклалі У. М.Дэйвіс (ЗША), Ф.Рыхтгофен, А.Пенк, В.Пенк (Германія), П.А.Крапоткін, І.В.Мушкетаў (Расія).
На Беларусі навук. даследаванні пачаліся ў 1-й пал. 19 ст. Агульнагеагр. і геал. даследаванні, апісанне асобных раёнаў, характарыстыку рачных далін зрабілі В.М.Севяргін, Е.П.Зяблоўскі, Р.П.Гельмерсен і інш. У 2-й пал. 19 ст. — пач. 20 ст. новыя даныя па генезісе і эвалюцыі рэльефу атрымалі Я.У.Апокаў, А.Э.Гедройц, В.В.Дакучаеў і інш. Значны ўклад у пазнанне асаблівасцей будовы зямной паверхні зрабілі работы па асушэнні балот пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага. Новы этап пачаўся з утварэннем Геал. ін-та ў складзе Ін-та бел. культуры, пазней — у АН. У пасляваенны час на базе геал.-здымачных работ складаліся геамарфалагічныя карты, абгрунтаваны шэраг стратыграфічных схем антрапагену і дэталізаваны палеагеамарфалагічныя тэр. Беларусі (Ф.Ю.Велічкевіч, Л.М.Вазнячук, Г.І.Гарэцкі, Б.М.Гурскі, Э.А.Ляўкоў, А.В.Мацвееў, Н.Л.Махнач, М.М.Цапенка і інш.), створаны новы кірунак — вучэнне аб стараж. рачных далінах і ледавіковых лагчынах (палеапатамалогія; Гарэцкі), удакладнены генезіс і гісторыя развіцця многіх тыпаў рэльефу (В.К.Лукашоў, В.П.Якушка і інш). Шырокае развіццё атрымалі структурна-геамарфалагічныя даследаванні і вывучэнне колькасных характарыстык рэльефу (З.А.Гарэлік, В.М.Губін, Ляўкоў і інш.), створана новая генетычная класіфікацыя рэльефу і схемы геамарфалагічнага раянавання (В.А.Дзяменцьеў, Вазнячук, Мацвееў і інш.), складзены і выдадзены серыі геамарфалагічных картаў. Даследаванні рэльефу Беларусі з 1979 каардынуе Геамарфалагічная камісія АН Беларусі.
Літ.:
Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии. Мн., 1990;
Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1983—86.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́РТАСЦЬ,
увасобленая ў тавары і арэчаўленая ў ім праца таваравытворцаў; грамадская ўласцівасць тавару, якая выяўляецца ва ўмовах таварнай вытв-сці пры абмене аднаго тавару на іншы; аснова цаны тавару. Адрозніваюць спажывецкую і менавую вартасць. Спажывецкая вартасць — каштоўнасць рэчы, яе здольнасць задавальняць чалавечыя патрэбы непасрэдна (хлеб, адзенне, жыллё) і ўскосна (машыны, станкі, сыравіна). Усе тавары — розныя як спажывецкія вартасці (па якасці), але аднолькавыя як вартасць, бо ствараюцца ў вытв-сці і з’яўляюцца прадуктам працы. Велічыня вартасці тавару залежыць ад колькасці рабочага часу, неабходнага для вырабу гэтага тавару. Розныя таваравытворцы затрачваюць на вытв-сць аднаго і таго ж тавару неаднолькавую колькасць працы (часу), таму тавары маюць розную індывід. вартасць. Але яна не можа вызначаць грамадскую (рыначную) вартасць. Таваравытворцы звязаны паміж сабой сістэмай грамадскага падзелу працы і таму вырабляюць тавары на продаж (адзін для аднаго), у выніку чаго іх праца набывае грамадскі характар. Таму грамадская (рыначная) вартасць вызначаецца грамадска неабходным рабочым часам, ці часам, які затрачваецца на вытв-сцьасн. масы тавараў гэтага віду. Формай выяўлення вартасці на рынку з’яўляецца менавая вартасць — прапорцыя, у якой адны тавары абменьваюцца на іншыя. Яна вызначаецца законам, які патрабуе абмену таварамі паводле іх грамадскай (рыначнай), а не індывідуальнай вартасці. Гэты закон выступае гал. рэгулятарам таварнай вытв-сці, эканам. адносін паміж таваравытворцамі. Ён вымушае прадпрымальнікаў змяншаць індывідуальны рабочы час да ўзроўню грамадска неабходнага, а яшчэ лепш — ніжэй за яго, што гарантуе перамогу ў канкурэнтнай барацьбе і прыбытковасць вытв.-гасп. дзейнасці. Тым самым ён стымулюе навук.-тэхн. прагрэс, удасканаленне вытв-сці, павышэнне прадукцыйнасці працы. Пачатак тэорыі працоўнай вартасці паклалі У.Пеці, А.Сміт, Д.Рыкарда, навук. абгрунтаваў яе К.Маркс. Некаторыя вучоныя-эканамісты лічаць, што менавыя прапорцыі вартасці тавараў вызначаюцца не затрачанай на іх выраб грамадскай працай, а іх спажывецкай вартасцю (каштоўнасцю); на гэтай канцэпцыі заснавана гранічнай карыснасці тэорыя. Існуе таксама прадукцыйнасці тэорыя, паводле якой вартасць — вынік дзеяння 3 фактараў вытв-сці — працы, зямлі і капіталу.
У гіст. развіцці вартасць прайшла наступныя формы ў працэсе абмену: простую, адзінкавую, ці выпадковую (тавары — на тавар), поўную, ці разгорнутую (адзін тавар — на многія тавары), усеагульную (усе тавары — на тавар-эквівалент) і грашовую (усе тавары — на грошы). Грашовая форма вартасці дала прастор развіццю таварнай вытв-сці, ініцыятывы прадпрымальнікаў, гандл. сувязяў. У гэтых умовах грошы сталі асновай узнікнення капіталу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯСПЛО́ДНАСЦЬ,
бясплоддзе, няздольнасць дарослага арганізма даваць жыццяздольнае патомства. Пры адсутнасці цяжарнасці на працягу года і болей пры рэгулярным палавым жыцці без засцярогі шлюб лічаць бясплодным. Пры відавочнай паталогіі мужа ці жонкі дыягназ бясплоднасць правамоцны і раней. Бясплодны шлюб (паводле даных многіх краін складае 10—30%, у сярэднім 15%; 1995) — медыка-дэмаграфічная праблема дзярж. значнасці. Рост бясплоднасці можа абумоўлівацца ўздзеяннем паталогіі экалагічных фактараў, некаторых кантрацэптываў, міграцыяй насельніцтва, нездаровым ладам жыцця, абортамі і інш. Яна выклікае больш хуткае старэнне арганізма, павышаную схільнасць да захворванняў (пухліны), скарачае працягласць жыцця.
Адрозніваюць бясплоднасць: першасную і другасную, абсалютную і адносную, прыроджаную і набытую, часовую і пастаянную, фізіял. і паталагічную, функцыян. і арган., добраахвотна ўсвядомленую і насільна вымушаную. Агульныя прычыны бясплоднасці: парушэнне сперматагенезу, аагенезу, працэсаў зачацця — апладнення і перамяшчэння аплодненай яйцаклеткі да імплантацыі. Першасная бясплоднасць (да 70—80%, дзетанараджэнне немагчыма з пачатку палавога жыцця) абумоўлена эндакрыннай паталогіяй, другасная (20—30%, былі цяжарнасці і роды, фактары бясплоднасці выявіліся пазней) — запаленчымі хваробамі. Прычыны бясплоднасці ў жанчын (да 70% ад усіх выпадкаў бясплоднасці) — трубныя, перытаніяльныя, эндакрынныя, матачныя і шыйкавыя фактары (няправільнае развіццё ўсяго арганізма, палавых органаў, парушэнні дзейнасці яечнікаў і інш. залоз унутр. сакрэцыі, недахоп у арганізме вітамінаў, хранічныя запаленчыя хваробы і пухліны, спайкавыя працэсы і інш.). Да 30% выпадкаў бясплоднасці ў мужчын звязаны з паталаг. зменамі семя або хваробамі і недахопамі развіцця семявывадных шляхоў (наяўнасць, жыццяздольнасць і рухомасць сперматазоідаў, марфалогія і характар семянной плазмы); бывае пасля ганарэі і туберкулёзу. Лячэнне накіравана на ліквідацыю прычыны бясплоднасці — тэрапеўтычнае і хірургічнае, а таксама штучнае апладненне спермай мужа (ШАМ) ці донара (ШАД), штучнае экстракарпаральнае апладненне (ЭКА).
У жывёл бясплоднасць бывае прыроджаная і набытая. Бясплоднай лічаць маладую самку, што не апладнілася праз месяц пасля дасягнення фізіял. спеласці (у цялушак пасля 18 месяцаў, у кабыл 3 гады, у ярак 12 месяцаў, у свінак 8—9 месяцаў), і самку, што праз месяц пасля родаў была асемянёна, але не апладнілася. Бясплоднымі могуць быць і самцы. Асн. прычынамі, што парушаюць палавую функцыю ў жывёл, лічаць недастатковае ці залішняе кармленне с.-г. жывёл, недахоп вітамінаў (A, E, D, B і інш.), мінер. рэчываў (кальцыю, фосфару) і мікраэлементаў (ёду, кобальту, медзі, марганцу, цынку), перакормліванне канцэнтраванымі кармамі, недастатковае кармленне цяжарнай жывёлы і той, што расце. Пры бясплоднасці, выкліканай парушэннямі правіл штучнага асемянення або злучкі, змен у палавых органах не ўстанаўліваюць. Прычынай бясплоднасці могуць быць захворванні палавых органаў, паталагічныя роды, затрымка паследу, субінвалюцыя маткі, захворванні на трыхаманоз, кампілабактэрыёз, бруцэлёз і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕ́Н РЭ́ЧЫВАЎ, метабалізм,
сукупнасць хім. ператварэнняў рэчываў у жывых арганізмах, якія забяспечваюць іх развіццё, жыццядзейнасць, самаўзнаўленне, сувязь з навакольным асяроддзем і адаптацыю да змен у ім. Аснову абмену рэчываў складаюць непарыўна звязаныя і ўзаемаабумоўленыя працэсы анабалізму, катабалізму і абмену энергіі. У сукупнасці яны забяспечваюць структурную і функцыян. цэласнасць арганізмаў, ляжаць у аснове іх гамеастазу. У планетарным маштабе абмен рэчываў складае важную частку кругавароту рэчываў у прыродзе. Для кожнага віду жывых арганізмаў характэрны свой, генетычна замацаваны ўзровень абмену рэчываў, які залежыць ад іх спадчынных уласцівасцяў, месца ў эвалюцыйным радзе, узросту, полу, умоў існавання і інш.фактараў (напр., абмен рэчываў ніжэйшы ў раслін і халаднакроўных жывёл, вышэйшы ў цеплакроўных, слабы ў час спячкі, анабіёзу, высокі ў перыяд размнажэння і г.д.). Пры вял. і разнастайным асартыменце арган. рэчываў, якія ўцягваюцца ў абмен, агульная яго схема ў розных арганізмаў падобная, вызначаецца ўпарадкаванасцю і падабенствам паслядоўнасці біяхім. ператварэнняў, што адбываюцца пры абавязковым удзеле ферментаў. Дзякуючы абмену рэчываў з пажыўных рэчываў утвараюцца характэрныя для дадзенага арганізма злучэнні, якія выкарыстоўваюцца як буд. ці энергет. матэрыял, пастаянна і няспынна абнаўляюцца органы і тканкі без прынцыповай змены іх хім. саставу. Асн. тыпы злучэнняў, якія ўдзельнічаюць у абмене рэчываў у арганізме, — бялкі, тлушчы, вугляводы, мінеральныя рэчывы. Іх навук. даследаванне вылучаецца ў самаст. раздзелы біяхіміі.
Ператварэнні рэчываў ад моманту іх паступлення ў арганізм да ўтварэння канчатковых прадуктаў распаду складаюць сутнасць т.зв. прамежкавага абмену рэчываў. Асн. яго этапы: ператраўленне і ўсмоктванне пажыўных рэчываў у страўнікава-кішачным тракце; дастаўка атрыманых рэчываў да розных органаў і тканак; іх перабудова, раскладанне і выкарыстанне для біясінтэзу спецыфічных рэчываў, клетак і тканак; раскладанне такіх рэчываў з утварэннем прамежкавых злучэнняў і канчатковых прадуктаў абмену; выдаленне апошніх з арганізма. Цэнтр. месца ў абмене рэчываў належыць цыклу трыкарбонавых кіслот, у якім перакрыжоўваюцца шляхі бялковага, вугляводнага, тлушчавага абмену (гл. схему). Найважн. прамежкавы прадукт абмену рэчываў — ацэтылкаэнзім A, які ўдзельнічае ва ўсіх працэсах анабалізму і катабалізму і аб’ядноўвае іх; асн. канчатковыя прадукты — H2O, CO3, NH3, мачавіна і інш. У рэгуляванні працэсаў абмену рэчываў гал. месца займаюць змены актыўнасці і інтэнсіўнасці сінтэзу клетак, абмен можа самарэгулявацца па прынцыпе адваротнай сувязі. Вял. значэнне ў рэгуляванні абмену рэчываў маюць біял. мембраны. У высокаарганізаваных жывёл рэгулюецца і каардынуецца нейрагумаральнай сістэмай пры ўдзеле біял. актыўных рэчываў (вітаміны, гармоны, медыятары і інш.). Разбалансаванне абмену рэчываў з’яўляецца прычынай або вынікам узнікнення разнастайных хвароб, фіксацыя змен у ім — важны дыягнастычны сродак. Гл. таксама Бялковы абмен, Вугляводны абмен, Тлушчавы абмен, Мінеральны абмен.
Літ.:
Ленинджер А. Основы биохимии: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1985;
Страйер Л. Биохимия: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1984—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАДЭ́МІЯ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ,
вышэйшая навуковая самакіравальная ўстанова, якая ажыццяўляе і каардынуе фундаментальныя і пошукавыя даследаванні ў Рэспубліцы Беларусь па асн. кірунках прыродазнаўчых, тэхн. і грамадскіх навук. Заснавана 1.1.1929 у Мінску на базе Інстытута беларускай культуры (Інбелкульта) паводле пастановы ЦВК і СНКБССР ад 13.10.1928. Да 1936 наз. Беларуская АН (БАН), да 1991 — АНБССР. У 1932 у Акадэміі было 14 ін-таў. У канцы 1920-х — 1930-я г. па надуманых абвінавачаннях было рэпрэсіравана больш як 140 супрацоўнікаў АН (у т. л. акадэмікі Г.І.Гарэцкі, П.В.Горын, А.Д.Дубах, М.М.Дурнаво, В.Ю.Ластоўскі, Я.Лёсік, С.М.Некрашэвіч, У.І.Пічэта, А.І.Смоліч, Б.А.Тарашкевіч, М.М.Шчакаціхін і інш.), што адмоўна адбілася на развіцці ўсіх навук. кірункаў. Найбольш пацярпелі гуманіт. навукі, дзе поруч са знішчэннем буйных бел. грамадазнаўцаў ліквідавана і распрацаваная імі навук. метадалогія, месца якой у гуманіт. даследаваннях 1930—50-х г. занялі празмерна гнуткія прынцыпы тагачаснай паліт. практыкі. У 1941 у АН было 12 н.-д. устаноў, у т. л. 9 ін-таў. У гады Вял. Айч. вайны АН панесла вял. людскія, матэрыяльныя і культ. страты (толькі матэрыяльны ўрон склаў больш за 300 млн. руб; у тагачасных цэнах). За 1-е пасляваеннае 10-годдзе адноўлены даваен. навук. ўстановы і створаны новыя. Сусв.навук.-тэхн. рэвалюцыя ў 1960—80-я г. дала значны імпульс далейшаму развіццю АН, абумовіла стварэнне многіх новых устаноў фізіка-матэм. і тэхн. профілю. На 1.1.1991 у АН працавалі 17 093 чал., у т. л. 5967 навук. работнікаў, 55 акад., 96 чл.-кар., 375 д-роў і 2557 канд.навук. Перабудовачныя працэсы 1980-х г. і эканам. крызіс пач. 1990-х г. паўплывалі на змяншэнне аб’ёму даследаванняў. На 1.1.1995 у складзе АН 11 218 супрацоўнікаў, у т. л. 4747 навук. работнікаў, 65 акад., 99 чл.-кар., 444 д-ры і 2139 канд.навук. Кіраванне работай АН ажыццяўляюць прэзідэнт і выбарны калегіяльны орган — Прэзідыум АН. Мае 6 аддзяленняў, якія аб’ядноўваюць н.-д. ўстановы па розных галінах навукі.
У аддзяленні фізікі, матэматыкі і інфарматыкі (ін-ты: фізікі; малекулярнай і атамнай фізікі; прыкладной оптыкі; матэматыкі; фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў; электронікі; тэхнічнай кібернетыкі; аддзел аптычных праблем інфарматыкі; Вылічальны цэнтр) вядуцца распрацоўкі ў галіне лазернай фізікі, аптычных метадаў даследавання прыродных і штучных асяроддзяў, фундаментальных узаемадзеянняў у фізіцы палёў, часціц і атамных ядраў, фізікі плазмы і плазменных тэхналогій, стварэння новых перспектыўных матэрыялаў, дыферэнцыяльных ураўненняў, вылічальнай матэматыкі, алгебры, новых інфарм. тэхналогій і інш. У аддзяленні фізіка-тэхнічных праблем машынабудавання і энергетыкі (ін-ты: праблем энергетыкі; радыяцыйных фізіка-хімічных праблем; радыеэкалагічных праблем; фізіка-тэхнічны; прыкладной фізікі; тэхналогіі металаў; тэхнічнай акустыкі; механікі металапалімерных сістэм; надзейнасці машын; акад.навук. комплекс «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава»; інжынерны цэнтр «Плазматэг»; навук-тэхн. цэнтр «Нетрадыцыйная энергетыка і энергазберажэнне», навук. цэнтр праблем механікі машын і аддзел праблем рэсурсазберажэння) вядуцца даследаванні ў галіне цепла- і масанераносу ў капілярна-порыстых целах, дысперсных сістэмах, рэалагічных асяроддзях, турбулентных патоках і ў нізкатэмпературнай плазме, фізікі, хіміі і трыбалогіі паверхні, тэхналогіі атрымання і апрацоўкі металічных, палімерных, кампазіцыйных і звышцвёрдых матэрыялаў, механікі мабільных машын і надзейнасці, цеплафізікі ліцейных працэсаў, распрацоўкі фізічных прынцыпаў і сродкаў дыягностыкі неразбуральнага кантролю рэчываў, матэрыялаў, вырабаў і тэхпрацэсаў і інш. У аддзяленні хімічных і геалагічных навук (ін-ты: агульнай і неарганічнай хіміі; біяарганічнай хіміі; геалагічных навук; праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі; фізіка-арганічнай хіміі, Рэсп.навук.-тэхн. цэнтр «Экамір»; Хіміка-тэхналагічны цэнтр) вядуцца даследаванні ў галіне фізіка-хіміі палімераў і арган. сінтэзу, сінтэзу высокаактыўных і селектыўных адсарбентаў і каталізатараў, прыроды паверхневых з’яў і дысперсных сістэм, структурных асноў функцыянавання бялкоў і нуклеінавых кіслот, распрацоўкі рацыянальных падыходаў да накіраванага сінтэзу і вылучэння біялагічна важных злучэнняў, ацэнкі, прагназавання і аптымізацыі ўздзеяння натуральных і антрапагенных фактараў на прыроднае асяроддзе, стварэння рэсурсазберагальных тэхналогій здабычы, перапрацоўкі і выкарыстання цвёрдых гаручых выкапняў, будовы і эвалюцыі зямной кары і прыроднага асяроддзя на тэр. Беларусі. У аддзяленні біялагічных навук (ін-ты: генетыкі і цыталогіі; заалогіі; лесу; мікрабіялогіі; радыебіялогіі; фотабіялогіі; эксперыментальнай батанікі; Цэнтр. батанічны сад) вядуцца даследаванні ў галіне дынамікі супольнасцяў раслін і жывёл Беларусі, біял. рэсурсаў, асновы іх узнаўлення, рацыянальнага выкарыстання і аховы, генетычных і фізіёлага-біяхімічных праблем селекцыі, прадукцыйнасці і імунітэту раслін, генетычнай і клетачнай інжынерыі раслін і мікраарганізмаў, выкарыстання мікраарганізмаў у біятэхналогіі, сельскай гаспадарцы і аховы навакольнага асяроддзя, экалагічнай абстаноўкі, абумоўленай катастрофай на Чарнобыльскай АЭС, медыка-біял. і генетычных вынікаў радыяцыі, спосабаў зніжэння яе шкоднага ўздзеяння і інш. У аддзяленні гуманітарных навук (ін-ты: гісторыі; літаратуры; мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; мовазнаўства; сацыялогіі; філасофіі і права; эканомікі; аддзел навук. інфармацыі па гуманітарных навуках) вядуцца даследаванні ў галіне вывучэння гісторыі бел. народа, яго мовы і л-ры, заканамернасцяў развіцця бел. мастацтва, матэрыяльнай культуры і побыту народа, гісторыі і тэорыі вусна-паэт. творчасці, праблем этн. і мед. антрапалогіі беларусаў, распрацоўкі сацыялагічнай мадэлі сац. і паліт. працэсаў ва ўмовах пераходу грамадства ад таталітарнай да дэмакратычнай сістэмы рыначнага тыпу, вывучэння гісторыі філас. і паліт.-прававой думкі, заканамернасцяў грамадскага развіцця, фарміравання дэмакр.дзярж. і паліт. сістэмы Рэспублікі Беларусь, распрацоўкі нац.-дзярж. мадэлі эканомікі Беларусі і механізму яе дзярж. рэгулявання і інш. У аддзяленні праблем медыцыны (ін-ты біяхіміі; фізіялогіі) вядуцца даследаванні ў галіне асаблівасцяў уздзеяння фактараў сучасных экасістэм і ладу жыцця на здароўе чалавека; вывучаюць праблемы аховы генафонду насельніцтва краіны, патагенезу асн. захворванняў чалавека, стварэння новых метадаў дыягностыкі, прафілактыкі і лячэння сардэчна-сасудзістых, анкалагічных, нервовых, эндакрынных і інш. хвароб. Некаторыя ўстановы АН знаходзяцца або маюць свае рэгіянальныя аддзяленні ў абл. цэнтрах.
Для забеспячэння ўкаранення вынікаў навук. даследаванняў і навук.-тэхн. распрацовак у АН створана доследна-канструктарская база, у складзе якой: Цэнтр. канструктарскае бюро, канструктарскае аддзяленне з доследнымі вытв-сцямі; 10 спец. канструктарскіх бюро з доследнымі вытв-сцямі пры ін-тах. У сістэме АН выдавецка-паліграфічнае вытворчае аб’яднанне «Беларуская навука», Бібліятэка цэнтральная навуковая імя Я.Коласа, Цэнтральны навук. архіў, музеі стараж.-бел. культуры, гісторыі АН Беларусі. АН выдае «Даклады АН Беларусі», «Весці АН Беларусі» (5 серый), часопісы «Дифференциальные уравнения», «Инженерно-физический журнал», «Журнал прикладной спектроскопии», часопіс «Трение и износ», шматтыражную газ. «Навіны АН Беларусі». Падрыхтоўка навуковых кадраў вядзецца праз дактарантуру і аспірантуру. Асобныя вынікі даследаванняў АН прызнаны сусв. супольніцтвам вучоных як навук. адкрыцці (ультрагукавы капілярны эфект адкрыў акад. Я.Р.Канавалаў, 1972; з’яву рухомасці падвойных сувязяў у спалучаных дыёнавых злучэннях — акад. А.А.Ахрэм разам з вучонымі з Масквы і Новасібірска, 1975; з’яву стабілізацыі-лабілізацыі электронна-ўзбуджаных шмататамных малекул — акад. М.А.Барысевіч і праф. Б.С.Непарэнт, 1978; бакавы зрух праменя пры адбіцці святла — акад. Ф.І.Фёдараў, 1980, і інш.). Многія навук. распрацоўкі знайшлі шырокае прымяненне ў нар. гаспадарцы Беларусі, у т. л. новыя матэрыялы і тэхналогіі, унікальныя прыборы і высокапрадукцыйныя гатункі культ. раслін.
Купревич В.Ф. Академия наук Белорусской ССР: Очерк истории и деятельности. 3 изд. Мн., 1968;
Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1979;
Токарев Н.В. Академия наук Белорусской ССР: годы становления и испытаний (1929—45). Мн., 1988;
Академия наук Белорусской ССР: Краткий очерк Мн., 1989;
Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993.
В.К.Шчэрбін.
Акадэмія навук Беларусі. Галоўны корпус.Да арт. Акадэмія навук Беларусі. У лабараторыі ядзернай спектраскапіі Інстытута фізікі.Да арт. Акадэмія навук Беларусі. У музеі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору.Да арт. Акадэмія навук Беларусі. У лабараторыі экалогіі наземных жывёл Інстытута заалогіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮДЖЭ́Т ДЗЯРЖА́ЎНЫ,
каштарыс (расклад) даходаў і расходаў краіны на наступны год; асн.фін. план дзяржавы. Адлюстроўвае крыніцы фарміравання і напрамкі выкарыстання гал. цэнтралізаванага фонду краіны. Складаецца з вышэйшага — федэральнага ці рэсп. бюджэту і мясцовых бюджэтаў, якія ў сукупнасці ўтвараюць бюджэтную сістэму. Змест і структура Б.дз. залежаць ад многіх фактараў: узроўню развіцця прадукцыйных сіл і характару вытв. адносін, тыпу дзяржавы, яе сац. палітыкі, канкрэтнай эканам. і сац. сітуацыі, нац. асаблівасцей і інш.
Неабходнасць у бюджэту дзяржаўнага узнікла з фарміраваннем дзяржавы і таварна-грашовых адносін. Да гэтага фін. рэсурсы і іх мэтавае выкарыстанне вызначаліся ў асобных каштарысах даходаў і расходаў. З развіццём грамадства, пашырэннем функцый дзяржавы працэс пераразмеркавання нац. даходу ўскладніўся, адпаведна павялічылася колькасць асобных каштарысаў, што ўскладніла кіраванне сродкамі дзярж. казны. Неабходна было аб’яднаць мноства асобных каштарысаў у адзіны фін. план дзяржавы. Практычна спроба скласці адзіны каштарыс даходаў і расходаў дзяржавы зроблены ў Англіі ў 7 ст. пад назвай бюджэт. У Расіі першыя звесткі пра бюджэт дзяржаўны вядомы з 1654, аднак рэгулярнае яго складанне пачалося пасля стварэння ў 1812 мін-ва фінансаў. З пач. 20 ст. бюджэт дзяржаўны распрацоўваецца ў большасці краін.
Беларусь, пазбаўленая дзярж. самастойнасці ў складзе Рас. імперыі, свайго бюджэту дзяржаўнага не мела, удзельнічала толькі ў фарміраванні даходаў бюджэту дзяржаўнага Расіі, плацячы ўскосныя падаткі ад казённай віннай манаполіі (50% агульных паступленняў), пошліны, акцызы; прамыя падаткі не перавышалі 8,3%. Расходы бюджэту дзяржаўнага накіроўваліся пераважна на ваен. мэты і ўтрыманне развітой на Беларусі сеткі чыгунак. Удз. вага астатніх асігнаванняў на Беларусі ў 1913—14 складала: па гасп.мін-вах 12%, органах дзярж. кіравання, юстыцыі і кантролю 24,5%; адукацыі 11% і інш. 8%. Акрамя таго, фін. рэсурсы выдаткоўваліся і праз мясц. бюджэты, на долю якіх прыпадала менш за 1/16 усіх бюджэтных сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны БССР складзены ў 1921, але ён выкананы з вял. дэфіцытам (амаль 92% усіх бюджэтных выдаткаў пакрыта за кошт эмісіі грошай). З 1922 бюджэт дзяржаўны БССР стаў састаўной часткай бюджэту дзяржаўнага СССР і меў адносную самастойнасць (яго даходы і расходы вызначаліся пераважна саюзнымі органамі). Для бюджэтаў 1922—40 характэрны хуткі рост аб’ёму даходаў і расходаў, фарміраванне даходаў пераважна (да 90%) за кошт паступленняў ад нар. гаспадаркі, найб. доля асігнаванняў прыпадала на сац.-культ. мерапрыемствы, таму што важныя нар.-гасп. аб’екты фінансаваліся з саюзнага бюджэту. Пасляваен. бюджэты Беларусі гал. мэтай ставілі аднаўленне нар. гаспадаркі. У 1950—70-я г. ўзмацніўся ўплыў бюджэту дзяржаўнага БССР на эканам. і сац. працэсы ў сувязі з ростам эканам. патэнцыялу рэспублікі і пашырэннем яе бюджэтных правоў; доля асігнаванняў на нар. гаспадарку павялічылася да 40—50% пры змяншэнні долі выдаткаў на сац. сферу і кіраванне. Бюджэты дзяржаўныя 1980—90-х г. вызначаліся раўнамерным ростам даходаў, павелічэннем колькасці плацяжоў прадпрыемстваў, адносным захаваннем прапорцый, што склаліся ў размеркаванні сродкаў. Першы бюджэт дзяржаўны суверэннай Рэспублікі Беларусь складзены ў 1991. Ён распрацоўваўся яшчэ да прызнання незалежнасці Беларусі і захаваў многія ранейшыя рысы, тым не менш змянілася яго прызначэнне, змест, пашырыліся крыніцы даходаў. Адначасова пашырыўся і пералік расходаў, іх аб’ём і структура. Упершыню расходы перавысілі даходную частку, афіцыйна запланаваны дэфіцыт бюджэту дзяржаўнага. З гэтага часу мясц. органы ўлады набываюць поўную самастойнасць у складанні і выкананні сваіх бюджэтаў — абл., раённых, гар. і пасялковых. У гэтыя бюджэты паступаюць мясц. падаткі і зборы, а таксама адлічэнні ад агульнарэсп. падаткаў і даходаў; яны адыгрываюць важную ролю ў забеспячэнні комплекснага эканам. і сац. развіцця адпаведных рэгіёнаў. За рэсп. бюджэтам пакінута фінансаванне органаў дзярж. улады і кіравання, абароны, органаў дзярж. бяспекі, устаноў і аб’ектаў рэсп. падпарадкавання, мерапрыемстваў па мінімізацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Бюджэт дзяржаўны на наступны год, а таксама яго выкананне за мінулы год зацвярджае Вярх. Савет Беларусі. У сувязі з пераходам да рыначнай эканомікі і стварэннем новай падатковай сістэмы істотна змяніліся структура і змест бюджэту дзяржаўнага: расце яго агульны аб’ём пры перавышэнні расходаў над даходамі, павялічылася колькасць падатковых плацяжоў, сярод якіх вял. доля ўскосных (гл.табл. 1).
У расходах бюджэту значная доля асігнаванняў (больш за 10%) накіроўваецца на мінімізацыю вынікаў чарнобыльскай катастрофы, паменшылася доля асігнаванняў на нар. гаспадарку, што абумоўлена павелічэннем долі ўласных і крэдытных рэсурсаў у фінансаванні вытв-сці, змяншэннем датацый стратным прадпрыемствам. Прыярытэтнай застаецца сельская гаспадарка, у якую ў розных формах накіроўваецца да 25% усіх асігнаванняў у матэрыяльную сферу. Доля асігнаванняў у сац. сферу расце пераважна за кошт фінансавання праграм падтрымкі маламаёмнага насельніцтва. Аднак тэмпы росту бюджэтных асігнаванняў на адукацыю, ахову здароўя і навуку адстаюць ад тэмпаў росту непрадукцыйных расходаў: на абарону, абслугоўванне дзярж. доўгу, праваахоўныя органы і органы кіравання (гл.табл. 2). Праз бюджэт дзяржаўны і пазабюджэтныя фонды пераразмяркоўваецца да 60% нац. даходу. Гэта сведчыць, што бюджэт дзяржаўны застаецца на Беларусі важным інструментам дзярж. рэгулявання грамадскіх працэсаў.
Літ.:
Очерки развития финансов и кредита в Белоруссии. Мн., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ ПАДЗЕ́Л,
падзел тэрыторыі дзяржавы на часткі — адм.-тэр. адзінкі (губерні, акругі, землі, правінцыі, штаты, вобласці, раёны, дэпартаменты і інш.), на аснове якіх ствараюцца і дзейнічаюць органы дзярж.улады, кіравання і самакіравання. Асн. мэта — стварыць аптымальныя ўмовы для эфектыўнай арганізацыі і дзеяння ўсяго дзярж. механізма. Ажыццяўляецца з улікам прыроднагіст., эканам. і геагр. умоў, нац. асаблівасцяў, сац.-культ., паліт. і інш.фактараў.
У 9 ст. на тэр. Беларусі існавалі племянныя саюзы крывічоў (палачан), дрыгавічоў і радзімічаў. У 10—11 ст. склаліся Полацкая і Тураўская землі, якія захоўвалі пэўную самастойнасць пад уладай кіеўскіх князёў. Да сярэдзіны 12 ст. яны адасобіліся ў паўсамаст. дзярж. ўтварэнні — княствы. З Полацкай зямлі вылучыліся Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагожскае, Менскае і, магчыма, інш. ўдзельныя княствы; з Тураўскай — Пінскае і, верагодна, Клецкае і Слуцкае. Усх.ч. Беларусі з Мсціславам уваходзіла ў Смаленскае княства, паўд.-зах. з Берасцем і Кобрынам — у Галіцка-Валынскае, паўд.-ўсх. з Гомелем і Рэчыцай — у Чарнігаўскае. У Панямонні існавалі Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Новагародскае і Слонімскае княствы, якія разам з племяннымі княствамі Літвы ў сярэдзіне 13 ст. ўтварылі ядро Вялікага княства Літоўскага. Да сярэдзіны 14 ст. ў ВКЛ увайшла ўся Беларусь, якая ў яго складзе падзялялася на судова-адм. акругі (землі, княствы, намесніцтвы), чые межы гістарычна склаліся ў мінулым. Полацкая і Віцебская землі з пач. 16 ст. называліся ваяводствамі. Каля 20 бел. княстваў і намесніцтваў (паветаў) уваходзілі ў Віленскае і Трокскае ваяв., утвораныя ў 1413; Мазырскі пав. да 1569 — у Кіеўскае ваяв. У выніку адм. рэформы 1565—66 тэр.ВКЛ была падзелена на 30 паветаў, з якіх 16 цалкам ці часткова знаходзіліся на Беларусі і ўваходзілі ў Берасцейскае, Віленскае, Віцебскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Полацкае і Трокскае ваяв. У 1618—54 да Беларусі адносілася Смаленскае ваяв. са Старадубскім пав. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) на далучаных да Рас. імперыі бел. землях утвораны Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы (у 1796 аб’яднаны ў Беларускую губ.), пасля 2-га падзелу (1793) — Мінская губ., пасля 3-га падзелу (1795) — Слонімская і Віленская губ. (у 1797 аб’яднаны ў Літоўскую губ.). У 1802—1917 на Беларусі існавалі 5 губерняў: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская. Яны падзяляліся на паветы, колькасць якіх мянялася; з 1861 паветы падзяляліся на воласці. У 1917 не занятыя герм. войскамі бел. губерні і паветы аб’яднаны ў Заходнюю вобласць з цэнтрам у Мінску. У сак. 1918 у сувязі з прасоўваннем герм. войск да яе далучана Смаленская губ., цэнтр перанесены ў Смаленск.
25.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), у склад якой павінны былі ўвайсці б. Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. і паветы Віленскай, Віцебскай, Смаленскай, Чарнігаўскай губ., населеныя пераважна беларусамі. Фактычна Рада БНР дзейнічала толькі на тэр. Беларусі, занятай герм. войскамі, за выключэннем паўд. часткі, часова ўключанай у склад Украіны. 1.1.1919 у Смаленску абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў межах, якія амаль супадалі з пракламаванымі межамі БНР. Аднак ва ўмовах польскага наступлення ў лют. 1919 Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. ўключаны ў склад РСФСР (пры гэтым Магілёўская губ. пераўтворана ў Гомельскую), незанятая палякамі астатняя частка БССР — у склад Літ.-Бел.Сав.Сацыяліст. Рэспублікі, якая пасля ўступлення польскіх войскаў у Мінск у жн. 1919 фактычна спыніла існаванне. У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі 31.7.1920 БССР была адноўлена пад назвай Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, але без усх.ч., якая засталася ў складзе РСФСР. Паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 да Польшчы адышла і зах.ч. Беларусі (гл.Заходняя Беларусь). У складзе БССР засталіся толькі Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі і Слуцкі пав.б. Мінскай губ. У такіх межах 30.12.1922 БССР увайшла ў склад СССР. У сак. 1924 да БССР далучаны ч. Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ. (1-е ўзбуйненне). 17.7.1924 у БССР уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на 10 акруг, 100 раёнаў, 1202 сельсаветы. У час 2-га ўзбуйнення (снеж. 1924) да БССР далучаны Рэчыцкая і Гомельская акругі (б. паветы) з 18 раёнамі, пасля ўзгадненняў у 1927 усх. граніца набыла сучасны выгляд. Планаванае на пач. 1930-х г. 3-е ўзбуйненне не адбылося. Да 1930 акругі ў БССР скасаваны, захаваўся падзел на 90 раёнаў. У 1935 адноўлены 4 акругі на граніцы з Польшчай (Лепельская, Мазырская, Полацкая і Слуцкая). У студз.—лют. 1938 утвораны 5 абласцей: Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Палеская. У вер. 1939 да БССР далучана Зах. Беларусь, якая з 1921 у складзе Польшчы падзялялася на Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяв. з 26 паветамі, што падзяляліся на гміны. На тэр.б.Зах. Беларусі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская (101 раён); Віленскі край у кастр. 1939 перададзены Літве. Ёй жа ў ліст. 1940 перададзена тэр. Гайдуцішскага, Парэцкага і Свянцянскага р-наў. У час ням.-фаш. акупацыі 1941—44 зах.ч. Беларусі (акруга Беласток) далучана да Усх. Прусіі, паўд. раёны — да рэйхскамісарыята «Украіна»; усх.ч. ўваходзіла ў зону армейскага тылу. Астатнія тэр. Беларусі (каля 1/3) утварылі генеральную акругу Беларусь у складзе рэйхскамісарыята «Остланд». Пасля вызвалення Беларусі ў вер. 1944 20 яе раёнаў і г. Беласток перададзены Польшчы, Беластоцкая вобл. скасавана, Вілейская вобл. перайменавана ў Маладзечанскую, утвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобл. У студз. 1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая вобл., у студз. 1960 — Маладзечанская вобл. Колькасць раёнаў неаднаразова мянялася, з 1966 іх было 117; 28.12.1989 адноўлены Дрыбінскі р-н. На 1.10.1994 у Рэспубліцы Беларусь 1088 адм.-тэр. адзінак, у т. л. 6 абласцей (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) і сталічны горад Мінск, 118 сельскіх і 25 гар. раёнаў, 101 горад абласнога і раённага падпарадкавання, 109 пасёлкаў гар. тыпу, 1448 сельскіх Саветаў. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Парадак вырашэння пытанняў адм.-тэр. ўладкавання дзяржавы адносіцца да выключнай кампетэнцыі ВС Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Круталевич В.А. Административно-территориальное устройстве БССР. Мн., 1966;
Административно-территориальное устройство БССР: Справ. Т. 1—2. Мн., 1985—87;
Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЦКІ Максім Іванавіч
(18.2.1893, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.2.1938),
бел. пісьменнік, літаратуразнавец, публіцыст, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў нац.маст. прозы. Зрабіў вял. ўклад у развіццё бел. культуры, у фарміраванне нац. свядомасці. Брат Г.І.Гарэцкага. Скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае (1913), Паўлаўскае ваен. (Петраград, 1916) вучылішчы. У 1913—14 працаваў на Віленшчыне, у 1914—17 на фронце, быў цяжка паранены. З канца 1917 у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов», у газ. «Звезда» (1918), з рэдакцыяй якой пераехаў у Мінск, на пач. 1919 — у Вільню. У выніку захопу горада польскімі войскамі апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. Выкладаў на бел. настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі. Рэдактар газ.«Наша думка» (снеж. 1920 — ліп. 1921), з вер. 1921 выдавец і рэдактар газ.«Беларускія ведамасці». У студз. 1922 арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму. Яму было прад’яўлена абвінавачванне «ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу, у друкаванай і вуснай прапагандзе». За гэта пагражала смяротная кара або катарга. Дзякуючы пратэсту грамадскасці суд не адбыўся. Паводле слоў пісьменніка, ён «без суда, са здзекам, быў выкінуты з Вільні ў нейтральны пас паміж польскім і літоўскім фронтам». У кастр. 1923 пераехаў у Мінск. Выкладаў беларусазнаўства на рабфаку БДУ, бел. мову і л-ру ў Камуністычным ун-це Беларусі. Працаваў у Інбелкульце (з 1925 правадз. член), у Горацкай с.-г. акадэміі (люты 1926 — жн. 1928), у АН Беларусі. 18.7.1930 арыштаваны на падставе сфабрыкаванага органамі АДПУ абвінавачання ў прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі». 10.4.1931 асуджаны да 5 гадоў высылкі ў Вятку. З 1935 выкладаў рус. мову і л-ру ў школе ў пас. Пясочня Смаленскай вобл. (цяпер г. Кіраў Калужскай вобл.). 4.11.1937 зноў арыштаваны, 5.1.1938 прыгавораны да расстрэлу (расстраляны ў Вязьме). Рэабілітаваны ў 1957.
Літ. дзейнасць пачаў з газетных нататак і карэспандэнцый. Першае апавяданне «У лазні» апубл. ў 1913. Дамінуючая тэма яго творчасці — лёс бел. сялянства, працоўнай вёскі на гіст. зломе эпох, народ і інтэлігенцыя, пошукі ёю шляхоў сац. і нац. вызвалення. Зборнікам апавяданняў «Рунь» (1914), драматызаванай аповесцю «Антон» (1914, апубл. 1919) і інш. творамі пашырыў тэматычныя і жанрава-стылёвыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне» і інш.) і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). Да гэтага перыяду адносіцца паспяховая спроба маст. асваення гіст. тэмы («Лірныя спевы») і жанру філас., інтэлектуальнай прозы (цыкл апавяданняў «За што?»). Гарэцкі прайшоў шлях складанага ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця. Значныя карэктывы ў асветніцкае ўспрыманне рэчаіснасці, што ўласціва ранняму перыяду яго творчасці, унесла вайна і рэвалюцыя. Паглыбіўся гістарызм пісьменніцкага мыслення, узмацніўся аналітычны пачатак у творчасці, іншай стала філас. канцэпцыя чалавека як істоты складанай, супярэчлівай, падуладнай уздзеянню разнастайных фактараў і ўплываў («Маці», «Хадзяка»). Апавяданні ваеннай тэматыкі («Літоўскі хутарок», «Генерал», «Рускі») прасякнуты антымілітарысцкім пафасам, пратэстам супраць разбурэння маральных асноў быцця. У публіцыстыцы смаленскага перыяду (кастр. 1917 — люты 1919) выказваў спадзяванне на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі (арт. «Новая буржуазія»), падтрымліваў асобныя палажэнні бальшавіцкай праграмы (арт. «Няхай жыве камуністычная Беларусь!»); творчая і грамадская дзейнасць віленскага перыяду (люты 1919 — кастр. 1923) прасякнута асуджэннем тэрору і непрыманнем новай улады (аповесць «Дзве душы», 1919, апавяданні «Апостал», «Усебеларускі з’езд 1917-га года»). Абноўленая нац.-адраджэнская праграма, скіраваная на выхаванне сац. і нац. свядомасці, духоўнае ўзвышэнне чалавека, пераадоленне ім прыгонніцкай спадчыны, выявілася ў апавяданнях «Панская сучка», «Смачны заяц» (зб. «Досвіткі», 1926). У творчасці 1930-х г. адзначаецца далейшае паглыбленне эпічных асноў, больш грунтоўная распрацоўка тэм інтэлігенцыя і народ, будучыня Беларусі. Своеасаблівыя этапы духоўнай біяграфіі вясковай моладзі адлюстраваны ў аповесцях «У чым яго крыўда?» (1926), «Меланхолія» (нап. ў 1920-я г.), дакументальна-маст. дзённіку «На імперыялістычнай вайне» (1926). Творы Гарэцкага засведчылі новы падыход у адлюстраванні падзей вайны і зараджэнне традыцыі «акопнай праўды» як літ.-эстэт. з’явы. У рамане-хроніцы «Віленскія камунары» (1931—32, апубл. 1963) паказаў герояў, якія лічылі рэв. барацьбу універсальным сродкам вырашэння сацыяльных праблем. Панарама жыцця бел. народа ад часоў прыгоннага права да 1930-х г. створана ў аповесці «Камароўская хроніка» (незаконч., апубл. ў 1966). Дакументальна-маст. сродкамі ў ёй адлюстраваны сац. супярэчнасці эпохі, побыт, праца, норавы, звычаі бел. вёскі і інш. пластоў грамадства, раскрыты рысы характару беларуса. У творах Гарэцкага арганічна спалучаюцца сац. аспекты з маст. даследаваннем духоўнай сферы, выяўляецца глыбіня і змястоўнасць філас. канцэпцыі жыцця як няспыннага працэсу выпрацоўкі і перадачы ад пакалення да пакалення сац. і маральна-этычнага вопыту, духоўных каштоўнасцей. Незакончаныя творы «Лявоніус Задумекус» (1931—32), «Скарбы жыцця» (1932—35, 1937?), «Кіпарысы» (апрацоўка запісаў 1928) разам з асобнымі раздзеламі «Камароўскай хронікі» раскрываюць трагізм становішча рэпрэсіраванага мастака, з’яўляюцца пачаткам эстэт. асваення бел.літ. тэмы ГУЛАГа. Гарэцкі — аўтар «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры: XI век — 1905 г.» (1922), слоўнікаў «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік» (1919), «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, разам з М.Байковым), зб. «Народныя песні з мелодыямі» (1928, з А.Ягоравым) і інш. Пераклаў на бел. мову раман А.Фадзеева «Разгром», аповесці Ю.Лібядзінскага «Тыдзень», «Камісары», асобныя апавяданні М.Горкага («Зброднік», «Канавалаў», «Чалкаш»), а таксама артыкулы і дадаткі да 3-га тома Зб.тв. У.І.Леніна (выд. 1929). Рукапісная спадчына Гарэцкага захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навук. б-кі імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі. Творы пісьменніка перакл. на рус., укр., балг., лат., літ., ням., польск. мовы. На радзіме пісьменніка створаны музей, пастаўлены помнікі ў Мінску, Вязьме, імем Гарэцкага названы вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках. У 1997 створаны Міжнар. фонд братоў Гарэцкіх.
Тв.:
Выбр.тв. Т. 1—2. Мн., 1973;
Зб.тв. Т. 1—4. Мн., 1984—1986;
Творы. Мн., 1990.
Літ.:
Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы. Мн., 1984;
Адамовіч А. «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» Мн., 1980;
Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. Мн., 1968;
Дасаева Т.М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. Мн., 1993;
Гарэцкі Р. Расстрэл Максіма Гарэцкага // ЛІМ. 1992. 9 і 16 кастр.;
Першыя Гарэцкія чытанні: (Тэз. дакл. і паведамл.). Горкі, 1992;
Гарэцкія чытанні: Тэз. дакл. і паведамл. Горкі, 1993;
Гарэцкія чытанні: Матэрыялы дакл. і паведамл. Горкі, 1994, 1996.