КАРНО́ ЦЫКЛ,

абарачальны кругавы працэс, у якім цеплавая энергія ператвараецца ў работу (або наадварот); ідэальны рабочы цыкл цеплавога рухавіка. Складаецца з паслядоўна чаргавальных двух ізатэрмічных і двух адыябатных працэсаў. Уведзены Н.Карно (1824) у сувязі з вызначэннем ккдз цеплавых машын.

Ператварэнне цеплавой энергіі ў работу суправаджаецца пераносам рабочым рэчывам рухавіка (пара, газ і да т.п.) пэўнай колькасці цеплыні ад больш нагрэтага цела (награвальніка) з т-рай T1, да менш нагрэтага (халадзільніка) з т-рай T2. Ккдз цыкла η не залежыць ад прыроды рабочага рэчыва і канструкцыі рухавіка і вызначаецца толькі т-рамі T1 і T2: η = (T1—T2)/T1 (тэарэма Карно). Ккдз кожнай цеплавой машыны не можа быць большым за ккдз К.ц. (пры тых жа T1 і T2). К.ц. абарачальны, і яго можна праводзіць у адваротнай паслядоўнасці (ідэальная халадзільная машына). К.ц. адыграў важную ролю ў развіцці тэрмадынамікі і цеплатэхнікі. Пры яго дапамозе даказана эквівалентнасць розных фармулёвак другога закону тэрмадынамікі, вызначана абс. тэрмадынамічная шкала т-р, выведзены многія тэрмадынамічныя суадносіны (напр., Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненне).

А.​І.​Болсун.

Карно цыкл на дыяграме p — V (ціск — аб’ём); AB і CD — ізатэрмы, BC і AO — адыябаты, δQл і δQ — падводзімая і адводзімая колькасць цеплаты, плошча ABCD роўная карыснай рабоце цыкла.

т. 8, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў (Мікалай Герасімавіч) (24.7.1902, в. Мядзведкі Котласкага р-на Архангельскай вобл., Расія — 6.12.1974),

савецкі ваен.-марскі дзеяч. Адмірал флоту Сав. Саюза (1955), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ваен.-марскую акадэмію (1932). На флоце з 1919. З 1934 камандзір крэйсера «Чырвоная Украіна». У 1936—37 ваен.-марскі аташэ і саветнік у Іспаніі. У 1939—46 нарком ВМФ СССР, яго галоўнакамандуючы ў Вял. Айч. вайну (21.6.1941 загадаў прывесці ўсе сілы флоту, у т. л. Пінскую ваенную флатылію, у поўную боегатоўнасць). У 1948 па лжывым абвінавачанні ў перадачы сакрэтных дакументаў саюзнікам СССР у час вайны паніжаны ў званні да контр-адмірала. З 1950 камандуючы Ціхаакіянскім флотам, з 1951 ваен.-марскі міністр, з 1953 галоўнакамандуючы ВМФ —1-ы нам. міністра абароны СССР; у 1953 адноўлены ў званні адмірала флоту. З 1956 у адстаўцы, зноў паніжаны ў званні да віцэ-адмірала. Чл. ЦК КПСС (1939—55). Дэп. Вярх. Савета СССР (1937—50, 1954—58). Аўтар кніг успамінаў «Напярэдадні» (1969), «На флатах баявая трывога» (1971), «На далёкім мерыдыяне» (3-е выд. 1988), «Курсам да перамогі» (3-е выд. 1989). У 1988 пасмяротна адноўлены ў званні Адмірала флоту Сав. Саюза. Імя К. носіць цяжкі авіянясучы крэйсер расійскага Паўн. флоту (уведзены ў строй у 1991).

Літ.:

Усенко Н. Кузнецов // Коммунист Вооруженных Сил. 1990. № 7.

М.Г.Кузняцоў.

т. 8, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ПКА (Kupka) Францішак [франц. псеўд. Рэньяр Поль

(Paul Regnard); 23.9.1871, Опачна, Чэхія — 21.6.1957], чэшскі жывапісец; адзін з заснавальнікаў абстрактнага мастацтва. Праф. АМ у Празе (з 1919). Вучыўся ў АМ у Празе (1888—91) і Вене (1891—95). З 1895 у Парыжы, з 1906 у Пюто (Францыя). Чл. аб’яднання «Абстракцыя — творчасць» (з 1931). У ранні перыяд пісаў карціны ў духу імпрэсіянізму («Бібліяфіл»),

сімвалізму («Недавер, або Чорны ідал», 1903), экспрэсіянізму («Архаічная», 1910). Пазней звярнуўся да абстрактных кампазіцый і т.зв. арфізму (тэрмін уведзены Г.Апалінэрам для абазначэння жывапісу, які перадае дынаміку рухаў і муз. рытмаў праз спалучэнні чыстых моцных тонаў і перасячэнне крывалінейных паверхняў). Сярод твораў: «Клавішы раяля — возера», «Першы крок» (абодва 1909), «Жонка мастака сярод вертыкаляў» (1910—11), «Чырвоныя і сінія дыскі» (1911), «Аморфа, двухколерная фуга» і «Дыскі Ньютана. Эцюд да двухкаляровай фугі (абодва 1911—12), «Вертыкальныя чырвоныя і сінія планы», «Філасофская архітэктура» (абодва 1913), «Тры сінія, тры чырвоныя» (1913—57), «Механізм» (1920), «Абстрактны жывапіс» (1931), «Аўтаномны белы» (1951—52) і інш. Аўтар ілюстрацый да «Чалавека і зямлі» Э.​Рэклю (1904—06), «Гімна гімнаў» і «Эрынеяў» Л. дэ Ліля (1905—09), «Лісістраты» Арыстафана (1906), «Праметэя» Эсхіла (1911), шэрагу малюнкаў, тэарэт. працы «Творчасць у пластычных мастацтвах» (1923).

Я.​Ф.​Шунейка.

Ф.Купка. Дыскі Ньютана. Эцюд да двухкаляровай фугі. 1911—12.

т. 9, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛАГЕНІ́Я (ад металы + грэч. genos нараджэнне),

раздзел вучэння аб карысных выкапнях, які даследуе геал. і геахім. заканамернасці размяшчэння рудных радовішчаў у прасторы і часе. Тэрмін уведзены ў 1892 франц. геолагам Л. дэ Лане. Асн. задача М. — перспектыўная ацэнка руданоснасці геал. структур і эпох. М. падзяляецца на: эндагенную (даследуе радовішчы металічных руд, утварэнне якіх звязана з глыбіннымі працэсамі); экзагенную (радовішчы жалеза, нікелю, марганцу і інш., утвораныя ў паверхневых умовах пры выветрыванні горных парод і асадканамнажэнні ў водных басейнах); агульную (тэарэт. асновы і агульныя заканамернасці пашырэння рудных фармацый); рэгіянальную (руданосныя плошчы і рудныя радовішчы ў межах геал. рэгіёна, таксама адносна тэктанічных структур, тыпаў горных парод і інш.); спецыяльную (заканамернасці пашырэння ў часе і прасторы арудзянення аднаго металу, напр., берылію, жалеза ці комплексу металаў, напр., медна-нікелевых сульфідных руд).

Рудныя комплексы металаў пераважна прымеркаваны да асобных рэгіёнаў зямнога шара, якія наз. металагенічнымі правінцыямі, узнікненне іх абумоўлена геал. будовай і геал. гісторыяй гэтых тэрыторый. У геал. гісторыі Зямлі вылучаны металагенічныя эпохі — пэўныя перыяды часу назапашвання металаў на асобных участках зямной кары ў выглядзе радовішчаў. Рэзка адрозніваюцца ў металагенічных адносінах геасінкліналі, для якіх характэрны эпохі глыбіннага рудаўтварэння, і платформы, што з’яўляюцца абласцямі пашырэння рудных радовішчаў паверхневага генезісу. У выніку правядзення металагенічных даследаванняў складаюцца металагенічныя і прагнозныя карты.

Я.​І.​Аношка.

т. 10, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТРАЛАГІ́ЧНАЯ СЛУ́ЖБА,

сетка арг-цый, на якія ўскладзена адказнасць за метралагічнае забеспячэнне, г.зн. за ўстанаўленне і выкарыстанне навук.-арганізац. асноў, тэхн. сродкаў, правіл і норм, неабходных для дасягнення адзінства і патрэбнай дакладнасці вымярэнняў. М.с. Беларусі ўключае дзярж. М.с. (у яе ўваходзяць Дзярж. к-т па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі — Дзяржстандарт, н.-д. ўстановы, рэгіянальныя органы Дзяржстандарту) і М.с. суб’ектаў гаспадарання (мін-ваў, ведамстваў, прадпрыемстваў, арг-цый, устаноў). Нарматыўнай асновай М.с. з’яўляюцца міжнар. і міждзярж. стандарты, стандарты Рэспублікі Беларусь, тэхн. ўмовы, стандарты прадпрыемстваў, метадычныя ўказанні, інструкцыі; тэхн. базай — эталоны, узорныя сродкі вымярэнняў, рабочыя сродкі вымярэнняў і інш.

Для забеспячэння адзінства вымярэнняў М.с. распрацоўвае эталоны, метады і сродкі перадачы адзінак фіз. велічынь ад эталонаў да рабочых сродкаў вымярэнняў, ажыццяўляе вымярэнні на вытв-сці і ў навук. даследаваннях, распрацоўвае дзярж. стандарты, праводзіць акрэдытацыю выпрабавальных лабараторый і цэнтраў. Прававой асновай М.с. Беларусі з’яўляюцца законы аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў, аб сертыфікацыі прадукцыі, работ і паслуг, аб ахове правоў спажыўца і інш. Уведзены ў дзеянне нац. эталоны адзінак часу, частаты, шкалы часу, адзінкі тэмпературы, напружання пераменнага току. Створана лабараторыя дзярж. дазіметрычных эталонаў, зацверджаны і ўнесены ў Дзярж. рэестр сродкаў вымярэнняў Рэспублікі Беларусь дзярж. стандартныя ўзоры саставу раствораў іонаў металаў, арган. рэчываў і пестыцыдаў, водных раствораў неметалаў.

У.​Л.​Саламаха.

т. 10, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ФАРФО́РАВЫ ЗАВО́Д.

Створаны ў 1883 у Мінску як з-д кафлянай пліткі. З 1920 кафляны, з 1951 фарфора-фаянсавы, з 1961 фарфоравы з-д, з 1994 сучасная назва. У 1954 уведзены ў дзеянне аддзяленне радыёкерамікі, у 1962 цэх фарфоравага посуду, у 1973 жывапісна-муфельнае аддзяленне. Асн. прадукцыя: фарфоравы посуд, электратэхн. фарфор, радыёкераміка, вогнетрывалыя вырабы, эмалі і грунты. Выпускае маст. фарфоравыя вырабы (каля 170 найменняў), у т. л. кававыя, чайныя, сталовыя сервізы, чайнікі, кубкі, вазы, статуэткі, сувеніры, дэкар. блюды, дзіцячыя наборы і інш. Вырабы аздабляюць ручной размалёўкай, метадам аэраграфіі, штампа, дэколем. Мае маст. лабараторыю. Мастакі В.​Леантовіч (гал. мастак), І.​Алісевіч, Л.​Багданаў, В.​Данчук, Г.​Ліцвіненка, Л.​Малышаў, А.​Фядусь распрацоўваюць малюнкі, новыя формы посуду паводле традыцый бел. нар. і прафес. дэкар.-прыкладнога мастацтва. Сярод вырабаў: сервізы «Лянок», «Арнамент», «Павуцінка», «Слуцкі», «Сувенірны», «Сіняя галінка», «Матылёк», «Паўночнае ззянне», «Маладзёжны», «Вішнёвы», «Пяшчотны», «Карычневыя стужкі», «Званочак», «Чорная ружа», «Фантазія», «Няміга», «Кветкі лугавыя», «Бярозка», «Рабінка», «Залацістая мелодыя восені», «Беларускі краявід», «Дзянніца», вазы «Вішнёвая», «Слуцкая», «Каласок», «Чырвоная», «Традыцыя», «Галубка», «Беларуская», «Народная», статуэткі «Зубр», «Бусел», «Знакі Задыяка», электрачайнікі, самавары «Элегантныя».

В.​Л.​Леантовіч.

Да арт. Мінскі фарфоравы завод. І.​Алісевіч. Дэкаратыўны набор ваз «Казіно». 1997.
Да арт. Мінскі фарфоравы завод. В.​Леантовіч. Сталовы сервіз «Народны». 1998.

т. 10, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́ТА КРЫМІНА́ЛЬНАГА СУДА́,

вышэйшы судовы орган па крымінальных справах у губернях Рас. імперыі. Уведзены на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» 1775. У 1778 П.к.с. ўведзены ў Полацкай і Магілёўскай губ., у 1795 — у Мінскай губ. Апеляцыйная інстанцыя (2-я інстанцыя) для верхняга земскага суда, губернскага магістрата, верхняй расправы. У якасці рэвізійнай (рашаючай) інстанцыі разглядала справы аб злачынствах, якія прадугледжвалі смяротнае пакаранне, гандлёвае пакаранне, пазбаўленне гонару; у якасці суда 1-й інстанцыі — справы па абвінавачванні ў службовых злачынствах. Апеляцыйнай і рэвізійнай інстанцыяй для П.к.с. быў Сенат. У склад палаты ўваходзілі старшыня, 2 саветнікі і 2 асэсары. Паводле ўказа Паўла I ад 6.2.1797 П.к.с. на тэр. Беларусі скасаваны і заменены гал. судамі. Адноўлены ў 1831 як апеляцыйная і рэвізійная інстанцыя для павятовых судоў і магістратаў. Ў якасці 1 -й інстанцыі разглядалі справы аб службовых злачынствах чыноўнікаў. У адносінах да судоў 1-й інстанцыі мелі адм. паўнамоцтвы і маглі аб’яўляць вымовы і накладаць штрафы на чыноўнікаў ніжэйшых судоў. Пасля 1831 у склад палаты ўваходзілі старшыня, саветнік (з 1837 таварыш старшыні) і па 2 засядацелі ад дваран і купецтва. Справаводства вялося на рус. і польскай (да 1831) мовах. У 1867 П.к.с. паводле ўказа Сената аб’яднаны з палатамі цывільнага суда ў злучаныя палаты крымінальнага і цывільнага суда.

А.​У.​Марыскін.

т. 11, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ КРАЁВАЯ АБАРО́НА (БКА),

вайсковае фарміраванне на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр.Беларусі ў Вял. Айч. вайну.

Стваралася ў пач. 1944 паводле дазволу А.​Гітлера на правядзенне мабілізацыі на Беларусі, загадаў в.а. ген. камісара Беларусі К. фон Готберга ад 23.2.1944 і прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады Р.​Астроўскага ад 6.3.1944 шляхам прымусовай мабілізацыі мужчынскага насельніцтва 1908—24 г. нараджэння. Узначальвала БКА гал. камандаванне на чале з маёрам Ф.​Кушалем, якому падпарадкоўваліся акр. аддзелы БКА. Усяго было мабілізавана каля 25 тыс. чал., з якіх да крас. 1944 створана 36 пях. і 6 сапёрных батальёнаў. Афіцэры і падафіцэры БКА праходзілі падрыхтоўку на 3-тыднёвых курсах у Мінску, радавыя — на месцах службы. Для афіцэраў уведзены знакі адрознення чыноў і званні: лейтэнант, старшы лейтэнант, капітан, маёр, падпалкоўнік; для падафіцэраў — дружынавы і звязовы. Гал. мэты БКА — арганізацыя бел. нац. войска, барацьба супраць сав. партызанаў, Чырв. Арміі, польскай Арміі Краёвай. БКА не апраўдала надзей акупантаў. Многія са створаных батальёнаў выкарыстоўваліся для аховы складоў і інш. гасп. мэт. Значная частка мабілізаваных у БКА, у т. л. са зброяй у руках, пераходзілі да партызанаў. Пасля вызвалення Беларусі былі мабілізаваны ў Чырв. Армію, многія з іх пазней панеслі адм. ці крымінальнае пакаранне. Частка вайскоўцаў БКА, што апынуліся ў Германіі, увайшлі ў 1-ю бел грэнадзёрскую брыгаду СС «Беларусь» ці ў 30-ю грэнадзёрскую дывізію СС «Беларусь № 1», якая перайшла на бок амерыканцаў.

А.​М.​Літвін.

т. 2, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГМАТЫ́ЗМ [ад грэч. dogma (dogmatos) думка, вучэнне],

некрытычны, аднабаковы тып мыслення, пры якім у ацэнцы і разуменні рэалій не ўлічваюцца спецыфічныя ўмовы месца, часу, дзеяння або ён абапіраецца на адвольныя, бяздоказныя, прадузятыя пабудовы і канструкцыі. Усе ісціны трактуе як абсалюты. Тэрмін «дагматызм» уведзены стараж.-грэч. філосафамі-скептыкамі Піронам і Зянонам. І.​Кант лічыў дагматызмам усякае пазнанне, якое не заснавана на папярэднім даследаванні яго магчымасцей і перадумоў. У філасофіі Г.​Гегеля дагматызм — метафізічнае абстрактнае мысленне, якое не выкарыстоўвае дыялектычны розум як творчы патэнцыял інтэлекту чалавека. Дагматычнае мысленне ўласціва моцна псіхалагізаваным сістэмам уздзеяння на чалавека (рэлігія, паліт. ідэалогія, мараль, і інш.). У навук. і філас. мысленні дагматызм выяўляецца ў прыхільнасці да выкарыстання адназначна інтэрпрэтаваных фактаў і эмпірычных законаў: у захапленні абстракцыямі, схематызмам і фармалізмам, у ігнараванні ўзаемасувязей паміж формамі ведаў і культуры. Дагматычнае выкарыстанне сістэм ведаў праяўляецца ў іх абсалютызацыі, абрастанні культамі ў духу дактрынёрства і аўтарытарызму, у адмаўленні іншадумства, непрымірымасці да інш. поглядаў. Дагматызм у пачуццях, пазнанні і дзеяннях абумоўлены таксама псіхічнай патрэбай у адэкватнай апоры, у ачалавечванні свету, што суправаджаецца стварэннем культаў, куміраў і ідалаў, падпарадкаваннем моцнай уладзе, надзейнаму, прывычнаму і блізкаму для чалавека парадку. У процілегласць дагматызму творчы падыход патрабуе свядомых, мэтанакіраваных адносін чалавека да аб’ектыўнай рэальнасці, свабоднага крытычнага аналізу зыходных мэт і праграм дзейнасці людзей, дзяржавы і інш. суб’ектаў грамадскіх адносін.

А.​В.​Ягораў.

т. 5, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАНЦІ́Н (ад італьян. quaranta giorni сорак дзён),

комплекс адм. і медыка-сан. мерапрыемстваў, накіраваных на ізаляцыю эпідэмічнага ачага, з мэтай папярэдзіць пашырэнне і ліквідаваць інфекцыйныя хваробы ў ім. Уведзены ў Італіі ў 14 ст., калі судны, што прыбывалі з мясцовасці, небяспечнай на чуму, трымалі на рэйдзе 40 дзён (адсюль назва). Пазней К. пачалі выкарыстоўваць для барацьбы з каранціннымі хваробамі.

Каранцінныя адм.-сан. мерапрыемствы: забарона прыезду і выезду за межы дзяржавы, прыёму пасылак, закрыццё дзярж. граніц і інш.; мед.-сан.: агляд пасажыраў і экіпажаў, ізаляцыя падазроных на хваробу і хворых, абсервацыя асоб, якія былі ў кантакце з хворымі, прышчэпкі Пры ўзнікненні асабліва небяспечных інфекц. хвароб на К. пераводзяцца асобныя парты, чыг. станцыі, нас. пункты. У штодзённай практыцы сап. органы ўводзяць К. і пры інш. інфекц. хваробах (не каранцінных) у дзіцячых установах, бальніцах. Працягласць К. не меншая, чым макс. інкубацыйны перыяд хваробы.

Ветэрынарны К. — сістэма абмежавальных мерапрыемстваў, каб папярэдзіць занясенне і пашырэнне інфекц. хвароб жывёлы. Бывае прафілакт. і пры выяўленні інфекц. хваробы. Устанаўліваецца пры сібірскай язве, сапе, яшчуры, шаленстве, чуме і інш. На Беларусі першае каранціннае аддзяленне арганізавана ў Магілёве ў 1825. Адзіныя каранцінныя мерапрыемствы зацверджаны Вет. статутам БССР (1924). К. раслін — сістэма дзярж. мерапрыемстваў па ахове тэрыторыі ад пранікнення з інш. дзяржаў небяспечных шкоднікаў, узбуджальнікаў хвароб і шкоднага пустазелля, па ліквідацыі ачагоў заражэння. Гл. Санітарная ахова, Санітарная ахова граніц.

Э.​А.​Вальчук.

т. 8, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)