ГЛЕ́БАВА-КЛІМАТЫ́ЧНАЯ АКРУ́ГА,

састаўная частка глебавай правінцыі з аднолькавым генетычным тыпам рэльефу, складам глебаўтваральных парод і глеб, адным пераважным тыпам глебаўтварэння. Адрозніваецца асаблівасцямі мясц. клімату і складам расліннага покрыва. На тэр. Беларусі адпаведна глебава-геагр. раянаванню вылучана 7 глебава-кліматычных акруг: Паўночна-заходняя (займае 15,4% тэр.), Паўночна-ўсходняя (14,3%), Заходняя (18,5%), Цэнтральная (10,3%), Усходняя (13,9%), Паўднёва-заходняя (14,5%), Паўднёва-ўсходняя (13,1%). Глебава-кліматычная акруга падзяляецца на аграглебавыя раёны. Гл. Глебава-геаграфічнае раянаванне і карту да яго.

т. 5, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНЕРА́Л-ГУБЕРНА́ТАРСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1775—1917. Аб’ядноўвала адну або некалькі губерняў, узначальвалася генерал-губернатарам. Уведзена Кацярынай II. Колькасць генерал-губернатарстваў мянялася. У 1782 40 губерняў былі аб’яднаны ў 19 генерал-губернатарстваў. У 19 ст. генерал-губернатарствы пакінуты толькі ў сталіцах і на ўскраінах імперыі (Польшча, Беларусь, Прыбалтыка, Сібір, Далёкі Усход, Сярэдняя Азія). На тэр. Беларусі існавалі Беларускае генерал-губернатарства (1772—1856), Віленскае генерал-губернатарства (1794—1912), Мінскае генерал-губернатарства (1831—34).

т. 5, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭШТ-І-КІПЧА́К, Кіпчакскі стэп,

назва ў арабскіх і перс. крыніцах 11—15 ст. тэр. ад р. Іртыш да р. Дунай, ад Крыма да г. Балгар Вялікі (гл.

Балгарыя Волжска-Камская), дзе качавалі кіпчакі (полаўцы). У 13 ст. заваяваны манголамі. Падзяляўся мяжой па Урале і р. Яік (цяпер Урал) на Усх. і Заходні Кіпчак (вядомы ў рус. летапісах пад назвай Палавецкая зямля). У 16—18 ст. Д.-і-К. называлася толькі ўсх. частка (тэр. сучаснага Казахстана).

т. 6, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЯНДЗО́Ў (Уладзімір Паўлавіч) (н. 25.7.1951, в. Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на),

бел: археолаг. Д-р гіст. н. (1994). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1973). З 1978 супрацоўнік Ін-та гісторыі Нац. АН Беларусі. Даследуе помнікі палеаліту і мезаліту на тэр. Бел. Падняпроўя і бас. Зах. Дзвіны. Вылучыў 2 этапы засялення тэр. Беларусі ў каменным веку. Выявіў у мезаліце Падняпроўя і Падзвіння помнікі грэнскай, яніславіцкай, днепра-дзяснінскай і Кунда археал. культур.

Тв.:

Палеолит и мезолит Белорусского Поднепровья. Мн., 1988.

т. 8, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГАЛІСТА́Н, Магулістан, Магалістанскае ханства,

цюркская дзяржава ў 14—16 ст. на тэр. Казахстана, Кыргызстана, Узбекістана і Таджыкістана. Засн. ў 1340-я г. нашчадкам Чынгісхана Таглук-Цімурам пасля распаду Джагатайскага (Чагатайскага) улуса. Напачатку ўключаў яго ўсх. частку (Усх. Туркестан, Сямірэчча і Паўд. Сібір), у 1360—61 да М. далучаны і Маверанахр (адпаў пасля смерці Таглук-Цімура ў 1363). Як незалежная дзяржава М. існаваў да 1570-х г. на тэр. Усх. Туркестана. Часам тэрмін «М.» выкарыстоўваюць для вызначэння Усх. Туркестана.

т. 9, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА, Менскае ваяводства,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Утворана ў 1565 у складзе Мінскага павета і Рэчыцкага павета, у 1569 са складу Кіеўскага ваяв. далучаны Мазырскі павет. Мела харугву чырвонага («гваздзіковага») колеру з выявай герба «Пагоня» ў белым полі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 усх. землі ваяводства адышлі да Расіі. Скасавана пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793, яго тэр. ўвайшла ў Мінскую губерню.

В.​Л.​Насевіч.

т. 10, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКАЯ ПРАВІ́НЦЫЯ,

адм.-тэр. адзінка ў Магілёўскай губ. ў 1772—76. Цэнтр — г. Мсціслаў. Паводле ўказа ад 22.7.1773 падзялялася на Мілаславіцкі, Мсціслаўскі і Чэрыкаўскі пав. Пл. каля 790 тыс. дзес., 22 мястэчкі (каля 12 тыс. чал.), 153 сялы, 1182 вёскі (каля 146,6 тыс. чал.). На тэр. правінцыі былі 33 староствы, буйнейшыя з іх — Крычаўскае (2091 дым, 20,7 тыс. чал., 249 922 дзес. зямлі) і Хіславіцкае (301 дым, 2,9 тыс. чал., 11 371 дзес. зямлі).

Я.​К.​Анішчанка.

т. 10, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕРЫКА́НА-ЯПО́НСКІЯ ДАГАВО́РЫ 1951, 1960.

Дагавор бяспекі 1951. Падпісаны 8 вер. ў Сан-Францыска на нявызначаны тэрмін. Навязаны Японіі ЗША як умова заключэння мірнага дагавора. Паводле яго ЗША атрымалі права мець на тэр. Японіі свае ўзбр. сілы і выкарыстоўваць іх для аперацый на Д.​Усходзе і задушэння хваляванняў унутры краіны; без згоды ЗША на яп. тэр. не маглі размяшчацца базы і войскі трэцяй дзяржавы. Страціў сілу ў сувязі з заключэннем дагавора 1960. Дагавор аб узаемным супрацоўніцтве і гарантыі бяспекі падпісаны 19.1.1960 у Вашынгтоне тэрмінам на 10 гадоў (прадоўжаны на няпэўны тэрмін у ліст. 1969); ратыфікаваны 22.6.1960. Паводле яго ЗША замацавалі сваё права мець на тэр. Японіі ўзбр. сілы і ваен. базы. Японія абавязвалася нарошчваць свой ваен. патэнцыял і выкарыстоўваць яго ў выпадку агульнай небяспекі. Дагавор адмоўна ўспрыняты народам і выклікаў хваляванні ў Японіі.

т. 1, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎГУСТО́ЎСКІ КАНА́Л,

у Гродзенскім раёне Беларусі і Сувалкаўскім ваяв. Польшчы. Злучае Нёман з р. Бебжа (бас. Віслы). Даўж. 102 км, на тэр. Беларусі 22 км. Сярэдняя глыбіня 1,8 м. Утвораны з сістэмы каналаў, азёраў (Нецка, Белае і інш. на тэр. Польшчы), сажалак, каналізаваных участкаў рэк і пратокаў паміж азёрамі. На Беларусі ўключае частку р. Чорная Ганча (даўж. 9 км) паміж в. Лясная і в. Сонічы і асобнае рэчышча (даўж. 6 км), якое злучае гэтую рэчку з Нёманам (каля в. Нямнова). Мае 18 шлюзаў, з іх 4 на тэр. Беларусі. Пабудаваны ў 1824—39 як водны шлях для перавозкі грузаў з бас. Віслы і Нёмана да Балтыйскага м. На б.ч. быў даступны для суднаў водазмяшчэннем да 100 т, часткова выкарыстоўваўся для сплаву лесу. Страціў ролю транспартнага шляху. Помнік гідратэхн. буд-ва. Аб’ект турызму.

т. 2, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАМО́ЙСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Zamojskie),

адм.-тэр. адзінка на ПдУ Польшчы. Пл. 6986 км², нас. 493 тыс. чал., гарадскога 30,3% (1993). Адм. ц.г. Замасць. Найб. гарады: Тамашаў-Любельскі, Грубешаў, Білгорай, Шчэбжэшын. На Пн займае ўсх. ч. Замойскай даліны, на Пдузв. Расточэ. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -4,5 °C, ліп. 18,5 °C, ападкаў 600—660 мм за год. Гал. рэкі: Буг з прытокам Гучва, Вепш, Танеў. Глебы ўрадлівыя (чарназёмы і буразёмы). Пад лесам 22,6% тэр. (найб. пушча Сольская). Пераважае сельская гаспадарка. Пад с.-г. ўгоддзямі 70,2% тэр., у т. л. 58% пад ворывам. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, цукр. буракі, хмель, тытунь, каноплі, кармавыя культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, коней, птушак. Прам-сць: харчасмакавая (цукр., алейна-тлушчавая, мукамольна-крупяная, агароднінакансервавая, піваварная), лёгкая (швейная, трыкат.), дрэваапр. (мэблевая). Вытв-сць буд. матэрыялаў (кераміка).

т. 6, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)