ЛІМПО́ПА (Limpopo),
Кракадзілавая, рака ў Паўд. Афрыцы, Паўд.Афр. Рэспубліцы і Мазамбіку. У сярэднім цячэнні ўтварае мяжу паміж ПАР і Батсванай, ПАР і Зімбабве. Даўж. 1600 км, пл. бас. 440 тыс. км². Бярэ пачатак на паўн. схілах хр. Вітватэрсранд, у вузкай цясніне перасякае ўсх. ўскраіну Паўд.-Афрыканскага нагор’я, цячэ па Мазамбікскай нізіне, упадае ў Індыйскі ак. Гал. жыўленне ад прытокаў, што сцякаюць з вільготнага плато Матабеле і ад р. Уліфантс (справа). Сярэдні расход вады каля 800 м³/сек. У сезон летніх дажджоў (снеж.—лют.) узровень вады ў ніжнім цячэнні павышаецца на 5—7 м. Суднаходная на 160 км ад вусця. Выкарыстоўваецца для арашэння.
т. 9, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МАЛАДА́Я БЕЛАРУ́СЬ»,
літаратурна-навуковы альманах; орган Бюро бел. студэнцкіх арг-цый у Маскве. Выйшаў 1 нумар у 1922 у Мінску на бел. мове. Ініцыятар выдання Бел. культ.-навук. асацыяцыя пры Пятроўскай с.-г. акадэміі. Праводзіў ідэю беспартыйнасці бел. нац. студэнцкага руху і бел. адраджэнскай думкі. Змясціў артыкулы «На новы шлях» Г.Гарэцкага, «Беларуская культурна-нацыянальная справа ва Усходняй Беларусі» П.Любецкага (П.Каравайчыка), «Стварэнне беларускай народнасці» А.Функа, «Беларуская мова ў святле яе навуковага пазнання» П.Растаргуева, «Шырэй крокі» З.Жылуновіча (Ц.Гартнага) і інш., маст. творы З.Бядулі, Ц.Гартнага, У.Дубоўкі, Я.Журбы, М.Чарота. Забаронены ў лют. 1923.
Ю.Р.Васілеўскі.
т. 9, с. 550
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІНСК — ГО́РАД-ГЕРО́Й»,
архітэктурна-скульптурны комплекс у Мінску. Адкрыты 8.5.1985 на Машэрава праспекце на невял. пагорку побач з паркам Перамогі. Аўтары: скульпт.-арх. В.Занковіч, арх. В.Крамарэнка, В.Яўсееў, У.Раманенка. Кампазіцыйны акцэнт — абеліск (выш. 45 м), на грані якога ў верхняй ч. выявы зоркі і лаўровай галінкі; у ніжняй ч. на выступе-блоку дошка з інфарм. тэкстам аб прысваенні Мінску ганаровага звання «Горад-герой». Справа ад абеліска, на невысокім пастаменце, фігура жанчыны (5,5 м) — абагульнены вобраз маці-Радзімы, сімвал Перамогі і славы. Комплекс размешчаны на абліцаванай светла-шэрымі плітамі агляднай пляцоўцы, ад якой зроблены 3 лесвічныя бетонныя сходы.
Г.М.Ярмоленка.
т. 10, с. 430
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫША́НКА, Міша,
рака ў Брэсцкай вобл., правы прыток р. Шчара (бас. р. Нёман). Даўж. 109 км. Пл. вадазбору 930 км². Пачынаецца на паўд. схілах Навагрудскага ўзв. каля в. Буйнявічы Баранавіцкага р-на, цячэ па Баранавіцкай раўніне. Асн. прытокі: Малатоўка (справа), Мутвіца (злева). Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 500—800 м. Пойма двухбаковая, месцамі забалочаная, шыр. 400—600 м. Рэчышча на працягу 16 км каналізаванае, на астатнім працягу моцназвілістае, шыр. 10—12 м, у ніжнім цячэнні месцамі да 40 м. Замярзае ў сярэдзіне снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 4,9 м³/с. Створаны 3 сажалкі. Прымае сцёк з меліярац. каналаў.
т. 11, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ЖНЯЯ ТУНГУ́СКА,
рака ў Эвенкійскай аўт. акрузе і Іркуцкай вобл. Расіі, правы прыток р. Енісей. Даўж. 2989 км, пл. басейна 473 тыс. км². Цячэ ў межах Сярэднесібірскага пласкагор’я. У верхнім цячэнні (да вусця р. Ілімпея) — у шырокай даліне, у рэчышчы шмат перакатаў. У ніжнім цячэнні частыя азёрападобныя расшырэнні (да 20—25 км). Пры перасячэнні трапаў месцамі цячэ ў цяснінах. Шмат парогаў. Гал. прытокі: Ілімпея, Таймура, Учамі (злева), Кочэчум, Віві, Тутанчана (справа). Жыўленне пераважна снегавое. Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 3420 м³/с. Ледастаў ад канца кастр. да мая. Суднаходная ў час паводкі да г.п. Тура. У вусці — прыстань Туруханск.
т. 11, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ПРАЎ (Глеб Валянцінавіч) (19.4.1914, г. Краснадар, Расія — 18.9.1986),
рускі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1932. Аўтар зб-каў вершаў «Справа славы» (1949), «Мы — мірныя людзі» (1951), «Мае сябры» (1958), «Адлегласці» (1964), «Тварам да агню» (1982) і інш., якія вызначаюцца глыбінёй абагульненняў, рэаліст. адлюстраваннем рэчаіснасці. На рус. мову пераклаў вершы і паэмы А.Пысіна (зб. «Мерыдыяны», 1968), вершы П.Броўкі, Г.Бураўкіна, А.Вялюгіна, Н.Гілевіча, С.Грахоўскага, У.Дубоўкі, А.Зарыцкага, А.Звонака і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Э.Агняцвет, Грахоўскі.
Тв.:
Стихотворения: Из разных книг. Л., 1975;
Третья жизнь: Стихи из разных книг. Л., 1984.
Т.У.Люковіч.
т. 11, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКСІЯЛО́ГІЯ (ад грэч. praksis справа, дзеянне + ...логія),
галіна сацыялагічных даследаванняў, якая вывучае методыку разгляду розных дзеянняў або сукупнасці дзеянняў з пункту погляду іх эфектыўнасці. Засн. польскім вучоным Т.Катарбінскім, з’яўляецца адным з метадаў сучасных сацыялагічных даследаванняў. Сутнасць метаду заключаецца ў практычным (і гіст.) даследаванні і характарыстыцы розных прац. навыкаў і прыёмаў, выяўленні іх элементаў і складанні на гэтай аснове розных рэкамендацый практычнага характару. П. займаецца гісторыяй названых катэгорый, а таксама канкрэтнымі даследаваннямі працы калектываў, аналізам форм арг-цыі працы, яе спецыялізацыі, суб’ектыўнымі (радзей аб’ектыўнымі) фактарамі змены арганізацыі, і ступені эфектыўнасці працы. П. вывучае ўзаемадзеянне індывіда і калектыву ў працэсе вытв-сці.
т. 12, с. 548
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РО́ДНАЯ СТРАХА́»,
часопіс, які выдаваўся ў жн. 1921 — крас. 1922 у Вільні на бел. мове. Закранаў некат. актуальныя пытанні зах.-бел. рэчаіснасці (арт. «Аб формах дзяржаўнасці» Умястоўскага і інш.), пісаў пра паліт. лёс Віленшчыны, т.зв. Сярэдняй Літвы. Асвятляў стан бел. школьнай асветы (арт. «Беларуская школа і беларускія настаўнікі» пад крыптанімам «К.У.», «Наша справа» пад крыптанімам «С.» і інш). Інфармаваў пра публічныя выступленні Б.Тарашкевіча, зняволенне ў віленскую турму Лукішкі М.Гарэцкага, змясціў некралог на смерць А.Лявіцкага (Ядвігіна Ш). Друкаваў апавяданні Я.Піліпава, В.Пупко, вершы Старога Уласа, Хв.Тартака (Чарнышэвіча), нар. творы, запісаныя на Вілейшчыне. Выйшла 7 нумароў.
А.С.Ліс.
т. 13, с. 397
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЁКМА,
рака ў Расійскай Федэрацыі, у Чыцінскай і Амурскай абл. і Рэспубліцы Саха (Якуція), правы прыток Лены. Даўж. 1436 км, пл. бас. 210 тыс. км². Пачынаецца на паўн. схілах Алёкмінскага Станавіка, цячэ ў вузкай даліне з крутымі схіламі (рэчышча з перакатамі), далей — у глыбокай даліне прарыву паміж хрыбтамі Удакан і Станавы, мае 13 парогаў, непраходных для суднаў. На апошніх 410 км цячэ ў шырокай даліне па Сярэднесібірскім пласкагор’і (суднаходны ўчастак). Асн. прытокі Тунгір, Нюкжа (справа), Чара (злева). Жыўленне снегавое і дажджавое. Летам бурныя паводкі. Замярзае ў канцы кастр., крыгалом у маі, у нізоўях у чэрвені. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 2000 м³/с. Сплаўная ніжэй вусця р. Тунгір.
т. 1, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЧАС, Воўчыца,
рака ў Магілёўскай вобл., правы прыток Сажа (бас. Дняпра). Даўж. 80 км. Пл. вадазбору 427 км. Пачынаецца з балота каля в. Старынка Мсціслаўскага р-на, цячэ па Аршанска-Магілёўскай раўніне праз Крычаўскі і Чэрыкаўскі р-ны. Асн. прытокі р. Яленка (злева) і ручай Глінец (справа). Даліна трапецападобная, шыр. 100—250 м у вярхоўі, 1—1,3 км у вусці. Пойма двухбаковая, пераважна лугавая, месцамі забалочаная, шыр. ад 50—200 м у верхнім цячэнні да 250—350 м у ніжнім. Рэчышча звілістае, у вярхоўі каналізаванае на 21,9 км. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці каля 2,5 м³/с. Берагі стромкія і абрывістыя, у сярэднім цячэнні забалочаныя, пад хмызняком. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў.
т. 4, с. 266
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)