ЦОРН (Zorn) Андэрс (18.2.1860, Мора, Швецыя — 22.8.1920),
шведскі мастак. Вучыўся ў маст.-прамысл. школе (1875—77) і АМ (1877—81) у Стакгольме. Зазнаў уплыў імпрэсіянізму. Пачынаў як акварэліст, з 1880-х г. працаваў у алейным жывапісе. Творы вылучаюцца свабоднай і віртуознай, амаль эскізнай манерай выканання, смелымі эфектамі асвятлення, лепкай формы шырокім мазком: «Танец у Іванаву ноч», «Тост» (абодва 1897), «Дзяўчаты ў лазні» (1906), шматлікія ню ў пленэры і інш. Індывідуальнасць мадэлі, асаблівасці мімікі і жэстаў адлюстраваны ў партрэтах А.А.Каклен (1889), С.Мамантава (1896), аўтапартрэце. Багаццем ігры святла і ценю вылучаюцца афорты «Амнібус» (1891), «Мадонна» (1900). Працаваў і як скульптар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬСКІЯ,
дзярж. і культ. дзеячы ВКЛ, Рэчы Паспалітай герба «Пелеш». Вядомы з канца 16 ст., асн. маёнткі мелі на Піншчыне і Міншчыне. Найб. вядомыя:
Францішак (1738—23.3.1821), скарбнік, падстолі гродзенскі (1777), падкаморы старадубскі (1780). На сеймах 1778 і 1780 выбіраўся скарбовым камісарам ВКЛ. Маршалак Трыбунала ВКЛ (1783). Пасол на Чатырохгадовы сейм 1788—92. У час паўстання 1794чл.Цэнтральнай дэпутацыі Вялікага княства Літоўскага. Чл.Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага 1812. Станіслаў (?—3.1.1829), камісар скарбовы ВКЛ (1784—92) і Рэчы Паспалітай (1792—93), маршалак Ігуменскага пав. (1795—1812). Канстанцін (?—21.10.1799), шамбялян (камергер) караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Пасол на Чатырохгадовы сейм 1788—92. Удзельнічаў у падрыхтоўцы паўстання 1794, прызначаны Т.Касцюшкам ген.-м. Гродзенскага пав. Пасля задушэння паўстання ў падполлі. Людвік (1785—8.8.1843). У званні маёра ўдзельнічаў у Маскоўскай кампаніі 1812 Напалеона. З 1823 у Варшаве, прэзідэнт Польск. банка (1828). У час паўстання 1830—31нам. міністра скарбу. Кароль (?—1824), скульптар. Бацька Казіміра Ельскага. Пачынаў як лепшчык у 1778—82 з арх. К.Спампані, працаваў пераважна ў Вільні. Упрыгожыў маёнтак Д.Пшаздзецкага ў Заслаўі, аўтар помнікаў Спампані ў Цаперскім манастыры пад Клецкам і М.Завішы ў капліцы ў Кухцічах (Уздзенскі р-н), скульптур Алены, Казіміра і Станіслава для Віленскага кафедральнага сабора. Для касцёла бернардзінцаў у Троках (Літва) зрабіў фігуры 4 евангелістаў, анёлаў і абраз св. Тройцы. Ян (1780—?), скульптар. Сын Караля. Выканаў фігуры прарокаў Іераміі і Ісаі (1804) для гал. алтара касцёла Пятра і Паўла ў Вільні. Па прыватных заказах Дамініка Радзівіла зрабіў 10 разных рам для партрэтаў у Нясвіжскім замку і інш.Гл. таксама Ельскі М.К., Ельскі А.К., Ельскі К., Ельскі К.М.
Да арт.Ельскія. Казімір Ельскі. Бюст Захарыя Нямчэўскага. Паміж 1810 і 1820.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТА́ГІН Васіль Аляксеевіч (1.1.1884, Масква — 31.5.1969),
рускі скульптар і графік, анімаліст. Нар. мастак Расіі (1964), правадз.чл.АМСССР (1957). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1902—07), у маст. студыях М.Мартынава (з 1899) і К.Юона (1904—06). Выкладаў у Маскоўскім вышэйшым маст.-прамысл. вучылішчы (з 1963). Яго скульптурныя творы заснаваны на глыбокім веданні жывёльнага свету, выкарыстанні пластычных магчымасцей матэрыялу для трапнай і вострай перадачы натуры жывёл, іх характэрных звычак («Тыгр», 1925—26, «Пінгвін з птушанём», 1960). Стварыў ілюстрацыі да «Маўглі» Р.Кіплінга (выд. 1926, 1934) і інш.маст. і навук. кніг пра жывёл. Афармляў маскоўскія Дарвінаўскі, Антрапалагічны і Заалагічны музеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ГЕЛАН (Vigeland) Адольф Густаў (11.4.1869, г. Мандаль, Нарвегія — 12.3.1943),
нарвежскі скульптар. У 1889—90 вучыўся ў Осла, у 1891 у Капенгагене, у 1892—93 у Парыжы, дзе фарміраваўся пад уплывам А.Радэна. Аўтар пранікнёных дынамічных па пластыцы і кампазіцыі твораў: партрэт Г.Ібсена (1903); помнікі матэматыку Н.Абелю (1908), пісьменніцы К.Колет (1911), кампазітару Р.Нурдраку (1911) у Осла. Стварыў грандыёзны скульпт. ансамбль Фрогнер-парк у Осла (больш за 150 фігур і кампазіцый; 1900—43), у якім увасобіў чалавечыя радасці і выпрабаванні ў цыклічным развіцці і адзінстве з прыродай. Філас. сімвалізм у ансамблі спалучаецца з жыццёвымі рэаліямі і пластычнай дасканаласцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРДЗЕ́ЕЎ Фёдар Гардзеевіч (1744, г. Пушкін Ленінградскай вобл., Расія — 4.2.1810),
рускі скульптар. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1759—67), у 1762—72 у Парыжы і ў Рыме. Акад. Пецярбургскай АМ (1776). З 1782 праф., з 1802 рэктар акадэміі. Ад драм. кампазіцый у духу барока («Праметэй», 1769) перайшоў да ясных і спакойных вобразаў, характэрных для класіцызму. Аўтар рэльефаў для фасадаў і інтэр’ераў палаца ў Астанкіне (1794—98), Казанскага сабора ў Пецярбургу (1804—07), надмагілляў Галіцыных (1780—90-я г.). Кіраваў адліўкай бронзавых статуй для фантанаў Петрадварца, устаноўкай помнікаў Пятру I (скульпт. Э.М.Фальканэ) і А.В.Сувораву (скульпт. М.Казлоўскі) у Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБЕ́РЦІ (Ghiberti) Ларэнца (каля 1378, г. Фларэнцыя, Італія — 1.12.1455),
італьянскі скульптар і ювелір эпохі Ранняга Адраджэння. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі. На пач. творчасці захоўваў гатычную арнаментальнасць і ювелірную тонкасць трактоўкі формаў. Пад уплывам Данатэла, Ф.Брунелескі і інш. стварыў рэльефы на купелі баптыстэрыя ў Сіене (1417—27), усх. (т.зв. Райскіх) дзвярэй фларэнційскага баптыстэрыя з шматфігурнымі кампазіцыямі на біблейскія сюжэты (1425—52). Віртуознае валоданне матэрыялам, выкарыстанне найтанчэйшых градацый рэльефу надаюць яго творам мяккую жывапіснасць, прасторавую глыбіню, вытанчанасць лінейных рытмаў. Аўтар трактата «Каментарыі» (1447—55; пра італьян. мастацтва).
Літ.:
Ghiberti e la sua arte nella Firenze... Firenze, 1979.
Л.Гіберці. Ахвяра-прынашэнне Ісаака. Рэльеф усходніх (Райскіх) дзвярэй баптыстэрыя ў Фларэнцыі. 1425— 52.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́БАЎ Ігар Мікалаевіч (24.2.1923, в. Будзінка Калінінскай вобл., Расія — 18.4.1986),
бел.скульптар. Скончыў Ін-т жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе (1956). Выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы (1956—64), БПІ (1964—76). Працаваў у галіне манум. пластыкі, партрэта, станковай кампазіцыі. Сярод твораў: «На таку» (1957), «Жаночы партрэт (Наташа)» (1959), «Подзвіг народа» (1981) і інш. Аўтар помнікаў бел. воінам і партызанам у г. Стоўбцы (з С.Селіханавым, 1963) і в.Вял. Бортнікі Бабруйскага р-на (1966), Ф.Скарыне ў Полацку паводле праекта А.Глебава (з А.Заспіцкім, В.Марокіным, 1974) і інш. Творчасці Глебава ўласцівы дакладнасць рэаліст. формы, мяккасць мадэліроўкі, жыццёвасць вобразаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВІ́Д Д’АНЖЭ́ (David d’Angers) Пьер Жан (12.3.1788, г. Анжэ, Францыя — 5.1.1856),
французскі скульптар і медальер. З 1808 вучыўся ў Ж.Л.Давіда і Ф.Л.Ралана ў Парыжы, у 1811—16 — у Франц. акадэміі ў Рыме. Пад уздзеяннем А.Кановы ў творчасці ранняга перыяду адчуваецца ўплыў класіцызму, потым — рамантызму. Бронзавыя медалі (больш за 500, у т. л. «Напалеон», «Беранжэ», «Паганіні», «Жорж Санд», «Адам Міцкевіч», «А.Чартарыйскі») і партрэтныя бюсты («І.В.Гётэ», 1831) адметныя ўнутр. усхваляванасцю і яскравай індывідуальнасцю вобразаў; чаканнасць формаў спалучаецца з жывапіснай лепкай дэталей. Аўтар манум. скульптуры: статуя Л. дэ Кандэ ў Версалі (1816—27), рэльефы франтона Пантэона ў Парыжы (1830—37) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́РЛАХ (Barlach) Эрнст (2.1.1870, г. Ведэль, Германія — 24.10.1938),
нямецкі скульптар, графік, пісьменнік. Вучыўся ў Гамбургскай школе маст. рамёстваў (1888—91), у Дрэздэнскай АМ (з 1891), у Парыжы (1895—96). У 1906 быў у Расіі, на Украіне, з 1910 працаваў у Гюстраве. Пластычную мову ням. готыкі Барлах пераасэнсаваў у духу экспрэсіянізму. Яго творам уласцівае спалучэнне гранічнай кампактнасці формы з рэзкімі пластычнымі кантрастамі, што часта надае ім абвостраную эмацыянальную напружанасць («Мсціўца», 1923). Скульптуры Барлаха прасякнуты глыбокім спачуваннем да пакут чалавека, вылучаюцца антымілітарысцкім пафасам: «Паранены», «Апалчэнец», «Малады салдат», «Загінулы», «Маці», «Бацька», «Сустрэча». Аўтар ілюстрацый да ўласнай драмы «Бедны кузен» (1918), да «Фауста» І.В.Гётэ (1923) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУЧЭ́ЦІЧ Яўген Віктаравіч (28.12.1908, г. Днепрапятроўск, Украіна — 12.4.1974),
рускі скульптар. Нар. мастак СССР (1959). Акад.АМСССР (1953). Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1931—33). Адзін з афіц. лідэраў сав. мастацтва 1940—70-х г. Аўтар гіпертрафіравана-манум., ашаламляльных па сваіх маштабах і татальнай магутнасці твораў (помнік-ансамбль на Мамаевым кургане ў Валгаградзе, 1963—67, Ленінская прэмія 1970), алегарычных вобразаў (статуя воіна-вызваліцеля ў помніку-ансамблі воінам Сав. Арміі ў Трэптаў-парку ў Берліне, 1946—49; «Перакуем мячы на аралы!» каля будынка ААН у Нью-Йорку, 1957), партрэтаў сав. военачальнікаў (І.Д.Чарняхоўскі, 1945).
А.К.Лявонава.
Я.Вучэціч. Воін-вызваліцель. Фрагмент помніка ў Трэптаў-парку ў Берліне. 1946—49.