ЖАЛЕ́ЗА СПЛА́ВЫ,
металічныя сістэмы, адным з кампанентаў якіх (як правіла, пераважным) з’яўляецца жалеза. Найб. часта выкарыстоўваюць сплавы жалеза з вугляродам (сталь, чыгун). Да Ж.с. адносяць сплавы са спец. ўласцівасцямі (высокім эл. супраціўленнем, малым цеплавым расшырэннем, магнітнымі і інш.), а таксама ферасплавы.
т. 6, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЧА́ЦЦЕ,
пачатак фарміравання і развіцця новага арганізма пасля апладнення — аб’яднання спелай яйцаклеткі са сперматазоідам; пачатак цяжарнасці ў чалавека і жывародных жывёл. Прычынай няздольнасці да З. могуць быць розныя захворванні палавых органаў, парушэнні функцый залоз унутранай сакрэцыі, хранічныя інфекцыі, інтаксікацыі і інш.
т. 7, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРДЫНА́Л (ад лац. cardinalis галоўны),
у царкоўнай іерархіі каталіцкай царквы 2-і пасля папы рымскага чын. Бліжэйшыя саветнікі і памочнікі папы па кіраўніцтве царквой, маюць сан епіскапа. Назначаюцца са згоды кансісторыі — сходу кардынальскай калегіі. На канклаве з К. выбіраецца папа рымскі.
т. 8, с. 68
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ ШАТЭЛЬЕ́—БРА́ЎНА ПРЫ́НЦЫП,
правіла зрушэння раўнавагі — знешняе ўздзеянне, якое выводзіць сістэму са стану тэрмадынамічнай раўнавагі, выклікае ў сістэме працэсы, што імкнуцца аслабіць вынікі гэтага ўздзеяння. Прапанаваны А.Ле Шатэлье (1884), тэрмадынамічна абгрунтаваны ням. фізікам К.Браўнам (1887). Гл. таксама Раўнавага тэрмадынамічная.
т. 9, с. 226
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВА́ЦЫЯ (ад лац. novatio абнаўленне, змяненне),
1) у цывільным праве адзін са спосабаў спынення абавязацельстваў. Паводле цывільнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь абавязацельства спыняецца пагадненнем бакоў, у прыватнасці дамоўленасцю пра замену аднаго абавязацельства другім паміж тымі ж асобамі.
2) Нешта новае, навіна, новаўвядзенне.
т. 11, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЛІ́ЎКА,
салодкі алкагольны напітак. Мае 18—20 аб’ёмных працэнтаў спірту, 28—40% цукру. Вырабляюць са спіртаваных фруктова-ягадных сокаў і настояў, свежых ці сушаных фруктаў, спірту-рэктыфікату, цукр. сіропу, лімоннай к-ты і змякчанай вады. Гл. таксама Лікёра-гарэлачныя вырабы.
т. 11, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РЧЭПІНГ (Norrköping),
горад на ПдЗ Швецыі. Засн. ў 14 ст. Каля 130 тыс. ж. (1998). Порт пры ўпадзенні р. Мутала ў Балтыйскае м. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Адзін са старэйшых прамысл. цэнтраў краіны. Прам-сць; эл.-тэхн., радыёэлектронная, хім., папяровая.
т. 11, с. 379
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКІ РАЁН,
адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1940—60 (са студз. 1940 у Вілейскай, з вер. 1944 у Маладзечанскай абл.). Утвораны 15.1.1940. Цэнтр — г.п. Радашковічы. Падзелены на 16 сельсаветаў. 20.1.1960 раён скасаваны, сельсаветы перададзены Валожынскаму і Маладзечанскаму р-нам.
т. 13, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАСІЛЕ́ВІЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала са жн. 1941 да ліст. 1943 на тэр. Васілевіцкага р-на Гомельскай вобл. Кіраўнікі Ц.М.Астапенка (загінуў) і М.С.Белы. Аб’ядноўвала 5 груп (57 чал.): 2 у Васілевічах (кіраўнікі Л.П.Курганская-Сакалова, А.І.Белы), у в. Бабічы (П.А.Астапенка), Навінкі (А.Ф.Фралоў), Хамічы і Гогалева (С.П.Алісейка). Падпольшчыкі прымалі па радыёпрыёмніках і распаўсюджвалі зводкі Саўінфармбюро, трымалі сувязь з Васілевіцкім і імя Варашылава партыз. атрадамі, здабывалі і перадавалі ім зброю, боепрыпасы, медыкаменты, звесткі разведкі, папярэджвалі партызан і насельніцтва пра карныя аперацыі гітлераўцаў, вывелі са строю электрастанцыю ў Васілевічах, учынялі інш. дыверсіі. У барацьбе з акупантамі загінуў 31 падпольшчык. У Васілевічах на брацкай магіле падпольшчыкаў пастаўлены абеліск.
т. 4, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НЫ,
крывяносныя сасуды, па якіх кроў цячэ да сэрца ад органаў і тканак. Усе вены, акрамя лёгачных і пупочнай, нясуць вянозную кроў. Па венах пераносяцца пажыўныя рэчывы са страўнікава-кішачнага тракту і гармоны з залоз унутранай сакрэцыі, а з тканак арганізма выдаляюцца вуглякіслы газ і інш. прадукты распаду. Самыя вялікія вены ў арганізме чалавека — полыя верхняя і ніжняя. Яны ўпадаюць у правае перадсэрдзе. Ціск і скорасць руху крыві ў венах ніжэйшыя, а ёмістасць удвая большая, чым у артэрыях. Вялікая роля ў гемадынаміцы вянознай крыві належыць клапанам, якія ўяўляюць сабой складкі ўнутранай абалонкі вен. Сценкі вен складаюцца з трох слаёў: унутранага — з эпітэлію і злучальнай тканкі, сярэдняга — з гладкіх мышцаў, вонкавага — са злучальнай тканкі, у якой шмат эластычных валокнаў. Гл. таксама Крывяносная сістэма.
т. 4, с. 91
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)