«ТЭ́КА ВІЛЕ́НЬСКА»

(«Teka Wileńska» «Віленскі зборнік»),

часопіс дэмакр. кірунку. Выдаваўся ў 1857—58 у Вільні на польскай мове раз у 2 месяцы. Рэдактар-выдавец А.Кіркор. Змяшчаў матэрыялы, тэматычна і праблемна звязаныя з Беларуссю, у т. л. паэт. творы А.​Адынца, пераклады з рус. і чэш. паэзіі В.​Каратынскага, аповесць А.​Плуга «Пястуха», апавяданні Г.​Пузыны «Што можа любасць», гісторыка-краязнаўчы нарыс У.​Сыракомлі «Мінск». Меліся быць апублікаваны бел. паэмы А.​Вярыгі-Дарэўскага. Выйшла 6 нумароў. Закрыты ўладамі. Матэрыялы, падрыхтаваныя да наступных нумароў, выдадзены пад назвай «Pismo zbiorowe Wilerískie» («Віленскі альманах», т. 1—2, 1859—60).

У.​І.​Мархель.

т. 16, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІНВА́Л, селядцовы кіт (Balaenoptera physalus),

млекакормячае сям. паласацікаў падатр. вусатых кітоў атр. кітападобных. 2 падвіды. Пашыраны ва ўсіх акіянах. Занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. да 27,3 м (у сярэднім каля 20 м), Maca каля 100 т. Спіна цёмна-шэрая, бруха белае, з 70—90 (да 114) палосамі. На баках цела шмат светла-шэрых плямак. Пласціны кітовага вуса (каля 360 пар) шэра-блакітныя, выш. да 90 см. Корміцца дробнымі ракападобнымі, чароднай рыбай, галаваногімі малюскамі. Нараджаюць 1 кіцяня (даўж. каля 6—7 м, маса да 1,86 т) раз за 2—3 гады. Промысел забаронены з 1976.

Э.​Р.​Самусенка.

Фінвал.

т. 16, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭШНУ́НА,

старажытны горад-дзяржава ў Месапатаміі ў шумера-акадскую эпоху (3—2-е тыс. да н.э.), цяпер гарадзішча Тэль-Асмар у Іраку. Праз Э. Шумер і Акад звязваліся з Эламам. У 21 ст. да н.э. ўваходзіла ў склад дзяржавы Шумера і Акада. У 20 — пач. 18 ст. да н.э. Э. — цэнтр самаст. дзяржавы. Потым заваявана царом Хамурапі. пазней — касітамі (наз. Тупліяш). У клінапісных дакументах апошні раз упамінаецца каля 6 ст. да н.э. У выніку археал. раскопак у 1930—36 выяўлены храмы, палац цара Э. Нарамсіна, сістэма каналізацыі, жылыя пабудовы, скульптура, надпісы, пячаткі і інш.

т. 18, кн. 1, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАКЕ́Й НА ТРАВЕ́,

спартыўная камандная гульня на травяным газоне з мячом і клюшкай. Гуляюць 2 каманды (па 11 гульцоў) 2 таймы па 35 мін з перапынкам. Задача каманд — забіць найб. колькасць мячоў у вароты саперніка. Памеры поля 81—91×50—55 м, варот — 3,66×2,14 м. Інвентар: клюшка даўж. 1 м з даўж. крука да 20 см, мяч дыям. да 7,4 см, масай да 163 г.

Падобныя гульні існавалі з 2-га тыс. да н.э. ў стараж. Егіпце, Персіі, Грэцыі. Японіі, на амер. кантыненце. Першы хакейны клуб з’явіўся ў Вялікабрытаніі ў 1861. Правілы гульні сфармуляваны ў 1907. Міжнар. федэрацыя засн. ў 1924. аб’ядноўвае 117 краін, еўрап. федэрацыя — 40 краін (2002). У праграме Алімп. гульняў з 1908 (мужчыны) і 1980 (жанчыны). Чэмпіянаты свету сярод мужчынскіх каманд праводзяцца з 1971 раз у 2 гады. сярод жаночых — з 1976; чэмпіянаты Еўропы сярод мужчын (раз у 4 гады) з 1970. Кубак чэмпіёнаў еўрап. краін разыгрываецца штогод з 1969. Найб. пашыраны ў Аўстраліі, Германіі, Індыі, Іспаніі, Новай Зеландыі, Нідэрландах, Пакістане, краінах Афрыкі і інш.

На Беларусі культывуецца з 1970-х г. Бел. федэрацыя ўваходзіць у Міжнар. федэрацыю з 1992. Мужчынская зборная каманда Беларусі ўдзельнічала ў фінале чэмпіянату свету (1994, г. Сідней, Аўстралія) і Еўропы (1995, Дублін), сярэбраны прызёр Міжкантынент. кубка (1997, Куала-Лумпур, Малайзія). У 2000 каманда ўдзельнічала ў адборачным турніры Алімп. гульняў (г. Осака, Японія). Жан. маладзёжная зборная каманда Беларусі заняла 4-е месца на чэмпіянаце Еўропы (1997, г. Чэске-Будзеёвіцы, Чэхія); у 1999 пераможца чэмпіянату Еўропы. Жан. нац. каманда — сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (2002).

А.​Л.​Якіменка, А.​М.​Петрыкаў.

т. 16, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГА́ВА (Agave),

род шматгадовых раслін сям. агававых. Радзіма — Цэнтр. Амерыка. Больш за 300 відаў. У Еўропу завезена пасля адкрыцця Амерыкі. Некаторыя віды культывуюцца ў адкрытым грунце ў Крыме і на Каўказе. На Беларусі ў пакоях і аранжарэях як дэкар. вырошчваецца агава нітканосная (агава filifera), агава сціснутая (агава stricta), агава амерыканская (агава americana) і інш.

Сцябло ўкарочанае, з разеткай буйнога мясістага калючага лісця. Цвітуць раз у жыцці на 6—15-м годзе, утвараючы кветанос выш. да 12 м з шматкветнай (да 17 тыс.) мяцёлкай. Потым расліны адміраюць, ад карэнішча адрастаюць парасткі. Каштоўныя: з лісця робяць грубую тканіну, паперу, з соку — напоі, з каранёў — лекі.

Агава амерыканская.

т. 1, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎЦАБЫ́К, мускусны бык (Ovibos moschatus),

жывёла сям. пустарогіх атр. парнакапытных. Трапляецца ў Грэнландыі і на некаторых а-вах Канадскага арктычнага архіпелага. Колькасць невялікая, ахоўваецца. У ледавіковы перыяд жыў на Беларусі.

Даўж. цела да 2,5 м, выш. ў карку да 1,45 м, маса да 300 кг. Поўсць цёмна-бурая, доўгая (да 0,9 м) і густая. Рогі ў самцоў і ў самак, даўж. да 0,73 м. Корміцца лішайнікамі, мохам, травой. Цяжарнасць каля 9 месяцаў. Нараджае 1 цяля раз у 2 гады. Акліматызаваны ў Нарвегіі і на в-ве Шпіцберген, распачата акліматызацыя на в-ве Урангеля і на п-ве Таймыр. У шэрагу краін аўцабыкоў трымаюць на фермах.

Аўцабык.

т. 2, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМАРЫ́ЛІС (Amaryllis),

род кветкавых раслін сям. амарылісавых. Адзін від — амарыліса красуня (A. belladonna) расце ў Паўд. Афрыцы (эндэмік Капскай біягеаграфічнай вобласці). На Беларусі вырошчваюць у пакаёвай культуры, цяпліцах і аранжарэях амарыліс гібрыдны, атрыманы ад скрыжавання амарыліса красуні з рознымі відамі гіпеаструма.

Шматгадовая травяністая расліна з буйнымі грушападобнымі цыбулінамі. Лісце скурыстае, бліскучае, рэменепадобнае. Кветкі буйныя (да 26 см у дыям.), лейкападобныя, духмяныя, сабраныя па 2—12 на канцы доўгага (да 70 см) кветканоса ў парасонік; розных колераў (белыя, чырвоныя, ружовыя, аранжавыя, крэмавыя, іншы раз стракатыя, са штрыхамі і плямамі). Цвіце зімою, ранняй вясною. Плод — каробачка з буйным чорным насеннем. Размнажаецца цыбулінамі-дзеткамі. Святлалюбны.

Амарыліс гібрыдны.

т. 1, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ЗАРНІ́ЦА»,

царкоўна-грамадскі часопіс у Зах. Беларусі. Выдаваўся з 1.9.1928 да 1.5.1929 у Вільні на бел. мове раз у 2 тыдні. Ставіў за мэту пераадолець адчужэнне правасл. Царквы на Беларусі ад нац.-вызв. імкненняў бел. народа, яго адраджэння. Шмат увагі аддаваў адносінам паміж царквой і дзяржавай, духавенствам і прыхаджанамі. Пісаў пра рэліг. выхаванне моладзі. З мэтай развіцця нац. самасвядомасці і пашырэння асветы сярод веруючых друкаваў матэрыялы пра пачатак хрысціянства на Беларусі, царк. брацтвы, Статут ВКЛ 1588, Брэсцкую унію 1596 і інш. Рабіў агляды прэсы, вёў палеміку з рус. эмігранцкім, польск. перыядычным і бел. хадэцкім друкам. Выйшла 13 нумароў.

А.​С.​Ліс.

т. 2, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫРАБНЫ́Я КАМЯНІ́,

дэкаратыўныя мінеральныя агрэгаты і горныя пароды, якія маюць прыгожы колер ці малюнак і выкарыстоўваюцца для вытв-сці разнастайных маст. вырабаў і сувеніраў. Важнейшая ўласцівасць вырабных камянёў — здольнасць добра паліравацца. Адрозніваюць цвёрдыя вырабныя камяні — цв. 5 і вышэй па шкале Моаса (яшмы, акамянелае дрэва, абсідыян і інш.) і мяккія вырабныя камяні — цв. 4 і ніжэй (мармуровы онікс, гагат, серпенцініт і інш.). Найб. рэдкія і высокадэкаратыўныя камяні, якія часткова выкарыстоўваюць у ювелірных і ювелірна-галантарэйных вырабах (малахіт, лазурыт, нефрыт, жадэіт, агат, раданіт і г.д.), іншы раз вылучаюць у асобную групу ювелірна-вырабных камянёў. У шэрагу краін існуе заканадаўчая рэгламентацыя здабычы і выкарыстання каштоўных камянёў з ліку вырабных.

т. 4, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВЕ́НЧЫЦЫ,

вёска ў Антонаўскім с/с Чавускага р-на Магілёўскай вобл. За 13 км ад Чавусаў, 50 км ад Магілёва, 10 км ад чыг. ст. Чавусы. 171 ж., 81 двор (1997). Клуб, б-ка. Брацкая магіла сав. воінаў.

Упершыню ўпамінаецца ў 1560 як сяло ў Магілёўскай воласці, дзярж. ўласнасць. У 1785 цэнтр памешчыцкага маёнтка Чавускага пав. Магілёўскага намесніцтва; 438 ж., 58 двароў, драўляная царква. У 1885 вёска ў Чавускай воласці, 256 ж., 52 двары, раз на год праводзіўся кірмаш. З 1924 да 1954 Галавенчыцы — цэнтр сельсавета Чавускага р-на. У Вял. Айч. вайну ў 1943 ням.-фаш. захопнікі спалілі 122 двары, загубілі 13 жыхароў.

т. 4, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)