БЫ́ХАЎСКІ ПАВЕ́Т, Старабыхаўскі павет (да 1852). Існаваў на тэр. Беларусі ў 1772—96 і 1802—1923. Утвораны 8.6.1772 пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай. Цэнтр — г.Быхаў (Стары Быхаў). 23.12.1796 пры скасаванні Магілёўскай губерні павет скасаваны, тэр. ўвайшла ў Беларускую губерню. Адноўлены 11.3.1802 з аднаўленнем Магілёўскай губ.Пл. Павета 4105,8 кв. вёрстаў, нас. 124 820 чал. (1897). У павеце было 10 валасцей: Баханская, Бычанская (раней Новабычанская), Гарадзецкая (пазней Старабыхаўская), Гарадзішчанская, Глухаўская, Грудзінаўская (раней Царкоўнаасавецкая), Даўгамохская, Навабыхаўская, Прапойская, Чыгірынская; 476 нас.пунктаў (1897). З абвяшчэннем БССР (1.1.1919) Быхаўскі павет у яе складзе. З лют. 1919 у складзе Магілёўскай (з 26.4.1919 Гомельскай) губ. РСФСР. 14.2.1923 павет скасаваны, воласці перададзены ў Магілёўскі, Рагачоўскі і Чэрыкаўскі паветы Гомельскай губ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЗА (грэч. basis),
1) у архітэктуры — аснова (падножжа, п’едэстал), ніжняя апорная частка калоны або пілястры.
2) На транспарце — адлегласць паміж пярэдняй і задняй восямі 2-восевага аўтамабіля, прычэпа і інш. або паміж цэнтрам 2-восевай цялежкі і пярэдняй воссю 3-восевага аўтамабіля. База вагона або лакаматыва — адлегласць паміж цэнтрамі крайніх восяў.
3) У паўправадніковай тэхніцы — назва электрода паўправадніковай прылады, напрыклад транзістара.
4) У машынабудаванні — сукупнасць паверхняў, восяў або пунктаў, па якой вызначаецца становішча вырабу адносна выбранай сістэмы каардынатаў.
5) У матэматыцы — тое, што базіс.
6) Установа, арганізацыя, якая займаецца забеспячэннем або абслугоўваннем каго-н., чаго-н. (напр., экскурсійная база).
7) Склад; частка тэр. для забеспячэння абслугоўвання экспедыцый, войскаў (напр., база ваенная).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНАЯ АКТЫ́ЎНАСЦЬ,
здольнасць актыўнага асяроддзя выклікаць вярчэнне плоскасці палярызацыі святла, што праз яго праходзіць. Натуральная аптычная актыўнасць абумоўлена несіметрычнай будовай малекул рэчываў (цукар, камфора, вінная кіслата і інш.; гл.Аптычная ізамерыя) або выклікана спецыфічнай арыентацыяй малекул (іонаў) у элементарных ячэйках крышталёў (кварц, кінавар і інш.). Крышталі такіх рэчываў не маюць пунктаў, восяў і плоскасцяў сіметрыі, заўсёды існуюць у 2 люстраных формах — правай і левай (гл.Энантыямарфізм). Штучная аптычная актыўнасць выяўляецца ў выніку вонкавых уздзеянняў, напр., магн. поля (гл.Фарадэя эфект). Аптычная актыўнасць вымяраецца з дапамогай палярыметраў, цукрамераў, спектрапалярыметраў і інш. На аснове аптычнай актыўнасці ў малекулярнай фізіцы і хіміі распрацаваны метады даследавання прасторавай структуры малекул, палімераў, крышталёў, унутры- і міжмалекулярных узаемадзеянняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́СЕНСКІ ПАВЕ́Т,
адм.-тэр. адзінка на тэр. Беларусі ў 18—20 ст. Утвораны ў крас. 1793 у Мінскай губ., з 1843 у Віленскай губ. Цэнтр — г.Дзісна. Пл. 507,8 кв. вёрст, нас. 208,3 тыс.чал. (1897). У 1886 у павет уваходзілі 2125 нас.пунктаў, 22 воласці: Богінская, Варапаншчынская, Верхненская (Вярхнянская), Глыбоцкая, Друйская, Залеская, Ігуменская, Іодкаўская (Ёдская), Лужкоўская (Лужэцкая), Луцкая, Лявонпальская, Міёрская (Мёрская), Мікалаеўская, Новапагосцкая, Пастаўская. Перабродская, Пліская, Празароцкая, Стафанпольская, Чарневіцкая, Чарэская, Язненская; заштатны г.Друя, 18 мястэчак. З 18.8.1919 да ліп. 1920 Дз. п. у Віцебскай губ. У 1921 у складзе Зах. Беларусі адышоў да Польшчы, уваходзіў у Віленскае ваяв. З 1939 у БССР, са снеж. ў Вілейскай вобл. Скасаваны 15.1.1940.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗБЕ́ЖНАСЦЬ,
уласцівасць матэм. аб’ектаў (напр., паслядоўнасці, рада, інтэграла) імкнуцца да канечнага ліміту, адно з асн. паняццяў матэм. аналізу. Выяўляецца, калі пры вывучэнні якога-н. аб’екта будуецца паслядоўнасць больш простых аб’ектаў, якая набліжаецца да зададзенага аб’екта. Напр., для вылічэння даўжыні акружнасці выкарыстоўваецца паслядоўнасць даўжынь перыметраў многавугольнікаў, упісаных у акружнасць. Паняцце З. дастасавальнае як да лікавых, так і да паслядоўнасцей інш. аб’ектаў, напр., паслядоўнасці функцый, пунктаў, абласцей, бесканечных матрыц, бесканечных вызначнікаў. Акрамя класічнага паняцця З. выкарыстоўваюцца яго розныя абагульненні. Напр., калі паслядоўнасць частковых сум рада неабмежавана ўзрастае (у класічным сэнсе рад разбягаецца), але паслядоўнасць сярэдніх арыфм. гэтых сум мае ліміт, то гавораць, што рад збягаецца ў сэнсе сярэдняга арыфметычнага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВАЛЕ́НКА (Анатоль Якаўлевіч) (н. 23.1.1919, в. Якімаўка Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Гомельскі аўтамаб. тэхнікум (1938), Харкаўскае ваен.авіяц. вучылішча (1940), Адэскі пед.ін-т (1951). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах., Крымскім, Паўн.-Каўказскім, Закаўказскім, Ленінградскім, 3-м Прыбалт. і 1-м Бел. франтах. Лётчык разведвальнага авіяпалка ст. лейтэнант К. зрабіў 173 баявыя вылеты, знішчыў 7 танкаў, 10 гармат, 15 вагонаў і 30 аўтамашын з ваен. грузам, 50 агнявых пунктаў, у паветр. баях збіў 7 самалётаў праціўніка, 16 знішчыў на зямлі. Да 1946 у Сав. Арміі, капітан. Да 1981 на парт. і выкладчыцкай рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САЎСКІ БОЙ 1942,
бой партыз. атрадаў імя Дзімітрава (камандзір І.П.Мірашнічэнка), імя Шчорса (П.В.Пранягін) і імя Варашылава (І.С.Зайкоў) супраць ням.-фаш. гарнізона (60 салдат і 50 паліцэйскіх) у г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. ў Вял.Айч. вайну. Разведаўшы сілы праціўніка, сістэму аховы і размяшчэнне яго агнявых пунктаў, у ноч на Зжн. партызаны з дапамогай падпольшчыкаў нанеслі раптоўны ўдар і пасля 2-гадзіннага бою разграмілі гарнізон (разбурылі вузел сувязі, спалілі камендатуру і інш.адм. будынкі, смалакурны з-д, масты), захапілі шмат зброі, боепрыпасаў, харч. прадуктаў. Пасля бою на працягу месяца Косава было пад кантролем партызан. У гонар дзейнасці партызан і антыфаш. арганізацыі ў Косаве помнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЛЬЧЫЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Створаны ў 1989 у г.п. Лельчыцы Гомельскай вобл.Пл. экспазіцыі 115 м², каля 400 экспанатаў асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў крамянёвыя прылады працы, наканечнікі стрэл 3—2-га тыс. да н.э. з археал. помнікаў раёна; рэчы матэрыяльнай культуры (кросны, ступы, жорны і інш.), нац. касцюмы, вышыванкі 19 — пач. 20 ст.; дакументы і матэрыялы часоў грамадз. вайны, правядзення калектывізацыі, Вял.Айч. вайны (партыз. рух, дзейнасць падполля, злучэнняў укр. і малдаўскіх партызан, узоры ўзбраення, пра воінаў-землякоў, у т. л. Героя Сав. Саюза М.П.Сыдзько, камандзіраў партыз. атрада І.А.Коласа, брыгады Лельчыцкай К.М.Дамброўскага і інш.); дакументы і матэрыялы пра пасляваеннае аднаўленне і развіццё прам-сці і культуры нас.пунктаў раёна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСІМЕ́НКА (Сяргей Афанасьевіч) (н. 13.8.1954, г.п. Крывічы Мядзельскага р-на Мінскай вобл.),
бел. фізік-тэарэтык. Д-рфіз.-матэм.н. (1997). Скончыў БДУ (1976). З 1980 у НДІ прыкладных фіз. праблем, з 1986 у НДІядз. праблем БДУ. Навук. працы па дыфракцыі эл.-магн. хваль на прасторава перыядычных структурах, часовых эфектах пры распаўсюджванні і дыфракцыі хваль у лінейных асяроддзях, электрадынаміцы кіральных і біанізатропных асяроддзяў, нанаструктурах на аснове вугляродных нанатрубак і квантавых пунктаў.
Тв.:
Light pulse dispersion under Laue diffraction from a spatial holographic grating (разам 3 У.Р.Барышэўскім) // Optics Communication. 1992. Vol. 94;
Nonlinear electron transport effects in chiral carbon nanotube (у сааўт.) // Physical Review Letters. 1997. Vol. 79.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНАЯ ЭТЫМАЛО́ГІЯ,
пераасэнсаванне семантычна незразумелых слоў пры дапамозе іх збліжэння са знешне падобнымі, але інш. паходжання словамі роднай мовы. Напр., бел. дыялектнае «лавец» — ражончык, завостраны дубчык, на які чапляюць сала, калі смажаць яго на агні, — атаясамліваецца з «лавіць», хоць яно паходзіць з «ламец», «ламіна»; дзіцячае слова «гудзільнік» («будзільнік») — з «гудзець»; «мазелін» («вазелін») — з «мазаць». На Н.э. пабудаваны шматлікія легенды пра паходжанне бел. рэчак, азёр і населеных пунктаў. Напр., назва «Гомель» нібыта паходзіць ад слоў «го! мель!», якія крычаў чалавек на беразе р. Сож, папярэджваючы пра мель. Упершыню тэрмін «Н.э.» ўвёў Э.Фёрстэман (1852). Некаторыя мовазнаўцы ўжывалі інш. тэрміны: наіўная (несапраўдная) этымалогія, лексічная (лексічна-семантычная) асіміляцыя, паранімічная атракцыя, этымалагічная рэінтэрпрэтацыя.