раннедзяржаўнае ўтварэнне на тэр. сучасных Кіеўскай і Жытомірскай абл. Украіны і ПдУ Беларусі (нізоўі р. Прыпяць з гарадамі Брагін і Мазыр) у 11—15 ст. Вылучылася ў выніку драблення Кіеўскай Русі. Сталіца — г.Кіеў. Яго ўладальнік лічыўся (з канца 12 ст. фармальна) вярх. сюзерэнам усёй Русі, таму К.к. не мела трывалай княжацкай дынастыі і за валоданне ім сапернічалі прадстаўнікі розных адгалінаванняў Рурыкавічаў. У 1240 заваявана Залатой Ардой, ханы якой кіравалі княствам праз падуладных князёў, а з канца 13 ст.праз свайго баскака. У 1362 уключана ў склад ВКЛ. З гэтага часу яго князямі былі сваякі вял. князёў ВКЛ. У канцы 14 ст. пераўтворана ў намесніцтва, у 1440 адноўлена. Скасавана ў 1470, на яго тэр. створана Кіеўскае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАПЧЫ́НСКІ Леанід Васілевіч (17.3.1936, Мінск — 16.9.1994),
бел. жывапісец, педагог. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1962). З 1962 выкладаў у Мінскім маст. вучылішчы. Працаваў у станковым жывапісе ў жанрах партрэта і пейзажа, ствараў абстрактныя кампазіцыі. Зазнаў уплывы мадэрнісцкага мастацтва пач. 20 ст. Творчасць вызначаецца імкненнем да перадачы ўнутр. свету чалавека сродкамі каларыту, танальнай атмасферы, праз характар пейзажа. Сярод твораў: «Пільніца» (1956), «Веснавая раніца» (1957—58), «Зваршчык» (1961), «Мірскі замак» (1963), «Партрэт жанчыны» (1964), «Жыровічы», «Наваградак» (абодва 1965), партрэт А.Кашкурэвіча (1973), «Пейзаж з ратондай», «Раніца» (абодва 1975), «Верхні горад», «Вуліца Старавіленская» (абодва 1979), «Вечар» (1980), «Дарога праз Баяры» (1987), «Веснавы дзень» (1991), «Прывакзальная плошча» (1994), цыкл «Дойлідства Беларусі» (1970-я г.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕ́ЛЬНЫЯ ПРАМЫ́Я,
прамыя, якія ляжаць у адной плоскасці і не перасякаюцца. У эўклідавай геаметрыі ў плоскасці праз усякі пункт, што не ляжыць на дадзенай прамой, праходзіць толькі адна прамая, якая не перасякае дадзеную. У Лабачэўскага геаметрыі ў плоскасці праз пункт C па-за дадзенай прамой AB праходзіць бясконцае мноства прамых, якія не перасякаюць AB, з іх паралельнымі да AB наз. толькі 2 — CE і CF. Прамая CE паралельная да AB у напрамку ад A да B, калі: пункты B і E ляжаць па адзін бок ад AC; CE не перасякае AB; усякі прамень унутры вугла ACE перасякае AB. Аналагічна вызначаецца прамая CF, паралельная да AB у напрамку ад B да A. У рыманавай геаметрыі П.п. не існуе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАДО́ВАЯ ГНІЛЬ, манілёз,
хвароба пладовых дрэў, якая выклікаецца недасканалымі грыбамі з роду манілія. Найб. пашырана на вішні, чарэшні, сліве, грушы і яблыні. Пашкоджвае плады, кветкі, лісце, парасткі і інш. Пашырана ўсюды, моцна праяўляецца ў вільготныя і цёплыя гады.
Інфекцыя разносіцца ветрам, дажджом, насякомымі (пладажэрка, казарка), пранікае ў органы раслін празмех. пашкоджанні. На пладах паяўляюцца невял. бурыя плямы, якія хутка разрастаюцца, тканкі плода размякчаюцца. На паверхні заражаных пладоў утвараюцца белавата-шэрыя, жаўтаватыя канцэнтрычныя падушачкі. Некат. пашкоджаныя плады не ападаюць, муміфікуюцца, робяцца чорнымі, зімуюць, праз іх адбываецца першаснае заражэнне дрэў наступным летам. Страты ўраджаю пладоў ад П.г. дасягаюць 50—70%. Меры барацьбы: знішчэнне ападу, перакопванне глебы вакол ствалоў, апырскванне бардоскай вадкасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРАДЭ́Я ЗАКО́НЫэлектролізу,
два асноўныя законы электролізу, якія паказваюць сувязь паміж эл. зарадам, што прайшоў праз электраліт, перанесенай пры гэтым масай і хім. прыродай рэчыва. Устаноўлены М.Фарадэем у 1833—34.
1-ы Ф.з.: маса m рэчыва, што вылучылася на электродзе пры электролізе, прама прапарцыянальная эл. зараду, які прайшоў праз электраліт. 2-і Ф.з.: масы розных рэчываў, што вылучаюцца адным і тым жа эл. зарадам, прапарцыянальныя хімічным эквівалентам рэчываў. Гэта азначае, што для вылучэння 1 моль розных рэчываў неабходны аднолькавы эл. зарад (гл.Фарадэя пастаянная). Матэматычна Ф.з. можна запісаць адным ураўненнем: m = (A/F)q = kq, дзе A — хім. эквівалент, F — пастаянная Фарадэя, k =A/F — электрахім. эквівалент. Ф.з. выкарыстоўваюцца для вызначэння хім. эквівалентаў рэчываў, вымярэння эл. зараду іонаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕРАДЫНАМІ́ЧНАЯ ПРЫЛА́ДА,
прылада для вымярэння эл. велічынь, заснаваная на ўзаемадзеянні магн. палёў рухомай і нерухомай шпуль з токам. Разнавіднасць электрадынамічнай прылады, у якой магн. поле нерухомай шпулі ўзмацняецца магнітаправодам з ферамагн. матэрыялу. Выкарыстоўваюцца пераважна як тэхн. шчытавыя (часам пераносныя) амперметры, вальтметры і ватметры (паказвальныя і самапісныя) ва ўмовах вібрацыі, трасення і ўдараў.
Пры вымярэнні сілы току і напружання абмоткі шпуль уключаюць паслядоўна; пры вымярэнні магутнасці прапускаюць ток: праз нерухомую шпулю — прапарцыянальны току, праз рухомую — прапарцыянальны напружанню ў вымяральным ланцугу. Працяканне токаў у шпулях утварае магн. палі, якія ўзаемадзейнічаюць і адхіляюць стрэлку прылады. Пры выкананні ферадынамічных механізмаў у выглядзе лагометраў іх выкарыстоўваюць як частатамеры, фазометры і фарадметры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАМАГНІ́ТНАЯ ПО́МПА,
1) поршневая або дыяфрагмавая помпа, у якой паступальна-зваротны рух рабочага органа ажыццяўляецца стальным стрыжнем, устаўленым у саленоід, што падключаны да крыніцы электрасілкавання.
2) Магнітагідрадынамічная помпа для перамяшчэння электраправодных вадкасцей (звычайна расплаўленых металаў) пад уздзеяннем магн. поля. Бываюць індукцыйныя і кандукцыйныя.
У індукцыйнай Э.п. электраправодная вадкасць перамяшчаецца эл.-магн. сілай, якая ўзнікае пры ўзаемадзеянні магн. поля індуктара з полем эл. току, што індуцыруецца ў праходзячай праз помпу вадкасці; у кандукцыйнай Э.п. — у выніку ўзаемадзеяння магн. поля, якое ствараецца магн. сістэмай помпы, з токам, што прапускаецца праз вадкасць (токаправодная вадкасць мае эл. сувязь са знешняй крыніцай току). Кандукцыйныя помпы працуюць на пастаянным і пераменным току. Э.п. выкарыстоўваюцца ў атамнай тэхніцы, металургіі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́СЬБІТЫ ЗАРА́ДУ, носьбіты току,
агульная назва зараджаных рухомых часціц (ці квазічасціц), якія забяспечваюць праходжанне эл. току праз рэчыва. Тэрмін найчасцей выкарыстоўваецца ў фізіцы цвёрдага цела, дзе аб’ядноўвае электроны праводнасці і дзіркі (гл.Металы, Паўправаднікі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́НЕЧНЫ ГОД, трапічны год,
час паміж 2 паслядоўнымі праходжаннямі цэнтра Сонца праз пункт вясенняга раўнадзенства (365,2422 сут). Адпавядае перыяду, за які на Зямлі адбываецца змена пораў года — вясны, лета, восені, зімы. Гл. таксама Каляндар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕФО́ННАЯ ПАДСТА́НЦЫЯ,
асобны (тэрытарыяльна вынесены) камплект абсталявання АТС для абслугоўвання групы абанентаў, што звязаны з ёй злучальнымі лініямі; частка тэлефонных сетак. Сувязь паміж абанентамі ажыццяўляецца непасрэдна праз Т.п., мінаючы АТС (без займання злучальных ліній).