САЛАВЕ́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1668—76, Салавецкае сядзенне,

народнае паўстанне ў Салавецкім манастыры супраць царк. рэформы патрыярха Нікана, за аднаўленне «старой веры» (гл. Раскол). Удзельнікі (450—500 чал.): манахі, паслушнікі, манастырскія работнікі і сяляне, збеглыя стральцы і салдаты; у 1670-я г. да іх далучыліся многія б. паплечнікі С.​Ц.​Разіна. У 1667 манахі не прынялі папраўленыя паводле рэформы богаслужэбныя кнігі. Адкрытае паўстанне пачалося 2.7.1668, калі спроба маскоўскіх стральцоў заняць манастыр сустрэла ўзбр. супраціўленне. Паступова кіраўніцтва паўстаннем перайшло ад вярхоў манаства («старцаў») да прадстаўнікоў сац. нізоў (сялян і б. разінцаў), якія на першы план высоўвалі патрабаванне адмены прыгонніцкіх парадкаў. Дзякуючы харч. дапамозе навакольных сялян паўстанцы ва ўмацаваннях манастыра больш як 7 гадоў вытрымлівалі аблогу ўрадавых войск. У студз. 1676 у выніку здрады манастыр быў узяты і паўстанне задушана, амаль усе ўдзельнікі забіты або пазней пакараны смерцю.

Літ.:

Барсуков Н.А. Соловецкое восстание (1668—1676 гг.). Петрозаводск, 1954;

Чумичева О.В. Страницы истории Соловецкого восстания (1666—1676 гг.) // История СССР. 1990. № 1.

т. 14, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАНШТА́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1921,

антыбальшавіцкае ўзбр. выступленне гарнізона Кранштата і экіпажаў некаторых караблёў Балт. флоту (усяго 27 тыс. салдат і матросаў, 2 лінейныя і інш. караблі) 1—18.3.1921. Выклікана незадавальненнем рабочых і сялян, з якіх паходзіла асн. маса паўстанцаў, палітыкай «ваеннага камунізму». 28 лют. на агульных сходах каманд лінкораў «Севастопаль» і «Петрапаўлаўск» і 1 сак. на агульнагар. мітынгу прыняты рэзалюцыі з патрабаваннямі: свабодных (з тайным галасаваннем) перавыбараў Саветаў; свабоды дзейнасці сацыяліст. партый, прафсаюзаў і сял. аб’яднанняў; свабоды эканам. дзейнасці сялян і саматужнікаў; вызвалення паліт. зняволеных; ліквідацыі манаполіі камуніст. партыі на паліт. прапаганду і інш. Праходзіла пад лозунгамі: «Уся ўлада Саве там, а не камуністам», «Саветы без камуністаў». 2 сак. створаны беспарт. «Часовы рэв. к-т» на чале з С.​Петрычэнкам, арыштаваны камісар флоту М.​М.​Кузьмін і каля 450 бальшавікоў. З сак. створаны штаб абароны з ліку ваен. спецыялістаў (б. афіцэраў). 2 сак. Савет працы і абароны Сав. Расіі абвясціў Петраград на асадным становішчы. 5 сак. для барацьбы з паўстаннем адноўлена 7-я армія на чале з М.​М.​Тухачэўскім, непасрэдна ліквідацыяй паўстання кіраваў Л.​Д.​Троцкі. 8 сак. паўстанцы адбілі першую спробу штурму Кранштата. Да 16 сак. колькасць 7-й арміі даведзена да 45 тыс. чал. Пасля двухдзённай артыл. падрыхтоўкі ў ноч на 17 сак. 2 штурмавыя групы па лёдзе Фінскага заліва атакавалі Кранштат ад Араніенбаўма і Сестрарэцка. Раніцай 17 сак. яны ўварваліся ў горад і пасля ўпартых вулічных баёў 18 сак. ліквідавалі паўстанне. Паўстанцы страцілі больш за 1 тыс. чал. забітымі і 2 тыс. параненымі, непасрэдна ў баі захоплена каля 2,5 тыс. палоннымі (з іх многія пазней расстраляны); каля 8 тыс. чал., у т. л. кіраўнікі, адышлі ў Фінляндыю. Страты штурмуючых склалі 527 чал. забітымі і 3285 параненымі. К.п. паўплывала на змену эканам. курсу бальшавікоў і абвяшчэнне новай эканамічнай палітыкі на 10-м з’ездзе партыі (сак. 1921, яго дэлегаты ўдзельнічалі ў ліквідацыі паўстання).

Літ.:

Кроншадт, 1921: [Сб. док.] М., 1997.

т. 8, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1848 у Познані 9/232

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Сялянскае паўстанне 1596—97 у Фінляндыі 10/599

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1649,

выступленне гараджан Мазыра і сялян навакольных вёсак у час антыфеадальнай вайны 1648—51 на Беларусі. Пачалося ўлетку 1648. Выступленне ўзначаліў мазырскі рамеснік Іван Сталяр. Жыхары Мазыра склалі асобную харугву на чале з мясц. седлавым майстрам Седляром. У жн. да гараджан далучыўся пасланы Б.​Хмяльніцкім атрад Міхненкі. З мэтай закрыць казацкім загонам шлях на Беларусь, у пач. студз. 1649 на Тураў і Мазыр рушыла 15-тысячнае войска ВКЛ на чале з гетманам польным Я.Радзівілам. Радзівіл паслаў да гараджан ганца з лістом, у якім прапанаваў здаць горад без бою, за што абяцаў усім паўстанцам права на свабодны выхад. Гараджане не прынялі прапановы. 19 студз. войска Радзівіла падышло да Мазыра. Драгуны, пад прыкрыццём саней з дрывамі, падышлі да варот, выбілі іх бярвёнамі і ўварваліся ў горад. К канцу дня горад і замак былі захоплены, рэшткі паўстанцаў адцеснены да Прыпяці і перабіты, горад разрабаваны, часткова спалены. Кіраўнік паўстання Сядляр прарваўся праз акружэнне і выратаваўся, Міхненка быў узяты ў палон і пакараны смерцю.

т. 9, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УО́ГА ТА́ЙЛЕРА ПАЎСТА́ННЕ 1381,

найбуйнейшае сялянскае паўстанне ў сярэдневяковай Англіі. Выклікана ўзмацненнем феад. эксплуатацыі сялян у сувязі з развіццём таварна-грашовых адносін. Важную ролю ў яго ідэалаг. падрыхтоўцы адыгралі пропаведзі Дж.Уікліфа і лалардаў. Пачалося ў маі 1381 у паўд.-ўсх. Англіі і неўзабаве ахапіла 25 графстваў. Кіраўнікі: рамеснік (верагодна, былы салдат) Уот Тайлер і святар Дж.​Бол. Паўстанцы пры дапамозе рамеснікаў і гар. беднаты 13 чэрв. ўвайшлі ў Лондан, дзе забілі многіх чыноўнікаў. Кіраўнікі паўстання 14 і 15 чэрв. падалі каралю Рычарду II петыцыі, у якіх патрабавалі знішчэння прыгонніцтва, устанаўлення цвёрдай грашовай рэнты, свабоднага гандлю, вяртання сялянам адабраных феадаламі абшчынных угоддзяў, а таксама ўраўнавання саслоўяў, секулярызацыі царк. і манастырскіх зямель і падзелу іх паміж сялянамі, амністыі паўстанцам. У час перагавораў Уот Тайлер па-здрадніцку забіты. Паўстанне жорстка задушана рыцарскім апалчэннем, Дж.​Бол пакараны смерцю. У.Т.п. нанесла моцны ўдар па феад. ладзе, паскорыла працэс вызвалення сялян ад прыгону і замены паншчыны грашовай рэнтай.

Літ.:

Ивонин Ю.Е. «Когда Адам пахал, а Ева пряла, кто был в Англии дворянином?» // И живы памятью столетий: Очерки о вождях нар. движений в средневековой Европе. Мн., 1987.

М.​Г.​Нікіцін.

Да арт. Уота Тайлера паўстанне 1381. Забойства Уота Тайлера 15.6.1381. Гравюра 15 ст.

т. 16, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАХА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1705—06,

выступленне стральцоў, пасадскіх і работных людзей у г. Астрахань супраць цяжкіх падаткаў, самавольства і насілля мясц. улад. Пачалося з пратэсту стральцоў супраць указа цара Пятра I пра забарону насіць рус. адзенне і бараду. Паўстанцы захапілі крэмль, знішчылі «начальных людзей» і афіцэраў-іншаземцаў, выбралі савет старшыняў, які адмяніў усе новыя падаткі, выплаціў і павысіў стральцам жалаванне і інш. Супраць паўстанцаў накіраваны войскі на чале з Б.​П.​Шарамецевым, якія штурмам узялі Астрахань. Паўстанне было жорстка задушана.

т. 2, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1682,

«Хаваншчына» (ад прозвішча кіраўніка кн. І.​А.​Хаванскага). Выклікана злоўжываннямі баярска-дваранскай адміністрацыі і ўціскам стральцоў з боку начальнікаў. Пачалося пасля смерці цара Фёдара Аляксеевіча (7.5.1682). Па патрабаванні стральцоў былі пакараны ненавісныя ім палкоўнікі. 25—27 мая стральцы, салдаты і гараджане, якіх падбухторвалі сваякі першай жонкі цара Аляксея Міхайлавіча баяры Міласлаўскія, расправіліся з прыхільнікамі Нарышкіных (сваякоў другой жонкі Аляксея Міхайлавіча — маці новага цара малалетняга Пятра I) і інш. асобамі, якіх лічылі віноўнікамі злоўжыванняў. Малалетні Іван V (сын Аляксея Міхайлавіча ад першага шлюбу) быў абвешчаны «першым царом», Пётр I — «другім царом», а іх сястра Соф я Аляксееўна — рэгенткай. Стральцы дамагліся ад урада значных прывілеяў, але працягвалі патрабаваць новых уступак. У 2-й пал. верасня Соф’я разам з абодвума царамі пакінула Маскву і накіравалася ва ўмацаваную Троіца-Сергіеву лаўру, дзе пачала збіраць дваранскае апалчэнне. Паўстанцы хацелі абвясціць царом кн. І.​А.​Хаванскага, але, пасля таго як той быў схоплены і пакараны смерцю (27 вер.), пагадзіліся на прапанаваную ўрадам амністыю і капітулявалі.

Літ.:

Восстание в Москве 1682 г.: Сб. док. М., 1976.

т. 10, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛА́ВІНСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1707—09,

антыфеадальнае сялянска-казацкае паўстанне пад кіраўніцтвам К.​А.​Булавіна (1671—1708) на Доне, у Паволжы і ў суседніх з імі раёнах. Непасрэдным штуршком да Булавінскага паўстання стала імкненне рас. ўрада вярнуць з Пд беглых сялян памешчыкам. У ноч на 9.10.1707 атрад паўстанцаў з 200 чал. на чале з Булавіным знішчыў каля Шульгінскага гарадка на р. Айдар частку карнікаў Ю.​У.​Далгарукага. Паўстанне хутка пашырылася ўверх па цячэнні Дона, да яго далучыліся казацкая галота і сяляне Тамбоўскага і Казлоўскага пав., Левабярэжнай і Слабадской Украіны. 1.5.1708 Булавін заняў Чаркаск, дзе 9.5.1708 яго выбралі атаманам «усевялікага войска Данскога». Яго атаманы І.​Паўлаў, І.​Някрасаў, Л.​Хахлач авалодалі Дзмітрыеўскам і Царыцынам, асадзілі Саратаў. На Северскім Данцы і ў Слабадской Украіне паспяхова змагаліся атрады С.​Дранага, М.​Голага, С.​Бяспалага. Для задушэння Булавінскага паўстання ўрад стварыў спец. армію (32 тыс. чал.) пад камандаваннем В.​У.​Далгарукага. У ліп. 1708 Булавін асадзіў Азоў, але не авалодаў ім. У гэты час былі разбіты атрады Дранага і інш. Вярхі казацтва, незадаволеныя няўдачамі, арганізавалі змову супраць Булавіна. Каб не трапіць у палон, ён застрэліўся. Асобныя атрады паўстанцаў змагаліся да пач. 1709. Царскі ўрад жорстка задушыў Булавінскае паўстанне. Дон страціў незалежнасць.

Літ.:

Буганов В. Булавин. М., 1988;

Лебедев В.И. Булавинское восстание (1707—1708). М., 1967. З.​І.​Каршакова.

т. 3, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗНА́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1918—19, Велікапольскае паўстанне,

польскае ўзбр. нац.-вызв. паўстанне на зах. ч. польскіх зямель, якія знаходзіліся пад уладай Германіі. Пачалося 27.12.1918 у Познані. У паўстанні, якое ўзначальваў Камісарыят Вярхоўнай нар. рады, удзельнічалі ўзброенае насельніцтва і польскія войскі. У першы дзень паўстання захоплены цэнтр горада, у наступныя дні — яго найважн. аб’екты, у т. л. аэрадром; да сярэдзіны студз. 1919 вызвалена амаль уся Велікапольшча (за выключэннем вузкіх прыгранічных тэрыторый). З 16.1.1919 польскія войскі ўзначальваў Ю.Доўбар-Мусніцкі, які рэарганізаваў армію, стварыўшы 4 баявыя групоўкі. У сярэдзіне студз. 1919 пачалося наступленне ням. войск. 16.2.1919 падпісана перамір’е ў г. Трыр. Уздоўж граніц вызваленых паўстанцамі тэр. праведзена часовая дэмаркацыйная лінія. Аднак Германія не выконвала ўмоў перамір’я, напружанае становішча на граніцы не зняў і Версальскі мірны дагавор 1919. Поспех паўстання забяспечыў уз’яднанне з Польскай дзяржавай ч. Пазнаншчыны, але Памор’е паводле Камп’ёнскага перамір’я 1918 заставалася ў Германіі.

Літ.:

Czubiński A. Powstanie wielkopolskie 1918—1919. Poznań, 1978.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 11, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)