КАВЕЛІ́Н (ад імя італьян. мінералога Н.​Кавелі), меднае індыга,

мінерал класа сульфідаў, сульфід медзі, CuS. Змяшчае медзь да 66,4%, прымесі жалеза, часам селен, серабро, свінец. Крышталізуецца ў гексаганальнай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, трапляюцца рэдка. Зямлістыя сажыстыя агрэгаты, скарынкі. Колер індыгава-сіні да сінявата-чорнага. Бляск металічны. Цв. 1,5—2. Крохкі. Шчыльн. 4,6—4,76 г/см³. Утвараецца ў зонах другаснага сульфіднага абагачэння ў меднарудных радовішчах, вельмі рэдка гідратэрмальнага паходжання. Другарадная руда медзі.

У.​Я.​Бардон.

т. 7, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕЯВЫ́Я ФА́РБЫ,

суспензіі пігментаў у водных растворах плёнкаўтваральнікаў (карбаксілметылцэлюлозы, полівінілавага спірту, казеіну, крухмалу, камедзі і інш.). Для прыгатавання К.ф. выкарыстоўваюць неарган. (напр., вохра, сурык, ультрамарын) і арган. пігменты. К.ф. ўтвараюць сітаватыя, звычайна няводаўстойлівыя пакрыцці з малой мех. трываласцю, але выдатнымі дэкар. ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюць для аздаблення памяшканняў, водаўстойлівыя казеінавыя К.ф. — для вонкавых работ і атрымання мыйных пакрыццяў, маст. К.ф. (акварэльныя, гуашавыя), якія рыхтуюць на аснове плёнкаўтваральнікаў расліннага паходжання — у жывапісе.

А.​І.​Валожын.

т. 8, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕПТУНІ́ЗМ (ад лац. Neptunus бог Нептун),

геалагічная канцэпцыя паходжання горных парод канца 18 — пач. 19 ст. Засн. ням. вучоным А.​Г.​Вернерам на ўяўленнях аб паходжанні ўсіх горных парод (у т. л. вывергнутых) з вод першаснага Сусветнага акіяна, які ўкрываў паверхню Зямлі, а таксама з вод «сусветнага патопу», аб фарміраванні і пераўтварэнні іх у выніку марскога асадканамнажэння. З 1820-х г., калі былі абгрунтаваны навук. ўяўленні аб вывергнутых і асадкавых пародах, Н. страціў значэнне.

т. 11, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЭСПА́НЬ,

бытавы танец рускага паходжання. Муз. памер ​3/4. Тэмп умераны. Аўтар яго харэаграфіі і музыкі А.​А.​Царман (1898) выкарыстаў у ім характэрна-сцэнічныя элементы ісп. танца. П. хутка пашырыўся ў Расіі, у сельскай мясцовасці набыў іншую, найб. простую харэагр. форму. На Беларусі вядомы з пач. 20 ст. Выконваецца парамі па крузе ў суправаджэнні інстр. музыкі і прыпевак. Заснаваны на спалучэнні некалькіх фігур — пераменнага кроку, паваротаў і вярчэння пад рукой.

І.​Дз.​Назіна.

т. 11, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЧОЛАГАДАВА́ЛЬНІК,

спецыялізаваная гаспадарка, якая разводзіць пчол меданосных, вядзе селекцыйна-племянную работу па вывядзенні новых і паляпшэнні існуючых ліній і парод. Асн. метад — чыстапароднае развядзенне. Вядзецца пастаянны ўлік паходжання кожнай маткі, прадукцыйнасці пчаліных сем’яў, іх зімастойкасці і інш. Прадукцыя П. — плодныя маткі і пчолапакеты (4 гнездавыя рамкі з пчаліным расплодам, мёдам і плоднай маткай у спец. скрынцы), якімі забяспечваюцца пчолагадоўчыя гаспадаркі, фермы і аматарскія пчальнікі. На Беларусі вядучыя П. — Баранавіцкі, Брэсцкі, Гродзенскі.

В.​І.​Сапега.

т. 13, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САНІДЗІ́Н [ад грэч. sanis (sanidos) таблічка, дошка],

пародаўтваральны мінерал з групы палявых шпатаў, каліева-натрыевы алюмасілікат (K, Na)AlSi3O8. Мае прымесі кальцыю і барыю. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае крышталі таблітчастыя да пласціністых, характэрны двайнікі прарастання (асабліва карлсбадскія). Бясколерны, вадзяна-празрысты. Цв. 6. Шчыльн. 2,6 г/см³.

Крохкі. Магматычнага паходжання. Выкарыстоўваецца ў керамічнай прам-сці, высакаякасная сыравіна для электракерамікі, вытв-сці гліназёму, калійных угнаенняў, паташу. Радовішчы ў Расіі, ЗША, Германіі, Італіі і інш.

Санідзін.

т. 14, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«СУБО́ТА»,

бел. і расійскі бытавы парна-масавы танец гарадскога паходжання. Муз. памер ​2/4. Тэмп ад павольнага да хуткага. Танцуецца па крузе любой колькасцю пар. Складаецца з некалькіх простых танц. блокаў: крокаў з прыстаўкай, паваротаў у пары, перамен месцамі партнёраў. На Беларусі існуе ў некалькіх варыянтах, выконваецца з прыпеўкамі, часам з рэзкім, акцэнтаваным выпадам-прысяданнем на адну нагу. У пач. 20 ст. танец пашыраны амаль па ўсёй Беларусі. Сустракаецца і ў Расіі.

Ю.​М.​Чурко.

т. 15, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУГАПЛА́ЎКІЯ ГЛІ́НЫ,

асадкавыя тонкадысперсныя горныя пароды. Характарызуюцца вял. колькасцю гліназёму (20—42%), высокімі сувязнымі ўласцівасцямі і пластычнасцю. Маюць полімінеральны састаў і вогнетрываласць 1350—1580 °C. На Беларусі радовішчы Т.г. азёрнага паходжання, палеаген-неагенавага ўзросту (Гарадок, Гарадная, Глінка, Столінскія хутары і інш.) з запасамі да 60 млн. т. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці сценавых і абліцовачных блокаў, каналізацыйных і дрэнажных труб, цэглы, фармовачнага матэрыялу і інш. Гл. таксама Вогнетрывалыя гліны, Гліна, Легкаплаўкія гліны, Неметалічныя карысныя выкапні.

т. 16, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯЛЕ́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА, Алтынколь, Залатое возера. На ПнУ Алтая, у Алтайскім краі (Расія), на выш. 436 м. Пл. 223 км², даўж. 77,7 км, шыр. да 5,2 км, глыб. да 325 м. Катлавіна тэктанічнага паходжання. Берагі стромкія, скалістыя. Упадае каля 70 рэк, у т. л. Чулышман, выцякае р. Бія. Ледастаў няўстойлівы. Вада вельмі празрыстая (да 14 м.). На берагах — пас. Артыбаш, Іагач і Яйлю з цэнтр. сядзібай Алтайскага запаведніка і Цялецкай азёрнай станцыяй. Раён турызму і адпачынку.

т. 17, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮВЕНІ́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,

падземныя воды, якія вылучаюцца з магмы (пры яе падняцці з глыбінь Зямлі) у падземную гідрасферу і ўключаюцца ў агульны кругаварот прыродных вод. Утвараюцца ў выніку дэгазацыі рэчыва мантыі Зямлі пры магматызме і метамарфізме. Трапіўшы ў зямную кару, змешваюцца з водамі іншага паходжання. У чыстым выглядзе ў прыродзе адсутнічаюць; іх ускосным паказчыкам з’яўляецца павышаная колькасць вуглекіслаты, гелію і вадароду ў складзе падземных вод. Тэрмін «Ю.в.» ўвёў у 1902 аўстр. геолаг Э.​Зюс.

т. 18, кн. 1, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)