ПАНАМЕРЫКАНІ́ЗМ,

палітычная дактрына, у аснове якой ідэя агульнасці гіст. лёсу, эканомікі і культуры амер. дзяржаў. Ідэя П. прапанавана ў пач. 19 ст. С.Баліварам, які ў 1826 склікаў Панамскі кангрэс з мэтай стварэння федэрацыі лац.-амер. дзяржаў. Пасля смерці Балівара і распаду Вялікай Калумбіі (1830) ідэя П. ў паўд.-амер. варыянце страціла значэнне. У канцы 19 ст. ЗША прапанавалі ўласную канцэпцыю П., як руху дзеля абароны інтарэсаў Амерыкі перад еўрап. дзяржавамі і шматбаковага супрацоўніцтва (пераважна эканамічнага) амер. дзяржаў пад эгідай ЗША. Гэта ідэалогія была ў аснове Міжамерыканскіх канферэнцый (1889—1967) і Панамерыканскага саюза (1910—48). Яна зыходзіла з Манро дактрыны і развіта ў т.зв. дадатку (1904) прэзідэнта Т.Рузвельта, у якім абвяшчалася права ЗША ажыццяўляць ваен. інтэрвенцыі ў Лац. Амерыцы дзеля абароны яе дзяржаў. У 1-й пал. 20 ст. ЗША неаднаразова выкарыстоўвалі гэта права (уварванні на Кубу, Гаіці, у Мексіку, Дамініканскую Рэспубліку, Нікарагуа). У 1930-я г. ЗША перагледзелі свае адносіны да краін Лац. Амерыкі: у 1933 прэзідэнт Ф.Рузвельт абвясціў палітыку добрасуседства, у 1936 на канферэнцыі ў Мантэвідэо ён падпісаў дагавор пра забарону агрэсіі і інтэрвенцыі. Створаная ў 1948 Арганізацыя амерыканскіх дзяржаў аформіла сістэму дамінавання ЗША у Лац. Амерыцы. З 1960-х г. акцэнт зроблены на супрацоўніцтва і эканам. развіццё (у 1960 створаны Міжамер. банк рэканструкцыі і развіцця). З 1961 дзейнічае Саюз дзеля прагрэсу — праграма развіцця Лац. Амерыкі пры падтрымцы і супрацоўніцтве ЗША. У 1975 створана Лац.-амер. гасп. сістэма, у 1980 — Лац.-амер. інтэграцыйная асацыяцыя. У канцы 1980-х г. ЗША аднавілі П. як ідэю эканам. сувязей паміж краінамі Амерыкі, стварыўшы Паўн.-амер. пагадненне пра свабодны гандаль (1992), мэта якога — інтэграцыя краін Зах. паўшар’я.

Літ.:

Антясов М.В. Современный панамериканизм: Происхождение и сущность доктрин панамериканской «солидарности». М., 1960.

т. 12, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКІ ЎРАД У ЭМІГРА́ЦЫІ,

створаны 1.10.1939 у Францыі прэзідэнтам Польшчы ў эміграцыі У.​Рачкевічам пасля інтэрніравання ў Румыніі польскага ўрада, які пакінуў Польшчу ў выніку разгрому і акупацыі краіны Германіяй у вер. 1939. Знаходзіўся спачатку ў Францыі, з чэрв. 1940 — у Лондане. Прэм’ер-міністрам урада 30.9.1939 прызначаны ген. У.Сікорскі. Уключаў як дзеячаў даваеннага польскага рэжыму, так і прадстаўнікоў б. апазіцыі. 9.12.1939 пры ўрадзе створаны Нац. савет (парламент у выгнанні) на чале з І.Падарэўскім. У дэкларацыі 18.12.1939 сваёй гал. мэтай ставіў вызваленне ўсіх даваенных польскіх зямель, у т. л. Зах. Беларусі і Зах. Украіны, таму лічыў сябе ў стане вайны не толькі з Германіяй, але і з СССР. Стварыў Польскія ўзбр. сілы на 3, якія ваявалі супраць Германіі на Зах. фронце, а на акупіраванай тэр. Польшчы шэраг узбр. фарміраванняў, якія з 1942 аб’ядналіся ў Армію Краёву. У лют. 1940 створана падпольная Дэлегатура (старшыня К.​Ратайскі) для ажыццяўлення палітыкі ўрада непасрэдна ў Польшчы. Пасля нападзення Германіі на СССР у чэрв. 1941 Сікорскі падпісаў у Маскве Савецка-польскае пагадненне 1941, паводле якога былі ўсталяваны дыпламат. адносіны паміж урадам СССР, а на тэр. СССР створана Андэрса армія. Пасля выяўлення немцамі вясной 1943 у Катыні месца катавання польскіх афіцэраў СССР разарваў дыпламат. адносіны з эмігранцкім урадам. Пасля гібелі Сікорскага ў ліп. 1943 урад узначаліў С.Мікалайчык. У ліп.жн. 1944 паводле плана «Бура» ўрад арганізаваў шэраг паўстанняў у гарадах з мэтай усталявання сваёй улады да прыходу сав. войскаў (гл. Варшаўскае паўстанне 1944). Пасля безвыніковых перагавораў у Маскве з прадстаўнікамі Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення, які адмовіўся прызнаваць уладу эмігранцкага ўрада ў Польшчы, яго кіраўніком у канцы 1944 стаў Т.​Арцішэўскі. Пасля стварэння ў чэрв. 1945 у Польшчы ўрада нац. адзінства вядучыя зах. краіны перасталі прызнаваць урад як прадстаўніка Польшчы, але апошні намінальна працягваў існаваць у Лондане да свайго афіц. роспуску ў снеж. 1990.

т. 12, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЦО́ЎНЫ ДАГАВО́Р,

пагадненне паміж работнікам і наймальнікам. Паводле П.д. работнік абавязваецца выконваць работу па адной або некалькіх прафесіях, спецыяльнасцях або пасадах адпаведнай кваліфікацыі і выконваць унутраны прац. распарадак; наймальнік абавязваецца прадастаўляць работніку абумоўленую П.д. работу, забяспечваць умовы працы, прадугледжаныя заканадаўствам аб працы, лакальнымі нарматыўнымі актамі і пагадненнямі бакоў, своечасова выплачваць работніку заработную плату. Дагаворнымі бакамі з’яўляюцца наймальнік і работнік, якія знаходзяцца паміж сабой у прац. адносінах на аснове П.д. Па агульным для наймальнікаў правіле не дапускаецца заключэнне П.д. з асобамі да 16 гадоў. П.д. можа быць заключаны з асобай, што дасягнула 14 гадоў, з пісьмовай згоды аднаго з бацькоў (усынавіцеля, папячыцеля) для выканання лёгкай працы, якая не прычыніць шкоды здароўю і не парушыць працэс навучання.

Умовы П.Д., што вызначаюць сукупнасць правоў і абавязкаў дагаворных бакоў, складаюць яго змест. У П.д. павінны быць: звесткі пра работніка і наймальніка; месца работы з указаннем структурнага падраздзялення, куды работнік уладкоўваецца; працоўныя функцыі работніка; асн. правы і абавязкі работніка і наймальніка; тэрмін П.д. (для тэрміновага дагавора); рэжым працы і адпачынку (у выпадку адрознення ад агульнаўстаноўленага); умовы аплаты працы. Паводле пагаднення бакоў у П.д. могуць быць уключаны і інш. (дадатковыя) умовы, абавязковыя для абодвух бакоў. Пасля заключэння П.д. яго бакі набываюць правы і нясуць абавязкі, замацаваныя ў заканадаўстве аб працы, калект. дагаворы і ў лакальных актах наймальніка.

П.д. можа быць заключаны на няпэўны ці пэўны тэрмін, але не больш як на 5 гадоў; на час выканання пэўнай работы; на час выканання абавязкаў часова адсутнага работніка, за якім захоўваецца месца работы; на час выканання сезонных работ. П.д. заключаецца ў пісьмовай форме і падпісваецца бакамі. Пасля заключэння П.д. прыём на работу афармляецца загадам (распараджэннем). Заканадаўства Рэспублікі Беларусь прадугледжвае таксама такі від П.д., як кантракт, які заключаецца на пэўны тэрмін, і мае асаблівасці ў параўнанні з агульнымі нормамі заканадаўства аб працы і прадугледжвае кампенсацыю за пагаршэнне прававога становішча работніка.

М.​І.​Тарасевіч.

т. 13, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭНЕ́ЎСКІЯ НАРА́ДЫ 1954—59.

1) Нарада 26.4—21.7.1954 міністраў замежных спраў Вялікабрытаніі, ЗША, КНР, СССР і Францыі. Разглядала пытанні мірнага ўрэгулявання ў Карэі і Індакітаі. План аднаўлення адзінства Карэі прадугледжваў правядзенне свабодных агульнакар. выбараў у Нац. сход, вывад з краіны замежных войск. ЗША і іх саюзнікі адмовіліся прыняць план, і пытанне аб Карэі не было ўрэгулявана. 20 ліп. падпісана пагадненне пра спыненне ваен. дзеянняў у В’етнаме, устанаўленне часовай дэмаркацыйнай лініі па 17-й паралелі і тэрмінах адводу ад яе войск краін, якія ваявалі, аб вывадзе з тэр. Лаоса і Камбоджы франц. войск. На тэр. В’етнама, Лаоса, Камбоджы забаранялася ствараць ваен. базы, а дзяржавам уваходзіць у ваен. саюзы. У 1955 адбыліся выбары ў Камбоджы, у 1958 — у Лаосе, выбары ў В’етнаме ў 1956 сарвалі ЗША, якія ў 1961 пачалі вайну супраць народаў Індакітая.

2) Нарада 18—23.7.1955 кіраўнікоў урадаў Вялікабрытаніі, ЗША, СССР і Францыі. Абмеркаваны герм. пытанне, пытанне аб еўрап. бяспецы, аб развіцці кантактаў паміж Усходам і Захадам. Зах. дзяржавы выступілі за аб’яднанне Германіі шляхам ліквідацыі ГДР і ўключэння аб’яднанай краіны ў ваен.-паліт. групоўку зах. дзяржаў. СССР выступіў супраць, падкрэсліўшы, што на тэр. Германіі існуюць 2 самаст. дзяржавы з розным грамадскім і дзярж. ладам. Сав. прапанова аб узяцці СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй і Францыяй на сябе абавязку не ўжываць першымі ядз. зброю была адхілена.

3) Нарада 27.10—16.11.1955 міністраў замежных спраў Вялікабрытаніі, ЗША, СССР і Францыі. Сав. дэлегацыя адхіліла план зах. дзяржаў аб аб’яднанні Германіі і скасаванні ГДР, унесла прапановы па еўрап. бяспецы і раззбраенні (паступовае скарачэнне ўзбр. сіл да ўзгодненых узроўняў, забарона выкарыстання ядз. зброі і інш.). Рашэнні па пытаннях раззбраення і кантактах паміж Усходам і Захадам прыняты не былі.

4) Нарада 11.5—20.6.1959 і 13.7—5.8.1959 міністраў замежных спраў Вялікабрытаніі, ЗША, СССР і Францыі. Абмеркаваны герм. пытанне, стварэнне сістэмы еўрап. бяспекі і кантролю над раззбраеннем, развіццё кантактаў паміж Усходам і Захадам. ЗША, Вялікабрытанія і Францыя адмовіліся прыняць сав. прапанову аб стварэнні дэмілітарызаванага вольнага горада — Зах. Берлін, але дасягнута дамоўленасць аб часовым статусе Зах. Берліна (агаворвалася колькасць узбр. сіл 3 дзяржаў, неразмяшчэнне на яго тэр. атамнай і ракетнай зброі, парадак доступу ў Зах. Берлін і інш.).

Л.​М.​Драбоеіч.

т. 6, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́МСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ 1945, Ялцінская канферэнцыя 1945,

нарада кіраўнікоў СССР, ЗША і Вялікабрытаніі ў Лівадзійскім палацы каля г. Ялта (Крымскі п-аў) 4—11.2.1945 у канцы 2-й сусв. вайны. Удзельнічалі І.В.Сталін (СССР), Ф.Д.Рузвельт (ЗША), У.Чэрчыль (Вялікабрытанія), міністры замежных спраў, начальнікі штабоў і саветнікі названых саюзных дзяржаў (у т. л. А.А.Грамыка). Мела на мэце каардынацыю дзеянняў саюзнікаў для канчатковага разгрому фаш. Германіі, ажыццяўленне ўмоў яе безагаворачнай капітуляцыі і пасляваен. ўпарадкавання свету. Саюзнікі вырашылі стварыць у Германіі свае зоны акупацыі (пры жаданні Францыі і яе зону) і агульнагерм. кантрольны орган у Берліне (яго таксама меркавалася падзяліць на акупац. зоны), выпрацавалі праграму выкаранення герм. мілітарызму і нацызму (гл. Дэмілітарызацыя, Дэнацыфікацыя), узнялі пытанне аб кампенсацыі нанесеных ім Германіяй страт (вырашана стварыць у Маскве спец. камісію па рэпарацыях, частку якіх пасля вайны атрымала і БССР). Прадугледжвалася рэпатрыяцыя з Германіі ўрадамі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі сав. грамадзян, якія не жадалі вяртацца ў СССР. У развіццё рашэнняў Думбартан-Окс канферэнцыі 1944 бакі вырашылі склікаць 25.4.1945 у г. Сан-Францыска (ЗША) Устаноўчую канферэнцыю Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, дамовіліся аб тым, што яе членамі разам з СССР будуць УССР і БССРсав. рэспублікі, якія найб. пацярпелі ў вайне і ўнеслі вялікі ўклад у разгром ням.-фаш. войск. Саюзныя дзяржавы прынялі «Дэкларацыю аб вызваленай Еўропе», паводле якой яны абавязаліся садзейнічаць дзяржавам у аднаўленні іх суверэнітэту, дэмакратызацыі паліт. жыцця і эканамічна дапамагаць ім, разгледзелі пытанні аб Польшчы (яе ўрадзе і граніцах) і Югаславіі. Яны вырашылі, што ўсх. польск. граніца пройдзе па «Керзана лініі» з адхіленнем ад яе ў некат. месцах на 5—8 км на карысць Польшчы (г.зн. Польшчы перадавалася б.ч. Беластоцкай вобл.). Па югасл. пытанні прыняты рэкамендацыі аб утварэнні Часовага аб’яднанага ўрада Югаславіі і Часовага парламента на аснове Анты-фашысцкага веча народнага вызвалення Югаславіі. Было таксама прынята сакрэтнае пагадненне аб уступленні СССР у вайну супраць Японіі праз 2—3 месяцы пасля капітуляцыі Германіі і заканчэння вайны ў Еўропе, вяртанні паўд. часткі в-ва Сахалін, прадастаўленні ваенна-марской базы ў г. Порт-Артур на Ляадунскім п-ве і перадачы Курыльскіх а-воў СССР. Рашэнні К.к. дапоўніла і замацавала Патсдамская канферэнцыя 1945.

Літ.:

Сиполс В.Я., Челышев И.А. Крымская конференция, 1945 г. М., 1984;

Ялтинская конференция 1945: Уроки истории. М., 1985;

Снапковский В.Е. Путь Беларуси в ООН, 1944—1945 гт. Мн., 1994.

Л.​М.​Драбовіч.

т. 8, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Міхал Казімір) (мянушка Рыбанька; 13.6.1702, г.п. Алыка Валынскай вобл., Украіна — 22.5.1762),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Сын К.​С.​Радзівіла (гл. ў арт. Радзівілы). Пасля смерці бацькі (1719) стаў ардынатам нясвіжскім і алыцкім. З 1720 неаднаразова быў выбраны паслом на сеймы; у 1728 маршалак Трыбунала ВКЛ; у 1728—34 канюшы ВКЛ. У паліт. жыцці спярша супрацоўнічаў з групоўкай князёў Чартарыйскіх, пасля смерці караля Аўгуста II (1733) выступіў супраць новаабранага караля Станіслава Ляшчынскага. Удзельнічаў у арганізацыі новага выбарчага сейма, дзе ў кастр. 1733 у прысутнасці рас. войска і ўласнага войска Р. каралём быў абраны Аўгуст III. За гэта ў 1734 атрымаў пасаду маршалка надворнага. У 1734—35 на чале сваіх харугваў удзельнічаў у баях на Беларусі супраць прыхільнікаў Ляшчынскага, якіх узначальваў А.​Пацей. Перамогі садзейнічалі набыццю Р. новых пасад: польны гетман ВКЛ. у 1735—44, вял. гетман ВКЛ з 1744, трокскі кашталян у 1735—37 і ваявода ў 1737—44, віленскі кашталян у 1742—44 і ваявода з 1744. У 1740-я г. ўзначаліў у ВКЛ магнацка-шляхецкую групоўку, якая выступала супраць палітыкі Чартарыйскіх па рэфармаванні анархічнага дзярж. ладу Рэчы Паспалітай; супраць Чартарыйскіх заключыў пагадненне з вял. каронным гетманам Ю.​Патоцкім. Разам з ім садзейнічаў зрыву сеймаў і ў гэтым меў падтрымку караля Аўгуста III, які вельмі рэдка прыязджаў з Саксоніі; Р. быў фактычным прадстаўніком караля ў ВКЛ. У 1748 як галава роду Радзівілаў зняволіў клецкага ардыната М.​Радзівіла, аб’явіў яго вар’ятам і атрымаў у распараджэнне яго маёнткі. У 1750-я г. камандаваў задушэннем Мазырскага ўзбр. выступлення сялян. Пасля смерці малодшага брата Гераніма Фларыяна (1760) атрымаў у спадчыну яго Слуцкае і Капыльскае княствы, Біржы, Кейданы, Копысь, Койданава і інш. Адбудаваў Нясвіж і Нясвіжскі замак, якія моцна пацярпелі ў час Паўночнай вайны 1700—21. Заснаваў Нясвіжскую друкарню, Нясвіжскі кадэцкі корпус, у якім рыхтавалі афіцэраў для яго ўласнага войска, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. Трымаў шмат мануфактур, у т. л. Нясвіжскую суконную мануфактуру, Нясвіжскую дывановую мануфактуру, Налібоцкую шкляную мануфактуру, Урэцкую шкляную мануфактуру, Слуцкую мануфактуру шаўковых паясоў, Свержанскую фаянсавую мануфактуру.

Тв.:

Бел. пер. — Дыярыюш Князя Міхала Казімера Радзівіла ваяводы віленскага, гетмана вялікага В.​К.​Літ. // Спадчына. 1994. № 4—5;

1995. № 1—6;

1996. № 1—2, 4.

А.​Л.​Грыцкевіч.

М.К.Радзівіл Рыбанька. Карціна С.​А.​Мірыса (?). Каля 1760.

т. 13, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВАЯ КАЛЕДО́НІЯ (Nouvelle Calédonie),

уладанне Францыі ў паўд.-зах. частцы Ціхага ак., у Меланезіі. Складаецца з гал. в-ва Н.К. (пл. 16,8 тыс. км²), а-воў Луаятэ (2 тыс. км²) і інш. Пл. 19,1 тыс. км². Нас. 197,4 тыс. чал. (1999). Адм. і эканам. ц., гал. порт — г. Нумеа. Афіц. мова — французская. Падзяляецца на 3 правінцыі. Нац. свята — Дзень узяцця Бастыліі (14 ліп.).

Прырода. Большую ч. в-ва Н.К. займае пласкагор’е, на якім узнімаюцца асобныя горныя вяршыні да 1628 м. На астатніх астравах пераважае нізкагорны рэльеф. Карысныя выкапні: руды нікелю (запасы металу 45 млн. т, каля 20% сусветных), кобальту, медзі, хрому, жалеза, марганцу, сурмы. Ёсць радовішчы золата, серабра, свінцу. Клімат трапічны. Сярэдняя т-ра студз. 24—26 °C, ліп. 20 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 3000 мм на ўсх. схілах да 700 мм на заходніх. Летам бываюць трапічныя ўраганы. Рэкі невялікія і парожыстыя. У раслінным покрыве шмат эндэмікаў. Пераважаюць рэдкалессі з дрэва ніяулі і высакатраўі. Пад лесам і хмызнякамі 39% пл. Дрэвы кауры, агатыс, новакаледонская хвоя і араўкарыя маюць каштоўную драўніну. Жывёльны свет астраўнога тыпу, вельмі бедны, шмат птушак.

Насельніцтва. Карэнныя жыхары — канакі, або новакаледонцы, адзін з меланезійскіх народаў, складаюць 42,5%, размаўляюць на 27 блізкароднасных мовах і дыялектах. Да карэнных жыхароў адносяцца таксама меланезійцы і палінезійцы а-воў Луаятэ (3,8%). Некарэннае насельніцтва — французы (37,1%), выхадцы з франц. уладанняў у Ціхім ак. (8,4%), інданезійцы (3,6%), в’етнамцы (1,6%) і інш. Карэннае насельніцтва жыве пераважна ў вёсках і звязана з сельскай гаспадаркай, прышлае жыве ў гарадах і пасёлках пры гарнарудных прадпрыемствах. Сярод вернікаў католікаў 60%, пратэстантаў 30%. Сярэднегадавы прырост каля 1,6%. Сярэдняя шчыльн. 10,3 чал. на 1 км². Больш шчыльна населена паўд. ч. вострава, дзе знаходзіцца адзіны значны горад Нумеа (каля 70 тыс. ж., 1998). У сельскай гаспадарцы занята 20% эканамічна актыўнага насельніцтва, у апрацоўчай прам-сці — 16%, у горназдабыўной — 4%, у абслуговых галінах — 60%.

Гісторыя. Н.К. заселена продкамі сучасных меланезійцаў у 2-м тыс. да н.э. На момант з’яўлення еўрапейцаў карэнныя жыхары (канакі) не мелі дзярж. утварэнняў, хоць знаходзіліся на больш высокім узроўні развіцця. чым інш. меланезійцы. Адкрыта ў 1774 англ. мараплаўцам Дж.Кукам. У пач. 19 ст. тут з’явіліся хрысц. місіянеры. У 1853 Н.К. абвешчана ўладаннем Францыі, з 1860 асобная калонія. У 1864—96 месца ссылкі злачынцаў з Францыі (больш за 40 тыс. чал.). Уціск калан. улад выклікаў у 1878 паўстанне канакаў. З 1946 «заморская тэр.» Францыі. У 1956 створана тэр. асамблея. У 1980-я г. адбыўся шэраг выступленняў за незалежнасць Н.К. У 1988 паміж лідэрамі Н.К. і франц. ўладамі дасягнута пагадненне аб мірным урэгуляванні канфлікту. У 1998 усеагульны рэферэндум ухваліў новае пагадненне, паводле якога Н.К. атрымае незалежнасць у бліжэйшыя 15—20 гадоў.

Гаспадарка. Н.К. — краіна з развітой гарнаруднай прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт у 1996—2,1 млрд. дол. (11,4 тыс. дол. на 1 чал.), у т. л. ў прам-сці ствараецца 25%, у сельскай гаспадарцы — 3%, у абслуговых галінах — 72%. У прам-сці гал. значэнне маюць здабыча руд нікелю, кобальту, хрому, жалеза і інш. металаў. Здабыча нікелевых руд вядзецца адкрытым спосабам вакол 4 гарнарудных цэнтраў Непуі, Пора, Куауа і Тыо. Працуюць 2 з-ды па перапрацоўцы нікелевых руд (адначасова атрымліваюць і кобальт). Усе гарнарудныя прадпрыемствы належаць франц. кампаніі «Ле нікель». Вытв-сць феранікелю каля 70 тыс. т за год. Вытв-сць электраэнергіі 1,1 млрд. кВт гадз (1996). ЦЭС даюць 70% электраэнергіі, ГЭС — 30%. З прадпрыемстваў харч. прам-сці піваварныя і кансервавыя з-ды, па перапрацоўцы какосавых арэхаў, апрацоўцы кавы, млыны; з інш. галін — з-ды мылаварныя, пластмасавых вырабаў, буд. матэрыялаў, лесапільныя, мэблевыя, па рамонце і буд-ве невялікіх суднаў. Сельская гаспадарка задавальняе патрэбы насельніцтва на 30%, мае спажывецкі характар. У с.-г. карыстанні каля 230 тыс. га, пераважаюць жывёлагадоўчыя ўгоддзі. У гаспадарках еўрап. каланістаў каля 100 тыс. галоў буйн. раг. жывёлы мяснога кірунку. Мясц. насельніцтва гадуе свіней і коз. Птушкагадоўля. На экспарт вырошчваюць какосавыя арэхі і каву, на свае патрэбы — бульбу, сланечнік, пшаніцу, кукурузу, ямс, тара, батат, маніёк, агародніну. Трапічнае садоўніцтва. Рыбалоўства. Нарыхтоўка драўніны каштоўных парод. Транспарт аўтамаб. і марскі. На астравах 5,6 тыс. км аўтадарог, у т. л. 1 тыс. км з цвёрдым пакрыццём. Ёсць падвесныя канатныя дарогі для вывазу руд металаў да ўзбярэжжа. Знешнія сувязі абслугоўваюць марскі флот і авіяцыя. 5 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля Нумеа. У 1996 экспарт склаў 500 млн. дол., імпарт 845 млн. дол. Гал. тавары экспарту — феранікель (95% кошту), абагачаныя руды нікелю, кобальту, хрому і інш. металаў, копра, кава; імпарту — харч. прадукты і прамысл. вырабы, паліва. Гал. гандл. партнёры: Францыя (29% экспарту, 45% імпарту), Японія (31% і 4%), Аўстралія (7% і 18%), ЗША (12% экспарту), Сінгапур, Тайвань, Новая Зеландыя. Дадатковыя даходы краіна атрымлівае ад міжнар. турызму. Грашовая адзінка — франк франц. кантор у Ціхім ак.

Літ.:

Меликсетова И.М. Новая Каледония: Прошлое и современность. М., 1968.

т. 11, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕДЗІМІ́Н, Гедымін (каля 1275—1341),

вялікі князь ВКЛ [1316—41]. Паводле некат. крыніц, брат вял. князя Віценя, аднак больш верагодна, што Гедзімін быў яго сынам (Іпацьеўскі летапіс называе Гедзіміна Вітуневічам). У час княжання Гедзіміна фактычна завяршыўся працэс аб’яднання асн. масіву бел. зямель ад Зах. Буга да Дняпра і Зах. Дзвіны, што вызначала іх дамінуючую ролю ў ВКЛ. Асабліва важнае значэнне ў дзяржаве набыла Полацкая зямля, чым найперш і тлумачыцца перанос сталіцы ВКЛ з Новагародка ў Вільню, якая была, паводле археал. і пісьмовых крыніц, заснавана крывічамі. У пач. 1320-х г. Гедзімін аднавіў наступальную палітыку палачан у адносінах да Пскова і Ноўгарада, што прывяло да першых у гісторыі супярэчнасцей паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Двойчы пасылаў на дапамогу Пскову ў яго барацьбе з крыжакамі войска на чале з Давыдам Гарадзенскім, які перамог ворагаў у 1322 і 1323. У барацьбе з Лівонскім ордэнам абапіраўся на саюз з Рыгай, з якой меў цесныя гандл. сувязі Полацк. Гедзімін вёў барацьбу з сепаратысцкімі дзеяннямі ў балцка-літоўскіх землях ВКЛ, у 1315, калі яшчэ не быў вял. князем, знішчыў кн. Пялюзу, які на працягу многіх гадоў, абапіраючыся на падтрымку жамойцкіх старшын, змагаўся супраць велікакняжацкай улады. Паколькі крыжацкія ордэны сваю агрэсію супраць ВКЛ апраўдвалі справай пашырэння хрысціянства сярод язычнікаў, Гедзімін у 1323—24 рабіў захады, каб ахрысціць у каталіцтва язычніцкае насельніцтва княства, але, убачыўшы адмоўныя адносіны да гэтага праваслаўных, якія складалі большасць насельніцтва краіны, і язычніцкай Жамойціі, адмовіўся ад свайго намеру. Для больш паспяховай барацьбы супраць агрэсіі крыжакоў Гедзімін у 1325 заключыў дагавор з польск. каралём Уладзіславам I Лакеткам, за яго сына Казіміра аддаў замуж сваю дачку Альдону. У 1322 падобнае ж пагадненне было заключана з мазавецкім князем. У 1326 ВКЛ заключыла мір з Ноўгарадам і лівонскімі немцамі і разам з Польшчай перайшло да актыўнага наступлення супраць Тэўтонскага ордэна. Войскі княства ў 1326 на чале з Давыдам Гарадзенскім і ў 1327 на чале з сынам Г.Альгердам нанеслі сакрушальныя паражэнні Брандэнбургу, які быў саюзнікам ордэна. Гедзімін клапаціўся пра ваен. ўмацаванне сваёй дзяржавы, яго ініцыятыве прыпісваюць буд-ва замкаў у Вільні, Троках, Медніках, Крэве, Лідзе і інш., ён запрашаў рамеснікаў, гандляроў, адукаваных людзей з еўрап. краін на сталае жыхарства ў ВКЛ, што ў значнай ступені садзейнічала культ. росту дзяржавы. Гедзімін загінуў у баі з крыжакамі пры аблозе ням. крэпасці Баербург (паводле інш. звестак, атручаны пры спробе ў другі раз ахрысціць у каталіцтва язычнікаў).

М.​І.​Ермаловіч.

Гедзімін. Мастак А.​Крывенка. 1995.

т. 5, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМА́НСКАЯ ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (Deutsche Demokratische Republik, ГДР),

дзяржава ў Цэнтр. Еўропе ў 1949—90. Пл. 108 333 км², нас. 16,64 млн. чал. (1985). Сталіца — г. Берлін (Усходні). Уключала сучасныя землі ФРГ: Берлін (часткова), Брандэнбург, Мекленбург-Пярэдняя Памеранія, Саксонія, Саксонія-Ангальт, Цюрынгія. Узнікла ва ўмовах «халоднай вайны» на тэр. Усх. Германіі, што знаходзілася ў сав. зоне акупацыі, пасля таго, як на зах.-герм. землях была ўтворана ФРГ (вер. 1949). Абвешчана 7.10.1949 Ням. нар. саветам (створаны ў выніку дзейнасці Нямецкага народнага кангрэса), які прыняў рэсп. канстытуцыю (праект зацверджаны 30.5.1949) і канстытуіраваўся як часовая Нар. палата (парламент). 10.10.1949 сав. ваен. адміністрацыя абвясціла пра перадачу функцый кіравання ўладам ГДР. 11.10.1949 прэзідэнтам краіны выбраны В.Пік, урад узначаліў О.Гротэваль. 6.7.1950 у г. Гёрліц падпісана пагадненне з Польшчай аб прызнанні міждзярж. граніцы па лініі Одэр—Нейсе. У ходзе 2-гадовага плана (1949—50) у асноўным адноўлена гаспадарка краіны. Гэтаму садзейнічалі эканам. дапамога СССР і ўступленне ГДР у 1950 у Савет Эканамічнай Узаемадапамогі (СЭУ). На II канферэнцыі кіруючай леваарыентаванай Сацыяліст. адзінай партыі Германіі (САПГ; створана ў 1946) прынята праграма пабудовы сацыялізму на ўзор СССР. У 1952 праведзена адм. рэформа: замест 5 зямель створаны 14 новых акруг. Фарсіраванне эканам. працэсаў адм. метадамі з боку САПГ (у т. л. павышэнне рабочых нормаў пры фактычным памяншэнні ўзроўню зарплаты) выклікалі дэманстрацыі пратэсту рабочых у шэрагу буйных гарадоў і паўстанне 17.6.1953 у Берліне, якое ліквідавалі сав. войскі і ўлады ГДР. Пасля ўваходжання ФРГ у НАТО ГДР уступіла ў Арг-цыю Варшаўскага дагавора (гл. Варшаўскі дагавор 1955), падпісала 20.9.1955 Дзярж. дагавор з СССР аб прызнанні поўнага суверэнітэту краіны і скасаванні пасады сав. вярхоўнага камісара, у 1957 — пагадненне пра ўмовы часовага знаходжання сав. войск на тэр. ГДР. У 1956 пачата фарміраванне Нац. нар. арміі, у 1962 уведзены ўсеагульны воінскі абавязак. Ва ўмовах эскалацыі «халоднай вайны» ў жн. 1961 улады ГДР закрылі мяжу з Зах. Берлінам і пабудавалі Берлінскую сцяну. На плебісцыце 6.4.1968 прынята новая канстытуцыя, паводле якой замацавана кіруючая роля САПГ. З 1971 пры новым кіраўніцтве САПГ на чале з Э.Хонекерам (з 1976 і кіраўнік дзяржавы) ва ўласнасць дзяржавы канчаткова перайшлі прыватныя і напаўдзяржаўныя прамысл. прадпрыемствы і рамесныя кааператывы, узмоцнена роля цэнтр. органаў кіравання і планавання нар. гаспадаркі, створаны буйныя прамысл. і аграпрамысл. камбінаты, праводзілася сац. палітыка з ухілам на вырашэнне жыллёвай праблемы і павышэнне даходаў насельніцтва. Ва ўмовах разрадкі міжнар. напружанасці пачалася нармалізацыя адносін паміж дзвюма герм. дзяржавамі (у канцы 1972 падпісаны Дагавор аб асновах адносін паміж ГДР і ФРГ), што садзейнічала міжнар. прызнанню ГДР, якую раней прызнавалі пераважна краіны сацыяліст. лагера (да 1989 устаноўлены дыпламат. адносіны са 135 дзяржавамі). У 1973 ГДР і ФРГ прыняты ў ААН. У 1974 у канстытуцыю ГДР унесена палажэнне аб узнікненні ў краіне асобнай «сацыяліст. ням. нацыі», што здымала пытанне аб герм. адзінстве. Паводле канстытуцыйных змен і дапаўненняў 1974 САПГ атрымала яшчэ большыя ўладныя паўнамоцтвы, значна павялічылася колькасць членаў партыі (больш за 2 млн.), Дэмакр. блок партый і масавых арг-цый налічваў каля 350 тыс. чл. (створаны ў 1945). Да канца 1970-х г. у эканоміцы ГДР адбыліся значныя зрухі (краіна ўвайшла ў лік 10 найб. прамыслова развітых дзяржаў свету), па ўзроўні жыцця яе насельніцтва займала вядучае месца сярод краін — членаў СЭУ. Да пач. 1980-х г. эканоміка ГДР вычарпала экстэнсіўныя магчымасці свайго развіцця, таму эканам. стратэгія кіраўніцтва краіны прадугледжвала жорсткую эканомію і рэсурсазберажэнне, стымуляванне навук.-тэхн. прагрэсу, больш актыўную інтэграцыю ў межах СЭУ. Пазнейшыя эканам. цяжкасці (зніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва, павелічэнне знешняга доўгу з 10 млрд. дол. у 1981 да 21 млрд. у 2-й пал. 1980-х г.) суправаджаліся ростам напружанасці і апазіц. настрояў у грамадстве. У час святкавання 40-годдзя ГДР у Берліне, Дрэздэне, Лейпцыгу і інш. гарадах прайшлі масавыя дэманстрацыі з патрабаваннем рэформаў. У гэтых умовах адбылася адстаўка Хонекера і перадача ўлады Э.​Крэнцу. Пасля дэмантажу Берлінскай сцяны (9.11.1989) распаўся Дэмакр. блок, узніклі новыя паліт. партыі і рухі (каля 100), быў сфарміраваны кааліцыйны ўрад на чале з Г.​Модравам. Зноў актуальнай стала ідэя аб’яднання Германіі. Урад Модрава прапанаваў план паступовага стварэння канфедэратыўнай дзяржавы з наступным зліццём. Большасць паліт. партый і рухаў падтрымалі план канцлера ФРГ Г.Коля (хуткае аб’яднанне Германіі на аснове канстытуцыі ФРГ). У пач. 1990 САПГ перайменавана ў Партыю дэмакр. сацыялізму. На выбарах у Нар. палату ў сак. 1990 перамог блок кансерватыўных партый на чале з Хрысц.-дэмакр. саюзам. У крас. сфарміраваны новы кааліцыйны ўрад на чале з Л. дэ Мезьерам. 1.7.1990 набыў сілу Дагавор аб эканам., валютным і сац. саюзе паміж ГДР і ФРГ. У вер. падпісаны Дагавор аб аб’яднанні Германіі (да яго набыцця сілы Нар. палата ўнесла змены ў канстытуцыю ГДР, быў зменены адм.-тэр. падзел краіны). 12.9.1990 прадстаўнікі ГДР, ФРГ, ЗША, СССР, Вялікабрытаніі і Францыі падпісалі Дагавор аб канчатковым урэгуляванні адносна Германіі. ГДР спыніла членства ў Варшаўскім дагаворы і СЭУ. 3.10.1990 у Берліне адбыліся ўрачыстасці з нагоды набыцця сілы апошняга дагавора (у цяперашняй ФРГ 3 кастр. святкуецца як нац. свята — Дзень ням. адзінства).

Літ.:

Дернберг С. Краткая история ГДР: Пер. с нем. 2 изд. М., 1971;

История Германской Демократической Республики, 1949—1979. 2 изд. М., 1979;

Потапов А.В. Кризис ГДР в 80-х годах и объединение Германии // Новая и новейшая история. 1991. № 5.

В.​М.​Пісараў.

т. 5, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ТАЎТ (1350—27.19.1430),

князь гродзенскі, трокскі, вял. кн. ВКЛ [1392—1430]. Сын Кейстута. Адзін з самых выдатных дзярж. дзеячаў ВКЛ. Актыўную паліт. дзейнасць пачаў у 1382 пасля забойства Ягайлам яго бацькі. Каб адпомсціць Ягайлу, Вітаўт уцёк да крыжакоў, заключыў з імі саюз, прыняў каталіцтва (пасля хрышчэння імя Віганд), абавязаўся стаць васалам Тэўтонскага ордэна і аддаў ордэну Жамойцію (1384). У ходзе барацьбы з Ягайлам пераканаўся ў яе бесперспектыўнасці і згадзіўся на мір. Атрымаў ад Ягайлы Берасце (Брэст) і Гародню (Гродна), большасць насельніцтва якіх складалі праваслаўныя, і перайшоў у праваслаўе (атрымаў імя Аляксандр). Аднак у час заключэння Крэўскай уніі 1385 разам з Ягайлам і інш. князямі зноў прыняў каталіцтва. У 1388, упэўніўшыся ў небяспецы гэтай уніі для ВКЛ, незадаволены тым, што Ягайла прызначыў сваім намеснікам у ВКЛ Скіргайлу, а не яго, Вітаўт узначаліў барацьбу феадалаў ВКЛ супраць Ягайлы. Заключыў саюзы з вял. кн. маскоўскім Васілём I, аддаўшы за яго сваю дачку Соф’ю, і з Тэўтонскім ордэнам; зноў аддаў крыжакам Жамойцію (у 1389). У выніку 2-гадовай упартай і жорсткай барацьбы было заключана Востраўскае пагадненне 1392 і Вітаўт стаў вял. князем ВКЛ. Ён умацаваў трываласць дзяржавы, задушыўшы змову князёў Карыбута, Фёдара Карыятавіча і Свідрыгайлы, у 1395, выкарыстаўшы міжусобіцу смаленскіх князёў, падпарадкаваў ВКЛ Смаленск. У 1399 выступіў саюзнікам беглага татарскага хана Тахтамыша ў міжусобнай барацьбе і пацярпеў паражэнне ў бітве на Ворскле 1399. Скарыстаўшы цяжкае становішча ВКЛ, кіруючыя колы Польшчы вымусілі Вітаўта заключыць Віленска-Радамскую унію 1401. У 1404 Вітаўт з дапамогай палякаў задушыў паўстанне ў Смаленску. Імкнучыся падпарадкаваць ВКЛ Ноўгарад, Вітаўт некалькі разоў хадзіў на Наўгародскую зямлю (апошні раз у 1428), што прывяло да вайны з Масквой, якая таксама прэтэндавала на горад. Тры разы хадзіў на Маскву (апошні раз у 1408). Войскі ВКЛ і Маскоўскага вял. княства сышліся на р. Угра, але Вітаўт і Васіль I, не пачынаючы бітвы, заключылі мір і вызначылі мяжу паміж дзвюма дзяржавамі па р. Угра. Маючы на мэце разграміць Тэўтонскі ордэн, які рабіў напады на ВКЛ, і вярнуць пад сваю уладу Жамойцію, Вітаўт у цеснай садружнасці з Ягайлам рыхтаваў супраць крыжакоў паход аб’яднанага войска ВКЛ і Польшчы. У выніку перамогі ў Грунвальдскай бітве 1410 і заключэння Тарунскага міру 1411 Жамойція была вернута ў ВКЛ. Саюз Польшчы з ВКЛ быў умацаваны Гарадзельскай уніяй 1413, якая дала паліт. прывілеі каталіцкай шляхце ВКЛ. Разумеючы значную ролю правасл. насельніцтва ў дзяржаве, Вітаўт стварыў самастойную правасл. мітраполію на чале з Цамблакам з цэнтрам у Навагрудку. У 1429 і 1430 Вітаўт спрабаваў атрымаць ад папы рымскага тытул караля і каралеўскую карону. У выніку польскіх інтрыг мэты не дасягнуў. Пры Вітаўце ВКЛ стала самай магутнай дзяржавай у Цэнтр. і Усх. Еўропе.

М.​І.​Ермаловіч.

Вітаўт. Мастак А.​Крывенка. 1995.

т. 4, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)