парастак (сістэма парасткаў), на якім знаходзяцца кветкі. Уласцівы большасці кветкавых раслін. Па ступені разгалінавання адрозніваюць С. простыя і складаныя. У залежнасці ад тыпу галінавання і парадку распускання кветак простыя С. падзяляюць на батрычныя (бакакветныя), або рацэмозныя (монападыяльнае галінаванне, распусканне кветак ад асновы да верхавінкі — галоўка, гронка, катах, каташок, колас, парасонік, шчыток), і цымозныя, верхакветныя (сімпадыяльнае галінаванне, распусканне кветак ад верхавінкі да асновы — просты плеяхазій, дыхазій і манахазій). Складаныя С. бываюць аднародныя (напр., складаная гронка, складаны колас), разнародныя (спалучэнне розных тыпаў С. у межах адной групы — батрычнай або цымознай — напр., мяцёлка з каласкоў, дыхазій з манахазіяў) і змяшаныя (камбінацыя батрычных і цымозных С., напр., плеяхазій з кошыкаў, парасонік з манахазіяў). Колькасць кветак у С. ад 1—3 (напр., у гароху) да некалькіх дзесяткаў тысяч (у некат. відаў агавы), даўж. — да 12 м (напр., у пальмаў роду каламус). Будова С. мае значэнне ў сістэматыцы раслін: яна адлюстроўвае кірункі эвалюцыі блізкіх у сістэм. адносінах груп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭСТРУ́КЦЫЯ ПАЛІМЕ́РАЎ,
разбурэнне макрамалекул пад уздзеяннем цяпла, кіслароду, святла, іанізуючай радыяцыі, мех. напружання, біял. і інш. знешніх фактараў. Пагаршае ўласцівасці палімераў ці выклікае разбурэнне вырабаў з іх. Для барацьбы з Д.п. распрацаваны метады стабілізацыі палімераў.
Д.п. выклікае звычайна адначасовае ўздзеянне некалькіх знешніх фактараў, напр., пры эксплуатацыі на палімерныя вырабы ўздзейнічаюць святло, кісларод і вільгаць паветра, шматразовыя дынамічныя нагрузкі і інш. Пры Д.п. разрываюцца хім. сувязі ў макрамалекулах, што прыводзіць да памяншэння малекулярнай масы і змянення будовы. Часам дэструкцыя суправаджаецца дэполімерызацыяй (рэакцыя, адваротная полімерызацыі) — паслядоўным адшчапленнем малекул манамера ад макрарадыкала ці інш. актыўнага палімернага цэнтра. Гэты працэс найб. характэрны для палімераў, якія маюць чацвярцічны атам вугляроду ў ланцугу (напр., поліметылметакрылат). Д.п. адна з прычын старэння палімераў. Д.п. выкарыстоўваюць для палягчэння перапрацоўкі (напр., пластыкацыя каўчуку — шматразовая дэфармацыя на вальцах), выкарыстання (напр., для зніжэння вязкасці эфірацэлюлозных лакаў і эмалей праводзяць дэструкцыю цэлюлозы), а таксама высвятлення хім. будовы палімераў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРБАНА́ТЫ,
солі і эфіры вугальнай кіслаты H2CO3.
К. неарганічныя — сярэднія (з аніёнам CO3−2) і кіслыя (з аніёнам HCO3−) солі (гл.Гідракарбанаты). Сярэднія К. — крышт. рэчывы, тэрмічна няўстойлівыя (акрамя К. шчолачных металаў). Пры награванні раскладаюцца да аксіду металу і дыаксіду вугляроду (напр., CaCO3 = CaO + CO2). У вадзе (акрамя К. шчолачных металаў, амонію і аднавалентнага талію Tl2CO3) не раствараюцца. У прыродзе складаюць адну з груп мінералаў, важнейшыя з іх — кальцыт, магнезіт, сідэрыт, смітсаніт і некат. інш. Выкарыстоўваюць прыродныя К. як каштоўныя метал. руды (напр., К. цынку, жалеза, марганцу, медзі), У буд-ве (вапняк, магнезіт, вітэрыт); сінт. — у асн. натрыю К. (гл.Coda). К. арганічныя — ацыклічныя і цыклічныя складаныя эфіры. Ацыклічныя К. бясколерныя вадкасці з эфірным пахам (напр., метылэтылкарбанат, tкіп 107 °C). Цыклічныя К. — вадкія ці легкаплаўкія цвёрдыя рэчывы (напр., OCH2CH2OCO этыленкарбанат, tпл 39 °C). Выкарыстоўваюць як растваральнікі прыродных і сінт. смол; манамеры ў вытв-сці сінт. каўчуку, валокнаў, пластмас; зыходныя рэчывы для сінтэзу гліколяў, пластыфікатараў, лек. сродкаў і сродкаў аховы раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКРАЭЛЕМЕ́НТЫ,
хімічныя элементы, якія ёсць у жывых арганізмах у нязначнай колькасці (10−3 — 10−5 %). Знаходзяцца ў збалансаваных суадносінах. Крыніца паступлення ў арганізм — ежа і пітная вада. Вядома больш за 50 М. (бор, медзь, марганец, малібдэн, ёд, цынк, кобальт, нікель, крэмній, стронцый, тытан, ванадый і інш.). Уваходзяць у састаў ферментаў (напр., цынк у карбаангідразу), вітамінаў (напр., кобальт у вітамін B₁₂), гармонаў (напр., ёд у тыраксін), таксама бялкоў, нуклеінавых к-т. Некат. М. ўдзельнічаюць у будове апорных тканак арганізма (фтор, стронцый), абмене бялкоў, тлушчаў, вугляводаў, тканкавым дыханні, росце і размнажэнні арганізмаў. Рэгулююць функцыі крывятворных органаў, нерв., эндакрыннай, сардэчна-сасудзістай, палавой, імуннай сістэм; адаптацыю арганізма да змены фактараў навакольнага асяроддзя. Пры нястачы ці лішку М. парушаецца абмен рэчываў, узнікаюць эндэмічныя захворванні (напр., на Беларусі — эндэмічны валляк пры нястачы ёду).
Літ.:
Химические элементы и аминокислоты в жизни растений, животных и человека. 2 изд. Киев, 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛА́ДЗЕНЬ,
складны абраз, або т.зв. машчавік з двух (дыпціх), трох (трыпціх) ці больш (паліпціх) частак-створак. Выконваецца ў тэхніках тэмпернага жывапісу, разьбы па косці або дрэве, у метале з выкарыстаннем чаканкі, філіграні, эмалі і інш.
Жывапісныя С. належаць да стараж.-візант. літургічнай традыцыі. У зах.-еўрап. мастацтве позняй готыкі, Адраджэння, барока пашырыліся алтарныя С., якія аб’ядноўвалі жывапіс і скульптуру (напр., С. М.Пахера ў царкве г. Санкт-Вольфганг, Аўстрыя, 1471—81); скульптурныя (напр., драўляны С. В.Ствоша ў касцёле Дзевы Марыі ў г. Кракаў, Польшча, 1477—89); жывапісныя (напр., «Алтар Ільдэфонса» П.П.Рубенса, 1632). У Расіі з 15 ст. пашыраны мініяцюрныя, медналітыя, выразаныя з дрэва ці косці С. з гравіроўкай, залатой і сярэбранай сканню (трыпціх майстра Лукіяна, 1412—13, і інш.).
На Беларусі С. меў вял. пашырэнне ў правасл. (напр., С. «Наталля. Маці Божая Адзігітрыя. Рафаіл», 1760) і стараверскіх храмах (шматстворкавыя метал. С., аздобленыя выемчатай каляровай эмаллю 17—20 ст.).
Да арт.Складзень. Наталля. Маці Божая Адзігітрыя. Рафаіл. Беларуская школа. 1760.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРАФІ́ЧНЫ ЛАНЦУ́Г, ланцуг харчавання,
шэраг арганізмаў у біягеацэнозах, звязаных паміж сабой адносінамі «корм — спажывец». Асн. тыпы Т.Л.: пашавы (у аснове зялёныя расліны; напр., елка—тля—божая кароўка—павук—мухалоўка—ястраб; аднаклетачныя водарасці—весланогія рачкі—верхаводка—судак),
і дэтрытны (у аснове фітадэтрыт; напр., лісцевы апад дрэў—дажджавы чарвяк—жукі-стафіліны—землярыйкі—ліс). Арганізмы наступнага звяна (трафічнага ўзроўню) паядаюць прадстаўнікоў папярэдняга звяна, т.ч. здзяйсняецца ланцуговы перанос энергіі і рэчыва, які ляжыць у аснове кругавароту рэчываў у прыродзе. У Т.л. пры пераносе патэнцыяльнай энергіі ад звяна да звяна большая яе ч. страчваецца, таму ў Т.л. звычайна не больш як 5 звёнаў. Т.л. ўтвараюць трафічныя сеткі, якія ўзнікаюць у выніку шырокага трафічнага спектра (паліфагіі) большасці кансументаў (напр., пацукі жывяцца расл. і жывёльным кармамі, могуць з’яўляцца рознымі трафічнымі ўзроўнямі некалькіх трафічных ланцугоў) і інш.Асн. структурны элемент і ўласцівасць трафічнай сеткі — экалагічнае дубліраванне, пры якім у экасістэмах нешматлікі від замяняецца інш., функцыянальна блізкім (напр., буйных капытных жывёл замяняюць грызуны). Вывучае Т.л. трофаэкалогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАТРАПІ́ЗМ [ад гідра... + трапізм(ы)],
рэакцыя арыентавання жывёл, органаў раслін (асабліва каранёў) у напрамку да больш або менш (радзей) вільготнага асяроддзя. Бывае станоўчы (напр., пры нераўнамерным размеркаванні вільгаці ў глебе карані раслін, дажджавыя чэрві і інш. накіроўваюцца ў больш вільготныя ўчасткі) і адмоўны (напр., спарангіяносцы многіх плесневых грыбоў растуць у бок ад вільготнага субстрату).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕНТА́РЫЙ (ад лац. commaentarius нататкі, тлумачэнне),
1) тлумачэнне якой-н. думкі, з’явы, падзеі (напр., К. тэксту твора, дакумента, заўвагі да тэксту кнігі, артыкула).
2) Артыкул, прамова, інтэрв’ю, якія даюць тлумачэнні або ацэнку эканам., паліт. і інш. падзей. У Стараж. Рыме К. называліся гіст. творы (напр., каментарый Ю.Цэзара аб Гальскай вайне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯЗІ́Т (ад мія... + ...іт),
запаленне шкілетных мышцаў чалавека і жывёл. Бывае востры, падвостры і хранічны; гнойны (напр., флегманозны) і нягнойны (напр., серозны, туберкулёзны і інш.). Асаблівая форма — асіфіцыравальны М., пры якім у тоўшчы мышцаў утвараюцца ўчасткі касцявой тканкі. Суправаджаецца болямі, прыпухласцю, парушэннем функцыі мышцаў. Лячэнне тэрапеўт. і сімптаматычнае (абязбольвальныя сродкі, фізіятэрапія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛО́СКАЯ ХВА́ЛЯ,
хваля, напрамак распаўсюджвання якой аднолькавы ва ўсіх пунктах прасторы. Фазавыя паверхні П.х. — плоскасці. Рэальныя хвалі можна набліжана лічыць П.х. ў абмежаванай вобласці прасторы, напр., на дастаткова вял. адлегласці ад кропкавай крыніцы хваль. Хвалі, засяроджаныя ў якой-н. вобласці, напр., у хваляводзе, таксама могуць набліжана супадаць з «участкам» П.х.