СІ́НТЭЗ МЕХАНІ́ЗМАЎ,

раздзел механізмаў і машын тэорыі, у якім вывучаюцца метады праектавання кінематычных схем механізмаў па іх зададзеных кінематычных і мех. уласцівасцях. Найб. выкарыстоўваецца метад кінематычнага С.м. — вызначэнне кінематычных схем механізмаў (кулачковых, рычажных, шарнірных і інш.) і іх параметраў, што забяспечваюць неабходныя рухі.

т. 14, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭБА́Й ((Debye) Петэр Іозеф Вільгельм) (24.3.1884, г. Маастрыхт, Нідэрланды — 2.11.1966),

галандскі фізік і хімік, адзін са стваральнікаў тэорыі цвёрдага цела. Замежны чл. АН СССР (1924) і інш. акадэмій. Скончыў Мюнхенскі ун-т (1910). З 1911 праф. ун-таў Швейцарыі і Германіі, у 1934—39 дырэктар Ін-та фізікі кайзера Вільгельма (Берлін), у 1940—50 праф. Корнелскага ун-та (ЗША). Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела, тэорыі будовы малекул і квантавай тэорыі атама. Пабудаваў мадэль цвёрдага цела (1912), устанавіў залежнасць цеплаёмістасці крышталёў ад т-ры (гл. Дэбая закон). Распрацаваў дыпольную тэорыю дыэлектрыкаў, прапанаваў рэнтгенаўскі метад даследавання дробнакрышт. матэрыялаў (гл. Дэбая—Шэрэра метад). Нобелеўская прэмія 1936.

Літ.:

Гельфер Я.М. История и методология термодинамики и статистической физики. 2 изд. М., 1981. С. 486—491.

А.​І.​Болсун.

П.Дэбай.

т. 6, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПЕНСА́ТАР (ад лац. compenso ураўнаважваю, параўноўваю),

1) прыстасаванне для ўраўнаважвання ўплыву розных фактараў (т-ры, ціску, становішча і інш.) на стан і дзеянне збудаванняў, машын, механізмаў і інш. Бываюць нерухомыя (напр., пракладкі) і рухомыя (сільфон).

2) Прылада (машына) для ўраўнаважвання зруху фаз току і напружання. Сінхронны К. дае магчымасць палепшыць каэфіцыент магутнасці і рэгуляваць напружанне ў лініях электраперадачы і эл. сетках.

3) Прылада (напр., патэнцыёметр), прынцып дзеяння якой заснаваны на параўнанні вымеранай велічыні з аднароднай узорнай велічынёй (гл. ў арт. Кампенсацыйны метад вымярэнняў, Нулявы метад вымярэнняў).

4) Прыстасаванне (напр., пласцінка) для вызначэння рознасці ходу светлавых прамянёў, напр., у інтэрферометрах, або вугла вярчэння плоскасці палярызацыі (гл. Палярызацыя свята).

5) Тэрмамагнітны жалеза-вугляродзісты сплаў, які выкарыстоўваецца ў электравымяральных прыладах як элемент магн. сістэмы для змяншэння ўплыву т-ры.

т. 7, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКІ́РСКІ (Пётр Іванавіч) (13.12.1894, г. Арэнбург, Расія — 16.11.1954),

расійскі фізік-эксперыментатар, адзін з стваральнікаў эмісійнай электронікі. Акад. АН СССР (1946, чл.-кар. 1933). Скончыў Петраградскі ун-т (1916). З 1918 у Ленінградскім фіз.-тэхн. ін-це і адначасова з 1943 у Радыевым ін-це АН СССР, праф. Ленінградскага ун-та (з 1928) і політэхн. ін-та (з 1945). Навук. працы па фіз. электроніцы, фізіцы рэнтгенаўскіх прамянёў, ядз. фізіцы. Аўтар шэрагу эксперым. метадаў даследавання (метад сферычнага кандэнсатара, іанізацыйны метад вызначэння кантактавых патэнцыялаў і інш.). Эксперыментальна пацвердзіў ураўненне Эйнштэйна для фотаэфекту і ўдакладніў значэнне пастаяннай Планка (1926). Выканаў грунтоўныя даследаванні электроннай эмісіі з паверхні тонкіх метал. плёнак, што прывяло да стварэння спец. фотакатодаў (1937).

Літ.:

П.​И.​Лукирский. М., 1959;

Физики о себе. Л., 1990. С. 192—199.

П.І.Лукірскі.

т. 9, с. 364

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЖДЗЕ́СТВЕНСКІ (Дзмітрый Сяргеевіч) (7.4.1876, С.-Пецярбург — 25.6.1940),

расійскі фізік, стваральнік навуковай школы фізікаў-оптыкаў і адзін з арганізатараў сав. аптычнай прам-сці. Акад. АН СССР (1929, чл.-кар. 1925). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1900) і з 1903 працаваў у ім (з 1916 праф.). З 1918 арганізатар і дырэктар, у 1932—38 заг. аддзела Дзярж. аптычнага ін-та. Навук. працы па фіз. і інструментальнай оптыцы, атамнай фізіцы і спектраскапіі. Распрацаваў метад даследавання анамальнай дысперсіі святла («метад крукоў» Р.), выкарыстанне якога спрыяла ўстанаўленню важных заканамернасцей у атамных спектрах. Даказаў вызначальную ролю інтэрферэнцыі святла пры ўтварэнні відарысаў у мікраскопе. Выказаў ідэю выкарыстання інтэрферэнцыі ў даследаваннях фіз. з’яў.

Тв.:

Избр. труды. М.; Л., 1964.

Літ.:

Основатели советской физики. М., 1970;

Гуло Д.Д., Осиновский А.Н. Д.​С.​Рождественский. М., 1980.

А.​Л.​Болсун.

Дз.С.Раждзественскі.

т. 13, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЭЛАГРА́ФІЯ [грэч. myelos (касцявы) мозг + ...графія],

метад рэнтгенаграфіі спіннога мозга пасля ўвядзення кантрастнага рэчыва ў падпавуцінную прастору. Ужываецца пры запаленчых працэсах абалонак спіннога мозга, пухлінах спіннога мозга ці яго абалонак і інш. Дае магчымасць вызначыць характар паталаг. працэсу, яго ўзровень і працягласць.

У.​І.​Грынюк.

т. 10, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСКРЫПТЫ́ЎНАЯ ЛІНГВІ́СТЫКА,

адзін з трох кірункаў класічнага структуралізму (поруч з Пражскім лінгвістычным гуртком і гласематыкай), што існаваў у 1-й пал. 20 ст. ў ЗША. Меў на мэце распрацаваць строгія фармальныя працэдуры апісання мовы: сфармуляваць кампактныя, несупярэчлівыя і вычарпальныя правілы, з дапамогай якіх у мове паслядоўна вылучаюцца на розных яе ўзроўнях (фаналагічным, марфалагічным, сінтаксічным) адзінкі, класы адзінак, а таксама вызначаюцца сувязі паміж адзінкамі розных узроўняў мовы і паміж адзінкамі аднаго класа. Для выканання гэтых задач у Д.л. распрацаваны 3 прыёмы навук. даследавання мовы: аналіз па непасрэдна састаўляючых, трансфармацыйны метад і гал. спосаб апісання мовы — дыстрыбутыўны метад. Напачатку першыя 2 прыёмы былі скіраваныя на выдзяленне адзінак і на правілы іх камбінавання, а дыстрыбутыўны метад — на выяўленне характару размеркавання адзінак у тэксце; т.ч. браўся пад увагу толькі план выражэння моўных адзінак (іх знешні, фармальны бок) і не разглядаўся іх план зместу (семантычны бок). Зараз выкарыстанне гэтых метадаў абапіраецца і на ўлік семантычных асаблівасцей мовы. Ад Д.л. бяруць пачатак некалькі школ: Іельская (засн. Л.​Блумфілдам), звязаная пераважна з фармалізацыяй апісання мовы; Эн Арбарская побач з фармальнымі працэдурамі аналізу ўлічвае і псіхал. фактары ў мове (Ю.​Найда, К.​Пайк і інш.); генератыўная лінгвістыка даследуе звязны тэкст з дапамогай трансфармацыйнага аналізу і матэм. метадаў (Н.​Хомскі і інш.).

Літ.:

Глисон Г. Введение в дескриптивную лингвистику Пер. с англ. М., 1959.

Б.​А.​Плотнікаў.

т. 6, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНАТЭРАПІ́Я (ад механа... + тэрапія),

метад лячэння хворых лакалізаванымі і дазаванымі фіз. практыкаваннямі на спец. апаратах; састаўная частка лячэбнай фізічнай культуры. Распрацавана швед. урачом Г.​Цандэрам (1857). Выкарыстоўваецца пры недастатковай рухомасці суставаў, рэабілітацыі пасля пераломаў і інш. З дапамогай апаратаў можна павялічваць ці змяншаць нагрузкі на суставы.

т. 10, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДЫНА́ЦЫЯ ў экалогіі,

метад аналізу эка- і геасістэм. Заключаецца ў размеркаванні відаў або згуртаванняў жывых арганізмаў па меры змены аднаго або некалькіх карэлявальных фактараў (напр., змена відавога складу расліннасці і мноства асобін кожнага з відаў з павелічэннем засалення глебаў са зменай мясц. балансу цяпла і вільгаці і да т.п.).

т. 1, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАРАДЫЯГРА́ФІЯ (ад аўта... + радыяграфія),

метад рэгістрацыі і вывучэння размеркавання радыеактыўных рэчываў у аб’ектах, якія даследуюцца; разнавіднасць радыяграфіі. Выяўляецца пры накладанні на аб’ект адчувальнага да радыеактыўнага выпрамянення фотаматэрыялу. Выкарыстоўваецца ў эксперым. фізіцы, тэхніцы, біялогіі, медыцыне і інш.

Да арт. Аўтарадыяграфія: аўтарадыяграма (адбітак), якая паказвае размеркаванне фосфару-32 у лісце памідора.

т. 2, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)