РАСЦІСЛА́Ў (? — пасля 1232),

пінскі князь. Магчыма, сын тураўскага кн. Святаполка Юр’евіча або пінскага кн. Уладзіміра. Верагодна, у 1207 удзельнічаў у паходзе на Кіеў чарнігаўскага кн. Усевалада Святаславіча. Дапамог Яраславу Інгваравічу захапіць Луцк, за што каля 1227 атрымаў г. Чартарыйск на Валыні. У 1228 галіцка-валынскі кн. Даніла Раманавіч захапіў Чартарыйск і паланіў дзяцей Р., які ў адказ стаў ініцыятарам стварэння варожай Данілу кааліцыі. Разам з кіеўскім кн. Уладзімірам Рурыкавічам, чарнігаўскім кн. Міхаілам Усеваладавічам, тураўцамі і інш. ўдзельнічаў у паходзе на Данілу, які быў абложаны ў Камянцы. Верагодна, сынамі Р. былі пінскія князі Уладзімір і Міхаіл.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГО́ЖСКАЕ КНЯ́СТВА,

удзельнае княства Полацкай зямлі ў 12—15 ст.

Цэнтр — г. Лагожск (сучасны г. Лагойск Мінскай вобл.). Магчыма, ’першым уладальнікам Л.к. ў 1127 быў кн. Брачыслаў. Непасрэдна лагожскімі князямі Іпацьеўскі летапіс называе Усяслава Мікуліча (1180) і Васільку Валадаравіча. Верагодна, Л.к. было адным з удзелаў Мінскага княства. Не пазней як у 1-й пал. 14 ст. княства ўвайшло ў ВКЛ. У сярэдзіне 14 ст. належала Войшвілу (паводле адной з версій — сыну Кейстута). У 1387 вял. кн. Ягайла аддаў Л.к. разам з Трокскім і Полацкім княствамі свайму брату Скіргайлу, які фактычна быў яго намеснікам у ВКЛ. У 1392 Ягайла вымушаны быў перадаць уладу ў ВКЛ Вітаўту, які пачаў раздаваць асобныя маёнткі Л.к.: Ганявічы і Корань у 1395 — віленскаму біскупству, Гасцілавічы — віленскаму ваяводу Войцеху Манівіду (у 1407 пацверджаны навечна); Коцалі ў канцы 14 ст. — новаўтворанаму касцёлу ў Гайне. Магчыма, да Л.к. належала і Харэцкая воласць у вярхоўях р. Бярэзіна, раздача якой у прыватную уласнасць адбывалася адначасова. Не пазней як у 1-й пал. 15 ст. з Л.к. вылучыліся маёнткі Астрошыцы, Зазер’е і, верагодна, Смалявічы, якія належалі пану Судзімонту Доргевічу. Пасля смерці апошняга (1448) спадчыннае права на гэтыя маёнткі пацверджана яго сыну Алехну. У сярэдзіне 15 ст. ад Л.к. заставалася невял. частка з Лагойскам і Гайнай, якая належала кіеўскаму кн. Алельку Уладзіміравічу, а з 1455 — яго малодшаму брату Андрэю. Пасля смерці Андрэя ў 1457 Гайна пакінута ва ўласнасці яго нашчадкаў, а Лагойск вернуты вял. князю і ў 1460 нанова падараваны кн. Аляксандру Чартарыйскаму на правах звычайнага маёнтка.

В.​Л.​Насевіч.

т. 9, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯВІ́ЦКІ Дзмітрый Рыгоравіч (каля 1735, Кіеў ? — 16.4.1822),

расійскі і ўкраінскі жывапісец; найбуйнейшы майстар рус. параднага партрэта 18 ст. З 1769 акадэмік, з 1776 саветнік Пецярбургскай АМ; у 1771—88 кіраваў партрэтным класам. Вучыўся ў бацькі, укр. гравёра Р.​Лявіцкага (Лявіцкага-Носа) і А.​Антропава (1752—55 і з 1758). Магчыма, разам з бацькам удзельнічаў у размалёўцы Андрэеўскага сабора ў Кіеве (1752—55). Каля 1758 пераехаў у Пецярбург. У 1762 афармляў каранацыйныя ўрачыстасці ў Маскве. У ранніх творах спалучаў агульную ўрачыстасць позняга барока з рысамі натуральнасці і штодзённасці, імкнуўся да раскрыцця характару, дакладнасці і матэрыяльнасці выявы. Работам уласцівы эфектнасць кампазіцый, інтэнсіўнасць і танальнае адзінства колеравых адценняў, выразнасць поз і жэстаў: партрэты А.​Какорынава (1769—70), П.​Дзямідава (1773), серыя парадных партрэтаў выхаванак Смольнага ін-та («Смалянкі», каля 1773—76). Інтымныя партрэты адзначаны паглыбленасцю і разнастайнасцю індывідуальных характарыстык, стрыманасцю маст. сродкаў (Д.​Дзідро, 1773—74; М.​Дзякавай, 1778; святара, магчыма, бацькі, 1779 і інш.). З пач. 1780-х г. пад уплывам класіцызму тонкая нюансіроўка змянілася лакальным колерам, манера пісьма стала больш гладкай: «Урсула Мнішак» (1782), «Кацярына II» (1783) і інш. З 2-й пал. 1780-х г. яго работы страцілі ранейшую цэласнасць і гарманічнасць, характарнасць вобразаў. Некаторыя творы вызначаюцца яркай выразнасцю маст. сродкаў («Невядомы са сфінксам», 1790-я г.). Пасля 1800 з-за хваробы вачэй амаль не працаваў.

Літ.:

Молева Н.М. Д.​Г.​Левицкий. М., 1980;

Яблонская Т.В. Левицкий. М., 1985;

Д.​Г.​Левицкий, 1735—1822: Сб. науч. тр. Л., 1987.

І.​Л.​Чэбан.

Дз.Лявіцкі. Партрэт П.​А.​Дзямідава. 1773.

т. 9, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛАНК Карл Іванавіч (1728—6.11.1793),

рускі архітэктар і інжынер; прадстаўнік барока і ранняга класіцызму. З 1745 вучыўся і працаваў у «камандзе» арх. В.​С.​Абухава, з 1749 памочнік Дз.В.Ухтомскага. Удзельнічаў у перабудове Васкрасенскага сабора Новаіерусалімскага манастыра (цяпер у г. Істра Маскоўскай вобл.; 1747—60). Пад яго кіраўніцтвам пабудаваны палац у сядзібе Кускова, з яго ўдзелам павільён «Эрмітаж» (там жа). Пабудаваў Выхаваўчы дом на Маскварэцкай набярэжнай (1764—70, з удзелам М.Ф.Казакова), шэраг цэркваў у Маскве (Велікамучаніцы Кацярыны, 1764—67; Ніколы ў Званарах, 1765—68, і інш.) і ў Падмаскоўі (у Спас-Косіцах, 1761, Вышгарадзе, 1764), «Галандскі домік» (1755) і, магчыма, царкву ў сядзібе Воранава каля Масквы.

т. 3, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЦ (Witz) Конрад (пасля 1400, г. Ротвайль, Германія — да 1446),

швейцарскі жывапісец. З 1434 (або 1435) працаваў у Базелі і Жэневе. У сваіх творах, пераходных ад готыкі да мастацтва Адраджэння, дасягнуў вял. пластычнай дасканаласці ў адлюстраванні фігур, інтэр’ера, гар. і альпійскага пейзажаў. З яго работ захаваліся створкі трох алтароў: «Зярцала збавення чалавецтва» для сабора ў Базелі (каля 1435), св. Пятра для сабора Сен-П’ер у Жэневе (1444), часткі невядомага алтара (магчыма, «Жыццё Марыі»). Частка алтара св. Пятра «Дзівосны ўлоў» (1444) — адзін з першых пейзажаў у еўрап. жывапісе, які адлюстраваў канкрэтную мясцовасць (бераг Жэнеўскага возера).

Г.​А.​Фатыхава.

К.Віц. Дзівосны ўлоў. 1444.

т. 4, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАЎЛЯ́НСКІЯ СКА́РБЫ.

Знойдзены ў 1965 два скарбы (кожны ў гліняным гаршку) на паселішчы каля в. Гараўляны Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл. Схаваны ў сярэдзіне 11 ст. Адзін скарб складаўся з фрагментаў сярэбраных ювелірных вырабаў (кавалкі дроту, загатоўкі для пласціністага бранзалета, спражка), шыфернага прасліца, 220 дырхемаў Арабскага халіфата, 185 дэнарыяў Англіі, Германіі, Францыі, Чэхіі. У другім былі цэлыя і фрагментаваныя сярэбраныя ювелірныя вырабы (бранзалеты, пярсцёнак, загатоўкі ўпрыгожанняў), шкляныя залачоныя пацеркі, 15 манет-перайманняў куфіцкіх дырхемаў у выглядзе брактэатаў з вушкамі для падвешвання, 134 пераважна фрагментаваныя дырхемы Арабскага халіфата, дэнарый Чэхіі. Скарбы, магчыма, былі сыравіннымі запасамі ювеліраў.

Да арт. Гараўлянскія скарбы (другі скарб).

т. 5, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГАНТАПІТЭ́К [ад грэч. gigas (gigantos) волат, гігант + pitēkos малпа],

род буйных выкапнёвых чалавекападобных малпаў, якія пражывалі ў паўд. і паўд.-ўсх. Азіі ў сярэдзіне антрапагену. У 1935—58 знойдзены 4 ніжнія сківіцы і больш за 1000 асобных вельмі вялікіх зубоў гігантапітэка (карэнныя зубы ў 6 разоў большыя за адпаведныя зубы сучаснага чалавека). Памеры цела гігантапітэка значна большыя, чым у чалавека (існуюць меркаванні, што гігантапітэк быў буйнейшы за гарылу і, магчыма, перасягаў 2,5 м). Па некат. адзнаках будовы зубной сістэмы гігантапітэк падобны да чалавека (адносна невялікія іклы), але ўся сківіца мае спецыялізацыю, характэрную для чалавекападобных малпаў.

Тры няпоўныя ніжнія сківіцы гігантапітэка.

т. 5, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЮМІ́НІЕВЫЯ РУ́ДЫ,

горныя пароды і мінералы, сыравіна для атрымання алюмінію. Асноўныя алюмініевыя руды — баксіты, з якіх атрымліваюць паўпрадукт — гліназём (Al2O3). У якасці алюмініевых руд выкарыстоўваюцца таксама нефелінавыя сіеніты, алунітавыя і нефелін-апатытавыя пароды; магчыма выкарыстанне высокагліназёмных каалінітавых глін і аргілітаў, лейцытаў, анартазітаў, лабрадарытаў, даўсанітаў, алюмафасфатаў і інш. Алюмініевыя руды — комплексная сыравіна; з баксітаў атрымліваюць таксама галій, ванадый, скандый, з нефелін-апатытавых парод — адначасова фасфаты. Буйнейшыя радовішчы ў Расіі, Казахстане, Гвінеі, Аўстраліі, Бразіліі, ЗША, Індыі, Камеруне, на Ямайцы і інш. На Беларусі перспектывы на баксітазмяшчальныя руды могуць быць звязаны з верхнімі гарызонтамі дакембрыю і карой выветрывання некаторых гарызонтаў палеазою, з радовішчамі даўсаніту.

т. 1, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАТАПЛЕ́ННЕ,

пакрыццё тэрыторыі вадой пад уплывам прыродных (разлівы рэк, вял. колькасць ападкаў, марскія прылівы) ці антрапагенных (будаўніцтва вадасховішчаў, сажалак) прычын. Бывае даўгачасным, пры якім затопленыя тэр. магчыма выкарыстоўваюць (напр., землі, занятыя чашай вадасховішча), кароткатэрміновым, калі выкарыстанне зямель даступна і мэтазгодна (заліўныя лугі, землі пад ліманным арашэннем), перыядычным, якое можна прагназаваць амаль дакладна (напр., З. прылівамі) і раптоўным (напр., стыхійнае бедства, выкліканае паводкай). Для папярэджання ці прадухілення З. берагі вадасховішчаў, рэк і мораў абвалоўваюць (абгароджваюць дамбамі), рэгулююць рэчышча рэк (паглыбляюць, пашыраюць, выраўноўваюць, знішчаюць парогі і інш.); для засцярогі ад З. талымі, дажджавымі і збягаючымі са схілаў водамі будуюць нагорныя каналы і валы.

т. 7, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ЛЬСКАЯ СТАЯ́НКА,

стаянка першабытнага чалавека эпохі сярэдняга палеаліту за 40 км на ПдЗ ад г. Краснадар (Расія). Размешчана на правабярэжжы р. Іль (адсюль назва), левага прытока р. Кубань. Мае 2 культурныя пласты часу мусцье таўшчынёй каля 0,5 м, падзеленыя слоем без знаходак (1 м). Датаванне дакладна не вызначана, магчыма, каля 70—60—35 тыс. г. назад. Выяўлена шмат касцей бізонаў (большасць), мамантаў, пячорнага мядзведзя, ваўка, гіены, высакароднага аленя і інш. Сабрана вял. калекцыя прылад з даламіту, кварцыту, крэменю і інш. (скрэблы, рубілы, лістападобныя вастрыі). Вылучаецца трохвугольны двухбаковы наканечнік, у якім некат. даследчыкі бачаць генетычную сувязь з верхнепалеалітычнай стралецкай культурай.

А.​В.​Іоў.

т. 7, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)