БЯРО́ЗАЎСКІЯ МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,
бальнеалагічны курорт на Украіне. За 25 км на З ад г. Харкаў. Клімат умерана кантынентальны, з мяккай зімой, цёплым, сухім летам, вял. колькасцю сонечных дзён. Крамяністыя гідракарбанатныя кальцыева-натрыева-магніевыя воды (мінералізацыя 0,76 г/л), вядомыя з 1862, выкарыстоўваюць на пітное лячэнне хвароб страўніка, кішэчніка, печані і жоўцевых шляхоў, мачавых шляхоў, парушэнняў абмену рэчываў.
т. 3, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛБЖЫХ (Wałbrzych),
горад на ПдЗ Польшчы, у Судэтах. Адм. ц. Валбжыхскага ваяводства. Гар. правы атрыманы каля 1400. 140,3 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр Ніжнесілезскага кам.-вуг. басейна. Коксахімія, маш.-буд., шкларобная прам-сць. ЦЭС. 2 тэатры, філармонія. Горны музей. Сярэдневяковы замак, палацы і касцёлы 17—19 ст. Каля Валбжыха — горны бальнеакліматычны курорт Шчаўна-Здруй.
т. 3, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАНАДЗО́Р (да 1935 Каракліс, да 1993 Кіравакан),
горад у Арменіі. Засн. ў 1826. 173 тыс. ж. (1995). Чыг. станцыя. Хім. (хім. валокны), машынабуд. (станкі, электратэхн. вырабы і інш.), харч., лёгкая (тэкст., трыкат., швейная, прадзільная), мэблевая прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў. Пед. ін-т. Т-р. Краязнаўчы музей. Горнакліматычны курорт. Моцна пацярпеў ад землетрасення ў снеж. 1988.
т. 3, с. 500
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІЯ ЛЁТЦЫ,
вёска ў Віцебскім р-не, на аўтадарозе Віцебск—Полацк. Цэнтр Лятчанскага с/с. За 14 км на З ад г. Віцебск, 2 км ад чыг. ст. Лётцы. 524 ж., 163 двары (1996). Сярэдняя школа і школа-інтэрнат, б-ка, аддз. сувязі. За 3 км ад вёскі кліматычна-бальнеагразевы курорт «Лётцы» на базе Ляшчанскага радовішча мінер. вод.
т. 4, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РВАЛЬ,
бальнеакліматычны курорт у Гомельскай вобл. За 20—26 км ад гарадоў Рэчыца, Светлагорск і Жлобін, у сутоках рэк Бярэзіна і Дняпро. Плошча курортнай зоны каля 25 км², амаль ⅔ яе пад лесам. Асн. лек. фактары — хларыдна-натрыевыя мінер. воды (расолы) з высокім утрыманнем брому і ёду, спрыяльны, умерана-кантынентальны клімат. Лечаць хваробы нерв. сістэмы і інш.
т. 5, с. 359
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРЗУ́Ф,
прыморскі кліматычны курорт на Украіне. За 16 км ад г. Ялта, на паўд. беразе Крыма. Размешчаны ў даліне горнай ракі, ахаваны ад вятроў горным паўкальцом. Субтрапічны клімат міжземнаморскага тыпу з мяккай зімой, працяглай і цёплай восенню і інш. ўмовамі, спрыяльнымі для прафілактыкі і лячэння органаў дыхання, расстройстваў нерв. і сардэчна-сасудзістай сістэм, парушэння абмену рэчываў. Санаторыі, турысцкія базы.
т. 5, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВО́С (Dawos),
горад, горнакліматычны курорт на У Швейцарыі, у Рэтыйскіх Альпах, на выш. больш за 1550 м. Каля 15 тыс. ж. (1994). Цэнтр турызму, зімовых відаў спорту. Познагатычныя касцёлы, ратуша (сярэдзіна 16 ст.). Мяккі горны клімат, малавоблачная зіма спрыяльныя для клімататэрапіі хвароб органаў дыхання (у т. л. туберкулёзу), некат. хвароб скуры, вачэй. Шмат санаторыяў, атэляў, водалячэбніц.
т. 5, с. 565
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАКС (Dax),
прыморскі бальнеагразевы і кліматычны курорт у Францыі. На ПнУ ад г. Баёна, на беразе р. Адур. Вядомы з часоў Стараж. Рыма; развіваецца з 19 ст. Мяккі марскі клімат, мулавыя гразі і мінер. воды выкарыстоўваюцца для лячэння хвароб органаў дыхання, перыферычнай нерв. сістэмы, суставаў. Цэнтр турызму. Арх. помнікі 13 ст., музей фізіка і геадэзіста Ж.Бардо.
т. 6, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́РБАН (Durban),
горад на У Паўднёва-Афр. Рэспублікі. Засн. ў 1822. 715,7 тыс. ж., з прыгарадамі 1137 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Адзін з найбуйнейшых партоў Індыйскага ак. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: нафтаперапр., хім., маш.-буд., гарбарна-абутковая, тэкст., цукр., кансервавая. Суднабудаванне і суднарамонт. Прыморскі кліматычны курорт. Цэнтр турызму. 2 ун-ты. Музей і маст. галерэя.
т. 6, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЛЬЦГІТЭР (Salzgitter),
горад на Пн Германіі, у зямлі Ніжняя Саксонія. Узнік у 1936 пры зліцці некалькіх населеных пунктаў і буд-ве металургічнага камбіната. 117,7 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на адгалінаванні Сярэднегерманскага канала. Аэрапорт. Прам-сць: чорная металургія, вытв-сць абсталявання для горнай і нафтаздабыўной прам-сці, вагона- і аўтамабілебудаванне, нафтахім., тэкстыльная. Курорт (мінер. воды).
т. 6, с. 518
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)