КО́НФІКС (ад лац. соп з, разам + fixus прымацаваны),

цыркумфікс, службовая марфема (афікс), якая камбінуецца з прэфікса і постфікса, што нясуць адзінае непадзельнае значэнне (напр., бел. «пад-акон-нік», рус. «за-речь-е»), Выкарыстанне К. наз. парасінтэз — адначасовы ўдзел у сінтэзе слова двух розных афіксальных сродкаў.

т. 8, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРКТЫ́ЧНЫ АНТЫЦЫКЛО́Н,

вобласць павышанага атм. ціску над Арктыкай. У цэнтры арктычнага антыцыклону ціск перавышае 1020 мб. Больш выразны зімой, калі ў час палярнай ночы халоднае паветра ўшчыльняецца над укрытай лёдам і снегам паверхняй. Пераважае ўстойлівае бязвоблачнае сухое надвор’е. Пад уплывам цыкланічнай дзейнасці ў Атлантычным сектары Арктыкі арктычны антыцыклон перамяшчаецца ў бок Аляскі. Летнія ўмовы аслабляюць антыцыклон. На выш. 3—4 км саступае месца каляпалярнай дэпрэсіі (вобласці нізкага ціску). Вятры з Арктычнага антыцыклону накіраваны ў нізкія шыроты, дзе пад уплывам вярчэння Зямлі набываюць ПнЗ напрамак.

т. 1, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАТЭРЛО́О (Waterloo),

горад у Бельгіі, у правінцыі Брабант, на Пд ад Бруселя. Каля 30 тыс. ж. (1990). Каля Ватэрлоо 18.6.1815 адбылася бітва паміж англа-галандска-прускай арміяй і франц. войскамі Напалеона I. Франц. армія пацярпела паражэнне (з 72 тыс. было забіта 32 тыс. салдат і афіцэраў), што з’явілася апошнім знішчальным ударам для напалеонаўскай імперыі. Напалеон здаўся англічанам і быў высланы на в-аў Св. Алены. У Францыю зноў вярнуліся Бурбоны. У краінах Зах. Еўропы бітва пад Ватэрлоо вядома таксама як бітва пад Бель-Альянс (нас. пункт каля Ватэрлоо).

т. 4, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ДОЎГ,

сума запазычанасці дзяржавы па крэдытных аперацыях і нявыплачаных па іх працэнтах. Узнікае, як правіла, пры неабходнасці фінансавання бюджэтнага дэфіцыту. З улікам сферы размяшчэння падзяляецца на ўнутр. і знешні. Унутраны ствараецца на аблігацыях дзярж. пазык і інш. дзярж. каштоўных папер, гарантыях дзяржавы пад каштоўныя паперы, выпушчаныя акц. т-вамі, крэдытах, выдадзеных дзяржаве банкамі і інш. крэдыторамі, нявыплачаных фіз. і юрыд. асобам кампенсацыях і інш. Знешні ўзнікае па ўзятых дзяржавай знешніх крэдытах, гарантыях дзяржавы пад атрыманыя за мяжой крэдыты айч. арг-цыямі, запазычанасці па знешнегандл. аперацыях бюджэтных арг-цый.

т. 6, с. 152

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎГАЕ ВО́ЗЕРА,

у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нешчарда, за 16 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 0,48 км², даўж. 1,2 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 5,6 м, даўж. берагавой лініі больш за 3 км. Пл. вадазбору 1,9 км². Схілы катлавіны выш. 2—4 м, пад хваёвым лесам, на У разараныя. Берагі месцамі забалочаныя, пад хмызняком. Дно пясчанае, глыбей 2 м выслана сапрапелем. Зарастае слаба, шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці 15—30 м. Злучана пратокамі з азёрамі Круглае і Нешчарда.

т. 6, с. 188

т. 6, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́ГЛІК,

возера ў Шумілінскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Сечна, за 5 км на Пд ад г.п. Шуміліна. Пл. 0,4 км², даўж. каля 1,4 км, найб. шыр. 510 м, найб. глыб. 31,5 м, даўж. берагавой лініі каля 4,9 км. Пл. вадазбору 11,2 км². Схілы катлавіны выш. 3—6 м, пад хмызняком, на У пад лесам. Берагі на У зліваюцца са схіламі. Мелкаводдзе вузкае, дно да глыб. 5 м выслана пясчанымі і апясчаненымі адкладамі, ніжэй — гліністымі глеямі. Злучана пратокай з воз. Лескавічы, выцякае ручай у воз. Мошна.

т. 8, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЦІ́ЛАВА,

возера ў Міёрскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Мёрыца, за 4 км на Пд ад г. Міёры. Пл. 0,45 км², даўж. 870 м, найб. шыр. 590 м, найб. глыб. 4,2 м, даўж. берагавой лініі 2,6 км. Пл. вадазбору 32,8 км². Схілы катлавіны выш. 2—5 м, пад пашай, на З параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя або тарфяністыя, месцамі забалочаныя. Пойма шыр. да 50 м, пад лугам. Дно да глыб. 1 м пясчанае, ніжэй сапрапелістае. Зарастае. Упадаюць 3 ручаі, на ПнЗ выцякае ручай у воз. Ворань.

т. 8, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАРО́БАЧКА»,

гарадскі бытавы танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умерана хуткі. Выконваецца пад мелодыю рус. нар. песні «Карабейнікі». Выканаўцы, узяўшыся рукамі накрыж, прыстаўным крокам рухаюцца па крузе, потым кожны выконвае некалькі вальсавых паваротаў.

Працягваючы рух, танцоры робяць прыстаўныя крокі ў бакі і павароты пад рукой. У канцы фігуры хлопец і дзяўчына робяць до-за-до. Рухі паўтараюцца некалькі разоў запар у тым жа парадку. Другая фігура выконваецца як полька або вальс. Танец мае невял. рэгіянальныя адрозненні. З канца 19 ст. пашыраны па ўсёй Беларусі.

т. 8, с. 87

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАКСІЯ́ЛЬНЫ ПУЧО́К ПРАМЯНЁЎ,

светлавы пучок, які распаўсюджваецца ўздоўж восі цэнтраванай аптычнай сістэмы. Утварае малыя вуглы з воссю і нармалямі да пераламляльных і адбівальных паверхняў. Для П.п.п. строга справядлівыя ўсе суадносіны, якія апісваюць утварэнне відарыса аптычнага. У відарысах, створаных П.п.п., адсутнічаюць аберацыі аптычных сістэм (акрамя храматычнай аберацыі ў лінзавых сістэмах). На практыцы пад П.п.п. разумеюць пучок прамянёў, які распаўсюджваецца пад канечнымі (у некалькі градусаў) вугламі да аптычнай восі і для якіх адступленні ад строгіх суадносін можна не ўлічваць. Вобласць вакол аптычнай восі сістэмы, дзе прамяні можна лічыць параксіяльнымі, наз. параксіяльнай.

т. 12, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́НІЧНА,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 32 км на ПдЗ ад Полацка. Пл. 0,47 км², даўж. больш за 1 км, найб. шыр. 650 м, найб. глыб. 3,7 м, даўж. берагавой лініі 2,8 км. Пл. вадазбору 10,5 км². Схілы катлавіны выш. да 4 м, забалочаныя, пад лесам, на У да 10 м, разараныя. Берагі нізкія, на ПнЗ сплавінныя, пад хмызняком. Дно плоскае, выслана сапрапелем, уздоўж берагоў на ПнУ і ПдЗ — пясчанымі адкладамі. На ПнЗ з воз. выцякае ручай у р. Нача.

т. 9, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)