ПАЛІКАРПО́ВІЧ (Канстанцін Міхайлавіч) (18.3.1889, в. Белая Дуброва Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 20.2.1963),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1951). Скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю (1909). Настаўнічаў у школах Чэрыкаўскага пав. У 1925—26 чл.гісторыка-археал. камісіі Інбелкульта. З 1929 у Ін-це гісторыі АН Беларусі (навук. супрацоўнік, заг. сектара; у 1941—42 у Казахстане). На Беларусі і ў Бранскай вобл. адкрыў і вывучаў палеалітычныя (Бердыж, Елісеевічы, Падлужжа, Юдзінава, Юравічы) і мезалітычныя (Журавель, Крыжы) стаянкі, помнікі неаліту і бронзы (Крывіна, Страліца). Вёў разведвальныя работы з мэтай выяўлення новых археал. помнікаў на Беседзі, Дняпры, Іпуці, Сажы, Случы і інш. Першы выказаў думку пра засяленне тэр. Беларусі першабытным чалавекам у стараж.-каменным веку, што першабытны чалавек рабіў аснову жытлаў з чарапоў і інш.вял. касцей мамантаў, а рэбры выкарыстоўваў як землекапалкі. Вывучаў касцярэзнае мастацтва першабытных людзей.
Тв.:
К вопросу о мустьерской культуре в Верхнем Поднепровье // Материалы по археологии БССР. Мн., 1957. T. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАСЛА́ННЕ ДА ЛАТЫ́Н З ІХ ЖА КНІГ»,
«Послание до латын из их же книг», ананімны палемічны твор. Напісаны на старабел. мове не пазней 1582 манахамі Супрасльскага манастыра ў адказ на кнігу П.Скаргі «Пра еднасць касцёла божага» (1577). Захаваўся ў некалькіх спісах, надрукаваны ў «Рускай гістарычнай бібліятэцы» (т. 19, 1903). Накіраваны супраць каталіцызму і яго прапаведнікаў. Выкарыстаўшы каталіцкія хронікі, творы рым.гісторыка Марцэліна, лац. тэолагаў Грацыяна, Плаціна і інш., аўтар з сарказмам паказаў гісторыю панавання папства, усё, што хаваецца пад маскай святасці. Насуперак Скаргу, які называў пап духоўнымі пастырамі і «намеснікамі бога на зямлі», у «Пасланні...» яны паказаны як хціўцы, рабаўнікі, авантурысты, антыхрысты, якія ў пагоні за раскошай і неабмежаванай уладай ператварылі каталіцкі касцёл у дом распусты. Мова твора максімальна набліжана да гутарковай, з вобразнымі выслоўямі і параўнаннямі. «Пасланне...» — пэўная вяха ў развіцці антыкаталіцкай палемічнай публіцыстыкі. Ідэі твора, матывы і маст.-стылявыя сродкі выкарыстоўвалі ў сваёй творчасці М.Сматрыцкі, С.Зізаній, В.Суражскі, І.Вішанскі і інш. пісьменнікі-палемісты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́ЙЗасн. і адкрыты ў 1926 у г. Полацк у будынку Полацкага Сафійскага сабора, з 1937 у памяшканні б. лютэранскай кірхі 19 ст. Музей зберагаў стараж. рукапісы, калекцыю зброі, выданні 16—18 ст., слуцкія паясы і інш. У Вял.Айч. вайну калекцыя разрабавана. У 1948 музей аднавіў работу як абл. краязнаўчы, з 1954 раённы, з 1985 філіял Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка. Пл. экспазіцыі каля 550 м², 869 экспанатаў асн. фонду (2000). У экспазіцыі знаходкі з археал. помнікаў Полаччыны (крамянёвыя і каменныя прылады працы, керамічны посуд, шыйная грыўні, жаночыя ўпрыгожанні, манеты ВКЛ і Рэчы Паспалітай, бурштынавыя вырабы з Прыбалтыкі, візантыйскія рэчы са смальты і інш.), зброя і адзенне часоў вайны 1812, матэрыялы пра падзеі часоў грамадз. вайны. Этнагр. матэрыялы прадстаўлены экспазіцыяй «Куток бел. хаты канца 19 — пач. 20 ст.», нар. вырабамі ткацтва, ганчарства, пляцення і дрэваапрацоўкі. З 1997 працуе стацыянарная выстаўка, прысвечаная гораду-пабраціму Фрыдрыхсгафену (Германія). Самастойны раздзел экспазіцыі — Полацкі музей баявой славы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫВІЛЕ́І (лац. privilegium ад privus асаблівы + lex закон),
заканадаўчыя акты ў ВКЛ, Рэчы Паспалітай і інш.феад. дзяржавах, якімі вял. князі ці каралі давалі або пацвярджалі асаблівыя правы пануючага класа, саслоўя, пэўных сац. або этнічна-рэліг. груп, асоб. У гісторыка-прававой л-ры вылучаюць П. льготныя, даравальныя і ахоўныя. У ВКЛ былі таксама агульназемскія прывілеі (пашыраліся на ўсіх феадалаў), абласныя прывілеі, гарадскія, валасныя (на насельніцтва асобных тэрыторый). Першы агульназемскі П. — Прывілей 1387. Важнае канстытуцыйнае значэнне мелі Прывілей 1447, Прывілей 1492. Самыя стараж. абласныя П. — Полацкі і Віцебскі (прыкладна 1392—99, гл.Полацкія прывілеі, Віцебскія прывілеі). З ростам і ўмацаваннем гарадоў пачалі выдавацца П. асобным гарадам (гл.Магдэбургскае права). Вядомы П. канфесіям, яўрэям, татарам. Да выдання Статутаў ВКЛ 1529, 1566 і 1588 — асн. крыніца пісанага права на тэр. Беларусі, многія П. мелі юрыд. значэнне на працягу некалькіх стагоддзяў. Пра найб. значныя П. гл. асобныя артыкулы.
Літ.:
Юхо І. Крыніцы беларуска-літоўскага права. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ГЕЛЬ ((Hegel) Георг Вільгельм Фрыдрых) (27.8.1770, г. Штутгарт, Германія — 14.11.1831),
нямецкі філосаф. Вучыўся ў Цюбінгенскім тэалагічным ін-це (1788—93). Быў хатнім настаўнікам у Берне і Франкфурце-на-Майне. З 1801 выкладаў у Іенскім ун-це. У 1808—16 дырэктар Нюрнбергскай гімназіі. З 1816 праф. філасофіі Гайдэльбергскага, з 1818 Берлінскага (у 1829—30 рэктар) ун-таў. Зыходным палажэннем філас. сістэмы Гегеля, выкладзенай ім у «Фенаменалогіі духу» (1807), з’яўляецца тоеснасць быцця і мыслення, г. зн. разуменне рэальнага свету як паступовага выяўлення і развіцця «абсалютнай ідэі», «сусветнага розуму» або «сусветнага духу». Унутр. крыніцай такога развіцця з’яўляецца супярэчнасць, якая ўяўляецца як пераход ад абстрактнага да канкрэтнага і будуецца ў выглядзе трыяды: тэзіс, антытэзіс, сінтэз процілегласцей у новым адзінстве. Паводле тэорыі Гегеля («Энцыклапедыя філасофскіх навук», 1817), абс. ідэя ў сваім развіцці праходзіць тры этапы: развіццё ва ўласным улонні, у стыхіі «чыстага мыслення» — логіка; у форме «іншабыцця», г. зн. у форме прыроды — філасофія прыроды; у мысленні і гісторыі (у «духу») — філасофія духу. Развіццё «абсалютнай ідэі», «сусветнага духу» стала цэнтр. паняццем гегелеўскай тэорыі дыялектыкі, якая найб. поўна адлюстравана ў «Навуцы логікі» (ч. 1—2, 1812—16). У «Філасофіі права» (1821) Гегель раскрыў этапы развіцця аб’ектыўнага духу: абстрактнае права — мараль — маральнасць; апошняя, у сваю чаргу, ахоплівае сям’ю, грамадз. супольнасць і дзяржаву, якой належыць роля гаранта рэальна спраўджанай свабоды. Сусв. гісторыю Гегеля вызначаў як «развіццё духу ў часе», «прагрэс духу ва ўсведамленні свабоды», які мы павінны пазнаць у яго неабходнасці; пры яе аналізе ён вылучаў 4 асн. перыяды: Усх. Свет (Кітай, Індыя, Персія, Егіпет) — Грэчаскі свет — Рымскі свет — Германскі свет. У сваім вучэнні аб эстэтыцы Гегель даў змястоўную трактоўку прыгожага як «пачуццёвага з’яўлення ідэі», якая бярэцца не ў яе «чыстай, лагічнай форме, а ў яе канкрэтным адзінстве з некаторым знешнім быццём». У лекцыях па гісторыі філасофіі Гегель упершыню паказаў гісторыка-філас. працэс як паступовы рух да абсалютнай ісціны, а кожную асобную філас. сістэму — як пэўную ступень у гэтым працэсе. На аснове вучэння Гегеля ўзніклі розныя філас. сістэмы і плыні (гл.Гегельянства, Младагегельянства, Неагегельянства).
У Беларусі творы Гегеля былі вядомы з 1830-х г., яго ідэі выкарыстоўвалі ў сваіх працах прадстаўнікі рэв.-дэмакр. кірунку грамадскай думкі (М.Рукевіч, Ф.Савіч, М.Валовіч, М.Лавіцкі, Ш.Канарскі, М.Бакшанскі і інш.). Гегелеўская канцэпцыя развіцця і прынцыпу гістарызму знаходзіла адлюстраванне ў час. «Gwiazda» («Звязда»), «Pamiętnik naukowo-literacki» («Навукова-літаратурны дзённік»), час. «Athenaeum» («Атэнэум»), якія ў той час былі органамі прагрэс. грамадскай думкі на тэр. Беларусі, Украіны і Літвы. Адно з цэнтр. месцаў у філас. палеміцы 1830—50-х г. у Беларусі занялі ідэі Гегеля аб сутнасці філас. ведаў, гісторыка-філас. працэсу, суадносін эмпірычнага і рацыянальнага, узаемасувязі філасофіі і інш.навук. Г.Жавускі, М.Грабоўскі, І.Галавінскі лічылі філас. сістэму Гегеля «філасофіяй адмаўлення, няздольнай ствараць і натхняць», трактавалі яе як «разбуральны пачатак», крытыкавалі тэзіс Гегеля аб тоеснасці быцця і мыслення і яго гнасеалагічны рацыяналізм. Палемізуючы з Гегелем, К.Буйніцкі і Галавінскі сцвярджалі, што філас. ісціны не маюць «універсальнага» характару, што яны нацыянальныя, а таму прымальныя толькі для аднаго народа. В.Давід і А.Марцінкоўскі разглядалі гісторыка-філас. працэс як пэўную цэласнасць, неад’емнай часткай якой з’яўляецца філасофія асобнага народа.
Тв.:
Рус.пер. — Соч.Т. 1—14. М.; Л., 1929—58;
Философия права. М., 1990.
Літ.:
Дворцов А.Т. Гегель. М., 1972;
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;
Гулыга А.В. Немецкая классическая философия. М., 1986;
Лазарев В.В., Рау И.А. Гегель и философские дискуссии его времени. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1929 у г. Баранавічы як павятовы музей. У 1940 ператвораны ў абл. музей выяўл. мастацтва. У час ням.-фаш. акупацыі разрабаваны. У 1946—54 Баранавіцкі абл.гісторыка-краязн. музей (да 1952 у Слоніме на базе адноўленага раённага музея), з 1954 сучасная назва. Мае больш за 36 тыс. экспанатаў асн. фонду, пл. экспазіцыі 256 м² (1995). Сярод экспанатаў археал., нумізматычная і этнагр. калекцыі, матэрыялы пра выдатных землякоў А.Міцкевіча, П.Багрыма, У.Галубка, рэв. выступленні 1905, падзеі 1-й сусв. вайны (Стаўка ў Баранавічах, Баранавіцкая аперацыя 1916), барацьбу працоўных за нац. і сац. правы ў часы ўваходжання Зах. Беларусі ў склад Польшчы, абарончыя баі 1941, партыз. рух і падп. барацьбу ў Вял.Айч. вайну, Калдычэўскі і Ляснянскі лагеры смерці, пра вызваленне горада і раёна ад ням.-фаш. акупантаў, станаўленне і развіццё нар. гаспадаркі і культуры ў пасляваен. гады. У экспазіцыі матэрыялы, прысвечаныя землякам-военачальнікам, двойчы Герою Сав. Саюза С.І.Грыцаўцу, Героям Сав. Саюза І.К.Кабушкіну, Г.М.Халасцякову. Працуюць 2 выставачныя залы (пл. 140 м²).
С.А.Шчарбакоў.
У выставачнай зале Баранавіцкага краязнаўчага музея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЛА́ЎСКАЯ СПАСА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. Пабудавана ў г. Заслаўе (Мінскі р-н) як кальвінскі збор, пазней вядома як касцёл св. Міхаіла-архангела, з 1840 Спаса-Праабражэнская царква. Размешчана на высокім узгорку, абкружаным ровам і высокім валам з 4 землянымі бастыёнамі па вуглах (гарадзішча «Вал»). Мае рысы стылю рэнесансу. Мураваны 1-нефавы прамавугольны ў плане храм пад высокім 2-схільным дахам; да яго прыбудавана 35-метровая вежа-званіца. Развіты атык, знадворны і ўнутр. парталы, гарыз. і верт. чляненні франтона і інш. надаюць невял. будынку манументальнасць. Сцены знадворку дэкарыраваны пілястрамі і руставанымі вугламі-выступамі. У інтэр’еры самкнутыя скляпенні на падпружных арках пераходзяць у пілястры з прафіляванымі капітэлямі і базамі. Над уваходам драўляныя хоры. Пад царквой 2-часткавая крыпта (пахавальня) з цыліндрычнымі скляпеннямі. Храм перабудоўваўся ў 1678 і 1865, рэстаўрыраваны ў 1968—72. Уваходзіць у Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік. У 1978—90 у будынку царквы размяшчаўся Заслаўскі музей рамёстваў і народных промыслаў. Храм перададзены праваслаўнай абшчыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯНЬКО́ЎСКІ (Васіль Васілевіч) (4.7.1881, г. Хмяльніцкі, Украіна — 5.8.1962),
расійскі філосаф, псіхолаг, багаслоў. Вучыўся на прыродазнаўча-матэм. і гісторыка-філал. ф-тах Кіеўскага ун-та. Праф. псіхалогіі Кіеўскага ун-та (з 1915). У 1919 эмігрыраваў за мяжу. Праф. Свята-Сергіеўскага правасл. багаслоўскага ін-та ў Парыжы (з 1926), старшыня Рус. студэнцкага хрысц. руху. У 1942 прыняў сан свяшчэнніка. Гал. праблемы яго філас. даследаванняў звязаны з хрысц. касмалогіяй, сутнасцю рэліг. вопыту і інтуіцыі. Чалавечая душа, паводле З., мае іерархічную структуру; найвышэйшым элементам яе з’яўляецца сэрца, існаванне пачуцця, праз якое ўстанаўліваецца духоўная сувязь чалавека з Богам і боскімі асновамі свету. Аўтар фундаментальнага даследавання па гісторыі філасофіі ў Расіі («Гісторыя рускай філасофіі», т. 1—2, 1948—50). Займаўся таксама праблемамі педагогікі і псіхалогіі («Псіхалогія дзяцінства», 1924). Яго публіцыстычныя артыкулы сабраны ў кн. «Наша эпоха» (1952).
Тв.:
Социальное воспитание, его задачи и пути. М., 1918;
Проблемы воспитания в свете христианской антропологии. Париж, 1934;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСІ́ЦКІ ((Krasicki) Ігнацы) (3.2.1735, в. Дубецка, Польшча — 14.3.1801),
польскі пісьменнік; прадстаўнік эпохі Асветніцтва. Вучыўся ў Львове, Варшаве, Рыме. З 1766 біскуп вармінскі, з 1795 арцыбіскуп гнезненскі. Першы твор — іроікамічная паэма «Мышаіда» (1775) — бліскучая сатыра на сярэдневяковую гістарыяграфію і культ «рыцарскай доблесці». У паэмах «Манахамахія» (1778), «Антыманахамахія» (1780) крытыкаваў духавенства. У вершаваных цыклах «Сатыры» (1779, 1784) выкрываў сарматызм польскай шляхты, яе бяздумнае нізкапаклонства перад усім чужаземным; творы вылучаюцца трапнасцю аўтарскіх назіранняў, лёгкасцю паэт. формы. Асветніцкі скептыцызм К. выявіўся ў лапідарных «Байках і прытчах» (1779). У першым польск. асветніцкім рамане «Прыгоды Мікалая Дасвядчынскага» (1776) стварыў свой ідэал чалавека і дзяржавы. Раман «Пан Падстолі» (ч. 1—3, 1778—1801) — своеасаблівая энцыклапедыя польск. рэчаіснасці 2-й пал. 18 ст. Аўтар філас. аповесцей («Гісторыя», 1778), энцыклапедыі «Збор патрэбных ведаў» (т. 1—2, 1781—83), камедый, гісторыка-літ. трактатаў, од, гімнаў, фрашак, літ.-крытычных артыкулаў.
Тв.:
Pisma wybrane. T. 1—4. Warszawa, 1954;
Рус.пер. — Избр. произв.М., 1951.
Літ.:
Липатов А.В. Возникновение польского просветительского романа. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА АМА́ТАРАЎ ПРЫРОДАЗНА́ЎСТВА, ЭТНАГРА́ФІІ І АРХЕАЛО́ГІІ.
Існавала ў 1912—15 у Мінску. Яго праграма прадугледжвала навук. вывучэнне прыроды краю, гісторыка-археал. даследаванні, ахову помнікаў прыроды, пашырэнне прыродазнаўча-гіст. і геагр. ведаў на тэр. Мінскай губ. Размяшчалася ў памяшканні Мінскай губ. земскай управы і гімназіі К.В.Фальковіча, з 1913 — у Мінскім гарадскім музеі. Кіравалася радай з 6 чал. 1-ы старшыня — дырэктар Мінскай балотнай доследнай станцыі А.Ф.Флёраў, члены: урачы А.П.Грацыянскі і С.М.Урванцоў, інж.-тэхнолаг, чл.гар. управы Ф.Цывінскі, кіраўнік Упраўлення земляробства і дзярж. маёмасцей Мінскай губ. І.М.Шэмігонаў, старшыня губ. казённай палаты Ф.М.Ястрэмскі і інш. Члены т-ва займаліся навук. работай, чыталі даклады па медыцыне, геалогіі, глебазнаўстве, флоры і фауне Беларусі, праблемах зберажэння нар. багаццяў. Т-ва падтрымлівала сувязі з шэрагам ун-таў і т-ваў. У 1914 выдала навук.зб. «Весці». Сабрала калекцыі стараж. кніг, манет, мінералаў, бел.нац. адзення, гербарыі, якія захоўваліся ў створаным т-вам гар. музеі. Спыніла дзейнасць у сувязі з падзеямі 1-й сусв. вайны.