Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТЭА... (ад грэч. meteōra атмасферныя з’явы), першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае слову «метэаралагічны», напр., метэаназіранне, метэастанцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСІХА... (ад грэч. psychē душа), першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на адносіны да псіхікі (напр., псіхааналіз, псіхалогія, псіхатэрапія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕ́ГА,
назва апошняй літары грэч. алфавіта ω, што ўзнікла ў выніку графічнага відазмянення Ο («амікрон»). У класічным грэч. і візант. пісьме абазначала доўгі гук «о», мела лічбавае значэнне 800. З’явілася крыніцай для кірыліцкай ω («амега»). У старабел. пісьменстве ўжывалася для перадачы гука «о» пераважна ў пач. слоў («ωлво», «ωрати») і як лічба 800. У бел. мове, многіх еўрап. мовах слова «амега», азначае канец чаго-небудзь («альфа і амега» — пачатак і канец, усё галоўнае).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯДЭ́МА (грэч. diadēma),
1) галаўная павязка стараж.-грэч. жрацоў.
2) Галаўны ўбор (лобная павязка з тканіны або металічны, расшыраны ў сярэдняй ч., абруч з аздобай) — сімвал улады ў старажытнасці і сярэдневякоўі. У Еўропе вядома з эпохі неаліту. На Беларусі знойдзены 2 Д. сярэднедняпроўскай культуры на могільніку Рудня-Шлягіна Веткаўскага р-на Гомельскай вобл. (пляскатыя медныя пласціны, сагнутыя ў выглядзе абруча з завужанымі разамкнёнымі канцамі).
Медная дыядэма 22—14 ст. да н.э. з могільніка Рудня-Шлягіна Веткаўскага р-на.