горная краіна на ПнУ Сібіры, у Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. З’яўляецца водападзелам басейнаў рэк Лена і Алдан, Амалой, Яна. Даўж. каля 1200 км ад дэльты Лены да р. Тампо (правы прыток Алдана). Утварае выпуклую на ПдЗ дугу шыр. ад 100 да 250 км. Складаецца са шматлікіх масіваў і хрыбтоў з высакагорным (Арулган) і згладжаным сярэднягорным (Хараўлахскі, Кулар) рэльефам і ўпадзін, што іх падзяляюць. Вышыні ад 700 да 900 м на Пн і Пд у сярэдняй ч. павялічваюцца да 2389 м. Верхаянскі хрыбет — антыклінорый, складзены з алеўралітаў, пясчанікаў, сланцаў, радзей вапнякоў. Месцамі асадкавыя пароды прарваны дайкамі дыябазаў і гранітнымі інтрузіямі. Да выш. 800—1200 м лістоўнічныя рэдкалессі, вышэй — хмызняковая вольха і кедравы сланік; на вяршынях высакагорных хрыбтоў халодная арктычная пустыня. Усюды пашырана шматгадовая мерзлата. Радовішчы золата, алавяных руд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПРО́ЗІЙ (лац. Dysprosium),
Dy, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 66, ат. м. 162,50, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 156, 158, 160—164. У зямной кары 5—10−4% па масе. Адкрыў франц. хімік П.Э.Лекок дэ Буабадран у 1886.
Мяккі серабрыста-белы метал, ніжэй за 1384 °C устойлівы α-Dy (шчыльн. 8559 кг/м³), вышэй пераходзіць у β-Dy (шчыльн. 8660 кг/м³), tпл 1409 °C. У паветры акісляецца (захоўваюць у вакууме ці інертным асяроддзі). Узаемадзейнічае з вадой, з мінер. кіслотамі (акрамя плавікавай) утварае солі Dy (III), пры награванні — з вадародам, азотам, галагенамі, вугляродам, фосфарам. Выкарыстоўваюць як кампанент спец. магнітных сплаваў.
Літ.:
Популярная библиотека химических элементов. 3 изд. М., 1983. Кн. 2. С. 66.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛО́ (франц. halo ад грэч. halōs круг, дыск),
адна з аптычных з’яў у атмасферы. Узнікаюць гало ў перыстых, перыста-слаістых і перыста-кучавых воблаках (знаходзяцца на вышыні больш за 6 км) у выніку пераламлення святла ў ледзяных крышталях або адбіцця святла ад іх граней. Назіраюцца вакол Сонца і Месяца, маюць вуглавы радыус 22° і 46° і форму каляровых (як слабая вясёлка) ці белых кругоў, дугаў, слупоў, крыжоў, плям. Гало адрозніваюцца ад вянцоў, што ўтвараюцца пры дыфракцыі святла на дробных кроплях празрыстых, пераважна высокакучавых воблакаў і маюць меншы дыяметр. Ва ўмовах Беларусі (Мінск) гало назіраюцца каля 30 разоў за год.
Асноўныя формы гало: 1 — кругі з вуглавым радыусам 22° і 46°; 2 — слупы вышэй і ніжэй свяціла; 3 — несапраўдныя Сонцы ці Месяцы на гарызантальным крузе; 4 — датычныя дугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖУНГА́РСКІ АЛАТА́У,
горная сістэма ў Сярэдняй Азіі, паміж воз. Алаколь і р. Ілі, у Казахстане і часткова ў Кітаі. Працягнулася з ПдЗ на ПнУ амаль на 450 км, шыр. ад 50 да 190 км. Складаецца з некалькіх паралельных хрыбтоў: Каратау, Баскантау, Таксанбай, Беджынтау і інш.Выш. ад 1500 да 3000 м, найб. — 4464 м (г. Бесбаскан). Паўн. раёны ўтвораны з пясчанікаў, алеўрытаў і сланцаў, паўднёвыя — з вулканагенных парод; у цэнтр.ч. выходзяць стараж.крышт. пароды. Радовішчы поліметал. руд, медзі, рэдкіх металаў; тэрмальныя мінер. крыніцы. Характэрна змена вышынных ландшафтных паясоў: на ніжніх схілах — пустыні, паўпустыні і стэп, які на выш. 1200 м пераходзіць у леса-лугавы пояс, вышэй 2600 м — субальпійскія і альпійскія лугі. Ледавікі (агульная пл. больш за 1000 км²), у т. л. ледавікі Джамбула і Берга.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАКО́НАВЫ ГО́РЫ (афрыкаанс Drakensberg),
у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, на ПдУ Афрыкі, ч.Уступу Вялікага. Працягласць каля 900 км. Найвыш. вяршыня Д.г. і Паўд. Афрыкі г. Тхабана-Нтленьяна (3482 м); пераважаюць вышыні 2000—3000 м. Складзены з пясчанікаў і сланцаў сістэмы Кару (ад верхняга карбону да верхняга трыясу — ніжняй юры) і базальтаў, выліванне якіх адбылося ў пач. мезазойскай эры. Гарызантальнае заляганне адкладаў Кару абумовіла сплошчаныя вяршыні гор, расчлянёныя эрозіяй на стромкія схілавыя плато. З’яўляюцца водападзелам паміж рэкамі Індыйскага ак., якія праразаюць усх. стромкі схіл, і вярхоўямі р. Аранжавай. Клімат і расліннасць усх. і зах. схілаў рэзка адрозніваюцца. На ўсх. вільготных да 1200 м трапічныя дажджавыя лясы, вышэй лісцевыя і хвойныя лясы, калючыя хмызняковыя зараснікі, горныя лугі і каменныя россыпы. На сухіх зах. схілах лясы саступаюць месца саваннам і хмызнякам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫВА́Я АГАРО́ДЖА,
радавая пасадка з кустоў або дрэў са шчыльнымі густымі кронамі аднолькавай вышыні. У зялёным буд-ве Ж.а. выкарыстоўваюць для аховы дарог, зямельных участкаў. агароджвання жылой забудовы, афармлення прысад, бульвараў, сквераў, у паркавых і лесапаркавых кампазіцыях і інш. Яна павінна быць густой, аблісцелай па ўсёй вышыні, мець геаметрычна правільную форму. У дэкар. мэтах Ж.а. рэгулярна падстрыгаюць.
Высокімі (вышэй за 2,5 м) Ж.а., ці зялёнымі сценамі, выдзяляюць кампазіцыйныя цэнтры лесапаркаў, адмяжоўваюць паркі ад вуліцы або плошчы, Сярэднія (выш. 1—2.5 м) робяць у скверах і на бульварах. Нізкімі (ніжэй за 1 м), або бардзюрамі, афармляюць партэры, кветнікі, газоны. паркавыя дарожкі. На Беларусі для стварэння Ж.а. прыдатныя туя, елка звычайная, ліпа, граб, спірэі, барбарыс, біручына, глогі, самшыт і інш.
Жывая агароджа ў Гомельскім парку імя Луначарскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАСІ́О, Японскае цячэнне,
цёплае паверхневае цячэнне Ціхага ак., каля паўд. і ўсх. берагоў Японіі, працяг Паўн. Пасатнага цячэння. Паўд.ч.шыр. каля 170 км, глыб. пранікнення да 700 м. Т-ра вады на паверхні ад 12 да 28 °C. Скорасць ад 0,9 да 2,9 км/гадз. Перанос вады каля Японіі 40—50 млн.м³/с, на Пд да 20—30 млн.м³/с. Утварае ў паўн.ч. Ціхага ак. сістэму цёплых цячэнняў. Каля 36°паўн. ш. і 150°усх. д. пераходзіць у Паўночна-Ціхаакіянскае цячэнне. Галіны К. пранікаюць у паўн. напрамку (вышэй за 40°паўн. ш.), сустракаюцца з халодным Курыльскім цячэннем і ўтвараюць шматлікія кругавароты. На У яго працягам з’яўляецца цёплае Аляскінскае цячэнне. Аказвае вялікі ўплыў на клімат, гідралагічныя і біял. ўмовы паўн.ч. Ціхага ак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОСТ ВЫМЯРА́ЛЬНЫ,
прылада для вымярэння эл. велічынь (супраціўлення, ёмістасці і інш.) метадам параўнання з узорнай мерай. М.в. бываюць пераменнага току; ураўнаважаныя (найб. дакладныя; прынцып работы засн. на нулявым метадзе вымярэнняў і неўраўнаважаныя (значэнні вымеранай велічыні адлічваюць па паказаннях вымяральнай прылады; пры нестабільнай крыніцы сілкавання ў якасці вымяральнага механізма выкарыстоўваецца, напр., лагометр); з ручным ўраўнаважваннем і аўтаматычныя (выкарыстоўваюцца таксама для неперарыўных вымярэнняў). Амічныя супраціўленні вымяраюць М.в. пастаяннага току адзінарнымі (4-плечнымі; ад 1 Ом і вышэй), падвойнымі (6-плечнымі; да 1 Ом) і камбінаванымі (ад 10−8 да 108Ом). Ёмістасці і індуктыўнасці вымяраюць М.в. пераменнага току 4-плечнымі (найб. пашыраны) і 6-плечнымі. Пры спалучэнні М.в. з вымяральнымі пераўтваральнікамі вызначаюць неэл. велічыні (напр., т-ру, дэфармацыю, паскарэнне). Выкарыстоўваюцца ў электра- і радыётэхн. апаратуры, даследчых лабараторыях і на прадпрыемствах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІТО́НЫ (Pythoninae),
падсямейства паўзуноў атр. лускаватых. 6 родаў, 27 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках Усх. паўшар’я. Жывуць пераважна ў лясах, зарасніках каля вады, сярод камянёў, запаўзаюць на дрэвы. Добра плаваюць і ныраюць. Актыўныя пераважна ўначы. 1 падвід П. тыгравага (Python molurus) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 10 м, маса да 100 кг. Афарбоўка ад аднаколернай (бурых адценняў) да стракатай, плямістай. Драпежнікі; маладыя кормяцца пераважна насякомымі. Здабычу ўтрымліваюць зубамі і адначасова сціскаюць яе кольцамі цела. Адкладваюць да 107 яец (даўж. да 9 см). Самка «наседжвае», інкубіруе іх (т-ра яе цела пры гэтым на 12—15 °Cвышэй за т-ру навакольнага асяроддзя). Аб’екты промыслу (скура, мяса, тлушч).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЎ,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Лужасянка, за 26 км на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 1,12 км², даўж. 2,7 км, найб.шыр. 680 м, найб.глыб. 8,8 м, даўж. берагавой лініі больш за 7 км. Пл. вадазбору 10,2 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы вышынёй 5—7 м (на З і У месцамі да 10 м), у ніжняй ч. стромкія, пад хмызняком, вышэй разараныя, на невял. участку на З парослыя лесам. Берагі пераважна зліваюцца са схіламі, на ПнУ і ПнЗ нізкія, пясчаныя, пад хмызняком. Дно да глыб. 2,5 м пясчанае, да 4,5—5 м выслана апясчаненымі адкладамі, ніжэй — ілам. Мінералізацыя вады 135—160 мг/л, празрыстасць 1,9 м. Эўтрофнае. Зарастае да глыб. 2,2 м. Слабапраточнае: упадаюць 4 ручаі, выцякае ручай у воз. Арлейка.