ПРЫВІЛЕ́Й 1492, Аляксандраў прывілей,

агульнадзяржаўны заканадаўчы акт ВКЛ, выдадзены вял. кн. Аляксандрам у Вільні 6.8.1492 пасля абрання яго на велікакняжацкі пасад. Меў характар феад. канстытуцыі ВКЛ, якая замацоўвала асновы дзярж. і грамадскага ладу, пануючае становішча баяр і іх вярхоў — паноў. Складаецца з 33 артыкулаў. П. пацвердзіў з частковымі зменамі ўсе прывілеі баярству, выдадзеныя папярэднімі вял. князямі. Важнай уступкай буйным феадалам было юрыд. афармленне вял. паўнамоцтваў Рады Вялікага княства Літоўскага, куды ўваходзілі вышэйшыя саноўнікі дзяржавы і радавітая знаць, сваякі вял. князя. П. устанавіў, што вял. князь не мае права адмяняць або змяняць законы, пастановы і судовыя рашэнні, прынятыя разам з Радай. Яе пастановы, прынятыя большасцю галасоў, павінны былі выконвацца вял. князем. Рада дзейнічала пад кіраўніцтвам вял. князя, а ў выпадку яго адсутнасці самастойна вырашала пытанні агульнадзярж. значэння. Прывілей вызначыў асновы адм., цывільнага і крымінальнага права. Службовым асобам было забаронена вымагаць у падначаленых падачкі звыш устаноўленых плацяжоў. Былі акрэслены прынцыпы прызначэння і пазбаўлення дзярж. пасад. П. пацвердзіў абавязковы характар мясц. прававых звычаяў. Дзярж. пасады і зямельныя ўладанні мелі права атрымліваць толькі ўраджэнцы ВКЛ (польскай шляхце гэта забаранялася). У П. абвяшчалася неабходнасць вынясення справядлівых судовых рашэнняў, забараняліся хабары і судзейская неаб’ектыўнасць, устанаўліваліся пэўныя тэрміны разгляду спраў. Напісаны на лац. мове.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 13, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДЗЕЎСКІ (Хрыста) (10.10.1903, Беліш, Балгарыя — 1996),

балгарскі паэт. Нар. дз. культ. Балгарыі (1969). Вывучаў раманскую філалогію ў Сафійскім ун-це. Удзельнік рэв. і антыфаш. руху, падвяргаўся праследаванням, арышту. Друкаваўся з 1924. Аўтар зб-каў сатыры «Паважаныя» (1947), «Яны яшчэ жывуць» (1959), «Сто баек» (1961), грамадз. лірыкі «Заваяваная радзіма» (1961), «Неба блізка» (1963), «Раскаваная краіна» (1966), «Наша прамаці» (1985) і інш., мемуараў. Перакладчык рус. і сав. паэзіі (зб-кі «Любоўная лірыка ў сучаснай Расіі», 1934; «Анталогія сучаснай рускай паэзіі», 1938). Рэдактар зб-каў б-кі «Съветски поети», у якой выдадзены творы бел. паэтаў Я.​Купалы, Я.​Коласа, П.​Броўкі, М.​Танка, А.​Куляшова, П.​Панчанкі, Н.​Гілевіча, А.​Вялюгіна. На бел. мову яго вершы пераклаў Н.​Гілевіч. Дзімітроўская прэмія 1950, 1951.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Ад стром балканскіх: Вершы сучасных балг. паэтаў. Мн., 1965;

У кн.: Чарадзейны ліхтарык: Вершы балг. паэтаў. Мн., 1968;

У кн.: Гілевіч Н. Сто гадоў, сто паэтаў, сто песень...: Анталогія аднаго верша. Мн., 1978;

У кн.;

Гілевіч Н. Роднасць: Выбр. пераклады са славян. паэтаў. Мн., 1983;

Цвіціце, зёлкі, травы, дрэвы: Лірыка і сатыра. Мн., 1985;

Рус. пер. — Басни. М., 1954;

Поэзия и дружба. М., 1969;

Моя судьба. М., 1988.

Г.​Я.​Адамовіч.

т. 13, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯБІБЛІЯГРА́ФІЯ (ад бія... + бібліяграфія),

персанальная бібліяграфія, від бібліяграфіі, у якім інфармацыя пра друкаваныя творы падаецца разам з біягр. звесткамі пра іх аўтараў і літаратурай, прысвечанай ім. Матэрыялы ў біябібліягр. слоўніках і паказальніках групуюцца па тыпавой схеме з невял. адхіленнямі.

Адно з першых такога роду выданняў англ. слоўнік «Хто ёсць хто» (выдаецца з 1849). У Расіі выйшлі «Даведачны слоўнік пра рускіх пісьменнікаў і вучоных, якія памерлі ў XVIII і XIX стагоддзях, і спіс рускіх кніг з 1725 да 1825» Р.​М.​Генадзі (т. 1—3, 1876—1908), «Агляд жыцця і прац памерлых рускіх пісьменнікаў і пісьменніц» Д.​Д.​Языкова (вып. 1—13, 1885—1916), «Крытыка-біяграфічны слоўнік рускіх пісьменнікаў і вучоных» С.​А.​Вянгерава (т. 1—6, 1886—1904) і інш. Сярод апошніх біягр. слоўнік «Рускія пісьменнікі, 1800—1917» (т. 1—3, 1989—94); у Польшчы выходзяць слоўнік «Бібліяграфія польскай літаратуры. Новы Корбут» (т. 1—17, 1963—81), «Польскі біяграфічны слоўнік» (т. 1—36, 1935—95).

На Беларусі выйшлі біябібліягр. паказальнікі, прысвечаныя А.​Кіркору (1911), Я.​Купалу (1953), К.​Чорнаму (1954), П.​Глебку (1957), Я.​Ф.​Карскаму (1958), М.​Лынькову (1959), Я.​Коласу (1983), К.​Крапіве і І.​Мележу (1963), П.​Броўку (1976), М.​Багдановічу (1977), Ф.​Скарыну і У.​Пічэту (1978). Выдадзены таксама біябібліягр. слоўнікі «Усходнеславянскія мовазнаўцы» М.​Г.​Булахава (т. 1—3, 1976—78) і «Беларускія пісьменнікі» (т. 1—6, 1992—95).

Л.​І.​Збралевіч.

т. 3, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАШКЕ́ВІЧ (Іосіф Антонавіч) (1815—15.5.1875),

дыпламат, вучоны-мовазнавец, даследчык Д. Усходу, натураліст. Дзяцінства правёў у Якімавай слабадзе Рэчыцкага пав. Мінскай губ. Скончыў Мінскую духоўную семінарыю, Пецярбургскую духоўную акадэмію (1839). У 1839—49 у складзе Рускай духоўнай місіі ў Пекіне. Вывучаў кіт., кар., яп., маньчжурскую, англ., ням., франц., лац., грэч., яўр. і інш. мовы, даследаваў культуру і філасофію Кітая і Японіі. У 1852—55 як перакладчык суправаджаў на фрэгаце «Палада» (з рус. пісьменнікам І.А.Ганчаровым) дыпламат. місію адмірала Я.​В.​Пуцяціна ў Японію. З удзелам Гашкевіча заключаны рус.-яп. дагавор 1855. У 1858—65 першы рас. консул у Японіі. Першы іншаземец, якому было дазволена выехаць за межы яп. сталіцы і зрабіць падарожжа па краіне. У 1861 сустракаўся ў Хакадатэ з М.​А.​Бакуніным. З 1867 у адстаўцы, жыў у маёнтку Малі (цяпер Астравецкі р-н Гродзенскай вобл.). Выдадзены ім першы ў Расіі «Японска-рускі слоўнік» (1857; разам з Тацібана но Каасай) адзначаны медалём Пецярбургскай АН і Дзямідаўскай прэміяй. Аўтар працы «Карані японскай мовы» (Вільня, 1899). Калекцыі флоры і фауны Паўд. Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі, сабраныя ў час падарожжаў, Гашкевіч перадаў заал. музею АН у Пецярбургу. У г. Хакадатэ на в. Хакайда Гашкевічу пастаўлены помнік. У 1994 помнік бюст Гашкевічу адкрыты ў Астраўцы (скульпт. Ф.​Янушкевіч); створаны японска-бел.-рус. фонд імя І.​А.​Гашкевіча.

Літ.:

Гузанаў В. Адысей з Беларусі. Мн., 1993.

І.​У.​Саламевіч.

т. 5, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т РАДЫЕБІЯЛО́ГІІ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1987 у Мінску на базе навук. лабараторый радыеэкалагічнага і радыебіял. профілю ін-таў АН і Сектара геранталогіі для вырашэння навук.-практычных задач у сувязі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС (1986). Лабараторыі (1998): біяхіміі, фізіялогіі, эндакрыналогіі, марфалогіі і цытагенетыкі, радыебіялогіі раслін, радыехіміі глебы, радыеэкалогіі водных сістэм, радыеэкалогіі паветр. асяроддзя, маніторынгу; групы радыеметрыі і дазіметрыі, таксікалогіі, навук. суправаджэння Дзяржпраграмы па ЧАЭС. Аспірантура (з 1987).

Асн. кірункі даследаванняў: высвятленне механізма дзеяння малых доз знешняга і ўнутр. апрамянення і радыяцыйна-экалагічнага становішча на гарманальную рэгуляцыю, абменныя працэсы, функцыю асн. сістэм арганізма, структурныя змены ў органах і тканках, генетычныя пашкоджанні; вывучэнне размеркавання, хуткасці назапашвання і вывядзення радыенуклідаў з арганізма, распрацоўка спосабаў накіраванага ўздзеяння на гэтыя працэсы; пошук рэчываў і злучэнняў з радыепратэктарным уздзеяннем; даследаванне паводзін, форм знаходжання і міграцыі радыенуклідаў у розных экасістэмах і іх кампанентах — глебе, вадзе, паветры, раслінных і жывёльных арганізмах. Вынікі даследаванняў: праведзена ацэнка радыяцыйна-экалагічнай абстаноўкі на Беларусі і яе ўплыву на жыццядзейнасць арганізма; распрацаваны пытанні фарміравання дозавых нагрузак, ацэнкі біял. эфектаў і рызыкі; створана сістэма маніторынгу радыяцыйнага становішча ў рэспубліцы; вывучаны механізмы дзеяння на арганізм малых доз радыяцыі, выдадзены рэкамендацыі па ахове чалавека, расліннага і жывёльнага свету, а таксама ўсяго навакольнага асяроддзя ад уздзеяння іанізавальных выпрамяненняў. У Ін-це працуюць акад. Нац. АН Беларусі Я.Ф.Канапля (дырэктар з 1988), чл.-кар. Л.М.Лабанок, 5 дактароў навук.

А.​І.​Астахаў.

т. 7, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВІ́ЦКАЕ (БЕЛАРУ́СКАЕ) НАВУКО́ВАЕ ТАВАРЫ́СТВА імя Пранціша Скарыны

(КНТ). Існавала ў 1946—49 у Германіі, у 1949—76 у ЗША. Засн. 23.6.1946 у лагеры для перамешчаных асоб у г. Рэгенсбург (Германія). Яго старшынямі ў розны час былі Я Станкевіч, А.Адамовіч і А.Махноўскі. Кіруючы орган — штогадовы з’езд. Мела на мэце аб’яднаць намаганні вучоных-беларусаў для навук. працы ў галіне беларусазнаўства. 5.5.1949 цэнтр т-ва перанесены ў г. Нью-Йорк, 23.11.1959 яно атрымала правы культ. і навук. установы, створаны аддзелы ў г. Чыкага (ЗША) і Аўстраліі. Пры т-ве дзейнічалі секцыі: літ. (з 26.8.1950),

мовазнаўчая (з 28.4.1951), гіст. і пед. (з 25.1.1953). 27.4.1952 пры ім засн. Ін-т найноўшай гісторыі Беларусі (кіраўнік М.​Чатырка) і Прэсавае бюро (кіраўнік Ю.Віцьбіч). Т-ва займалася зборам дакументаў, рукапісаў, бел. выданняў, якія захоўваліся ў створаным пры ім Бел. архіве (дырэктар А.​Шукелойць). З 1957 уваходзіла ў Бел.-амер. дапамогу (Нью-Йорк) і Задзіночанне слав. навук. арг-цый ЗША. Т-вам выдадзены «Паказальнік беларускіх выданняў на чужыне за 1945—50 гг.» М.​Панькова (1952), «Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразеалагічны і прыказак, а таксама прывітанняў, зычэнняў і інш.» Станкевіча (2-е выд. 1953), кнігі «Лявон Вітан-Дубейкаўскі» К.​Вітан (1954), «Ул. Жылка. Творы: Да 20-х угодкаў смерці» (1953, усе ў Нью-Йорку). Выдавала навукова-літ. час. «Веда». Спыніла дзейнасць у 1976 у сувязі са смерцю Станкевіча.

А.​С.​Ляднёва.

т. 8, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЗІН (Сцяпан Цімафеевіч) (каля 1630, б. станіца Зімавейская на Доне, цяпер тэр. Валгаградскай вобл., Расія — 16.6.1671),

кіраўнік Сялянскай вайны 1670—71 у Расіі, данскі казак. Вызначаўся розумам, энергіяй, ваен. і дыпламат. здольнасцямі, валодаў 8 мовамі. У 1661—62 удзельнічаў у перагаворах дэлегацыі Войска Данскога і афіц. маскоўскага пасольства з калмыкамі пра сумесныя дзеянні супраць нагайскіх татар. У 1662—63 камандзір атрада данскіх казакоў у паходах супраць крымскіх татар. Удзельнік вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1667 узначаліў грабежніцкі паход казацкай беднаты на рэкі Волгу і Яік (Урал), у 1668—69 — паход казацкай флатыліі па Каспійскім м.: разрабаваны прыбярэжныя гарады і правінцыі Ірана, вызвалены рас. нявольнікі. Новы яго паход на Волгу вясной 1670 перарос у сял. вайну. Выступаючы нібыта ў абарону правоў царэвіча Аляксея Аляксеевіча і б. патрыярха Нікана, Р. абяцаў простаму народу «свабоду і збаўленне» ад «дрэнных» баяр, у занятых гарадах усталёўваў кіраванне на казацкі ўзор, распраўляўся з прадстаўнікамі царскай адміністрацыі. Пасля паражэння пад Сімбірскам (кастр. 1670) паранены вярнуўся на Дон, дзе ў крас. 1671 схоплены казацкай старшынай і выдадзены царскім уладам. Пакараны смерцю (чвартаваны) ў Маскве. Р. — герой нар. паданняў і песень, яму прысвечаны творы л-ры і мастацтва.

Літ.:

Сахаров А.Н. Степан Разин. 2 изд. М., 1987;

Чистякова Е.В., Соловьев В.М. Степан Разин и его соратники. М., 1988.

М.​Г.​Нікіцін.

С.Ц.Разін.

т. 13, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРГІ́ЛІЙ, Публій Вергілій Марон (Publius Vergilius Maro; 15.10.70 да н. э., Андэс, каля г. Мантуя, Італія — 21.9.19 да н. э.),

рымскі паэт. Вывучаў рыторыку і філасофію ў Крэмоне, Мілане, Рыме. Пазней жыў у Неапалі. Паэт. славу яму прынёс зб. «Буколікі» («Пастухоўскія песні», 42—38 да н. э.) — 10 эклог (асобных вершаў), цесна звязаных з тагачаснай рэчаіснасцю, у якіх ідэалізуецца вясковае жыццё (гл. Букалічная паэзія). Прароцтва пра нараджэнне божага дзіцяці і пачатак залатога веку (4-я эклога) хрысціянскае сярэднявечча прызнала за прадбачанне нараджэння Хрыста, за што вельмі шанавала Вергілія. У дыдактычнай паэме «Георгікі» («Земляробскія вершы», кн. 1—4; 36—29 да н. э.) вёску разглядаў як апору дзяржавы. Гераічная паэма ў 12 кнігах «Энеіда» (29—19 да н. э.) стала нац. эпасам. Створаная з арыентацыяй на Гамера, яна распрацоўвала сюжэт пра міфічнага заснавальніка Рым. дзяржавы траянца Энея, усхваляла Рым і рым. народ. З ранняга Адраджэння творчасць Вергілія рабіла выключны ўплыў на еўрап. л-ры, у т. л. на лацінамоўную паэзію Беларусі — героіка-эпічныя творы Я.​Вісліцкага («Пруская вайна», 1516), М.​Гусоўскага («Песня пра зубра», 1523). Паэт і філосаф 17 ст. М.​Сарбеўскі напісаў трактаты «Аб паэзіі дасканалай, або Вергілій і Гамер» (апубл. 1954). Да багатай традыцыі парадыйнай інтэрпрэтацыі сюжэтных матываў «Энеіды» далучылася і беларуская «Энеіда навыварат». У 1909 у Мінску выдадзены «Скандоўнік да «Энеіды» — дапаможнік для правільнага чытання лацінскіх вершаў.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. СПб., 1994.

Літ.:

Полонская К.П. Римские поэты эпохи принципата Августа. М., 1963. С. 13—46.

С.​Дз.​Малюковіч.

Вергілій.

т. 4, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГАГЛА́СНІКІ,

уніяцкія і праваслаўныя зборнікі песнапенняў, пашыраныя ў 16—19 ст. на Беларусі і Украіне ў рукапісным і друкаваным выглядзе. Прызначаліся для спявання ў час богаслужэнняў, хрэснага ходу і дома на святы. Уключалі бел. і ўкр. духоўныя псальмы і канты, лац. гімны, польскія кантычкі, календы, гейналы, пастаралькі і інш. Большасць багагласнікаў мела аднолькавую структуру: 1-я частка ўключала песні, прысвечаныя асн. царк. святам, пакутам Ісуса, некаторым тыдням царк. календара, «цудатворным» абразам; 2-я — святам, што звязаны з Багародзіцай; 3-я — апосталам і пакутнікам; 4-я змяшчала пакаянныя і замілавальныя песнапенні. Паэтычная і муз. аснова ідзе ад жыцій святых, грэч. духоўных песень, усх.-слав. нар. песень, каталіцкіх і правасл. гімнаў і харалаў. Большасць кантаў і псальмаў узята з бел. і ўкр. узораў кантавай культуры 16—17 ст. Выкладаліся яны 1-, 2-, 3-, 4- і 5-галосна. Ёсць звесткі пра існаванне вял. колькасці рукапісных багагласнікаў, сярод іх багагласнік, што зберагаўся ў Богаяўленскім манастыры, жыровіцкі багагласнік 17 ст., супрасльскія багагласнгікі 18 ст. (адзін з іх зберагаецца ў бібліятэцы АН Літвы). Найб. ранні друкаваны багагласнік, што дайшоў да нашага часу, выдадзены ў 1790 у Пачаеве (цяпер Крамянецкі р-н Цярнопальскай вобл., Украіна) на царк.-слав., лац. і польск. мовах са значнай колькасцю беларусізмаў і ўкраінізмаў, стаў асновай багагласніка 19 — пач. 20 ст., што друкаваліся ў Пецярбургу, Кіеве, Львове, Вільні, Гродне. Багагласнікі — каштоўныя помнікі самабытнай, інтэрнац. па сваіх вытоках, народнай у аснове кантавай культуры.

Л.​П.​Касцюкавец.

т. 2, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМАДЗЯ́НСТВА,

прававая прыналежнасць асобы да пэўнай дзяржавы. У сілу грамадзянства на чалавека распаўсюджваюцца законы дзяржавы, грамадзянскія правы і абавязкі, а дзяржава ў сваю чаргу абараняе і апякае яго на сваёй тэрыторыі і па-за яе межамі. У дзяржавах з манархічнай формай праўлення тэрмін «грамадзянства» ўжываецца ў значэнні «падданства».

Грамадзянства Рэспублікі Беларусь — неад’емны атрыбут яе дзярж. суверэнітэту. Грамадзянамі Беларусі з’яўляюцца асобы, якія пастаянна пражывалі на тэр. Беларусі на дзень набыцця сілы Закона «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь» ад 18.10.1991 або атрымалі яе грамадзянства ў адпаведнасці з гэтым Законам. Грамадзянства Рэспублікі Беларусь з’яўляецца роўным для ўсіх грамадзян незалежна ад падстаў яго набыцця. Дакументам, які сведчыць аб грамадзянстве, з’яўляецца пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Грамадзянін не можа быць пазбаўлены грамадзянства, як і ніхто з грамадзян краіны не можа быць адвольна пазбаўлены права змяніць грамадзянства. Набываецца грамадзянства па нараджэнні, у выніку прыёму ў грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных міжнар. дагаворамі Рэспублікі Беларусь ці яе заканадаўствам аб грамадзянстве. Пражыванне грамадзяніна на тэр. інш. дзяржавы само па сабе не вядзе да страты грамадзянства. Грамадзянін не можа быць выдадзены інш. дзяржаве, калі гэта не прадугледжана міжнар. дагаворамі Беларусі. Спыняецца з прычыны выхаду з грамадзянства, з прычыны страты грамадзянства, на інш. падставах, прадугледжаных законам. Выхад з грамадзянства ажыццяўляецца па хадайніцтве асобы ў прадугледжаным законам парадку. Грамадзянства страчваецца, калі асоба набыла грамадзянства інш. дзяржавы ці паступіла на ваен. службу, у праваахоўныя і інш. дзярж. органы замежнай дзяржавы або калі грамадзянства Рэспублікі Беларусь было атрымана ёю незаконным шляхам.

С.​У.​Скаруліс.

т. 5, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)