ГРЫГАРО́ВІЧ (Міхаіл Фролавіч) (1.10.1897, в. Кавалічы Гродзенскага р-на — 24.11.1946),
генерал-маёр (1945), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў курсы «Выстрал» (1928), паскораныя курсы ваен. акадэміі Генштаба (1943). У арміі з 1916, у Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны 1918—20, разгрому войск Булак-Балаховіча, Антонава на Тамбоўшчыне, басмачоў у Сярэдняй Азіі. У Вял.Айч. вайну з 1943 на 1-м Укр. фронце. Вызначыўся ў ліп. 1944 у баях на Львоўскім напрамку: стралк. корпус на чале з Грыгаровічам прарваў абарону ворага, выйшаў у тыл варожай групоўкі, удзельнічаў у яе ліквідацыі, авалодаў паўн.-ўсх. часткай Львова. У час наступлення на гэтым напрамку падраздзяленні яго корпуса вызвалілі каля 100 тыс.нас. пунктаў. Удзельнік вызвалення Чэхаславакіі, Венгрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАВА́ТАР (Леў Міхайлавіч) (20.2.1902, в. Хоціна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 19.12.1941),
генерал-маёр (1941), Герой Сав. Саюза (1941). Скончыў кав. вучылішча (1926), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939). У Чырв. Арміі з 1924. У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 на Зах. фронце на чале асобнай кав. групы, якая ў жн.—вер. зрабіла глыбокі рэйд па тылах ворага ў Смаленскай вобл., вяла абарончыя баі на р. Мёжа на Валакаламскім напрамку. З ліст. 1941 камандаваў кав. корпусам, паказаў сябе мужным і таленавітым камандзірам, за якога гітлераўцы прызначылі вял. ўзнагароду. Загінуў у баі каля в. Палашкіна на подступах да г. Руза Маскоўскай вобл. Помнікі на шашы Лепель—Ула, у в. Хоціна, г.п. Ула, дзе ёсць і мемар. музей Даватара.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́ЛЬСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
баі 37-й Ельскай партыз. брыгады ва ўзаемадзеянні з 12-м гвардз.стралк. палком Чырв. Арміі супраць ням.-фаш. захопнікаў у ліст. і снеж. за вызваленне г. Ельск у Вял.Айч. вайну. Вылучаныя для ўдзелу ў аперацыі стралк. полк і артдывізіён 1-га Укр. фронту партызаны скрытна правялі ў тыл. ворага. У ноч на 27 ліст. пасля артпадрыхтоўкі партызаны і сав. воіны ўварваліся ў Ельск, гарнізон якога налічваў каля 600 гітлераўцаў, і за 2 гадз авалодалі ім. Пасля 3 дзён беспаспяховых контратак гітлераўцы, падтрыманыя 54 танкамі і самаходнымі гарматамі, 29 ліст. занялі горад. Праціўнік страціў больш за 450 салдат і афіцэраў. 9 снеж. 37-я Ельская партыз. брыгада ва ўзаемадзеянні з 415-й стралк. дывізіяй вызваліла Ельск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САЎСКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з крас. 1942 да ліп. 1944 на тэр. Косаўскага р-на, уваходзіла ў Брэсцкую абл. антыфаш. арг-цыю. Створана на базе падп. груп, што ўзніклі ў першыя месяцы вайны. Складалася з ячэек, аб’яднаных у падраёны. К-т арг-цыі (кіраўнікі М.Ф.Трында, А.М.Мініч, В.Т.Радзюк) наладзіў сувязь з падпольшчыкамі Слонімскага р-на і дапамог ім у стварэнні сваёй антыфаш. арг-цыі. Падпольшчыкі вялі агітацыю сярод насельніцтва, збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, харч. прадукты, медыкаменты, адзенне, палілі і разбіралі масты, парушалі сувязь ворага, з дапамогай насельніцтва перакопвалі дарогі на Ружаны, Пружаны і інш., рабілі на іх завалы; удзельнічалі ў Косаўскім баі 1942.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́ЧАЎСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з вер. 1941 да жн. 1943 у Крычаўскім р-не Магілёўскай вобл. (кіраўнік К.А.Равуцкі, з вер. 1942 А.Л.Гаўрыленка). Дзейнічала 5 груп (74 чал.): 2 у г. Крычаў (кіраўнікі Гаўрыленка, М.Р.Каінаў), вёсках Бацвінаўка (Б.Я.Грыгор’еў), Касцюшкавічы (С.С.Давыдзенка, з чэрв. 1942 Дз.Я.Грыгор’еў), Міхеевічы (А.М.Крупадзёраў). Падпольшчыкі распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, здабывалі для партызан зброю, боепрыпасы, звесткі пра дыслакацыю войск і чыг. перавозкі ворага, арганізоўвалі дыверсіі на чыгунцы і чыг. вузле, уцёкі ваеннапалонных з лагераў, забяспечвалі іх дакументамі і інш. У лютым 1943 фашысты правялі арышты, уцалелыя падпольшчыкі стварылі партыз. атрад. У Крычаве помнік на магіле ваеннапалонных і падпольшчыкаў, што загінулі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БАНСКІ БОЙ 1941 Адбыўся паміж партызанамі Любанскага р-на Мінскай вобл. і гарнізонам ням.-фаш. захопнікаў у г.п. Любань 7 ліст. ў Вял.Айч. вайну. План аперацыі распрацаваны Мінскім падп. абкомам КП(б)Б. Ліквідацыя гарнізона была даручана 5 партыз. групам, якія ўзначальвалі А.І.Далідовіч, А.І.Мілевіч, А.І.Патрын, М.М.Розаў і Г.М.Сталяроў. Тры групы павінны былі штурмаваць аб’екты ў пасёлку, задача дзвюх — спыніць дадатковыя сілы праціўніка, што маглі прыйсці на дапамогу гарнізону з г. Слуцка і г.п. Урэчча. Напярэдадні была нейтралізавана любанская паліцыя. 7 ліст. штурмавыя групы раптоўна ўварваліся ў Любань і атакавалі ворага. У выніку двухгадзіннага бою партызаны поўнасцю разграмілі гарнізон, захапілі шмат зброі, боепрыпасаў, прадуктаў і адзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЙЛА́ШАЎ (Мікалай Апанасавіч) (н. 19.12.1917, станіца Прочнаакопская Новакубанскага р-на Краснадарскага краю, Расія),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). З 1939 у органах бяспекі ў Століне і Ганцавічах Пінскай вобл. З чэрв. 1941 у тыле ворага: камандзір групы, аддзялення, узвода, нам. камандзіра Чачэрскага партыз. атрада, са жн. 1942 нам.нач. разведкі партыз.спец. атрада «Уперад» НКДБСССР (дзейнічаў на тэр. Гомельскай, Магілёўскай і Арлоўскай абл.), з мая 1943 нам. камандзіра атрада, потым Добрушскай партыз. брыгады імя Сталіна, чл. Добрушскага падп. райкома КП(б)Б, у крас.—ліп. 1944 камандзір партыз.спец. групы «Бура» (дзейнічала на тэр. Вілейскай вобл.). У 1944—76 у органах КДББССР. Аўтар кн. «Бура гневу» (1971).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАПЕ́ШЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944—45,
наступальная аперацыя войск 2-га і 3-га Украінскіх франтоў 29.10.1944—17.2.1945 у Венгрыі ў 2-ю сусв. вайну.
Абароне Будапешцкага ўмацаванага раёна, які прыкрываў подступы да Вены і Паўд. Германіі, ням. камандаванне надавала асаблівае значэнне. На подступах да Будапешта праціўнік стварыў 3 моцныя абарончыя паласы. Тут дзейнічалі 43 ням. дывізіі (у т. л. 8 танкавых і 1 кавалерыйская) і 3 брыгады. Войскі 2-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза Р.Я.Маліноўскі) у цяжкіх баях з 29 кастр. прарвалі абарону праціўніка і да 9 снеж. выйшлі да знешняга абарончага абводу Будапешта. Войскі 3-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза Ф.І.Талбухін) пачалі наступленне 7 ліст., фарсіравалі Дунай і да 9 снеж. выйшлі на Пн ад воз. Веленцэ і да воз. Балатан, пагражаючы тылам варожай групоўкі. 20 снеж. пачалося агульнае наступленне сав. войск. 26 снеж. будапешцкая групоўка ворага ў 180 тыс.чал. была акружана. Каб пазбегнуць ахвяр і разбурэння Будапешта, сав. камандаванне прапанавала гітлераўцам капітуляваць. Ультыматум быў адхілены, а сав. парламенцёры забіты. Каб вызваліць акружаныя дывізіі і аднавіць абарону на Дунаі, ням.-фаш. камандаванне ў студз. спрабавала арганізаваць контрнаступленне (гл.Балатонская абарончая аперацыя 1945). На асобных участках фронту праціўнік пранік у абарону сав. войск і выйшаў да Дуная. Сав. войскі, адбіўшы жорсткія атакі ворага, 27 студз. перайшлі ў наступленне, 13 лют. вызвалілі Будапешт і ліквідавалі акружаную групоўку. У Будапешцкай аперацыі разам з сав. войскамі ўдзельнічалі балг., рум. баявыя злучэнні і венг. добраахвотны Будайскі полк. У ходзе аперацый сав. войскі знішчылі больш за 20 дывізій праціўніка, стварылі ўмовы для наступлення на Вену і Паўд. Германію. Страты сав. войск забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак склалі каля 320 тыс.чал. (з іх забітымі 79 946 чал.). 79 злучэнням і часцям, якія ўдзельнічалі ў Будапешцкай аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Будапешцкіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКА АБАРО́НА 1941 Вялася злучэннямі 19, 20, 22-й армій Зах. фронту і Віцебскім народным апалчэннем 1941 5—11 ліп. ў Вял.Айч. вайну. У ходзе абароны 6 ліп. воіны 5-га і 7-га механіз. карпусоў 2-й арміі нанеслі контрудар па ворагу ў напрамку Сянно—Лепель (гл.Лепельскі контрудар 1941). З 5 ліп. 153-я стралк. дывізія вяла баі на рубяжы в. Гняздзілава — усх. бераг воз. Саро — вёскі Ліпна — Парнева — Машканы — Александрова. 9 ліп. вораг у абход прарваўся да Віцебска. Разам з сав. войскамі горад абаранялі апалчэнцы. 10 ліп. 220-я мотастралк. дывізія 19-й арміі двойчы выбівала праціўніка з усх.ч. горада. З-за перавагі ў сілах 11 ліп.ням.-фаш. войскі занялі Віцебск. Віцебска абарона затрымала прасоўванне ворага на У, прычыніла яму значныя страты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЗА САВЕ́ЦКУЮ БЕЛАРУ́СЬ».
франтавая газета. Выдавалася з 11.7.1941 да кастр. 1942 на бел. мове палітупраўленнем Зах. фронту пры ўдзеле ЦККП(б)Б. Рэдактар М.Ц.Лынькоў. Была разлічана на бел. партызан і жыхароў акупіраванай тэрыторыі рэспублікі. Друкавала найб. важныя дакументы партыі і ўрада, звесткі пра падзеі на франтах, матэрыялы пра мужнасць бел. партызан, працоўны гераізм народа ў тыле ворага. На стар. газеты змешчаны творы Я.Купалы, Я.Коласа (арт. «Роднаму народу», вершы «Байцам-камсамольцам», «Смерць разбойнікам», «Абаронцам роднай зямлі»), П.Броўкі, П.Глебкі, К.Крапівы, М.Лынькова, П.Панчанкі, М.Танка, К.Чорнага, а таксама вершы «Камсамолка-партызанка» Дз.Беднага і «Дзед Талаш» А.Суркова. Інфармавала пра 1-ы Усеславянскі мітынг у Маскве (жн. 1941) і выступленне на ім Я.Купалы.