ГАМАЯТЭ́РМНЫЯ ЖЫВЁЛЫ (ад грэч. homoios падобны, аднолькавы + thermē цяпло),
цеплакроўныя жывёлы, жывёлы з адносна пастаяннай, устойлівай т-рай цела. Да гамаятэрмных жывёл належаць птушкі і большасць млекакормячых. Характэрная рыса гамаятэрмных жывёл — наяўнасць у іх механізмаў тэрмарэгуляцыі — марфал., хім. (рэгуляцыя выпрацоўкі цяпла ў арганізме) і фіз. (рэгуляцыя цеплааддачы вонкаваму асяроддзю). У большасці гамаятэрмных жывёл т-ра цела ў розных відаў 35—45 °C. Гл.таксамаГетэратэрмныя жывёлы, Пайкілатэрмныя жывёлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАГРАФІ́ЧНАЕ СТАНО́ВІШЧА,
становішча геагр. аб’екта адносна паверхні Зямлі, а таксама ў адносінах да інш. аб’ектаў, з якімі ён знаходзіцца ва ўзаемадзеянні. Дае ўяўленне аб прыродных і сац.-эканам. умовах і асаблівасцях аб’екта. Вызначаецца пры дапамозе геаграфічных каардынат. Вылучаюць фізіка-геагр. (рэльеф, клімат і інш. прыродныя ўмовы, якія накладваюць адбітак на прыроду і гісторыю), эканоміка- і транспартна-геагр. (месцазнаходжанне суадносна раёнаў з высокім эканам. развіццём), геапалітычнае становішча і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАКРАТЫ́ЧНЫЯ ПЕРЫ́ЯДЫ,
перыяды гісторыі Зямлі, калі значна расшыралася плошча сушы. Адбываліся ў 2-й пал.тэктанічных цыклаў, калі агульнае падняцце зямной кары ператварала ў сушу затопленыя морам часткі кантынентаў. Геакратычныя перыяды былі ў канцы сілурыйскага і на працягу значнай часткі дэвонскага перыядаў, у канцы каменнавугальнага, у пермскім і часткова ў трыясавым, у неагенавым і антрапагенавым перыядах, уключаючы сучасную эпоху, якая адносіцца да адной з найб. геакратычных. Гл.таксамаТаласакратычныя перыяды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМЕРАФО́БЫ [ад грэч. hemeros ручны, прыручаны, культурны + ...фоб(ы)],
1) віды жывых арганізмаў, якія пазбягаюць згуртаванняў культ. раслін. Вял. колькасць гемерафобаў — біяіндыкатары ўмоў навакольнага асяроддзя.
2) Віды жывёл і раслін, што зніклі ці знікаюць у выніку ўздзеяння чалавека на прыроднае асяроддзе і расліннасць. У шэрагу выпадкаў патрабуюцца спец. меры іх аховы ў мэтах захавання генафонду. У флоры Беларусі пад уплывам меліярацыі гемерафобы знікаюць (напр., асобныя віды балотных раслін). Гл.таксамаГемерафілы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАКСІЛА́ЗЫ, монааксігеназы,
ферменты класа аксідарэдуктаз. Каталізуюць уключэнне ў малекулу арган. субстрату аднаго з двух атамаў кіслароду ў выглядзе гідраксільнай групы (адсюль назва), другі атам аднаўляецца да вады H2O. Гідраксілазы называюць таксама аксігеназамі са змешанай функцыяй (акісляюць адначасова 2 розныя субстраты). Вызначаюцца складаным механізмам уздзеяння. Шырока распаўсюджаны ў прыродзе, біял. тканках; асабліва шмат гідраксілаз у мікрасомах наднырачнікаў млекакормячых, дзе яны ўдзельнічаюць у акісленні прамежкавых прадуктаў абмену стэроідных гармонаў (цытахром-P-450-гідраксілазы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРО́ІДНЫЯ (Hydrozoa),
клас беспазваночных тыпу жыгучых. 2 падкласы, каля 2800 відаў. Пераважна марскія жывёлы, існуюць таксама прэснаводныя формы (каля 20 відаў). На Беларусі з гідроідных трапляюцца гідры. Выкапнёвыя існавалі ў ардовіку — дэвоне.
Цела цыліндрычнае, з 2 слаёў клетак. У большасці гідроідных чаргуюцца бясполае пакаленне (сядзячы паліп) і палавое (плаваючая медуза). У некат. гіброідных паліпы пры пачкаванні ўтвараюць вял. калоніі. Палавыя пакаленні (медузы) раздзельнаполыя, свабодна плаваюць у вадзе. Драпежнікі, жывяцца дробнымі жывёламі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРГЕ́ННЫЯ ПРАЦЭ́СЫ, экзагенныя працэсы,
хіміка-фіз. працэсы, якія адбываюцца ў верхніх частках зямной кары і на яе паверхні ад дзеяння на горныя пароды вонкавых сіл (энергіі сонечнай радыяцыі і звязаных з ёю атм. фактараў, дзеяння цякучых вод, сілы цяжару, жыццядзейнасці арганізмаў, тэхн. дзейнасці чалавека і інш.). У выніку гіпергенных працэсаў утвараюцца радовішчы многіх карысных выкапняў (гл.Гіпергенныя радовішчы). У прыродзе цесна звязаны з гіпагеннымі працэсамі. Гл.таксамаГіпергенез.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАБО́ІДНАЯ ПЕРАДА́ЧА,
від чарвячнай перадачы, у якой вядучы элемент — чарвяк мае ўвагнутую (глабоідную) форму. Ад перадачы з цыліндрычным чарвяком адрозніваецца адначасовым зачапленнем большай колькасці віткоў чарвяка з зубамі вядзёнага кола. Здольная перадаваць большыя намаганні, чым звычайная чарвячная перадача, мае большы ккдз (з-за лепшых умоў змазкі). Выкарыстоўваецца звычайна пры вял. нагрузках, а таксама пры неабходнасці стварэння кампактнага і лёгкага абсталявання (у транспартных і горных машынах, самалётах і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБ,
князь ваўкавыскі ў сярэдзіне 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1256, калі ён удзельнічаў у паходзе на яцвягаў разам з князямі навагрудскім Раманам Данілавічам (зяць Глеба), свіслацкім Ізяславам, а таксама галіцка-валынскімі і польск. князямі. У час паходу галіцка-валынскага кн. Данілы Раманавіча ў 1258 на Ваўкавыск Глеб узяты ў палон (трымалі яго «во чести»). Верагодна, князем удзельнага Ваўкавыскага княства Глеб заставаўся і пасля ўтварэння ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУШЫ́ЦЕЛЬ,
прыстасаванне для зніжэння шуму рухавікоў, вентылятараў, машын, а таксама збудаванняў, куды шум пранікае праз паветра- і газаправоды. Бываюць актыўныя, рэактыўныя і інтэрферэнцыйныя. Актыўны глушыцель — трубаправод з гукаізаляцыйнымі матэрыяламі ўсярэдзіне. Рэактыўны мае ўнутр. перагародкі з адтулінамі ці рэзкія звужэнні і расшырэнні трубаправода; ставіцца на аўтамабілях, матацыклах. У інтэрферэнцыйных глушыцелях струмень газу накіроўваецца па 2 трубах рознай даўжыні, каб гукавыя хвалі розніліся па фазе і пры накладанні гасілі адна адну.