НЕАГЕ́Я (ад неа... + грэч. gē зямля),

біягеаграфічнае царства сушы, што займае Цэнтр. і Паўд. Амерыку і прылеглыя астравы. У Н. вылучаюць Карыбскую біягеаграфічную вобласць і Неатрапічную біягеаграфічную вобласць. Расліннасць разнастайная, ад вільготных трапічных лясоў (гілеі) да ксерафітаў у пустынях. Для фауны характэрна малая колькасць сумчатых і парнакапытных, вял. разнастайнасць птушак і плацэнтарных млекакормячых. Шмат эндэмічных сям. і родаў.

т. 11, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАЛЕ́ЛЬНЫЯ ГЕ́НЫ,

гены, што вызначаюць развіццё неальтэрнатыўных адзнак арганізма (напр., колер вачэй, форма ногцяў). Калі пры меёзе не адбываецца красінговера і Н.г. знаходзяцца ў розных локусах гамалагічных храмасом, тады адбываецца іх поўнае счэпленае наследаванне, а пры наяўнасці красінговера — няпоўнае. Свабоднае камбінаванне Н.г. па 3-м законе Мендэля бывае пры іх знаходжанні ў розных парах гамалагічных храмасом.

Р.​Г.​Заяц.

т. 11, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІВА́ЛЬНЫ КЛІ́МАТ (ад лац. nivalis снежны, халодны),

нівальна-гляцыяльны клімат, клімат высокіх шырот або высакагор’яў у геамарфалагічнай класіфікацыі (гл. Нівальны пояс). Ва ўмовах Н.к. снегу выпадае больш, чым можа растаць і выпарыцца, што садзейнічае ўтварэнню снежнікаў і ледавікоў. Н.к. уласцівы ледавіковым покрывам Антарктыды, Грэнландыі, некат. інш. палярным і горным раёнам зямнога шара. Тэрмін Н.к. прапанаваны ням. географам А.​Пенкам.

т. 11, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУЛЬ ФУ́НКЦЫІ,

пункт x0, у якім зададзеная функцыя 𝑓(x) ператвараецца ў нуль, г.зн. 𝑓(x0)=0. Напр., для функцыі 3x−2 пункт x0 = ​2/3 ёсць Н.ф. Некаторыя функцыі не маюць Н.ф., напр. e​x; у іншых, напр., у трыганаметрычных функцый, колькасць Н.ф. бясконцая. Н.ф.𝑓(x) — тое самае, што і карані адпаведнага ўраўнення 𝑓(x)=0.

т. 11, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗЕ́Я ў праве,

адзін з відаў факта юрыдычнага, з якім закон звязвае ўзнікненне праваадносін. Да П. адносяць натуральныя і прыродныя з’явы, што адбываюцца незалежна ад волі людзей (навадненне, землетрасенне, нараджэнне, смерць і да т.п.). Калі размова ідзе пра невалявы характар П., маецца на ўвазе не прычына, якая яе выклікала, а працэс уздзеяння П. на канкрэтныя праваадносіны.

т. 11, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІЭ́ДР (ад палі... + грэч. hedra аснова, грань),

аб’яднанне канечнай колькасці выпуклых мнагаграннікаў у n-мернай прасторы, размешчаных так, што ўсякія 2 з іх або не перасякаюцца, або іх перасячэнне з’яўляецца гранню кожнага з іх. Аднамерныя П. — ламаныя лініі. У двухмерным выпадку П. — замкнуты многавугольнік (не абавязкова выпуклы) разам з абмежаваным ім кавалкам плоскасці. Трохмерны П. — мнагаграннік.

т. 12, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РСАНС ((Parsons) Чарлз Алджэрнан) (13.6.1854, Лондан — 11.2.1931),

англійскі інжынер і прадпрымальнік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1898). Замежны чл.-кар. АН СССР (1931). Скончыў каледж Сент-Джона Кембрыджскага ун-та (1876). Вынайшаў шматступеньчатую рэактыўную паравую турбіну (1884), што адыграла значную ролю ў развіцці энергетыкі. У 1889 заснаваў прадпрыемства па вытв-сці паравых турбін сваёй сістэмы і інш. эл. абсталявання.

т. 12, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРФУМЕ́РЫЯ (франц. parfumerie ад partum прыемны пах),

вырабы, што выкарыстоўваюць для араматызацыі скуры, валасоў, адзення, а таксама як гігіенічныя асвяжальныя сродкі. Асн. віды парфумерных вырабаў — духі, адэкалоны, туалетная вада. Парфумерныя кампазіцыі (спіртавыя ці водна-спіртавыя сумесі пахучых рэчываў) выкарыстоўваюць для араматызацыі касметычных сродкаў (гл. Касметыка), туалетнага мыла, мыйных сродкаў і інш. прадукцыі быт. хіміі. Гл. таксама Парфумерна-касметычная прамысловасць.

т. 12, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕДАМАРФО́З [ад грэч. pais (paidos) дзіця + морфа],

эвалюцыйная змена арганізмаў, што прыводзіць да поўнай страты дарослай стадыі з адпаведным скарачэннем антагенезу, пры якім апошняй стадыяй становіцца былая раней лічынкавай. Бываюць у арганізмаў, лічынкі якіх здольныя да размнажэння, у прыватнасці, на аснове неатэніі і педагенезу. Шляхам П. ўзніклі некат. групы хвастатых паўзуноў, насякомых, павукападобных.

Р.​Г.​Заяц.

т. 12, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНА́ЛЬЦІ (ад англ. penalty пакаранне, штраф),

пакаранне ў спарт. гульнях за парушэнне правіл у штрафной пляцоўцы. У футболе ўведзены ў 1891 як штрафны ўдар, што прабіваецца па варотах каманды, якая правінілася, з адлегласці 11 м. Назначаецца суддзёй. П. выкарыстоўваецца таксама ў водным пола (з 4 м), гандболе (з 7 м), хакеі на лёдзе і на траве.

т. 12, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)