ТРА́НСПАРТ (ад лац. transporto пераношу, перамяшчаю, перавожу),

галіна вытв-сці, якая ажыццяўляе перавозкі грузаў і пасажыраў. Адрозніваюць Т. наземны (аўтамабільны транспарт, трубаправодны транспарт, чыгуначны транспарт), водны (марскі транспарт, рачны транспарт), паветраны транспарт (гл. таксама Грамадзянская авіяцыя). Падзяляецца на Т. агульнага карыстання, які абслугоўвае галіны эканомікі і насельніцтва, і неагульнага карыстання — ведамасны Т., прамысловы транспарт. Адрозніваюць Т. пасажырскі, грузавы (гл. Грузавыя перавозкі), асабістага карыстання (легкавыя аўтамабілі, матацыклы, веласіпеды, лодкі, яхты і інш.).

Прымітыўнымі сродкамі Т. (павозкі, веславыя судны, уючныя жывёліны і інш.) карысталіся яшчэ ў стараж. часы. Т. агульнага карыстання вылучыўся ў асобную галіну вытв-сці ў перыяд прамысл. перавароту ў Зах. Еўропе (1860-я г.). Да сярэдзіны 19 ст. чыг. лініі агульнага карыстання будаваліся ва ўсіх краінах Еўропы і ў ЗША. У пач. 20 ст. сусв. чыг. сетка складала больш за 1100 тыс. км. Хутка развівалася марское і рачное суднаходства, аўтамаб. Т., у 1920-я г. з’явіўся паветраны Т.

На Беларусі першая чыгунка, якая злучыла Парэчча з Гродна (участак дарогі Пецярбург—Варшава) здадзена ў 1862, у 1866 пачаўся рух на ўчастку Бігосава—Віцебск (Дынабургска-Віцебская чыгунка), у 1874 — Вілейка—Гомель (Лібава-Роменская чыгунка) і інш. У 1913 працягласць чыгункі складала 3,8 тыс. км, аўтамаб. дарог — 3,5 тыс. км. Першая транспартная авіялінія Мінск—Глуск—Парычы—Мазыр пачала дзейнічаць у 1933. Развіццё трубаправоднага Т. пачалося з 1960, калі ўведзены ў дзеянне газаправод Дашава—Мінск. У 2001 трансп. сістэма Беларусі складалася з 5533 км чыг. ліній агульнага карыстання, у т. л. 894 км электрыфікаваных, 74,4 тыс. км аўтамаб. дарог (66,3 тыс. км з цвёрдым пакрыццём), 99,1 км трамвайных, 466,6 км тралейбусных, 23,7 км метрапалітэнных ліній, 6,7 тыс. км магістральных газаправодаў, 2,9 тыс. км нафтаправодаў, 1,2 тыс. нафтапрадуктаправодаў, сотні тэхнічна аснашчаных чыг. станцый, аўтавакзалаў і інш. У структуры валавога ўнутр. прадукту на Т. прыпадала 9,5% (асн. паказчыкі развіцця транспарту агульнага карыстання Беларусі гл. ў табл.). Гл. таксама раздзел Транспарт у арт. Беларусь.

Грузавыя і пасажырскія перавозкі асобнымі відамі транспарту Беларусі
Від транспарту 1985 1990 1995 2001
Грузаабарот, млн. ткм
Чыгуначны 73 243 75 430 25 510 29 726,5
Аўтамабільны 17 737 22 361 9 539 8 712,6
Рачны 2 242 1 805 133 *
Паветраны 44 38 60 28,4
Трубаправодны * — — 53 864,1
Пасажыраабарот, млн. пасажыра-км
Чыгуначны 13 761 16 852 12 505 15 263,9
Аўтамабільны
(аўтобусны)
16 349 19 787 9 308 9 493,4
Рачны 46 30 2 1,9
Паветраны 3 311 5 510 1 228 546,2
Тралейбусны * — 1 723 2 651,6
Трамвайны * — 407 543,3
Метрапалітэнны * — 688 1 775,3

* звесткі не публікаваліся

т. 15, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫЦЫЯ́Н [Titien; сапр. Тыцыяна Вечэліо (Tiziano Vecellio); 1488/89, г. Венецыя, Італія — 27.8.1576],

італьянскі жывапісец; найбуйнейшы прадстаўнік венецыянскай школы жывапісу эпохі Адраджэння. Вучыўся ў С.​Цуката, Джэнтыле Беліні, Джавані Беліні, Джарджоне. Працаваў пераважна ў Венецыі, а таксама ў Падуі (1506), Ферары (1516 і 1523), Мантуі (1536—37), Урбіне (1542—44), Рыме (1545—46), Аўгсбургу (1548 і 1550—51). Раннія творы з іх цікавасцю да пейзажу, паэтычнасцю, лірычнай сузіральнасцю, тонкім каларытам («Хрыстос і грэшніца», т.зв. «Цыганская мадонна») блізкія да работ Джарджоне. Пасля знаёмства з работамі Рафаэля і Мікеланджэла Т. выпрацаваў самастойны стыль, адметны пошукам ідэалу велічнай, гарманічнай і спакойнай прыгажосці: «Святая гутарка», «Саламея», «Маладая жанчына за туалетам», «Любоў зямная і нябесная», «Мадонна з вішняй», «Флора» (каля 1515), «Дынарый кесараў» (1518). Пазней ствараў манум. алтарныя карціны, адметныя велічным пафасам, адчувальнасцю прасторы («Унебаўзяцце Марыі», каля 1516—18, царква Санта-Марыя Гларыёза дэі Фрары, Венецыя), творы на евангельскія і міфалагічныя тэмы («Свята Венеры», 1518; «Палажэнне ў труну», 1520-я г.; «Увядзенне ў храм», 1534—38; «Венера Урбінская», 1538), якім уласцівы гучны каларыт, засн. на інтэнсіўных кантрастах сініх і чырв. колераў, багаты арх. фонамі з невял. жанравымі сцэнамі і быт. дэталямі. Пісаў спакойныя і строгія па кампазіцыі, багатыя адценнямі, тонка псіхал. партрэты («Мужчынскі партрэт», «Юнак з пальчаткай», каля 1520). У 1530—40-я г. аддаваў перавагу партрэтам сваіх сучаснікаў, у якіх праз позу, ракурс, жэст, колеравы строй перадаваў розныя, часам супярэчлівыя рысы іх характараў: «Іпаліта Медычы» (1532—33), «Ла Бела» (каля 1536), «П’етра Арэціна» (1545), «Папа Павел III з Алесандра і Атавіо Фарнезе» (1545—46). У позні перыяд творчасці дасягнуў вяршынь у жывапісным майстэрстве і ў эмацыянальна-псіхал. выяўленні рэліг. і міфалагічных тэм: «Даная» (каля 1554), «Венера і Адоніс» (1554), «Палажэнне ў труну» (1559), «Венера перад люстэркам» (1550-я г.), «Марыя Магдаліна каецца» (1560-я г.), «Аплакванне Хрыста» (1573—76). У аснове каларыту позніх твораў — найтанчэйшая колеравая гама, падпарадкаваная залацістаму тону; яна будуецца на тонкіх адценнях карычневага, сіне-стальнога, ружова-чырвонага, блякла-зялёнага колераў. Манера пісьма стала выключна свабоднай; кампазіцыю, форму і колер ён будаваў з дапамогай смелай пластычнай лепкі, фарбы накладваў на палатно і пэндзлем, і шпатэлем, і пальцам; празрыстыя лесіроўкі не хавалі падмалёўкі, часам праглядвалася зярністая фактура палатна. Са спалучэння разнастайных гнуткіх мазкоў нараджаліся вобразы трапяткой жыццёвасці і драматызму. Жывапісная тэхніка Т. зрабіла выключны ўплыў на далейшае развіццё сусветнага выяўл. мастацтва.

Літ.:

Смирнова И.А. Тициан и венецианский портрет XVI в. М., 1964;

Лазарев В.Н. Поздний Тициан // Лазарев В.Н. Старые итальянские мастера. М., 1972;

Тициан: [Альбом]. М., 1977;

Поцца Н. Тициан: Пер. с англ. М., 1981.

С.​У.​Пешын.

Тыцыян. Унебаўзяцце Марыі («Асунта»). Каля 1516—18.

т. 16, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАРЭ́ЗМ,

старажытная дзяржава ў Сярэдняй Азіі з цэнтрам у нізоўі р. Амудар’я, вобласць развітага ірыгацыйнага земляробства, рамесніцтва і гандлю. высокай культуры. Упершыню згадваецца ў іран. крыніцах 6 ст. да н.э. У канцы 6 ст. да н.э. ў складзе Ахеменідаў дзяржавы. У 4—1 ст. да н.э. — незалежная дзяржава; у 1—2 ст. н.э. ў складзе Кушанскай дзяржавы, у 3 ст. зноў незалежны. У 712 заваяваны арабамі. У 995 аб’яднаны пад уладай эміра г. Ургенч. Найб. магутнасці Х. дасягнуў пры Вял. харэзмшахах [951—1220]. З 1220 у складзе Манг. імперыі, з 1224 — улуса хана Джучы, потым у Залатой Ардзе. У 1388 Х. падпарадкаваў Цімур. На працягу стагоддзя за валоданне ім змагаліся Цімурыды і ханы Залатой Арды. З пач. 16 ст. большасць тэр. Х. ўключана ў Хівінскае ханства, якое на мясц. афіц. тэрміналогіі наз. Харэзмскай дзяржавай, што дало падставу так назваць створаную ў 1920 Харэзмскую народную савецкую рэспубліку.

У перыяд Ахеменідаў у мастацтве Х. захоўваліся асобныя рысы сакаў. У 4—3 ст. да н.э. на аснове сінтэзу мясц. і запазычаных элементаў сфарміравалася самаст. маст. культура. На выяўл. мастацтва паўплывала эліністычнае мастацтва, успрынятае ад парфян (гл. Парфянскае царства) і кушан (гл. Кушанская дзяржава). Адметныя рысы архітэктуры — масіўнасць і лаканічнасць аб’ёму, стрыманасць вонкавага дэкору; буд. матэрыялы — пахса і сырцовая цэгла. Традыц. былі каменныя базы ў форме гаршка на 3-ступеньчатым квадратным падмурку. Гарады звычайна прамавугольныя ў плане, з рэгулярнай забудовай, умацаваны сценамі з галерэямі і вежамі (Кюзелі-Гыр). У асобных гар. кварталах ці палацавых комплексах узводзілі храмы і свяцілішчы з брукаванай пляцоўкай для свяшчэннага агню. Палацы ўключалі парадныя двары з айванамі, залы і шматлікія пакоі, злучаныя калідорамі (Калалы-Гыр, 5—4 ст. да н.э.; Тапрак-Кала, 2—6 ст.). Пахавальныя збудаванні ўяўлялі сабой вежападобныя пабудовы з крыжападобнай планіроўкай (на гарадзішчы Кюзелі-Гыр, 5 ст. да н.э.) або цыліндрычныя храмы-маўзалеі (Кой-Крылган-Кала, 4—3 ст. да н.э.). У сінтэзе з архітэктурай развіваліся жывапіс і скульптура (гліняныя расфарбаваныя статуі і барэльефы, шматкаляровыя размалёўкі мінер. фарбамі). Асаблівы від мастацтва — урны-асуарыі ў выглядзе пустацелых статуй (5 ст. да н.э.) ці ў форме куфэрка (7—8 ст.), часам з размалёўкай. Пашыраны тэракотавыя статуэткі. У 4—3 ст. да н.э. выраблялі керамічныя біклагі з барэльефамі міфічнага зместу. Сярэдневяковыя дойліды Х. распрацавалі арыгінальныя шатрова-купальныя канструкцыі (маўзалеі 12 ст. ў г. Ургенч), у арх. дэкоры выкарыстоўвалі ўзорыстую цагляную муроўку, разную тэракоту, ганч. Развіццё мастацтва познафеад. Х. звязана з узвышэннем Хівы (культавыя і палацавыя ансамблі, кераміка, чаканка па медзі, разьба па дрэве, мармуры, ганчы).

Да арт. Харэзм. Тапрак-Кала. Фрагмент манументальнай скульптуры з алебастру. 3 ст.

т. 16, с. 557

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮРЫДЫ́ЧНАЯ НАВУ́КА, правазнаўства, юрыспрудэнцыя,

грамадская навука, якая вывучае права як сістэму сацыяльных норм, а таксама асобныя галіны права, гісторыю дзяржавы і права, функцыянаванне дзяржавы і паліт. сістэмы грамадства ў цэлым; адна з найб. стараж. навук, якая гістарычна звязана з узнікненнем і развіццём права. Найважн. тэарэт. праблемы Ю.н. пастаўлены ўжо ў стараж.-грэч. філасофіі. Рымскія юрысты выпрацавалі прававыя паняцці і канструкцыі, якія захавалі сваё значэнне і ў нашу эпоху. Сучасная Ю.н. дыферэнцыравана на шэраг галін: цывільнае права, крымінальнае права, тэорыя дзяржавы і права, гісторыя права і прававых вучэнняў і інш. Прыкладнымі Ю.н. з’яўляюцца судовая медыцына, крыміналістыка, крыміналогія, юрыд. і суд. псіхіятрыя.

На Беларусі навук. і публіцыст. працы, у якіх асвятляліся пытанні дзяржавы і права, вядомы з пач. 16 ст. Створаны першыя ў Еўропе зборы дзеючага права — Статуты ВКЛ (1529, 1566, 1588). Грамадскі і дзярж. лад ВКЛ аналізавалі Ф.​Скарына, М.​Гусоўскі, С.​Будны і інш. дзеячы 16—17 ст. Значны ўклад у развіццё Ю.н. зрабілі М.​В.​Доўнар-Запольскі, М.​В.​Каяловіч, І.​І.​Лапо, Ф.​І.​Леантовіч, М.​К.​Любаўскі, У.​Д.​Спасовіч і інш. Першымі нарматыўнымі канстытуцыйнымі актамі Беларусі былі ўстаўныя граматы БНР (1918), Маніфест Часовага ўрада, які 1.1.1919 абвясціў утварэнне Беларускай ССР, Канстытуцыя Рэспублікі і Дэкларацыя, прынятыя на 1-м з’ездзе Саветаў Беларусі. З 1921 цэнтрам Ю.н. і гал. навуч. установай Беларусі, дзе рыхтаваліся юрыд. кадры, быў Белдзяржуніверсітэт. З заснаваннем АН БССР (1929) у яе складзе як структурнае падраздзяленне створана кафедра сав. будаўніцтва і права, дзе даследаваліся пытанні арганізацыі і дзейнасці дзярж. апарату, развіцця заканадаўства краіны, прычыны злачыннасці, абагульняўся вопыт прымянення дзеючага заканадаўства. Створаны ў 1931 Мінскі юрыд. ін-т рыхтаваў кадры юрыстаў і распрацоўваў асобныя пытанні Ю.н. У 1931 у складзе АН Беларусі створаны Ін-т сав. будаўніцтва і права. Пазней пры ім існаваў сектар, аддзел, а ў 1965 арганізаваны Ін-т філасофіі і права АН Беларусі. На яго базе створаны 2 сектары — тэорыі і гісторыі дзяржавы і права; сацыялогіі права. Пазней у складзе ін-та ўтвораны: аддзел тэорыі і гісторыі дзяржавы і права; аддзел дзярж. права і кіравання; аддзел прац. і гасп. права; аддзел с.-г. і экалагічнага права. У 1999 арганізаваны самаст. Ін-т дзяржавы і права Нац. АН Беларусі.

Вучоныя-юрысты Беларусі праводзяць даследаванні амаль па ўсіх прававых праблемах. Вынікам іх даследчай работы з’явіўся шэраг навук. прац (манаграфій і калектыўных зборнікаў) па розных галінах права, каментарыяў па іх практычным выкарыстанні. Навук. даследаванні вядуцца таксама на ф-тах ун-таў, Акадэміі МУС Беларусі і інш. навуч. устаноў. Н.-д. работай па актуальных праблемах дзяржавы і права займаюцца таксама практычныя работнікі праваахоўных органаў краіны.

Г.​А.​Маслыка.

т. 18, кн. 1, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́ДЗЕРНЫХ ПРАБЛЕ́М ІНСТЫТУ́Т Беларускага дзяржаўнага універсітэта,

навукова-даследчая ўстанова. Засн. ў 1986 у Мінску. У структуры ін-та 12 лабараторый, аб’яднаных у 3 аддзелы: ядз. даследаванняў; кагерэнтных і нелінейных працэсаў; фізікі высокіх энергій. Гал. кірункі навук. дзейнасці: даследаванні ў галіне фізікі ядра і элементарных часціц, космамікрафізікі і ядз. астрафізікі, ядз. оптыкі палярызаваных асяроддзяў з мэтай устанаўлення фундаментальных заканамернасцей, якія вызначаюць развіццё мікрасвету; даследаванні ў галіне фізікі і электрадынамікі асяроддзяў са складанай структурай з мэтай устанаўлення іх фіз. уласцівасцей і распрацоўкі новых перспектыўных матэрыялаў для лазернай тэхнікі, дэтэктараў іанізавальных выпрамяненняў, нанатэхналогіі; даследаванні ў галіне аб’ёмных лазераў на свабодных электронах і іх выкарыстанне ў новых тэхналогіях; распрацоўка метадаў і апаратурных сродкаў для сістэм прадухілення надзвычайных сітуацый (у т. л. радыяцыйных і экалагічных аварый), экалагічнага кантролю і маніторынгу прыроднага асяроддзя, радыяцыйнай бяспекі ў медыцыне і нар. гаспадарцы.

У ін-це створаны і развіваецца новы кірунак навук. даследаванняў — ядз. оптыка палярызаваных асяроддзяў. Найважнейшыя дасягненні ў гэтай галіне: адкрыты з’явы ядз. працэсіі спіна нейтрона, вярчэння плоскасці палярызацыі гама-квантаў у асяроддзі з палярызаванымі электронамі; тэарэтычна абгрунтавана першае эксперым. назіранне новага тыпу выпрамянення — параметрычнае рэнтгенаўскае выпрамяненне, якое ўзнікае пры пралёце электрона праз крышталі, а таксама першае ў свеце выяўленне такога выпрамянення, якое ўзбуджаецца пратонамі вялікіх энергій у крышталі на паскаральніку Ін-та фізікі высокіх энергій у г. Протвіна (Расія); абгрунтаванне існавання з’явы спінавага дыхраізму і вярчэння спіна дэйтронаў вялікіх энергій у непалярызаваным рэчыве. Першыя эксперыменты праведзены ў 2003 сумесна з ін-там ядз. фізікі Кёльнскага ун-та і Ін-там ядз. фізікі (г. Юліх, Германія): тэарэтычна прадказаны з’явы вярчэння спіна часціц высокіх энергій у выгнутых крышталях (эксперыментальна выяўлена ў Лабараторыі імя Фермі. ЗША); створаны першы ў свеце аб’ёмны лазер на свабодных электронах (АЛСЭ) і атрыманы генерацыі індуцыраванага СВЧ-выпрамянення ў АЛСЭ (2001); распрацаваны новае пакаленне цяжкіх хуткіх эфектыўных сцынтылятараў для выкарыстання ў фізіцы высокіх энергій. мед. дыягностыцы і навук. даследаваннях, асновы лінейнай электрадынамікі вугляродных нанатрубак. тэорыя дыфракцыі хваль на гладкадэфармаваных структурах і тэорыя нелінейных эфектаў у вугляродных нанатрубках.

Разам з фундаментальнымі даследаваннямі ў ін-це праводзіцца шырокі спектр прыкладных даследаванняў, вынікамі якіх сталі распрацоўка апаратуры для радыяцыйнага і экалагічнага кантролю, канкурэнтаздольных храматаграфічных комплексаў для дэталёвага вугляроднага аналізу, апаратуры для высокаэфектыўнай сушкі драўніны, сістэмы аператыўнага выяўлення ўцечак з заглыбленых трубаправодаў і ёмістасцей пад ціскам і інш. У ін-це працуюць (працавалі) У.Р.Барышэўскі, В.В.Ціхаміраў, С.А.Максіменка, Р.Я.Сляпян, М.М.Шумейка і інш. Апубл. працы Барышэўскага «Каналіраванне, выпрамяненне і рэакцыі ў крышталях пры высокіх энергіях» (1982), «Ядзерная оптыка палярызаваных асяродкаў» (1995), зб. навук. прац па асн. кірунках дзейнасці ін-та «Фундаментальныя і прыкладныя фізічныя даследаванні. 1986—2001» (2001).

У.​Р.​Барышэўскі.

т. 18, кн. 1, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́НЫ ІНСТЫТУ́Т ПРАБЛЕ́М ІНФАРМА́ТЫКІ Нацыянальнай АН Беларусі.

Створаны ў Мінску ў 2002 з мэтай паглыблення даследаванняў па кібернетыцы, аўтаматызацыі, прыкладной матэматыцы, інфарматыцы і ўздзеяння перспектыўных інфарм. тэхналогій на ўсе сферы інфарматызацыі краіны і грамадства. У яго ўвайшлі Ін-т тэхн. кібернетыкі (існаваў з 1965), прадпрыемства «Сістэмы аўтаматызацыі» і праграмна-каардынуючыя аддзелы былога н.-д. аб’яднання «Кібернетыка» (існавала з 1996) Нац. АН Беларусі. Асн. навук. кірункі: аўтаматызацыя праектавання тэхн. сістэм, мадэліраванне тэхнал. працэсаў, лагічнае праектаванне дыскрэтных прылад; апрацоўка і распазнаванне сігналаў, відарысаў і вуснай мовы; геаінфарм. і лічбавыя картаграфічныя сістэмы, аўтаматызацыя картаграфічнай вытв-сці; камп’ютэрныя сеткі, базы даных і тэлематычныя дапасаванні; увод і вывад відэаінфармацыі; даследаванне аперацый і дыскрэтная аптымізацыя; прагназіраванне і прыняцце рашэнняў у надзвычайных сітуацыях; эрганоміка, бія- і медінфарматыка; ахова інфармацыі. У ін-це тры н.-д. аддзяленні (мадэліравання інтэлектуальных працэсаў; мадэліравання працэсаў фарміравання і распазнавання вобразаў; інфарм. тэхналогій і сістэм), 23 лабараторыі і аддзелы, аспірантура, дактарантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.

Ін-т ажыццяўляе функцыі галаўной арг-цыі па праграме фундаментальных даследаванняў па навук. асновах новых інфарм. тэхналогій, якая накіравана на развіццё інфарм.-вылічальных сістэм і сетак, метадаў сістэмнага аналізу, матэм. мадэліравання, выліч. і прыкладной матэматыкі і іх масавага выкарыстання ў розных галінах ведаў. Ін-т з’яўляецца вядучым у выкананні буйных навук.-тэхн. праграм: перадавыя інфарм. і тэлекамунікацыйныя тэхналогіі; камп’ютэрныя тэхналогіі праектавання і вытв-сці новай прадукцыі; распрацоўка і асваенне ў серыйнай вытв-сці сям’і мадэлей высокапрадукц. выліч. сістэм з паралельнай архітэктурай (кластэрных суперкамп’ютэраў «СКІФ») і стварэнне на іх аснове магутных прыкладных праграмна-апаратных комплексаў для машына- і прыладабудавання, медыцыны, дзейнасці банкаўскай сістэмы, метэапрагнозаў, рашэння трансп. і інш. навукаёмістых задач; распрацоўка і выкарыстанне перспектыўных сродкаў і тэхналогій атрымання, апрацоўкі і адлюстравання касм. інфармацыі. З удзелам ін-та ствараецца Бел. касм. сістэма дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, якая дазволіць аператыўна вырашаць праблемы прыродакарыстання, экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя, пытанні картаграфіі. Праведзены Першы бел. касм. кангрэс (28—30.10.2003), на якім абмеркаваны асн. кірункі развіцця касм. даследаванняў і тэхнікі ў Беларусі. З 2004 выпускае штоквартальны час. «Інфарматыка». Распрацаваныя ў ін-це сістэмы, метады, спосабы і сродкі адзначаны Дзярж. прэміяй СССР 1985 і Дзярж. прэміямі Беларусі 1978, 1986, 1998. За цыкл даследаванняў «Распазнаванне і аналіз стахастычных даных і лічбавых відарысаў» і ўкараненне важных прыкладных сістэм на іх аснове прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 2002 групе вучоных (С.У.Абламейка, Р.Х.Садыхаў, В.В.Старавойтаў, А.В.Тузікаў, Ю.С.Харын). У ін-це працуюць чл.-кар. Нац. АН Беларусі С.У.Абламейка, А.​Дз.Закрэўскі; працавалі акад. В.С.Танаеў, чл.-кар. Г.К.Гаранскі, Е.С.Кавалёў, Г.Р.Маньшын, Г.В.Рымскі.

С.​У.​Абламейка, М.​П.​Савік.

т. 18, кн. 1, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАХІМІЯ

На Беларусі геахімічныя даследаванні заснаваў К.​І.​Лукашоў у БДУ (1953) і АН Беларусі (з 1957). Ён стварыў бел. геахімічную школу, дзе пад яго кіраўніцтвам і з яго ўдзелам распрацаваны кірункі геахім. даследаванняў гіпергенезу, покрыўных адкладаў і ландшафтаў. У 1960-я г. вылучаны геахім. правінцыі і дадзена іх комплексная характарыстыка (К.​І.​Лукашоў і інш.), распрацаваны геахім. паказчыкі для пошукаў нафты, мінеральных солей і інш. карысных выкапняў (В.​А.​Лапуць, К.​І.​Лукашоў, А.​С.​Махнач і інш.). У 1970-я г. развіваліся кірункі геахім. даследаванняў: геахімія гіпергенезу, геахімія генет. тыпаў асадкавага літагенезу і парод крышталічнага фундаменту; павысілася роля геахім. даследаванняў у адкрыцці радовішчаў нафты, газу, расолаў; пашырылася выкарыстанне геахім. метадаў у вырашэнні праблем засалення глеб, гаспадарча-пітнога водазабеспячэння, земляробства і аграхіміі, медыцыны, стварэння водна-мінеральнай базы для лячэбна-прафілактычных устаноў. — курортаў, санаторыяў, прафілакторыяў і інш. (Л.​Ф.​Ажгірэвіч, Л.​А.​Дземідовіч, У.​А.​Кузняцоў, В.​А.​Лапуць, В.​К.​Лукашоў, К.​І.​Лукашоў, Ю.​І.​Лупіновіч, А.​С.​Махнач, А.​М.​Пап і інш.). З 1980-х г. у галіне геахіміі гіпергенезу развіліся асобныя кірункі даследаванняў — геахімія азёрных, алювіяльных і ледавіковых адкладаў, геахімія глеб, геахімія тэхнагенезу (Я.​І.​Аношка, У.​Я.​Бардон, В.​Б.​Кадацкі, У.​А.​Кузняцоў, Л.​І.​Лосева, К.​І.​Лукашоў, Н.​Н.​Петухова, Т.​М.​Сімуткіна і інш.). Наступствы Чарнобыльскай катастрофы вымусілі больш увагі звярнуць на размеркаванне і міграцыю радыенуклідаў у сістэме мацярынская парода — глеба, глеба — расліннасць, у грунтавых і падземных водах (Я.​І.​Аношка, В.​А.​Генералава, В.​Б.​Кадацкі, В.​П.​Кальнянкоў, А.​В.​Кудзельскі, У.​А.​Кузняцоў, В.​І.​Пашкевіч, Н.​Н.​Петухова, А.​М.​Шпакаў і інш.). Створаны атлас геахім. карт (выд. ў 1990) і даведнік па геахіміі Беларусі (выд. ў 1995; К.​Ц.​Альхавік, Я.​І.​Аношка, У.​Я.​Бардон, Л.​І.​Матрунчык, М.​Д.​Міхайлаў і інш.). У Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі развіваюцца кірункі: геахімія парод крышталічнага фундаменту, асадкавых парод, радыеізатопаў, гідра- і літагідрагеахімія, экагеахімія і інш. У Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН Беларусі атрымала развіццё экагеахімія, у Рэсп. унітарным прадпрыемстве «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі» — геахімія глеб, у БДУ — радыегеахімія. Геахім. вывучэнне тэр. Беларусі накіравана на пашырэнне мінеральна-сыравіннай базы, ацэнку геаэкалагічных умоў і змяншэнне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Літ.:

Лукашев К.И., Лукашев В.К. Геохимические поиски элементов в зоне гипергенеза. Кн. 1—2. Мн., 1967;

Геохимические провинции покровных отложений БССР. Мн., 1969;

Лукашев В.К. Искусственные сорбенты в прикладной и экспериментальной геохимии. Мн., 1992;

Геохимия ландшафтов Припятского Полесья. Мн., 1997;

Техногенные радиоактивные изотопы в ландшафтах Беларуси. Мн., 2000.

Я.​І.​Аношка.

т. 18, кн. 2, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭРМАТАЛОГІЯ

Даследаванні па дэрматалогіі на Беларусі пачаліся ў 19 ст. Бел. ўрачамі апісана крапіўніца (Л.​Багушэвіч), герпес (А.​Ланіеўскі), фізіялагічныя асаблівасці скуры (Я.​І.​Рэмізаў), класіфікаваны хваробы скуры (І.​Каржанеўскі) і інш. Станаўленне і развіццё дэрматалогіі як навукі звязаны з заснаваннем у 1923 кафедры дэрматавенералогіі на мед. факультэце БДУ і стварэннем скурна-венералагічнага НДІ (1932—88). Арганізацыя і станаўленне дэрматалагічнай службы адбывалася пад кіраўніцтвам В.​Ю.​Мранговіуса, А.​П.​Комава, А.​Я.​Пракапчука і інш. Заснавальнік бел. школы дэрматавенеролагаў — А.​Я.​Пракапчук. Паспяхова развіваўся навук. кірунак па вывучэнні патамарфалогіі дэрматозаў, гістахімічных парушэнняў у скуры пры псарыязе (Н.​А.​Жураўская, Я.​С.​Пеўзнер, Пракапчук). У наш час даследаванні па дэрматалогіі вядуцца ва ўсіх мед. ВНУ краіны, Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі, у рэсп. кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры па дэрматалогіі і венералогіі пры Мінскім скурна-венералагічным дыспансеры. Даследавана электронна-мікраскапічная структура нармальнай і паталагічна змененай скуры (Пракапчук, А.​Ц.​Сасноўскі, Л.​Р.​Фёдарава), узбуджальнікаў скурных хвароб (Пракапчук, П.​Ф.​Смольскі). Вывучаны мікрафлора скуры чалавека (Н.​І.​Чарнаморцава), фізіка-хім. ўласцівасці скуры пры псарыязе і мікозах ступняў (Комаў, Панкратаў), утрыманне макра- і мікраэлементаў і ферментаў у структуры скуры ў антагенезе (М.​З.​Ягоўдзік і інш.). Ацэнены стан імуннага статуса пры псарыязе, пузырчатцы, піядэрміях і інш. (У.​П.​Адаскевіч, У.​М.​Козін, Комаў, Э.​І.​Федаровіч), вызначана роля метабалічных працэсаў у патагенезе туберкулёзу скуры, псарыязу, экзэмы, атапічнага нейрадэрміту (Л.​І.​Гакінаева, Козін, Пеўзнер, Пракапчук, Ягоўдзік і інш.). Метад лячэння чырвонай ваўчанкі акрыхінам, створаны Пракапчуком, атрымаў сусветнае прызнанне. Даказаны негатыўны ўплыў хранічнага танзіліту на цячэнне псарыязу, экзэмы і інш. дэрматозаў (П.​М.​Лявоненка, Л.​П.​Цімафеева і інш.), прамянёвага ўздзеяння і стэроідных гармонаў на цячэнне кандыдозаў (А.​Д.​Паповіч, Ф.​А.​Хоміч). Вывучаны клініка і механізмы развіцця туберкулёзу скуры (Ф.​І.​Іванкова, Пеўзнер), экзэмы і атыпічнага дэрматыту (Адаскевіч, Лявоненка, Цімафеева і інш.), себарэі і лімфом скуры (Ю.​Ф.​Каралёў), пузырчаткі (Яўгодзік і інш.), прафес. пашкоджанняў скуры (І.​І.​Багдановіч, Л.​Г.​Барабанаў, Мранговіус, С.​У.​Федаровіч і інш.). Распрацаваны метады лячэння дэрматозаў ультрагукам (Л.​І.​Багдановіч), нейрадэрматозаў іголкарэфлексатэрапіяй (Адаскевіч), дэрматозаў лекавымі травамі (У.​Ф.​Корсун) і інш. Поспехі айч. дэрматалогіі ў дыягностыцы, лячэнні і прафілактыцы грыбковых хвароб, піядэрмітаў значна знізілі ўзровень гэтых хвароб у параўнанні з 1960-мі гадамі.

Літ.:

Сосновский А.Т. Лучевые дерматиты. Мн., 1974;

Чиркин А.А., Богданович Л.И., Улащик В.С. Ультразвук и реактивность организма. Мн., 1977;

Профессиональные болезни кожи. Мн., 1997;

Козин В.М. Дерматология: Учеб. пособие. Мн., 1999;

Сосновский А.Т., Яговдик Н.З., Белугина И.Н. Дерматологический справочник. Мн., 2001;

Адаскевич В.П. Акне вульгарные и розовые. М., 2003.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 18, кн. 2, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІТАПАТАЛОГІЯ

Навуковыя даследаванні па фітапаталогіі на Беларусі пачаліся ў 1923, калі ў Мінску была арганізавана Бел. станцыя аховы раслін. Пазней да работ у гэтым кірунку далучыліся Бел. ін-т сельскай і лясной гаспадаркі, Горацкі сельскагаспадарчы ін-т і Ін-т біялагічных навук АН Беларусі. Вылучаліся і распрацоўваліся кірункі аховы збожжавых культур ад узбуджальнікаў іржаўных і галаўнёвых хвароб, бульбы ад грыбных і вірусных захворванняў. Былі складзены і выдадзены вызначальнікі паразітных грыбоў раслін флоры Беларусі (М.​А.​Дарожкін, В.​Ф.​Купрэвіч, А.​І.​Роўда, С.​М.​Тупяневіч, Л.​І.​Ярышка).

У пасляваенны перыяд фітапаталагічныя даследаванні вяліся ў Ін-це эксперыментальнай батанікі і Цэнтральным батанічным садзе АН Беларусі, БДУ, БСГА, Гродзенскім сельскагаспадарчым ін-це, у НДІ аховы раслін, бульбаводства і плодаагародніцтва, земляробства, на абласных сельскагаспадарчых доследных станцыях. Вывучаліся відавы склад і біялагічныя асаблівасці ўзбуджальнікаў хвароб бульбы, збожжавых, лубіну, ільну, агароднінных і інш. сельскагаспадарчых культур. Распрацаваны сістэмы аховы асноўных сельскагаспадарчых культур ад хвароб, метады ацэнкі ўстойлівасці раслін да захворванняў (А.​Л.​Амбросаў, С.​І.​Бельская, І.​В.​Вікторчык, В.​К.​Гаравец, М.​А.​Дарожкін, С.​У.​Горленка, В.​Ф.​Купрэвіч, В.​К.​Неафітава, П.​В.​Пак, З.​І.​Рамнёва, Н.​І.​Чакалінская, А.​С.​Шуканаў і інш.). У 1970—80-я г. вялося шырокамаштабнае вывучэнне вірусных хвароб бульбы і інш. культур, у т. л. люцэрны, канюшыны, лубіну і інш. Уклад у развіццё гэтага кірунку зрабілі А.​Л.​Амбросаў, С.​В.​Бадзяй, Ж.​В.​Блоцкая, Л.​Я.​Давідчык, Л.​А.​Сакалова, Я.​В.​Собаль і інш.

Большасць навук. даследаванняў па сельскагаспадарчай фітапаталогіі сканцэнтравана ў Бел. НДІ аховы раслін, дзе даследуюць хваробы збожжавых (С.​Ф.​Буга), бульбы (М.​І.​Жукава), кармавых, тэхнічных, пладовых і агароднінных культур (Т.​М.​Жардзецкая, Р.​І.​Плескацэвіч, Ф.​А.​Папоў, Дз.​Я.​Парцянкін, Г.​М.​Серада, В.​Я.​Собаль і інш.). Імуналагічныя даследаванні працягваюцца ў НДІ бульбаводства, пладаводства, земляробства і інш., накіраваныя на кантроль структуры папуляцый, вывучэнне механізма ўстойлівасці, распрацоўку метадаў ацэнкі, адбору і стварэння зыходнага матэрыялу (Г.​В.​Будзевіч, У.​Р.​Іванюк, В.​Л.​Налобава); фітапаталагічныя даследаванні праводзяцца таксама ў БДУ (В.​Дз.​Паліксенава), Цэнтр. батанічным садзе (В.​А.​Цімафеева), БСГА і Гродзенскім аграрным ун-це (М.​Р.​Ануфрэйчык, Г.​А.​Зязюліна, Н.Н. Лукашык), Бел. тэхналагічным ун-це (М.​І.​Фёдараў, Ю.​М.​Паляшчук, А.​І.​Блінцоў).

Літ.:

Проблемы иммунитета сельскохозяйственных растений к болезням. Мн., 1988;

Буга С.Ф. Интегрированная система защиты ячменя от болезней. Мн., 1990;

Яе ж. Развитие фитопатологических и микологических исследований в Беларуси // Ахова раслін. 2001. №2;

Интегрированные системы защиты сельскохозяйственных культур от вредителей, болезней и сорняков Мн., 2003.

С.​Ф.​Буга, Л.​Г.​Кагацько.

т. 18, кн. 2, с. 585

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕТЭРЫНАРЫЯ

Першыя навук. працы па ветэрынарыі на Беларусі з’явіліся ў 18 ст. З 1797 папярэджанне і лячэнне хвароб жывёл ставілася ў абавязак урачэбным управам. Спецыялістаў па ветэрынарыі з 1806 рыхтавалі ў Віленскім ун-це. Папулярызатарамі вет. ведаў на Беларусі былі ўрачы С.​Юндзіл, А.​Мартынеўскі, К.​Гібенталь. У 1913 створана Віцебская губ. земская ветэрынарна-бактэрыялагічная лабараторыя, пры якой працавалі пастэраўскае аддзяленне для прышчэплівання людзей ад шаленства і воспавы цялятнік для прыгатавання воспа-вакцыны. У 1924 на базе Вышэйшай с.-г. школы арганізаваны Віцебскі ветэрынарны ін-т (з 1994 — Віцебская акадэмія вет. медыцыны); першы рэктар — Я.​П.​Алонаў. У 1930 заснаваны Бел. ветэрынарна-бактэрыялагічны ін-т (з 2002 Ін-т эксперым. ветэрынарыі імя С.​М.​Вышалескага).

Уклад у развіццё вет. навук і стварэнне вет. дабрабыту зрабілі акад. С.​М.​Вышалескі, Х.​С.​Гарагляд, М.​К.​Юскавец. Вывучаны метады лячэння і прафілактыкі паразітарных хвароб (І.​С.​Жарыкаў, П.​С.​Іванова, Р.​С.​Чабатароў, І.​А.​Шчарбовіч, М.​В.​Якубоўскі, А.​І.​Ятусевіч); распрацаваны мерапрыемствы па папярэджанні і лячэнні ялавасці, мастытаў (К.​Дз.​Валюшкін, Р.​Р.​Кузміч); даследаваліся пытанні дыягностыкі і прафілактыкі туберкулёзу с.-г. жывёл (А.​Э.​Высоцкі, А.​П.​Лысенка, І.​І.​Румачык, Р.​І.​Тузава), лейкозаў буйн. раг. жывёлы (В.​М.​Лемеш). Распрацаваны сродкі дыягностыкі і прафілактыкі бактэрыяльных і вірусных хвароб жывёл і птушак (М.​М.​Андросік, Б.​Я.​Бірман, М.​С.​Жакаў, М.​А.​Кавалёў, П.​А.​Красачка, У.​В.​Максімовіч, В.​Ф.​Пятроў); спосабы вет.-санітарнай экспертызы мяса, малака, рыбы і інш. (А.​А.​Богуш, Х.​С.​Гарагляд). Шырока вывучалася роля макра- і мікраэлементаў у абмене рэчываў у жывёл (Ф.​Я.​Беранштэйн, М.​П.​Кучынскі, В.​М.​Холад). Распрацаваны актуальныя кірункі ў вет. хірургіі, у вывучэнні незаразных хвароб (І.​Я.​Дземідзенка, П.​Я.​Канапелька, І.​М.​Карпуць, Р.​І.​Мастыка, Ф.​Ф.​Порахаў). Даследуюцца метады і спосабы санітарна-мікрабіялагічнай ацэнкі якасці ўтрымання жывёл у жывёлагадоўчых комплексах і гаспадарках, рэжымы выкарыстання экалагічна бяспечных дэзінфекцыйных сродкаў для санацыі жывёлагадоўчых памяшканняў (А.​Э.​Высоцкі).

Намаганнямі вет. службы ў краіне ліквідаваны сап, мыт, эпізаатычны лімфангіт, інфекц. анемія і кароста коней; эмкар, чума, павальнае запаленне лёгкіх, бруцэлёз, злаякасная гарачка буйн. раг. жывёлы; воспа свіней і інш.

Літ.:

Объедков Г.А. Бруцеллез крупного рогатого скота и борьба с ним Мн., 1977;

Тузова Р.В. Туберкулез сельскохозяйственных животных и птицы Мн., 1983;

Якубовский М.В., Карасев Н.Ф. Диагностика, терапия и профилактика паразитарных болезней животных. Мн., 2001;

Бирман Б.Я. Инфекционная бурсальная болезнь. Мн., 2003;

Справочник по наиболее распространенным болезням крупного рогатого скота и свиней. Смоленск, 2003.

А.​П.​Лысенка, А.​Э.​Высоцкі.

т. 18, кн. 2, с. 586

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)