НЕФРЫ́Т (ад грэч. nephros нырка; у сувязі з падабенствам да ныркі),
мінерал класа сілікатаў, мікравалакністая разнавіднасць амфіболаў рада трэмаліту — актыналіту, Ca2(Mg; Fe)5 [Si4O11]2 (OH; F)2. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Трапляецца ў выглядзе шчыльнага агрэгата найтанчэйшых пераплеценых валокнаў, чым абумоўлена яго вязкасць і трываласць. Колер аліўкава-, яблычна-, травяна-, цёмна-зялёны, радзей шэры, белы, чорны. Размеркаванне колеру воблачна-плямістае. Цв. 5,5—6,5. Шчыльн. 2,9—3 г/см³. Добра паліруецца. Радовішчы прымеркаваны дасерпенцінітаў, радзей да даламітавых мармураў, валуны і галька здабываюцца з россыпаў. Каштоўны ювелірна-вырабны камень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ПАЛЬ, Нікопаліс (грэч. Nikopolis горад перамогі),
назва шэрагу гарадоў, заснаваных рымлянамі. Найбольшыя: Н. у Кападокіі, створаны Гнеем Пампеем у 6 ст.дан.э.; Н. у Эпіры. засн. імператарам Аўгустам у 31 дан.э.; Н. у Ніжняй Мёзіі (Балгарыя), закладзены імператарам Траянам у 102 н.э. на р. Істра (за 20 км на У ад сучаснага г. Вяліка-Тырнава). Росквіт апошняга Н. адносіцца да 2—3 ст., у пач. 7 ст. разбураны аварамі. Археал. раскопкамі выяўлены рэшткі абарончых сцен, форума, булеўтэрыя, адэона, лазняў, крам, а таксама скульптуры, надпісы, манеты і прадметы побыту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НУГ, гвізоцыя (Guizotia),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. 5—6 (па інш. звестках 12) відаў. Радзіма — горныя раёны трапічнай Афрыкі. Як маслічная культура вырошчваецца пераважна ў Эфіопіі (з 3-га тыс.дан.э.) і Індыі Н. абісінскі (G. abyssinica).
Н. абісінскі — травяністая расліна выш.да 2 м з галінастым сцяблом. Лісце ланцэтнае. Кошыкі шматлікія, дыяметрам 3—6 см у агульным мяцёлчатым суквецці. Сямянкі дробныя, бліскучыя, чорныя, маюць да 50% алею. Алей спажываецца ў ежу і для вырабу пакосту. фарбаў, лаку, мыла; макуха — корм для жывёлы. Харч., тэхн., кармавая расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛАВЫ́Я ЗЛАЧЫ́НСТВЫ,
злачынныя пасяганні на палавыя адносіны і прынцыпы палавой маралі. Прыносяць шкоду здароўю і годнасці грамадзян, адносяцца да злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды асобы і караюцца ў адпаведнасці з нормамі крымін. заканадаўства. Падзяляюцца на злачынствы, накіраваныя супраць палавой свабоды дарослых (згвалтаванне, прымушэнне жанчыны да ўступлення ў палавую сувязь, гвалтоўная педэрастыя); злачынствы, накіраваныя супраць нармальнага палавога развіцця непаўналетніх (згвалтаванне непаўналетняй або малалетняй, палавая сувязь з асобай, якая не дасягнула палавой сталасці, распусныя дзеянні, педэрастыя з непаўналетнім). Найб. цяжкім з П.з. з’яўляецца згвалтаванне малалетняй, за якое вінаваты можа быць асуджаны да пажыццёвага зняволення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІКЛЕ́Т (Polykleitos) Малодшы, старажытнагрэчаскі архітэктар 4 ст.дан.э. Працаваў у Эпідаўры, дзе стварыў грабніцу-толас (з дарычнай каланадай звонку і карынфскай — унутры) і т-р на 14 тыс. месцаў (350—330 дан.э.). Т-р адметны велічнай гармоніяй кампазіцыі, арганічна ўпісанай у ландшафт, які служыць фонам для дзеяў, а таксама асобных арх. элементаў (урачыстыя парталы праходаў, якія аддзяляюць скене ад тэатрона). Выдатная акустыка т-ра забяспечваецца спец. профілем тэатрона і рэзанатарамі пад лавамі. Грабніца і т-р П. ўваходзяць у археал. запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Паліклет Малодшы. Тэатр у Эпідаўры. 350—330 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАБІЁЗ (ад пара... + ...біёз),
1) рэакцыя ўзбудлівай тканкі (нерва, мышцы) на ўздзеянне раздражняльнікаў, якая характарызуецца нізкай лабільнасцю і немагчымасцю правядзення зададзенага рытму раздражнення. Мае некалькі фаз: правізарную, або ўраўняльную — здольнасць нерва (мышцы) да правядзення рытмічных імпульсаў аднолькава зніжана для раздражнення любой сілы; парадаксальную — моцныя раздражненні не перадаюцца праз зменены ўчастак нерва, а слабыя здольны выклікаць значныя скарачэнні мышцы; тармазную — нерв страчвае здольнасць да правядзення ўзбуджэння. П. — з’ява абарачальная, але ўзмацненне шкоднага фактару прыводзіць да неабарачальных парушэнняў жыццядзейнасці і смерці.
2) Штучнае злучэнне 2 арганізмаў праз крывяносную сістэму або праз зрошчванне іх тканак для вывучэння ўзаемнага ўплыву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАСТУ́Х І ВОЎК»,
бел.нар. гульня. Удзельнікі (ад 6 да 15 чал.) выбіраюць «пастуха» і «ваўка». Апошні хаваецца, а «пастух» збірае гульцоў — «авечак» і заганяе іх у «статак», пасля садзіцца і робіць выгляд, што спіць. «Воўк» хавае «авечак», а сам застаецца. «Пастух», «прачнуўшыся», ідзе шукаць «авечак». Калі ён набліжаецца да месца, дзе яны схаваны, «авечкі» пачынаюць ці сіпець, ці стукаць, ці пішчаць, на што «воўк» павінен хутка адказаць, хто гэта робіць Калі ён з адказам затрымліваецца, то «авечкі» пачынаюць «бляяць». «Воўк» уцякае, а «авечкі» павінны злавіць яго і прывесці да «пастуха».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛЬСКІ КАЛІДО́Р»,
частка тэр.Памор’я, якая была ўключана ў склад Польшчы паводле Версальскага мірнага дагавора 1919. Вузкая (ад 30 да 200 км) паласа зямлі давала Польшчы выхад даБалт. мора, дзе ў сярэдзіне 1920-х г. быў пабудаваны порт Гдыня. Аддзяляў Усх. Прусію ад асн.тэр. Германіі, што было адной з прычын напружанасці ў германа-польскіх адносінах. У самой Польшчы да вызначэння «П.к.» ставіліся адмоўна. У сак. 1939 рэйхсканцлер Германіі А.Гітлер запатрабаваў ад польскага ўрада права будаўніцтва праз «П.К.» экстэрытарыяльных аўтастрад; адмова апошняга стала адной з зачэпак для германскай агрэсіі супраць Польшчы ў вер. 1939.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЕКТЫ́ЎНАЯ ПРАСТО́РА,
эўклідава прастора, дапоўненая бясконца аддаленымі (няўласнымі) пунктамі, прамымі і плоскасцю. У больш агульным сэнсе П.п. — сукупнасць трох мностваў элементаў (пунктаў, прамых і плоскасцей), якія падпарадкоўваюцца патрабаванням аксіём праектыўнай геаметрыі.
У П.п. кожная прамая дапаўняецца адным няўласным пунктам і пераўтвараецца ў праектыўную прамую (паралельныя прамыя набываюць агульны няўласны пункт, непаралельныя — асобныя), кожная плоскасць — няўласнай прамой і пераўтвараецца ў праектыўную плоскасць (паралельныя плоскасці набываюць агульную няўласную прамую, непаралельныя — асобныя), уся прастора — адной няўласнай плоскасцю. Пры гэтым усе няўласныя пункты, далучаныя да прамых на пэўнай плоскасці, належаць да яе няўласнай прамой, а ўсе няўласныя пункты і прамыя — да няўласнай плоскасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСЯ́НКА (Emberiza calandra, або Miliaria calandra),
птушка сям. аўсянкавых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Жыве ў стэпах, на сухадольных лугах з хмызняковымі зараснікамі, палях, каля населеных пунктаў. У канцы лета вывадкі П. аб’ядноўваюцца ў чароды да 50 асобін і больш. На Беларусі рэдкі гнездавальны від. Занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 20 см, маса да 60 г. Апярэнне аднастайна-шэрае, святлейшае на горле, грудзях і брушку, з бурымі падоўжанымі стракацінамі. Дзюба высокая, моцная. Корміцца пераважна насеннем раслін, парасткамі, часткова дробнымі беспазваночнымі. Нясе 4—6 яец двойчы за год.